Буйнічы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бу́йнічы[1] — вёска і паўднёвае прадмесьце Магілёва, на правым беразе Дняпра. Цэнтар Буйніцкага сельсавету Магілёўскага раёну. Насельніцтва на 2010 год — 1596 чалавек. Знаходзяцца за 3 км на поўдзень ад Магілёва, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Буйнічы (лінія Магілёў — Жлобін), на аўтамагістралі Магілёў — Бабруйск.
Буйнічы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.
Remove ads
Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Буйнічы ўпамінаюцца ў XV стагодзьдзі як цэнтар буйнога ўладаньня, што належала князям Фёдару і Льву Талочкавічам-Буйніцкім[2]. У пачатку XVI ст. маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Кіева-Пячорскага манастыра. У 1567 годзе цэнтар маёнтку ў Аршанскім павеце, уласнасць князя Міхайлы Масальскага[3][4]. У сьнежні 1595 году Буйніцкае поле стала месцам пераможнае бітвы войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з старостам рэчыцкім М. Буйвідам над казакамі на чале зь Севярынам Налівайкам[5].
У XVII—XVIII стагодзьдзях Буйнічы былі прыватнаўласьніцкім мястэчкам у Аршанскім павеце, якое належала Саламярэцкім, Статкевічам, князю і старосту жамойцкаму А. Г. Палубінскаму, князям Сапегам[2]. З 1633 году на поўдзень ад паселішча існаваў манастыр Святога Духа, які заснавалі Багдан Статкевіч і яго жонка Алена Саламярэцкая. За падтрымку вялікага князя Яна І Казімера Вазы ў абарончай вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1654—1667 гадоў буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын[5]. Пры манастыры дзеяла друкарня[6].
У час Вялікай Паўночнай вайны ў ліпені 1708 году каля Буйнічаў месьціўся лягер швэдзкага войска на чале з Карлам ХІІ (г. зв. Карлава даліна). Швэдзкія жаўнеры абрабавалі манастыр, аднак пазьней на загад швэдзкага караля іконы былі вернуты ў пусты манастыр, а два швэдзкія жаўнеры — павешаны[7]. Побач зь мястэчкам існаваў фальварак, які здаваўся ў арэнду. На 1758 год — 35 двароў, уваходзілі ў склад Быхаўскага графства.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Буйнічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губэрні. Маскоўская гаспадыня Кацярына II канфіскавала маёнтак у Сапегаў і перадала яго беларускаму намесьніку генэрал-аншэфу П. Б. Пасеку. У 1878 годзе фальварак набыў зямянін М. Марачэўскі. Апошняй уладальніцай маёнтку ў пачатку XX ст. была Г. К. Радкевіч[2].
На 1880 год у Буйнічах было 64 двары, дзеялі 2 царквы, працавалі расейская жаночая вучэльня пры манастыры і юдэйская малітоўная школа. Таксама існаваў аднайменны фальварак. У 1896 годзе ў Буйнічах адкрылася царкоўнапрыходзкая школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 81 двор, у маёнтку — 5 двароў, працавалі завод сушкі садавіны і гародніны, у жаночым манастыры — 21 двор, дзеялі царква і капліца, працаваў сьвечачны завод. На 1909 год у мястэчку Буйнічах быў 81 двор, дзеяла царква, працавалі царкоўнапрыходзкая і юдэйская малітоўная школы, скарбовая вінная крама, у аднайменным маёнтку — 2 двары.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Буйнічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[8].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Буйнічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Буйнічы вярнулі БССР. У 1933 годзе вёска атрымала электрычнае сьвятло. На 1940 год — 141 двор. У Другую сусьветную вайну Буйніцкае поле сталася месцам бітвы ў 1941 годзе.
На 1970 год у Буйнічах было 272 двары, на 1995 год — 309, на 2007 год — 468. 17 ліпеня 2006 году сельсавет, у які ўваходзіць вёска, перайменавалі зь Цішоўскага ў Буйніцкі, а цэнтар сельсавету перанесьлі зь вёскі Цішоўкі ў Буйнічы[9]. 28 сьнежня 2010 году ліквідавалі станцыю Буйнічы, яе тэрыторыя ўвайшла ў склад вёскі Буйнічаў[10].
- Мястэчка на старых здымках
- Манастыр. Паштоўка, да 1918 г.
- Бяленьне воску пад сонцам на эпархіяльным сьвечным заводзе, 1905 г.
- Манастыр, 1918 г.
- Царква Раства Багародзіцы за савецкім часам
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1880 год — 356 чал., зь іх 115 юдэяў[11]; 1897 год — 450 чал. у мястэчку Буйнічах, 34 чал. у маёнтку Буйнічах і 117 чал. у манастыры Буйнічах
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 427 чал. у мястэчку Буйнічах, 6 чал. у маёнтку Буйнічах[12]; 1940 год — 765 чал.; 1970 год — 881 чал.[13]; 1990 год — 910 чал.[14]; 1995 год — 910 чал.[15]; 1999 год — 1209 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2007 год — 1538 чал.[16]; 2010 год — 1596 чал.
Інфраструктура
У Буйнічах працуюць Дом культуры і бібліятэка, сярэдняя і музычная школы, агралесатэхнічны каледж (1944—1998 гады — вучэльня) імя Кірылы Арлоўскага, пошта. Каледжу належыць 860 га зямлі, зь якіх 80 га адведзеныя пад заасад.
Remove ads
Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура
У 1995 годзе адкрыўся мэмарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», архітэктарамі якога зьяўляюцца Ўладзімер Чапенка і Алег Бараноўскі. Былі пабудаваныя чырвоная капліца вышынёй у 27 мэтраў, а недалёка ад яе возера «Сьлёз». Праз кожныя паўгадзіны ў капліцы гучыць музычная кампазыцыя, прысьвечаная ўдзельнікам абароны Магілёва. Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ў 2002 годзе прысвоіў Мэмарыяльнаму комплексу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці трэцяй катэгорыі.
Паводле задумы кіраўніка Магілёва Віктара Шорыкава, 2 лістапада 2004 году ў капліцы адбылося адкрыцьцё маятніка Фуко (найвышэйшы ў Беларусі, у гонар францускага фізыка, які давёў факт вярчэньня Зямлі вакол сваёй восі). Яго распрацоўнікам выступіў дацэнт Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту А. Ляпін, а вытворцам — інжынэр завода «Тэхнапрыбор» А. Нікалаеў. Маятнік уяўляе зь сябе шаснаццацікіляграмовы шар зь нержавеючай сталі ды алюміневы цыфэрблят на вышыні 14 мэтраў. Амплітуда яго ваганьняў 1 м, пэрыяд ваганьняў 7 сэкундаў. Маятнік вядзе адлік часу[17].
У 2006 годзе пры каледжы заснавалі заасад, на 75 гектарах якога разводзяць дзікоў, зуброў, плямістых і паўночных аленяў[18]. У вальерах трымаюць барсукоў, ваўкоў, касуляў, лісаў, ласёў, мядзьведзяў, пясцоў, тыграў і янотаў, а таксама шэраг відаў птушак. Заасаду таксама належаць 2 дзясяткі канкурных коней[19]. У 2011 годзе заасад прыняў звыш 200 тыс. наведнікаў з 15 краінаў і меў звыш 200 жывёлаў[20].
Славутасьці
На паўднёвай ускраіне Буйнічаў захавалася стаянка эпохі мэзаліту (8—5 тысячагодзьдзі да н. э.), ува ўрочышчы Благадаці — гарадзішча раньняга жалезнага веку.
Страчаная спадчына
- Манастыр Сьвятога Духа (1633—1918)
- Царква Раства Багародзіцы (XIX ст.)
Галерэя
- Капліца на Буйніцкім полі
- Этнаграфічны куток
- Які ў заасадзе (чэрвень 2021 году)
- Аляніха корміць сваё дзіцё ў заасадзе (чэрвень 2021 году)
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads