прадмесьце ў Менску From Wikipedia, the free encyclopedia
Кальварыя, Кальварыйскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурнай дамінантай мясцовасьці быў касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, які захаваўся да нашага часу.
На захад ад Кальварыі пачынаюцца Цівалі, на поўнач — Міхалянка, на ўсход — Татарская Слабада, на поўдзень — Тучынка[1][2].
У XVIII ст. на ўзгорку, што разьмяшчаўся на Ракаўскім гасьцінцы (раён цяперашняй вуліцы Кальварыйскай), адкрыліся каталіцкія могілкі. Назва могілак паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як чэрап, лысая гара, што для хрысьціянаў разумецца як Галгофа[3].
Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў на гэтых могілках існаваў драўляны касьцёл з «высокімі вежамі», які ў 1830 року разабралі з прычыны старасьці[4]. У 1830 року менскі гісторык і зьбіральнік даўніны Юры Кабылянскі збудаваў могілкавую ўваходную браму. У верхняй яе частцы знаходзіцца надпіс на польскай мове, зь якога відаць, што пад адной з масіўных апораў спачыла жонка гісторыка — Юзэфа. У 1839 року на могілках збудавалі капліцу (цяпер гэта касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа), у якой пахавалі вядомага мастака Яна Дамеля. За алтаром капліцы знаходзілася велічная фрэска — выява гары Ерусалалімскай Кальварыі, крыжовай Галгофы. «У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалачонай раме вобраз Хрыста, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», — пісаў у сваім гістарычна-краязнаўчым нарысе «Менск» паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч)[5].
Паводле сьведчаньняў падарожніка Паўла Шпілеўскага, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. могілкі атачаў «арэхавы лес, багаты на грыбы і ягады»[6]. У «Сьпісе домаўладальнікаў… м. Менску», які датычыцца 1866—1867 рокаў, упамінаецца «Кальварыя (урочышча) — 6 дамоў»[4].
У зьвязку з ростам места ў пачатку XX ст. Кальварыя ўвайшла ў склад Менску, у пятую паліцэйскую частку. Гэтую ж назву атрымала навакольнае прадмесьце, празь якое праходзіла Кальварыйская вуліца[7].
За часамі БССР камуністы перайменавалі Кальварыйскую вуліцу ў гонар Апанскага — савецкага чэкіста, які ўвайшоў у гісторыю як змагар супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1993 року вуліцы Апанскага вярнулі гістарычную назву[8].
На паседжаньні 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Кальварыйская — праезд Кальварыйскі — могілкі «Кальварыя» назвы «Кальварыйскі»[9].
На Кальварыйскіх могілках да нашага часу зьбераглася мураваная брама, помнік архітэктуры клясыцызму, выкананая ў характэрнай традыцыі тутэйшага дойлідзтва, а таксама нэагатычны Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Пра прадмесьце напамінюаць Кальварыйская вуліца, Кальварыйскі праезд і Кальварыйскі сквэр.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.