Амстэрдам

сталіца Нідэрляндаў From Wikipedia, the free encyclopedia

Амстэрдам
Remove ads

Амстэрда́м (па-нідэрляндзку: Amsterdam) — сталіца і найбуйнейшы горад Нідэрляндаў. Месьціцца ў правінцыі Паўночная Галяндыя на захадзе краіны ў вусьці рэк Амстэлу і Эю. Амстэрдам злучаны з Паўночным морам каналам. На 22 лістапада 2024 году насельніцтва муніцыпалітэту Амстэрдам складала 931 298 жыхароў, г. зв. Вялікага Амстэрдаму (аглямэрацыі) — 1 459 402 жыхары, а ў зоне ўплыву (Мэтрапольным рэгіёне Амстэрдаму) — 2,6 мільёну чалавек. Назва гораду ўтварылася ад складаньня дзьвюх словаў: «Амстэл» і «дам». Амстэл — гэта рака, на якой месьціцца горад, а «дам» азначае ў перакладзе «дамба». У XII стагодзьдзі гэта была невялічкая рыбацкая вёска, але ў часы найвышэйшага разьвіцьця Нідэрляндаў Амстэрдам стаў адным са значных партоў у сьвеце й буйным гандлёвым цэнтрам.

Хуткія факты

Горад зьяўляецца месцам канцэнтрацыі розных культураў, бо тут пражываюць прадстаўнікі 180 нацыянальнасьцяў[1]. Амстэрдам таксама зьяўляецца фінансавай і культурнай сталіцай Нідэрляндаў. У горадзе месьцяцца офісы 7 з 500 найбуйнейшых сусьветных кампаніяў, такіх як Philips і ING. Таксама ў цэнтры гораду знаходзіцца найстарэйшая ў сьвеце фондавая біржа. Многія з найбуйнейшых кампаніяў сьвету, як то тэхналягічныя кампаніі Uber, Netflix і Tesla, маюць сядзібу ў Амстэрдаме або разьмясьцілі тут свае эўрапейскія прадстаўніцтвы[2]. Не зважаючы на тое, горад мае статус афіцыйнай сталіцы Нідэрляндаў, ён няма рэзыдэнцыі ўраду. Асноўныя ўрадавыя ўстановы і замежныя амбасады месьцяцца ў Гаазе. Мноства славутасьцяў, напрыклад, Рэйксьмюзэюм, Музэй Вінцэнта ван Гога, Эрмітаж на Амстэле (цяпер вядомы як H’Art), квартал чырвоных ліхтароў штогод прывабліваюць у горад каля 4,2 мільёну турыстаў.

Сярод вядомых жыхароў Амстэрдаму цягам ягонай гісторыі былі мастакі Рэмбрант і Вінцэнт ван Гог, філёзафы XVII стагодзьдзя Бэнэдыкт Сьпіноза, Джон Лок, Рэнэ Дэкарт, а таксама ахвяра Галакосту і аўтарка дзёньнікаў Ганна Франк.

Remove ads

Гісторыя

Самыя раньнія зьвесткі аб паселішчы пад назовам Амстэрдам датуюцца 27 кастрычніка 1275 году, калі чалавек, які пабудаваў мост з плацінай праз раку Амстэл, быў вызвалены ад выплаты падаткаў на мост графам Флёрысам V[3]. Сэртыфікат апісваў жыхароў, як людзей, што жывуць каля «дамбы на рацэ Амстэл» (нід. Amestelledamme)[4].

Thumb
Старая царква была асьвечаная ў 1306 годзе.

Прывілей дазваляў жыхарам вёскі свабодна вандраваць па графстве Галяндыя, не плацячы збораў за праезд праз масты, шлюзы і дамбы[4]. Гэта было крокам у шматгадовай барацьбе за ўладу ў гэтым рэгіёне паміж графам Галяндыі і сям’ёй Амстэл, якая кіравала рэгіёнам ад імя біскупа Утрэхту[5]. Да 1327 году горад прыняў канчатковую назву Амстэрдам. Заснаваны Амстэрдам адносна нядаўна ў параўнаньні са значна старэйшымі нідэрляндзкімі гарадамі, як то Нэймэген, Ратэрдам і Утрэхт. У кастрычніку 2008 году, гістарычны географ Крыс дэ Бонт выказаў здагадку, што землі вакол Амстэрдаму былі мэліяраваныя яшчэ ў канцы X стагодзьдзя. Гэта не абавязкова азначае, што мэліярацыя праводзілася з мэтай заснаваньня паселішча, а, магчыма, дзеля здабычы торфу, які выкарыстоўваўся як паліва[6].

Сярэднявечча

Амстэрдам атрымаў гарадзкія правы, гэтак званае магдэбурскае права, у 1300 альбо 1306 гадох[5]. З XIV стагодзьдзя, Амстэрдам квітнеў, у асноўным дзякуючы гандлю з Ганзейскім зьвязам. З 1345 году горад зьяўляўся цэнтрам пілігрымства да прыняцьця Нідэрляндамі пратэстанцтва[7]. З XV стагодзьдзя горад усталяваў незалежны гандлёвы шлях у Балтыйскае мора, транспартуючы збожжа і драўніну, выключыўшы Ганзейскі зьвяз з пасярэднікаў. Горад быў асноўным рынкам Эўропы для насыпных грузаў. Гэта стала магчымым дзякуючы інавацыям у промысьле селядца, ад якога Амстэрдам атрымліваў вялікае багацьце. Селядзец карыстаўся попытам на рынках усёй Эўропы.

Thumb
Амстэрдам паводле выявы 1544 году.

Нідэрлянды былі часткай уладаньняў Габсбургаў і ў пачатку XVI стагодзьдзя трапілі пад уладу гішпанскай манархіі. У тым жа стагодзьдзі галяндцы паўсталі супраць караля Гішпаніі Філіпа II і ягоных намесьнікаў. Асноўнымі прычынамі паўстаньня было ўвядзеньне новых падаткаў і рэлігійнага перасьледу пратэстантаў гішпанскай інквізыцыяй. Паўстаньне ператварылася ў Васьмідзесяцігадовую вайну, якая ў канчатковым выніку прывяла краіну да незалежнасьці[8]. Моцна паўплываў на посьпех галяндзкага паўстаньня Вільгельм Аранскі, а ўтвораная галяндзкая рэспубліка стала вядомай сваёй адноснай рэлігійнай талерацыяй. Габрэі зь Пірэнэйскага паўвострава, гугеноты з Францыі, буйныя купцы й друкары з Фляндрыі, а таксама эканамічныя й рэлігійныя ўцекачы з тэрыторыяў, якія кантраляваліся Гішпаніяй знайшлі прытулак у Амстэрдаме. Наплыў флямандзкіх друкароў і інтэлектуальная талеранцыя гораду зрабілі Амстэрдам цэнтрам эўрапейскай вольнай прэсы[9].

Залаты век

XVII стагодзьдзе лічыцца залатым стагодзьдзем Амстэрдаму, на працягу якога ён стаў самым заможным горадам у заходнім сьвеце[10]. Караблі адплывалі з Амстэрдаму ў Балтыйскае мора, Паўночную Амэрыку й Афрыку, а таксама ў сучасную Інданэзію, Індыю, Шры-Ланку й Бразылію, якія лічыліся аднымі з галоўных рэгіёнаў гандлёвай сеткі. Амстэрдамскія купцы мелі важкі адсотак у абедзьвюх гандлёвых кампаніях: Галяндзкай Ост-Індзкай і Галяндзкай Вэст-Індзкай. Гэтыя кампаніі набылі значныя заморскія ўладаньні, якія пазьней сталі нідэрляндзкімі калёніямі. Амстэрдам быў самым важным цэнтрам Эўропы ў адгрузцы тавараў і быў вядучым фінансавым цэнтрам сьвету[10]. У 1602 годзе ў Амстэрдаме кампаніяй Галяндзкай Ост-Індыі быў адчынены офіс, які стаў першай фондавай біржай у сьвеце па гандлі ўласных акцыяў[11].

Thumb
Плошча Дам напрыканцы XVII стагодзьдзя.

Амстэрдамскі банк пачаў сваю дзейнасьць у 1609 годзе, выступаючы ў якасьці банка з шырокім спэктрам паслуг для галяндзкіх гандлёвых банкіраў і рэзэрвовага банка. З XVII стагодзьдзя Амстэрдам таксама быў уцягнуты ў атлянтычны гандаль рабамі. Горад быў галоўным портам прызначэньня для галяндзкіх караблёў з рабамі, то бок беручы ўдзел у трохкутным гандлі. Такая дзейнасьць трывала да таго чаго, пакуль Аб’яднаныя Нідэрлянды не ўвялі забарону ў краіне ў нявольнічым гандлі ў 1814 годзе на просьбу брытанскага ўрада. Амстэрдам таксама быў сябрам Таварыства Сурынаму, арганізацыі, створанай дзеля кантролю за кіраваньнем галяндзкай калёніі Сурынам, якая эканамічна залежала ад працы рабоў на плянтацыях. 1 ліпеня 2021 году мэр Амстэрдаму Фэмке Гальсэма папрасіла прабачэньня за ўдзел гораду ў гандлі рабамі[12]. Амстэрдам страціў больш за 10% свайго насельніцтва ад чумы ў 1623—1625, а затым у 1635—1636, 1655 і 1664 гадох. Тым ня менш, насельніцтва Амстэрдаму стала расло ў XVII стагодзьдзі, дзякуючы вялікаму прытоку іміграцыі й павялічылася з 50 тысяч да 200 тысяч[13].

Заняпад

Росквіт Амстэрдаму спыніўся ў XVIII і пачатку XIX стагодзьдзяў. Войны Галяндзкай рэспублікі супраць Ангельшчыны й Францыі зрабілі сваю справу. Падчас напалеонаўскіх войнаў, значэньне Амстэрдаму дасягнула сваёй ніжняй кропкі, а Галяндыя ўвайшла ў склад Францускай імпэрыі, але пазьнейшае стварэньне Злучанага Каралеўства Нідэрляндаў у 1815 годзе стала зваротным пунктам у справе незалежнасьці гораду й рэгіёну.

Thumb
На адным з каналаў Амстэрдаму каля 1900 году.

Канчатак XIX стагодзьдзя часам называюць другім залатым стагодзьдзем Амстэрдаму[14]. Новыя музэі, вакзал і Канцэртгебаў былі пабудаваныя менавіта ў гэтыя часы. Акрамя таго горад заглынула прамысловая рэвалюцыя. У гэтыя часы быў пабудаваны Амстэрдам-Райнскі канал, які даў магчымасьць злучыць Амстэрдам напрамую з Райнам, таксама быў пабудаваны й канал, які злучаў горад з Паўночным морам. Абодва праекты значна палепшылі гандаль з астатняй Эўропай і сьветам. У 1906 годзе Джозэф Конрад даў кароткае апісаньне Амстэрдаму як марскога курорта. Неўзабаве перад Першай сусьветнай вайной горад пачаў пашырацца, дзякуючы будаўніцтву новых прадмесьцяў. Нягледзячы на тое, што Нідэрлянды захоўвалі нэўтралітэт у гэтай вайне, Амстэрдам пакутаваў празь недахоп харчаваньня й мазуту. Недахоп выклікаў масавыя бунты, у якіх некалькі чалавек былі забітыя, яны атрымалі назоў «Бульбяных бунтаў». Людзі рабавалі крамы й склады, дзеля атрыманьня прадуктаў харчаваньня[15]. 1 студзеня 1921 году, пасьля паводкі 1916 году, зьнясіленыя грамады Дургердам, Голісьлёот, Зундэрдорп і Шэлінгваўдэ, якія месьціліся на поўнач ад Амстэрдаму, былі з уласнай ініцыятывы далучаныя да места[16]. Паміж войнамі горад працягваў пашырацца, асабліва на захад ад раёну Ёрдаан у напрамак Фрэдэрык-Гэндрыкбюўрт і навакольныя раёны.

У час нямецкай акупацыі

Thumb
Амстэрдам на пачатку XX стагодзьдзя.

Нямеччына ўварвалася ў Нідэрлянды 10 траўня 1940 году і ўзяла пад свой кантроль краіну. Спачатку нямецкія акупацыйныя ўлады былі вельмі асьцярожныя да мясцовых жыхароў, жадаючы пераканаць іх у сваёй шчырасьці. Аднак іхныя погляды неўзабаве зьмяніліся у выніку сьмяротнага нападу галяндзкага байца супраціву на калябаранта, які належаў да паўвайсковай фашыстоўскага Нацыянал-сацыялістычнага руху. Разьюшанае галяндзкае падпольле зарганізавала шырокі спэктар пасіўнага супраціву. Прафэсійныя зьвязы, сярод якіх былі актывісты сацыялістычнай і камуністычнай партыі, ачолілі пратэст. Іх падтрымалі чыноўнікі дзяржаўнай службы і мясцовыя цэрквы. Ухвалу таксама даў і падтрымаў галяндзкі ўрад у выгнаньні пры каралеве Вільгэльміне ў Лёндане.

Нямецкія ўлады былі зьнянацку засьпетыя ўзроўнем супраціву, асабліва акцыяў вядомай як Лютаўскі страйк. 300 тысяч чалавек узялі ўдзел у пратэсьце супраць арыштаў габрэяў. Аднак акупанты адказалі жорстка і брутальна, разграміўшы прафзьвязную і незаконную партыйную дзейнасьць. СС і нямецкі паліцэйскі апарат, падтрыманы калябарацыяністамі галяндзкай дапаможнай паліцыі, арыштавалі тысячы безабаронных габрэяў Амстэрдаму. Дзьве асноўныя хвалі арыштаў, якія завяршыліся дэпартацыяй, адбыліся 26 траўня 1943 году і 20 чэрвеня 1943 году. Найбольш вядомай дэпартаванай асобай стала маладая габрэйская дзяўчына Ганна Франк, чыё сховішча было выяўленае ў жніўні 1944 году. Пасьля знаходжаньня ў «лягеры для канцэнтрацыі» ў Вэстэрбарку Ганну і ейную сям’ю накіравалі ў Асьвенцім, дзе была забітая ейная маці. Адтуль Ганна і ейная сястра Марго былі перавезеныя ў канцэнтрацыйны лягер Бэрген-Бэльзэн, дзе яны памерлі ў жахлівых і бесчалавечных умовах на пачатку 1945 году[17]. Некаторыя грамадзяне Амстэрдаму хавалі габрэяў, тым самым падвяргаючы сябе й свае сем’і высокай рызыцы кіданьня за краты альбо ў канцэнтрацыйныя лягеры, у якія былі дэпартаваны больш за 100 тысячаў галяндзкіх габрэяў.

Thumb
Сьвяткаваньне натоўпу на вуліцах гораду з нагоды вызваленьня ад акупацыі.

Напрыканцы Другой сусьветнай вайны, сувязь з астатняй часткай краіны была страчаная, з-за чаго ў горадзе пачаўся голад. Многія грамадзяне зьехалі ў вёску, астанія харчаваліся сабакамі, коткамі, цукровымі буракамі й цыбулінамі тульпанаў, каб застацца ў жывых[18]. Большасьць дрэваў у Амстэрдаме было высечаная на паліва. Горад быў канчаткова вызвалены канадзкім войскам 5 траўня 1945 году, незадоўга да заканчэньня вайны ў Эўропе.

Па вайне

Многія новыя прадмесьці, як то Осдарп, Сьлётэрваарт, Сьлётэрмээр й Гэўзэнвэльд, былі пабудаваныя ў гады пасьля Другой сусьветнай вайны[19]. Гэтыя зь іх зьмяшчаюць шмат грамадзкіх паркаў і маюць шырокія й адкрытыя абшары. Праз вайну й іншыя інцыдэнты XX стагодзьдзя, амаль увесь цэнтар гораду прыйшоў у непрыдатнасьць. Многія палітыкі й іншыя ўплывовыя асобы выказвалі пляны перабудовы большай часткі гораду. Таксама існаваў рост попыту на офісныя будынкі й будаўніцтва новых аўтамабільных дарог[20]. У 1977 годзе паміж новым прадмесьцем Бэйльмэрмээр у экскляве Зёйдоост і цэнтрам места пачаў працаваць мэтрапалітэн. Далейшыя пляны прадугледжвалі будаўніцтва новай шашы над мэтро дзеля таго, каб злучыць раён Амстэрдам-Цэнтар і агулам цэнтар гораду зь іншымі часткамі Амстэрдаму.

Thumb
Амстэрдамскія каналы XVII стагодзьдзя былі ўнесеныя ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў 2010 годзе[21].

Неабходныя маштабныя зносы пачаліся ў былым габрэйскім раёне. Меншыя вуліцы, як то Ёдэнбрэстраат і Вээспэрстраат, былі пашыраныя, і амаль усе дамы і будынкі былі зруйнаваныя. Цягам перабудовы ладзіліся пратэсты[22], выкліканыя абурэньнем мясцовых жыхароў. У выніку зносы былі спыненыя, і шаша ў цэнтар места гэтак і не была цалкам пабудаваная, але было завершанае будаўніцтва мэтрапалітэну. Пашыранымі засталіся толькі некалькі вуліцаў. Новая ратуша зьявілася на амаль цалкам зьнесеным пляцы Ватэрлёоплейн. Увесь цэнтар вярнуў сваю былую веліч і агулам цяпер уважаецца ахоўнай зонай. Многія зь ягоных будынкаў сталі помнікамі, а ў ліпені 2010 году комплекс з трыма каналамі Грахтэнгордэль быў дададзены ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[23].

У XXI стагодзьдзі цэнтар Амстэрдаму прыцягвае вялікую колькасьць турыстаў. Гэтак паміж 2012 і 2015 гадамі штогадовая колькасьць наведвальнікаў павялічылася з 10 да 17 мільёнаў. Кошты на нерухомасьць рэзка ўзрасьлі, а мясцовыя крамы саступілі месца турыстычным, што зрабіла цэнтар недасяжным для жыцьця звычайным нідэрляндцам[24]. Гэтыя падзеі спарадзілі параўнаньні з Вэнэцыяй, горадам, які, як мяркуецца, таксама перагружаны турыстычнай навалай[25]. З 2014 году зноў пачала надавацца ўвага гарадзкой рэгенэрацыі і абнаўленьню, асабліва ў раёнах, якія беспасярэдне мяжуюць з цэнтрам гораду, як то Фрэдэрык-Гэндрыкбюўрт.

Remove ads

Геаграфія

Амстэрдам разьмешчаны на паўночным захадзе Нідэрляндаў. Рака Амстэл, працякаючы праз цэнтар гораду, утварае сетку каналаў і праток, акрамя гэтага, асобным каналам горад злучаны з Паўночным морам, пры гэтым ён знаходзіцца на вышыні 2 мэтраў ніжэй за ўзровень мора. Тэрытарыяльна Амстэрдам знаходзіцца блізка да правінцыяў Утрэхт і Флевалянд. Амстэрдам — высока ўрбанізаваны горад. Шчыльнасьць насельніцтва 4457 чалавек на квадратны кілямэтар. Паркі складаюць 12% плошчы гораду. Моцная ўрбанізацыя практычна зьнішчыла натуральны ляндшафт гораду.

Плошча гораду — 219,07 км² (54,1 км² вады).

Клімат

Амстэрдам мае марскі клімат, дзякуючы блізкасьці да Паўночнага мора на захадзе, зь перавагай заходніх вятроў. Зіма досыць мяккая, маразы ў асноўным адбываюцца падчас усходніх альбо паўночна-ўсходніх вятроў збоку эўрапейскага кантынэнта. З-за таго, што Амстэрдам акружаны з трох бакоў буйнымі вадаёмамі, а таксама з-за гарадзкога цеплавога эфэкту, тэмпэратура начамі рэдка апускаецца ніжэй за -5 °C, але часам тэмпэратура можа дасягаць і -12 °C у Гільвэрсуме, які знаходзіцца ў 25 км на поўдзень ад Амстэрдаму. Лета ўмерана цёплае, але зрэдку гарачае. Дні западкамі зьяўляюцца амаль агульнымі, у сярэднім 186 такіх дзён назіраецца ў годзе. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў для Амстэрдаму складае 833 мілімэтраў[26]. Большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе дажджу альбо кароткачасовых дажджышчаў. Воблачная й вільготныя дні зьяўляюцца звычайнымі ў прахалодныя месяцы з кастрычніка па сакавік.

Больш інфармацыі Кліматычныя зьвесткі для Амстэрдаму, Паказьнік ...

Каналы

Thumb
Канал Прынсэнграхт.

Амстэрдамская сыстэма каналаў ёсьць вынікам сьвядомага гарадзкога плянаваньня[27]. У пачатку XVII стагодзьдзя, калі іміграцыя дасягнула піку, быў распрацаваны комплексны плян, заснаваны на чатырох канцэнтрычных паўколах каналаў, канцы якіх выходзілі ў бухту Эй. Тры каналы, сыстэма якіх вядомая як Грахтэнгордэль, былі прызначаныя пераважна дзеля жылой забудовы. Назвы гэтых каналаў ёсьць Гэрэнграхт, Кайзэрсграхт і Прынсэнграхт, што можна прыблізна перакласьці як Канал лордаў, Канал імпэратара і Канал прынца[28]. Чацьвертым і самым вонкавым каналам ёсьць Сынгельграхт, які часта ня згадваецца на мапах, бо гэта назва тычыцца ўсіх каналаў у вонкавым колцы. Сынгельграхт ня варта блытаць з найстарэйшым і самым нутраным каналам Сынгелем.

Каналы служылі дзеля абароны, кіраваньня воднымі рэсурсамі і транспартаваньня. Абарончыя збудаваньні мелі форму рова і земляных дамбаў з брамамі ў пунктах транзыту, але ў астатнім не было над імі мураваных надбудоваў[29]. Першапачатковыя пляны, на жаль, былі страчаны, таму гісторыкам даводзіцца разважаць пра першапачатковыя намеры. Лічыцца, што чыньнікі такога плянаваньня былі чыста практычнымі і абарончымі, а не дэкаратыўнымі[30].

Будаўніцтва сеткі пачалося ў 1613 годзе і вялося з захаду на ўсход, а ня ад цэнтру вонкі, як лічыцца ў папулярным міце. Будаўніцтва канала ў паўднёвым сэктары было завершанае да 1656 году. Будаўніцтва ж жылых будынкаў цягнулася даволі павольна. Усходняя частка канцэнтрычнага пляну канала, якая ахоплівае тэрыторыю паміж ракой Амстэл і залівам Эй, гэтак і не была рэалізаваная. У наступныя стагодзьдзі зямля выкарыстоўвалася пад паркі, дамы для пажылых людзей, тэатры, іншыя грамадзкія аб’екты і водныя шляхі без асаблівага плянаваньня[31]. Цягам многіх гадоў некалькі каналаў былі засыпаныя, пераўтвораныя ў вуліцы ці пляцы[32].

Remove ads

Палітыка

Thumb
Афіцыйная сядзіба мэра Амстэрдаму з 1927 году.

Горад Амстэрдам у адпаведнасьці з законамі Нідэрляндаў уважаецца грамадою. Ён кіруецца беспасярэдне абранай мескай радай, выканаўчым органам і мэрам. З 1981 году грамада паступова была падзеленая на паўаўтаномныя раёны, якія называюцца штадсдэленамі. Зь цягам часу было створана ў агульнай складанасьці 15 раёнаў, але ў траўні 2010 году ў выніку маштабнай рэформы колькасьць раёнаў Амстэрдаму была скарочаная да васьмі, як то Амстэрдам-Цэнтар, які ахоплівае цэнтар места, улучна з поясам каналаў, Амстэрдам-Поўнач, які складаецца з раёнаў на поўнач ад бухты Эй, Амстэрдам-Усход на ўсходзе гораду, Амстэрдам-Поўдзень на поўдні, Амстэрдам-Захад на захадзе, Амстэрдам-Новы Захад на скрайнім захадзе, Амстэрдам-Зёйдаст на паўднёвым усходзе і Вэстпоорт, які ахоплівае тэрыторыю порту[33].

Гарадзкія ўлады

Thumb
Раённы падзел Амстэрдаму.

Як і ва ўсіх нідэрляндзкіх грамадах, Амстэрдам кіруецца абранай мескай радай, выканаўчым органам і прызначаным урадам[34] мэрам. Мэр уваходзіць у склад выканаўчага органа, але таксама нясе асабістыя абавязкі ў падтрыманьні грамадзкага парадку. 27 чэрвеня 2018 году Фэмке Гальсэма, былая сябра Палаты прадстаўнікоў ад партыі Зялёныя левыя з 1998 па 2011 гады, была прызначаная першай жанчынай-мэркай Амстэрдаму каралеўскім камісарам Паўночнай Галяндыі на шасьцігадовы тэрмін пасьля ейнага вылучэньня мескай радай. Свой тэрмін яна пачала 12 ліпеня 2018 году. Гальсэма замяніла Эбэргарда ван дэр Ляана, які займаў пасаду мэра з 2010 году па сваю сьмерць у кастрычніку 2017 году. Акрамя мэра, выканаўчая ўлада складаецца з васьмі вэтгаўдэраў, прызначаных мескай радай.

У адрозьненьне ад большасьці іншых грамадаў краіны, Амстэрдам падзелены на сем раёнаў[35]. Гэтая сыстэма была паступова ўкаранёная ў 1980-х гадах дзеля паляпшэньня якасьці мясцовага кіраваньня. Раёны адказваюць за многія сэктары, якія раней кіраваліся з адзінага гарадзкога цэнтру. Згодна з сыстэмай раёнаў, муніцыпальныя рашэньні прымаюцца на ўзроўні раёнаў, за выключэньнем тых справаў, якія тычацца ўсяго гораду, як то буйных інфраструктурных праекты, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі цэнтральных уладаў Амстэрдаму. У 2014 годзе, у адпаведнасьці з рэформай Закону аб грамадах Нідэрляндаў, раёны страцілі значную частку свайго аўтаномнага статусу, а іхныя раённыя рады былі распушчаныя. Усё ж такі, мескай рада сталіцы прагаласавала за захаваньне сыстэмы раёнаў, замяніўшы раённыя рады меншымі, але ўсё яшчэ беспасярэдне абіранымі раённымі камітэтамі.

Сымбалі

Thumb
Герб Амстэрдаму.

Тры крыжы Сьвятога Андрэя пазначаюць тры вартасьці гораду: мужнасьць, цьвёрдасьць і літасьць. Народная традыцыя таксама зьвязвае гэтыя тры крыжы з трыма пагрозамі гэтаму гораду: вадой, агнём і эпідэміяй.

Герб Амстэрдаму складаецца з трох крыжоў Сьвятога Андрэя (хоць заступнікам гораду лічыцца Сьвяты Мікалай, таксама гэтыя крыжы зьяўляецца састаўной часткай сьцяга). Таксама на гербе прысутнічае Аўстрыйская імпэратарская карона. У 1489 годзе Максімілян I ва ўдзячнасьць за заслугі і займы дараваў права Амстэрдаму ўпрыгожыць свой герб каралеўскай каронай, у 1508 годзе пасьля каранацыі Максіміляна I імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі яна была замененая на імпэратарскую. У XVII стагодзьдзі яна была ізноў замененая на карону Рудольфа II. Львы зьявіліся на гербе ў XVI стагодзьдзі, калі Нідэрлянды былі рэспублікай.

Апошнім зьявіўся афіцыйны дэвіз гораду, які гучыць як «гераічны, рашучы, міласэрны», які быў нададзены гораду ў 1947 годзе каралевай Вільгэльмінай у знак прызнаньня адвагі гораду за часам Другой сусьветнай вайны.

Remove ads

Эканоміка

Thumb
Зёйдас — бізнэсовы цэнтар Амстэрдаму.

Амстэрдам зьяўляецца фінансавай і бізнэсовай сталіцай Нідэрляндаў[36]. Горад у цяперашні час зьяўляецца адным з цэнтраў міжнароднага бізнэсу. У Эўропе па гэтым паказчыку Амстэрдам займае пятае месца, прайграючы толькі Лёндану, Парыжу, Франкфурту й Барсэлёне[37]. Многія буйныя карпарацыі й банкі маюць свае штаб-кватэры ў Амстэрдаме, у тым ліку Каралеўскі банк Шатляндыі, Akzo Nobel, Heineken International, ING Group, Ahold, TomTom, Delta Lloyd Group і Philips. Штаб-кватэра кампаніі KPMG International знаходзіцца ў суседнім Амстэлвіне, дзе многія кампаніі месьцяцца з-за таго, што навакольныя супольнасьці дазваляюць мець поўную ўласнасьць на зямлю, у адрозьненьне ад сыстэмы арэнды зямлі ў Амстэрдаме.

Thumb
Будынак Амстэрдамскай фондавай біржы.

Не зважаючы на тое, што шматлікія невялікія офісы па-ранейшаму знаходзіцца ў старым горадзе на каналах, кампаніі ўсё часьцей перамяшчаюцца за межы цэнтру гораду. Дзякуючы гэтаму паўднёвы раён Зёйдас стаў новым фінансавым і юрыдычным цэнтрам гораду[38]. Пяць найбуйнейшых юрыдычных фірмаў Нідэрляндаў, вялікая колькасьць галяндзкіх філіялаў буйных кансалтынгавых фірмаў, як то Boston Consulting Group і Accenture, а таксама Амстэрдамскі міжнародны гандлёвы цэнтар разьмешчаны ў Зёйдасе.

Акрамя таго існуюць яшчэ тры іншыя больш дробныя фінансавыя раёны ў Амстэрдаме. Першы зь іх знаходзіцца ў навакольлях чыгуначнага вакзалу Сьлётэрдайку, дзе некалькі газэтаў, як то De Telegraaf, маюць свае офісы. Тут жа знаходзяцца муніцыпальная грамадзкая транспартная кампанія «Gemeentelijk Vervoersbedrijf» і галяндзкі падатковы орган «Belastingdienst». Другі фінансавы раён знаходзіцца ў навакольлях «Амстэрдам Арэны». Трэці ў навакольлях чыгуначнага вакзалу Амстэл. Самы высокі будынак Амстэрдаму, Вежа Рэмбранта, у якой знаходзіцца штаб-кватэра кампаніі Philips, таксама месьціцца ў гэтым раёне[39][40].

Амстэрдамская фондавая біржа (AEX), якая ў цяперашні час ёсьць часткай Euronext, зьяўляецца найстарэйшай фондавай біржай у сьвеце й адной з найбуйнейшых у Эўропе. Яна разьмешчаная побач з пляцам Дам у самым цэнтры гораду.

Турызм

Thumb
У горадзе ладзяцца экскурсіі на чоўнах.

Амстэрдам адное з самых папулярных турыстычных месцаў у Эўропе, якое штогод наведвае больш за 5,34 мільёнаў замежных турыстаў, не беручы ва ўлік 16 мільёнаў турыстаў, якія прыязджаюць у горад на дзень[41]. Колькасьць наведвальнікаў стала расьце цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Дзьве траціны ўсіх гатэляў разьмешчаныя ў цэнтры гораду[42]. Гасьцёўні з чатырма ці пяцьцю зоркамі складаюць 42% ад агульнай колькасьці дасяжных месцаў і 41% ад колькасьці начлегаў у Амстэрдаме. Узровень запаўняльнасьці нумароў складаў 85% у 2017 годзе, што было большым за гэты паказьнік у 78% у 2006 годзе[43][44]. Большасьць турыстаў, то бок 74% ад агульнага ліку, паходзяць з Эўропы, а найбольшая група неэўрапейскіх турыстаў прыязджае з ЗША, то бок на іхнюю долю прыпадае 14% ад агульнай колькасьці[44]. У пэўныя гады ў Амстэрдаме распрацоўваюцца праграмы дзеля прыцягненьня дадатковых турыстаў. Напрыклад, на 2006 год была абвешчаная акцыя «Рэмбрант 400» у гонар 400-годзьдзя з дня нараджэньня Рэмбранта. Сярэдняя колькасьць гасьцей на год, якія спыняюцца ў чатырох кемпінгах ва ўсім горадзе, вагаецца ад 12 тысяч да 65 тысяч чалавек[44].

У 2023 годзе горад пачаў кампанію, каб адгаварыць брытанскіх мужчынаў у веку ад 18 да 35 гадоў ад прыезду ў горад у якасьці турыстаў. У рэкляме былі паказаныя маладыя людзі, якіх паліцыя закавала ў кайданкі, што было часткай новай кампаніі па ачыстцы рэпутацыі гораду[45]. 25 траўня 2023 году, спрабуючы спыніць дзікія паводзіны турыстаў, горад забараніў курэньне марыхуаны ў грамадзкіх месцах у квартале чырвоных ліхтароў і вакол яго[46].

Remove ads

Культура

Музэі

Thumb
Паўночны фасад Рэйксьмюзэюму.

Найважнейшыя музэі Амстэрдаму месьцяцца на Музэйным пляцы, разьмешчаным на паўднёва-заходнім баку Рэйксьмюзэюму. Гэты пляц паўстаў у апошняй чвэрці XIX стагодзьдзя на тэрыторыі былой Сусьветнай выставы. Паўночна-ўсходняя частка пляцу мяжуе зь вялікім Рэйксьмюзэюмам. Перад ім на самім пляцы знаходзіцца доўгая прамакутняя сажалка. Узімку яна ператвараецца на коўзанку[47]. Паўночна-заходняя частка пляцу мяжуе з музэем ван Гога і фабрыкай Костэр Даймандс. Паўднёва-заходняя мяжа Музэйнага пляцу — Ван Барлестраат, то бок адной з галоўных магістральных вуліцаў у гэтай частцы Амстэрдаму. Канцэртная заля Канцэртгебаў стаіць на іншым баку вуліцы ад пляца. На паўднёвы ўсход ад пляца знаходзяцца некалькі вялікіх дамоў. Пад пляцам была пабудаваная паркоўка, а таксама супэрмаркет. Музэйны пляц амаль цалкам пакрыты газонам, за выключэньнем паўночна-ўсходняй часткі, дзе быў накіданы жвір. Сучасны выгляд пляца быў рэалізаваны ў 1999 годзе падчас ягонай рэканструкцыі. Сам пляц уважаецца вядомым месцам у горадзе дзе ладзяцца фэстывалі і канцэрты пад адкрытым небам, асабліва ўлетку. У 2008 годзе былі распрацаваныя пляны паўторнай рэканструкцыі пляца, таму што многія жыхары Амстэрдаму незадаволеныя ягоным сучасным выглядам[48].

Thumb
Будынкі музэя ван Гога.

Рэйксьмюзэюм валодае найбуйнейшай і найважнейшай калекцыяй клясычнага галяндзкага мастацтва. Ён адкрыўся ў 1885 годзе, а ягоная калекцыя складаецца амаль зь мільёну прадметаў[49]. Мастаком, які найбольш асацыюецца з Амстэрдамам, ёсьць Рэмбрант, чые працы і працы ягоных вучняў выстаўленыя ў музэі. Шэдэўр Рэмбранта Начная варта лічыцца адным з найлепшых твораў мастацтва, якім валодае Рэйксьмюзэюм. Тут таксама захоўваюцца карціны такіх мастакоў, як то Барталямэўс ван дэр Гэльст, Ян Вэрмээр, Франс Гальс, Фэрдынанд Боль, Альбэрт Кёйп, Якаб ван Рэйсдаль і Паўлюс Потэр. Акрамя карцінаў, калекцыя складаецца зь вялікай разнастайнасьці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут захоўваюцца як дэльфцкая парцаляна, гэтак і гіганцкія лялечныя дамы XVII стагодзьдзя. Архітэктарам будынку ў стылі нэаготыкі быў Пітэр Кёйпэрс. У 2003 годзе музэй прайшоў 10-гадовую рэстаўрацыю коштам 375 мільёнаў эўра. Поўная калекцыя была зноў выстаўленая для публікі 13 красавіка 2013 году, і Рэйксьмюзэюм застаецца самым наведвальным музэем Амстэрдаму з 2,2 мільёнамі наведвальнікаў у 2016 годзе і 2,16 мільёнамі ў 2017 годзе[50].

Thumb
Музэй Стэдэлейк.

Вінцэнт ван Гог некаторы час жыў у Амстэрдаме, таму ў месьце маецца музэй, прысьвечаны ягонай творчасьці. Музэй разьмешчаны ў адным зь нямногіх сучасных будынкаў Амстэрдаму. Будынак быў спраектаваны Герытам Рытвэльдам. Тут выстаўленае сталая калекцыя. Новы будынак быў дабудаваны да музэя ў 1999 годзе. Гэтая новая частка, вядомая як зона для выступаў, была спраектаваная японскім архітэктарам Кісё Куракава. Галоўнай мэтай новага будынку стала разьмяшчэньне часовых выставаў музэя[51][52]. Некаторыя з самых вядомых карцінаў ван Гога, як то Едуны бульбы і Сланечнікі, захоўваюцца ў музэйнай калекцыі[53]. Музэй ван Гога ёсьць другім паводле наведвальнасьці музэем у Амстэрдаме, ненашмат саступаючы Рэйксьмюзэюму паводле колькасьці наведвальнікаў[54].

Побач з музэем ван Гога месьціцца Музэй Стэдэлейк. Гэта найважнейшы музэй сучаснага мастацтва гораду, які такі ж стары, як і сам пляц, зь якім музэй мяжуе. Ягоныя дзьверы ўпершыню былі адчыненыя ў 1895 годзе. Сталая калекцыя складаецца з твораў мастацтва Піта Мандрыяна, Карэла Апэля, Казімера Малевіча ды іншых выбітных мастакоў. Пасьля рэканструкцыі, якая доўжылася некалькі гадоў, музэй зноў адкрыўся ў верасьні 2012 году з новай кампазытнай прыбудовай, якая атрымала назву «Ванна» праз падабенства да адной зь іх. У Амстэрдаме налічваецца шмат іншых музэяў. Сярод іх ёсьць як невялікія музэі, напрыклад Музэй Супраціву, Каціны кабінэт, Дом Ганны Франк і Дом-музэй Рэмбранта, гэтак і вельмі вялікія, як то Музэй тропікаў, Амстэрдамскі музэй, які раней быў вядомы як Амстэрдамскі гістарычны музэй, H’Art і Габрэйскі гістарычны музэй. Музэй НЭМО прысьвечаны навуковым выставам для дзяцей.

Выканальніцкае мастацтва

Thumb
Гарадзкі тэатар.

У Амстэрдаме маюцца тры галоўныя тэатры. У Гарадзкім тэатры на пляцы Лейдсэплейн працуе рэпэртуарная тэатральная трупа Амстэрдаму. Цяперашні будынак датуецца 1894 годам. Большасьць спэктакляў ставяцца ў Вялікай зале. Звычайны рэпэртуар ахоплівае ўсе віды тэатральных формаў. У 2009 годзе адкрыліся новыя залы гэтага тэатру. Нідэрляндзкая нацыянальная опэра і балет, раней вядомая як Музычны тэатар, была пабудаваная ў 1986 годзе. Гэта галоўны опэрны тэатар места. Каралеўскі тэатар Карэ быў пабудаваны як сталы цыркавы тэатар у 1887 годзе і ў цяперашні час перадусім выкарыстоўваецца дзеля м’юзыклаў, кабарэ-спэктакляў і поп-канцэртаў. У нядаўна зноў адкрытым тэатры Дэлямар ладзяцца пастановы спэктакляў і м’юзыклаў. У 2014 годзе на амстэрдамскай сцэне зьявіўся новы тэатар, які далучыўся да іншых вядомых пляцовак. Ім стаў Амстэрдамскі тэатар, які разьмешчаны ў заходняй частцы гораду на Данцыгеркадэ. Гэты сучасны будынак мае панарамныя краявіды на гавань. Ва ўсходняй частцы гораду можна знайсьці невялікі тэатар Бадгёйсттэатар у пераабсталяванай лазьні. У ім часта ставяцца ангельскамоўныя пастаноўкі.

У Нідэрляндах існуе традыцыя кабарэ або кляйнкунст, якая спалучае музыку, апавяданьні, камэнтары, тэатар і камэдыю. Такія кабарэ зьявіліся ў 1930-х гадах, калі такія дзеячы, як то Вім Кан, Вім Зонэвэльд і Тоон Гэрманс, сталі піянэрамі ўзгаданага віду мастацтва. У Амстэрдаме працуе Акадэмія кабарэ і Кабарэтны хор. Сучаснымі папулярнымі выканаўцамі ёсьць Юп ван ’т Гэк, Фрээк дэ Ёнге, Гэрман Фінкерс, Ганс Тээўвэн, Тэо Маасэн, Гэрман ван Вээн, Наджыб Амгалі, Рауль Гээрт’е, Ёрген Рэйман, Брыгіт Каандорп ды іншыя. Ангельскамоўная камэдыйная сцэна ўзьнікла дзякуючы гурту Бум-Чыкага ў 1993 годзе. Яны маюць уласны тэатар на пляцы Лейдсэплейн.

Музыка

У Амстэрдаме знаходзіцца адна з найвядомейшых канцэртовых заляў сьвету — Канцэртгебаў (па-нідэрляндзку: Concertgebouw). Яна ёсьць сядзібай Каралеўскага аркестру Канцэртгебаў. Ад 2004 году галоўным дырыгентам гэтага аркестру зьяўляецца Марыс Янсанс.

Remove ads

Транспарт

Грамадзкі транспарт

Thumb
Трамвай перацінае канал Кайзэрграхт.

Амстэрдам мае добра разьвітую сыстэму грамадзкага транспарту. У горадзе дзейнічае мэтрапалітэн, традыцыйныя й хуткасныя трамваі, аўтобусная сетка й паромныя пераправы праз раку Эй.

У цяперашні час у горадзе функцыянуюць шаснаццаць трамвайных маршрутаў і пяць маршрутаў мэтро. Усе яны абслугоўваюцца муніцыпальным апэратарам грамадзкага транспарту Gemeentelijk Vervoerbedrijf (GVB), які таксама кіруе гарадзкой аўтобуснай сеткай. Прыкладны пераклад на беларускую мову — Муніцыпальнае транспартнае прадпрыемства. Чатыры дармовыя паромы GVB перавозяць пешаходаў і раварыстаў праз Эй да раёну Амстэрдам-Поўнач, а два платныя паромы курсуюць на ўсход і захад уздоўж гавані. Таксама маюцца прыватныя водныя таксоўкі, водны аўтобус, служба сумеснага пракату чоўнаў, пракат электрычных чоўнаў і круізы праз каналы, якія перавозяць людзей воднымі шляхамі Амстэрдаму.

Рэгіянальныя аўтобусы і некаторыя прыгарадныя аўтобусы абслугоўваюцца кампаніямі Connexxion і EBS. Міжнародныя аўтобусныя перавозкі забясьпечваюцца кампаніяй Eurolines з чыгуначнага вакзала Амстэрдам-Амстэл, IDBUS з чыгуначнага вакзала Амстэрдам-Сьлётэрдайк і Megabus з Зёйдэрзээвэгу на ўсходзе места. Дзеля палягчэньня нагрузкі на цэнтар існуюць розныя месцы P+R, дзе людзі могуць пакінуць сваё аўта з прымальнай цаной і перасесьці на адзін з шматлікіх маршрутаў грамадзкага транспарту[55].

Паветраны транспарт

Thumb
Аэрапорт Схіпгол уважаецца ня толькі адным з самых загружаных аэрапортаў Эўропы, але і сьвету.

Аэрапорт Схіпгол знаходзіцца за 20 хвілінаў цягніком ад цэнтральнага вакзалу. Дасяжны цягнікамі кампаніяў Eurostar і EuroCity. Гэта найбуйнейшы аэрапорт Нідэрляндаў і трэці паводле велічыні аэрапорт Эўропы, абслугоўваючы больш за 68 мільёнаў пасажыраў у год. Лічыцца базавым аэрапортам чатырох авіякампаніяў, як то KLM, Transavia, Martinair і Arkefly[56]. Ён быў пабудаваны ў 1916 годзе на месцы асушанага Гаарлемскага возера. Схіпгол мае шэсьць узьлётна-пасадкавых палос, у цяперашні час распрацоўваюцца пляны па ягоным пашырэньні.

На 2014 год Схіпгол быў пятым паводле загружанасьці аэрапортам у сьвеце паводле колькасьці пасажыраў[57]. Гэты аэрапорт знаходзіцца на 4 мэтры ніжэй за ўзровень мора[58]. Не зважаючы на ​​тое, што ён вядомы як аэрапорт Амстэрдаму, аб’ект беспасярэдне месьціцца ў суседняй грамадзе Гаарлемэрмээр, на паўднёвы захад ад гораду. Аэрапорт Ратэрдам—Гаага, то бок меншы міжнародны аэрапорт, таксама месьціцца за гадзінаў аўтам ад места.

Ровары

Thumb
Раварысты на вуліцы места.

Амстэрдам уважаецца адным з самых спрыяльных для выкарыстаньня ровараў буйных гарадоў у сьвеце, а таксама як цэнтар роварнай культуры з добрымі выгодамі для вэлясыпэдыстаў, дзякуючы добрай сетцы роварных маршрутаў і месцаў іхняга ўтрыманьня, а таксама некалькіх публічных ахоўных гаражоў дзеля захоўваньня ровараў.

Згодна з апошнімі зьвесткамі, апублікаванымі Цэнтральным бюро статыстыкі, у 2015 годзе 442 тысячы хатніх гаспадарках, то бок блізу 850 тысяч жыхароў, у Амстэрдаме разам валодалі 847 тысячамі ровараў, то бок маючы 1,91 ровараў на сям’ю[59]. Праз такую папулярнасьць гэтага сродка перамяшчэньня ў Амстэрдаме пашыраныя крадзяжы. Гэтак у 2011 годзе ў месьце было скрадзена каля 83 тысяч ровараў[60]. Вэлясыпэдамі карыстаюцца ўсе сацыяльна-эканамічныя групы насельніцтва празь іхную зручнасьць, невялікія памеры Амстэрдаму, вялікай даўжыні роварных дарожак[61], пляскатага рэльефу места і нязручнасьці кіраваньня самаходам[62], павязаныя з высокім коштам паркаваньня, а таксама зачыненымі для аўта вуліцамі, або вуліцам з аднабокім рухам.

Remove ads

Спорт

Thumb
Выбітны футбаліст «Аяксу» Ёган Кройф, чыім імём названая хатняя арэна клюбу.

У Амстэрдаме базуецца футбольнага клюб Эрэдывізіі «Аякс», які ўважаецца адным зь лідэраў айчыннага футболу. Свае хатнія матчы клюб ладзіць на стадыёне імя Ёгана Кройфа, які разьмешчаны на паўднёвым усходзе гораду побач з новым чыгуначным вакзалам Амстэрдам-Бэйльмэр-Арэна. Да пераезду на сучаснае месца ў 1996 годзе «Аякс» гуляў свае рэгулярныя матчы на ўжо цяпер зруйнаваным стадыёне Дэ Мээр ва ўсходняй частцы места[63] або на Алімпійскім стадыёне. У 1928 годзе ў Амстэрдаме ладзіліся летнія Алімпійскія гульні. Менавіта ў тыя часы да гэтай спартовай падзеі быў пабудаваны Алімпійскі стадыён. Пазьней ён быў цалкам перароблены і сёньня выкарыстоўваецца дзеля культурных і спартовых імпрэзаў, такіх як то Амстэрдамскі маратон[64]. У 1920 годзе Амстэрдам дапамог у правядзеньні некаторых спаборніцтваў па ветразевым спорце на летніх Алімпійскіх гульнях, якія ладзіліся ў суседнім бэльгійскім Антвэрпэне, зарганізаваўшы выступы спартоўцаў на востраве Бёйтэн-Эй. Гарадзкія ўлады таксама накіроўвалі заяўкі на правядзеньне летніх Алімпійскіх гульняў 1952 і 1992 гадоў, але прайгралі Хэльсынкам і Барсэлёне.

У горадзе ладзіцца забег Ад дамбы да дамбы, які ўяўляе сабою 16-кілямэтровы бег з Амстэрдаму ў Заандам. Хакейны клюб «Амстэл Тэйгерс» гуляе на коўзанцы Яап Эдэн. Каманда бярэ ўдзел у чэмпіянаце Нідэрляндаў па хакеі на лёдзе. На гэтай жа арэне ладзяцца спаборніцтвы па канькабежным спорце. У горадзе існуюць ажно два клюбы па амэрыканскім футболе, як то «Амстэрдам Крусэйдэрз» і «Амстэрдам Пантэрз». У горадзе разьмяшчаецца таксама бэйсбольная каманда «Амстэрдам Пайрэтс», а таксама маюцца тры клюбы па хакеі на траве, як то «Амстэрдам», «Пінаке» і «Гэрлі», але ўсе яны ладзяць свае матчы ў суседнім горадзе Амстэльвээн. Баскетбольная каманда «Майгайд Амстэрдам» гуляе ў мясцовай лізе, гуляючы на арэне Спортгален-Зюйд[65]. З 1999 году ўлады месца пачалі штогод ушаноўваць найлепшых спартоўцаў і спартовак асобнай прэміяй. Баксэр Райманд Ёваль і хакеістка на траве Караль Тэйт сталіся першымі спартоўцамі, хто атрымалі ўзнагароды ў 1999 годзе.

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads