From Wikipedia, the free encyclopedia
Луўр Абу-Дабі — мастацкі музей у Абу-Дабі, які адкрыўся ў 2017 годзе[1].
Луўр Абу-Дабі | |
---|---|
لوفر أبوظبي | |
Заснаваны | 2017 |
Адкрыты | 8 лістапада 2017 |
Месцазнаходжанне | Востраў Саадыят, Абу-Дабі, ААЭ |
Дырэктар | Мануэль Рабатэ |
louvreabudhabi.ae | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У калекцыю Луўра Абу-Дабі ўвайшлі экспанаты розных эпох і цывілізацый, у тым ліку карціны Пікаса[2], Гагена, Манэ, Магрыта, Беліні[3].
Будынак музея размешчаны на востраве Саадыят. На востраве таксама размесцяцца філіял музея Саламона Гугенхайма і Нацыянальны гістарычны музей шэйха Зайда[3].
У будынку Луўра Абу-Дабі шмат водных каналаў і велізарны ажурны купал. Гэта дазваляе стварыць у наведвальнікаў адчуванне, што музей знаходзіцца як бы пад адкрытым небам у адкрытым моры[4]. Плошча будынка складае прыкладна 24 000 м²[5].
Архітэктарам Луўра Абу-Дабі з’яўляецца Жан Нувель. Рашэнне аб стварэнні музея было прынята ў 2007 годзе[5]. Будаўніцтва пачалося 26 мая 2009 года, на ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі прэзідэнт Францыі Жак Шырак і Мухамад ібн Зайд аль-Нахаян, наследны прынц эмірата Абу-Дабі[6].
Першапачаткова меркавалася, што Луўр Абу-Дабі адкрыецца ў 2012 годзе[5]. У студзені 2012 года было абвешчана, што музей адкрыецца ў 2015 годзе[7]. Пазней дата адкрыцця была перанесена на 2016 год[8]. У 2016 годзе ўлады Абу-Дабі прызначылі дырэктарам музея француза Мануэля Рабатэ і абвясцілі, што музей адкрыецца ў 2017 годзе[9][10]. 6 верасня 2017 года міністр культуры Францыі Франсуаз Нісэн назвала канчатковую дату адкрыцця Луўра ў Абу-Дабі — 11 лістапада таго ж года. На цырымоніі адкрыцця была запланавана прысутнасць высокапастаўленых афіцыйных гасцей на чале з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам[11]. 11 лістапада 2017 года музей быў адкрыты для публікі[1]; урачыстая цырымонія з удзелам прэзідэнтаў Францыі і ААЭ адбылася 8 лістапада[12].
Музей паказвае каля 300 экспанатаў[13] з Луўра, Цэнтра Жоржа Пампіду, Версалю[14]. У 2014 годзе было абвешчана, што Луўр Абу-Дабі арэндуе ў французскіх музеяў «Цудоўную Феран’еру»[15] Леанарда да Вінчы, карціны Маціса, аўтапартрэт Ван Гога, «Напалеона на перавале Сен-Бернар» Жака-Луі Давіда, «Вакзал Сен-Лазар» Клода Манэ[16].
Таксама ў музеі існуюць тэматычныя залы, дзе выстаўлены старажытнасці розных краін: Кітая, Індыі, Ірака, Конга і г. д. У музеі прадстаўлены побач рэлігійныя прадметы розных культур: старонка з «Блакітнага Карана» IX стагоддзя, еменская Тора 1498 года і дзве гатычныя Бібліі XIII стагоддзя. Іншыя музеі арабскіх краін пазычылі Луўру Абу-Дабі 28 значных экспанатаў, у тым ліку двухгаловы бюст з Айн-Газаля (Іарданія, 6000 г. да н. э.), каля 400 дырхемаў з Амана і каменную прыладу з Саудаўскай Аравіі (350 000 гадоў да н. э.). Музей называюць першым у арабскім свеце універсальным музеем[13][17].
Кошт будаўніцтва будынка Луўра Абу-Дабі ацэньваюць у 83—107 мільёнаў еўра[5].
Парыжскі Луўр у асобе агенцтва France-Muséums абавязваецца на працягу 30 гадоў аказваць кансультацыйныя паслугі, здаваць у арэнду прадметы мастацтва і даць права да 2037 года выкарыстоўваць брэнд Луўр — усё гэта абышлося стваральнікам музея прыкладна ў мільярд еўра[13].
Рашэнне аб будаўніцтве Луўра Абу-Дабі і перадачы яму карцін з калекцый французскіх музеяў выклікала крытыку сярод некаторых дзеячаў мастацтва Францыі[18]. 4700 экспертаў па музеях, археолагаў і гісторыкаў мастацтва падпісалі петыцыю, у якой заяўлена, што «[французскія] музеі не прадаюцца»[19].
Таксама выказваліся абвінавачванні ў эксплуатацыі рабочых, якія будуюць музей. Напрыклад, газета The Guardian назвала ўмовы працы будаўнікоў «сучасным рабствам»[20].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.