беларускі рэлігійны дзяяч From Wikipedia, the free encyclopedia
Станісла́ў Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасьня 1731, маёнтак Занкі Ваўкавыскага павету[2] — 1 сьнежня 1826) — беларускі[2] рэлігійны дзяяч, літаратар, навуковец.
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч | |
Герб «Сестранцэвіч» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 3 верасьня 1731 |
Памёр | 1 сьнежня 1826 |
Пахаваны | |
Род | Богуш-Сестранцэвічы |
Бацькі | Ян Богуш-Сестранцэвіч[d] Карнелія з Адынцоў[d] |
Дзейнасьць | пісьменьнік, каталіцкі сьвятар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп |
З пратэстанцкага шляхецкага роду Богуш-Сестранцэвічаў гербу ўласнага, сын Івана, старадубскага кусташа, і Карнэліі з Адзінцовых, каталічкі паводле веры.
Родным пляменьнікам пісьменьніка быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
Будучы кальвіністам, скончыў Слуцкую гімназію, працягваў навучаньне ва ўнівэрсытэтах Караляўца, Франкфурта, Амстэрдама і Лёндана.
Служыў у пяхоце прускага войска, у літоўскай кавалерыі. У 1761 годзе пайшоў у адстаўку ў чыне капітана. За час службы ў войску не нажыў багацьця, таму ўладкаваўся настаўнікам да Радзівілаў. У гэты час ён зьмяніў сваю веру і прыняў каталіцтва. Паспрыяць гэтаму маглі розныя прычыны: магчыма, гэта вяртаньне да веры маці; альбо няўдалае каханьне, калі дзяўчына не пажадала выйсьці замуж за кальвініста, але і не дачакалася, пакуль ён зьменіць веру[2]; або цікавасьць каталіцкага ордэна піяраў да вельмі адукаванага маладога чалавека; або звычайна жаданьне зрабіць кар’еру.
У 1762 годзе праслухаў курс багаслоўя ў галоўнай калегіі піяраў у Варшаве, у наступным годзе пасьвечаны ў духоўнае званьне. Пробашч у Бабруйскскай і Гомельскай парафіяў.
3 кастрычніка 1773 году — тытулярны біскуп Малінскі (Mallus), атрымаў празначэньне на Беларускую суфраганію Віленскай арцыдыяцэзыі.
У 1780 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II зьвярнулася да папы Піюса VI па дазвол на стварэньне на Беларусі каталіцкага арцыбіскупства са сталіцай у Магілёве на чале з С. Богуш-Сестранцэвічам.
8 сьнежня 1783 году атрымаў прызначэньне на афіцыйна ўтвораную Ватыканам Магілёўскую арцыдыяцэзыю. Арцыбіскупства складалася з касьцёлаў у Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губэрнях, а таксама ў цэнтральнай частцы Расейскай імпэрыі.
Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774 год), у якой выдавалася духоўная і сьвецкая літаратура, урадавыя пастановы. З 1780 году жыў у Магілёве, дзе ў 1783 годзе адкрыўся заснаваны ім тэатар, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі.
З 1801 году і да канца сваіх дзён жыў у Пецярбургу. Апекваўся навукай і сам працаваў у галіне гісторыі, філялёгіі, мэдыцыны і інш. У 1813 годзе прэзыдэнт Вольнага эканамічнага таварыства і часова — прэзыдэнт Расейскай Акадэміі навук.
Вёў пасьпяховую гаспадарчую дзейнасьць: заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі друкары і дываноўшчыкі, меў цудоўную аранжарэю ў Буйнічах.
Да канца жыцьця заставаўся арцыбіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расеі, адміністратарам Віленскай вакантнай эпархіі, старшынём рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.
Кавалер ордэнаў Андрэя Першазваннага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзімера Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла сьвятога Станіслава і Яна Ерусалімскага.
Уласную маёмасьць пакінуў сваякам; бібліятэку (3 тысячаў тамоў), грашовыя сродкі (20 тысячаў рублёў), розныя навуковыя рэчы і прылады — касьцёлу сьвятога Станіслава ў Пецярбургу; дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансысторыі. Ягоных слугаў нашчадкі мусілі вызваліць з прыгону.
Памёр на 96 годзе жыцьця, спачыў ў касьцёле сьвятога Станіслава ў Пецярбургу.
Прыхільнік ідэяў гуманізму і асьветніцтва, спрыяў адкрыцьцю школаў на Беларусі, разьвіцьцю кнігадрукаваньня.
Аўтар вершаў, казаньняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788).
У 1793 годзе ў Магілёве была выйшла кніга «Аб Заходняй Русі» (на польскай мове). Пазьней напісаў «Гісторыю Таўрыі» (1800), «Аб паходжаньні славян і сарматаў» (1812). Апроч таго, у рукапісах пакінуў паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцьці Ачакава». Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч склаў «Граматыку літоўскаю» са слоўнікам (не публікавалася, рукапіс ня знойдзены) — Адам Мальдзіс, а за ім Генадзь Каханоўскі, мяркуюць, што пад «літоўскай» мовай, мабыць, мелася на ўвазе беларуская, аднак Сяргей Запрудзкі паказаў, што ў разьдзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян...» (1812) С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то бок пад «літоўскай» мовай разумее летувіскую[3].
Захапляўся помнікамі старажытнасьці, зьбіраў манускрыпты.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.