From Wikipedia, the free encyclopedia
Уборкі — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная на поўдзень ад Віленскага вакзалу (цяперашні Менск-Пасажырскі) абапал палатна Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі і далей да скрыжаваньня Новазахараўскай (Маскоўскай) вуліцы і Койданаўскага шляху. Гістарычныя Ўборкі — раён сучасных вуліцаў Магілёўскай — Вакзальнай — Рабкораўскай — Талстога і іншых. Гэтыя вуліцы паўсталі ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у зьвязку з пракладкай чыгуначнай лініі і будаваньнем двух вакзалаў[1].
На захад ад Уборак пачынаюцца Грушаўка і Добрыя Мысьлі, на поўнач — Пляшчанка, на ўсход — Ляхаўка, на паўднёвы ўсход — Серабранскія Млыны, на поўдзень — Сенажаны[2][3].
Прадмесьце пачало актыўна забудоўвацца ў 70-я рокі XIX ст. у зьвязку з будаваньнем чыгункі. Паблізу знаходзіўся Немаршанскі гай, які разам зь вялікім Ляхаўскім гаем, паводле падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага, меў вядомасьць сваімі маёўкамі (травеньскімі гуляньнямі)[4]. Мяркуецца, што менавіта адсюль і пайшла назва ўрочышча «Боркі» або «Ўборкі», што значыць каля бору, лесу[5].
У пачатку XX ст. Уборкі ўваходзілі ў чацьвертую паліцэйскую частку места. Паміж чыгункамі ўва Ўборках праходзілі Вакзальная (захавалася яе траса), Малаюраўская (Льва Талстога), 2-я Сяргееўская (Рабкораўская). Сёньня можна ўбачыць кавалкі вуліцаў прадмесьця і за чыгункамі: гэта — вуліцы Прыгожая, Слонімская, Барысаўская (Студэнцкая)[6].
Прадмесьце вельмі хутка забудоўвалася, і мескія ўлады не пасьпявалі правяраць адпаведнасьць новых будынкаў і вулачак праектаваму пляну. У выніку чаго зьявіліся пэўныя праблемы з праездам тэрыторыяй раёну[5].
Да нашага часу мескія ўлады зьнесьлі большасьць драўляных будынкаў, аднак захаваліся асобныя пабудовы канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў. Тапонім Уборкі ніяк не пазначаецца на сучаснай мапе Менску, арыентырамі межаў колішняга прадмесьця зьяўляюцца сучасныя вуліцы Талстога, Маскоўская і Магілёўская[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.