Віціна

гістарычны тып рачных пласкадонных грузавых суднаў From Wikipedia, the free encyclopedia

Віціна
Remove ads

Віціна — даўняе рачное пласкадоннае грузавое судна вялікіх памераў. Віціны хадзілі пераважна па Нёмане і ў ніжнім цячэнні некаторых яго прытокаў (напрыклад, Шчары), і перавозілі збожжа, пяньку і льняное валакно, тлушч, сала, смалу, дзёгаць, спірт, піламатэрыялы і іншыя цяжкія масавыя (нетэрміновыя) тавары з заходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (беларускага і літоўскага Панямоння) ў Мемель, Кенігсберг, Гданьск. Адтуль везлі соль, селядцоў, віно, мэблю, прадметы раскошы, каланіяльныя тавары (каву, экзатычныя фрукты, спецыі) і іншае. Рачныя судны, якія хадзілі па Віліі, Прыпяці і Дзвіне, і мелі свае канструктыўныя і функцыянальныя асаблівасці і аўтэнтычныя мясцовыя назвы, некаторыя аўтары часам таксама называлі «віцінамі» па аналогіі, бо гэта назва найбольш вядомая і сімвалічна значная[крыніца?].

Хуткія факты Віціна, Краіна ...
Remove ads

Этымалогія

Сустракаўся і варыянт віціма, а таксама віцін або віцім. Пра паходжанне віцім няма аднаго меркавання, на думку Макса Фасмера, гэта зваротнае запазычанне са славянізма ў літоўскай vitinė 'плыт'[1]. Этымалогія ўласна віціна таксама застаецца няяснай. Аляксандр Брукнер лічыў слова беларуска-літоўскім. Пранас Скарджус адносіў да запазычанняў з літоўскай (віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і аргументам указваў на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але семантычна і словаўтваральна літоўскае і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаімаверныя; параўнальна з польскім okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’. Фасмер дапускаў славянскае паходжанне віціна і роднаснасць з ветвь, ви́твина.[2] Таксама ў беларускіх дыялектах віціна сустракалася ў значэннях 'прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі' або 'перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце'.[2] Таксама магчыма паходжанне ад літ. vytì 'гнаць'[крыніца?].

Remove ads

Гісторыя

Паводле Мацея Стрыйкоўскага, князь Вітаўт выкарыстоўваў віціны і лодкі, каб дапамагчы свайму гарнізону, абложанаму ў Гродне ў 1390 годзе.[3]. Раннія віціны не мелі палубы.

Віціна XVIII стагоддзя, апісаная ў крыніцах, ужо мела палубу і крыты трум у сярэдняй частцы судна. Трум і месцы экіпажа размяшчаліся пад пярэдняй палубай. Пакой капітана быў на карме.[4] У сучаснай Літве ў Нёмане (каля вострава Пастраюс паблізу Мерачы) знойдзены рэшткі віціны XVIII стагоддзя даўжынёй каля 55 метраў[5]. Такую ​​віціну цягнулі ўверх па плыні ў верхнім цячэнні Нёмана больш за 100 чалавек па абодвух берагах ракі[6].

У XIX ст. даўжыня віцін магла дасягаць 55 метраў, але большасць была карацей, шырыня — 5-8,5 метраў, а вышыня — каля 2 метраў. Віціны маглі перавозіць да 250 тон[7]. Корпус меў выгнутае дно, прыпадняты нос і нахіленую карму. Абшыўку рабілі з дошак, пакладзеных у стык і ўшчыльненых мохам. Віціна мела адну мачту, усталяваную наперадзе, з квадратным ветразем. Кіраванне забяспечвала стырно — доўгае рулявое вясло, усталяванае на карме.

Па апісаннях сучаснікаў XIX ст., калі віціна ішла ўніз па рацэ з грузам 12 000 пудоў (каля 196,5 тон) яе асадка дасягала 1,75 аршына (1,25 метра), а падчас ходу супраць плыні ўлегцы асадка складала прыкладна 0,75 аршына (0,53 метра). Віціны былі найбольш грузапад’ёмнымі суднамі на Нёмане, па якім хадзілі таксама іншыя тыпы суднаў — баркі, байдакі, галяры, стругі[8].

Віціны будаваліся ў асноўным у вярхоўях Нёмана (у Стоўбцах, Свержані, Беражне) і на Шчары[9].

Экіпаж віціны мог быць да 12 чалавек. У раёне Стоўбцаў і Жукава Барка цераз Нёман праходзіў даўні сухапутны шлях з Берасця на Менск, транспартны вузел прыцягваў тавараабарот са значнай тэрыторыі, з перавалкай на віціны або з іх. Лічылі, што лепшыя праваднікі (лоцманы) са Шчорсаў. Значнымі прыстанямі на шляху віцін былі Масты, Горадня і Коўна [10] дзе таксама адбывалася дагрузка (на зваротным шляху — частковая разгрузка) тавараў.

Уладзіслаў Сыракомля ў краязнаўчым эсэ «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) успамінаў, што дарогай з Прусіі ўверх па Нёмане тыповая каюта капітана віціны часта была застаўленая дарагой мэбляй, жырандолямі і іншым багаццем. Усё гэта падавалася на мытні як інтэр’еры судна, каб унікнуць мыта на карысць Расійскай імперыі, а пры прыбыцці ў Гродна прадавалася, у чарговы рэйс у Прусію віціна ішла ізноў з убогім інтэр’ерам.

Паводле «Старапольскай энцыклапедыі» Зыгмунта Глогера, тэрмін службы віціны быў да 10 гадоў, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя яна каштавала 1 000—1 200 рублёў.[11]

Remove ads

У культуры

Згадкі віцін, паводле літоўскіх краязнаўцаў, ёсць у творах пачынальнікаў літоўскага пісьменства XVI—XVII стагоддзяў Марцінаса Мажвідаса, Мікалоюса Даўкшы, Канстанцінаса Шырвідаса.[12]

У ХІХ стагоддзі віціны часта згадвалі ў паэтычных творах і краязнаўчай літаратуры (у творах Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Якуба Коласа і іншых) і ўспрымалі як адзін з сімвалаў Нёмана і гістарычнай Літвы. Напрыклад, у вершы Чачота «Праснічка», пакладзеным на музыку Станіславам Манюшкам, які стаў адной з самых вядомых польскіх песень, малады чалавек «пайшоў з віцінай у Каралявец», а каханая неўзабаве на яго забылася. Згаданы віціны ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» і некаторых іншых яго творах, напрыклад, у вершы «Плытнікі»[13]:

Клунак за плячамі,
Згорбленыя спіны, -
Валіць чарадамі
Люд на сплаў, віціны.
Босыя іх ногі,
Твар іх загарэлы,
Вопратка убога,
Чуць прыкрыты целы.

Віціна — асноўная фігура гербаў Стоўбцаў і Друі.

Галерэя

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads