Іосіф Антонавіч Гашкевіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Іосіф Антонавіч Гашкевіч (4 (16) красавіка 1814, Стралічава, Мінская губерня — 3 (15) мая 1875, Малі, Віленская губерня) — расійскі дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст.
Remove ads
Біяграфія


Іосіф Гашкевіч — сын праваслаўнага святара Антонія Гашкевіча, які служыў у Свята-Міхайлаўскай царкве сяла Стралічаў Рэчыцкага павета Мінскай губерні, што ў сучасным Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Ва ўзросце 12 гадоў Іосіф паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Затым па рэкамендацыі І. Грыгаровіча працягваў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Пасля заканчэння акадэміі (1839) меў званне магістра багаслоўя, але не прыняў святарскага сану.
У 1839-49 гадах у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў калекцыю насякомых. У якасці драгамана (перакладчыка) суправаджаў на фрэгаце «Палада» дыпламатычную місію Я. В. Пуцяціна ў Японію (1852-55). 3 яго ўдзелам заключаны руска-японскі дагавор 1855. Па дарозе з Японіі захоплены ў палон англічанамі (з прычыны Крымскай вайны 1853-56), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі. На працягу дзевяці месяцаў у палоне Іосіф Гашкевіч сумесна з японскім манахам Тацібана Каосай склаў 450 старонак першага японска-рускага слоўніка. У 1856 годзе вярнуўся ў Расію.
У 1858—1865 гадах першы расійскі консул у Японіі (на Хакадатэ), адначасова выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе. Адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у т.л. двор сёгуна (правіцеля Японіі) у Эда (цяпер Токіа).
У 1865 годзе з сям’ёй вярнуўся на радзіму. У 1867 годзе выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі раён), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй. У тым жа годзе ён падаў прашэнне ў Сенат аб пацвярджэнні дваранскага звання, і яно было задаволена[1].
Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Іосіф Гашкевіч перадаў Заалагічнаму музею АН у Пецярбургу. Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857, разам з Тацібана Каосай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Яго імем названы апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску Чосанман).
Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899).
Паводле метрычнага запісу ў кнігах Астравецкай царквы, спачыў 3 (15) мая 1875 года[2]. Пахаваны на праваслаўных могілках у Астраўцы (сёння не існуюць; раней жа месціліся ля касцёла, а на той час царквы святых Казьмы і Даміяна).
Remove ads
Сям'я
Пасля пераезду ў маёнтак Малі ажаніўся там Кацярынай Сямёнаўнай Матчынай (пам. 1906), дачкой адстаўнога палкоўніка. З ёй меў сына Іосіф (1872-1911), які стаў дзяржаўным службоўцам і апублікаваў працу «Віленская губерня: поўны спіс населеных месцаў». Жонка і сын пахаваныя на Свята-Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні[3].
Памяць
- У г. Хакадатэ на в. Хакайда Іосіфу Гашкевічу пастаўлены помнік.
- У 1994 годзе помнік Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульптар Ф. Янушкевіч).
- Яго імем названы заліў у Карэі і некаторыя адкрытыя ім віды рэдкіх насякомых.
- У Мінску імем Гашкевіча названы вуліца і сад.
Зноскі
- Филатова, Е. Н. ИОСИФ ИОСИФОВИЧ ГОШКЕВИЧ И ЕГО РАБОТА «ВИЛЕНСКАЯ ГУБЕРНИЯ» // Пічэтаўскія чытанні – 2023: інстытуцыянальныя змены ў гуманітарнай сферы як адлюстраванне палітычных і эканамічных працэсаў : матэрыялы міжнар. навук. канф., прысвеч. 80-годдзю аднаўлення работы БДУ на станцыі Сходня і 145-годдзю з дня нараджэння У. І. Пічэты, Мінск, 11 кастр. 2023 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: А. Г. Каханоўскі (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2023. – С. 406-408.
- Валянцін Грыцкевіч. Жыццё і дзейнасць Іосіфа Гашкевіча. // Беларусіка=Albaruthenica 8. Беларусь – Расія – Японія..: Матэрыялы Першых Астравецкіх чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэд. Г. Брэгер і інш. – Мінск, 1997. С. 14, 15
- Филатова, Е. Н. ИОСИФ ИОСИФОВИЧ ГОШКЕВИЧ И ЕГО РАБОТА «ВИЛЕНСКАЯ ГУБЕРНИЯ» // Пічэтаўскія чытанні – 2023: інстытуцыянальныя змены ў гуманітарнай сферы як адлюстраванне палітычных і эканамічных працэсаў : матэрыялы міжнар. навук. канф., прысвеч. 80-годдзю аднаўлення работы БДУ на станцыі Сходня і 145-годдзю з дня нараджэння У. І. Пічэты, Мінск, 11 кастр. 2023 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: А. Г. Каханоўскі (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2023. – С. 406-408.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads