Вітаўт
вялікі князь літоўскі (1392—1430) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Вітаўт, у хрышчэнні Аляксандр (каля 1350 — 27 кастрычніка 1430[7]) — князь гарадзенскі (1370—1382), князь луцкі (1370—1382), вялікі князь літоўскі (1392—1430), абвешчаны кароль гусітаў[8]. Сын Кейстута, пляменнік Альгерда і стрыечны брат Ягайлы.
Адзін з найбольш вядомых уладароў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пры жыцці называны Вялікім[9].
Прыняў каталіцтва і імя Віганд у 1382 годзе, другі раз быў ахрышчаны па праваслаўным абрадзе ў 1384 годзе пад імем Аляксандр і трэці раз у 1386 паводле каталіцкага абраду таксама пад імем Аляксандр[10].
Remove ads
Імя
Вітаўт — імя з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[11].
Першая аснова Vy- знаходзіцца ў аблаўтных дачыненнях з асновамі Vai-, Vei-, Vie-, Vi-[12], якія, у сваю чаргу, звязаныя з літ. vyti «гнаць, даганяць» і далей індаеўрапейскім *ṷei- «рушыць, імкнуцца; гнаць», ад якога і блр. вайна, ваяваць[13].
Другая аснова Taut- звязаная з літ. tauta[14], лат. tauta «народ», пруск. tauto «краіна», усё да індаеўрапейскага *teuta «народ; краіна»[15].
У імені Вітаўт, такім чынам, спалучыліся іменныя асновы, што пазначаюць паняцці «вайны» і «народу» (народу ў пляменным сэнсе), важнасць якіх сягае яшчэ раннелітоўскай эпохі[16]. Значэнне імя Вітаўт можна перадаць як «той, хто ваюе за народ».
Remove ads
Біяграфія
Раннія гады
Пэўная дата нараджэння Вітаўта не вядома, яе прыклада вызначаюць каля 1350 года. Храніст Конрад Бітшын у апісанні бітвы пад Рудавай 1370 года згадаў, што яе ўдзельніку Вітаўту было дваццаць гадоў. Паводле Кромера, у 1430 годзе Вітаўту было восемдзесят[17]. Бацька Вітаўта Кейстут і яго дзядзька Альгерд уладарылі сумесна і не змагаліся за ўладу паміж сабой. Альгерд быў вялікім князем і займаўся ўсходнімі і паўднёвымі справамі, Кейстут зацята змагаўся барацьбу з Тэўтонскімі Ордэнам на паўночным захадзе[18]. Маці Вітаўта — Бірута, другая жонка Кейстута, пра яе вядома вельмі мала.

Упершыню Вітаўт згаданы ў канцы 1360-х гадоў. У 1368 і 1372 гадах удзельнічаў у паходах Альгерда на Маскву. У 1374 годзе атрымаў Гарадзенскае княства, у 1376 годзе як князь гарадзенскі ўдзельнічаў у паходзе на Польшчу. З 1377 года здзейсняў самастойныя паходы ў землі Тэўтонскага ордэна[17].
Пасля смерці Альгерда ў 1377 годзе, Кейстут прызнаў вялікім князем літоўскім яго старэйшага з другога шлюбу сына Ягайлу і працягваў звычайнае для сябе змаганне з крыжакамі[20].
Аднак, відаць, Ягайла баяўся ўплывовага дзядзьку, таксама ёсць думка, што супраць Кейстута яго настройвала маці Ульяна Аляксандраўна і зяць Вайдыла[21][22].
У лютым 1380 годзе Ягайла без згоды Кейстута заключыў пяцімесячнае перамір’е з Лівонскім ордэнам для сваіх зямель у Літве, а таксама дла Полацка, толькі што адабранага брата і канкурэнта Андрэя Альгердавіча[20].
31 мая 1380 года вялікі князь Ягайла заключы з вялікім магістрам Вінрыхам фон Кніпродэ тайны Давыдзішкаўскі дагавор, падставіўшы такім чынам пад удар крыжакоў землі Кейстута, на якія дзеянне дагавора не распаўсюджвалася[23].
Барацьба за ўладу

У лютым 1381 года крыжакі ўварваліся ў землі Кейстута і рушылі да Трокаў. Быў разбураны Новы Гарадок і ўзята ў палон каля 3 000 чалавек[24]. Комтур Астэродэ Гюнтэр Гоенштейн паведаміў Кейстуту пра заключэнне Давыдзішкаўскага дагавора[24], пасля гэтага Кейстут вырашыў пачаць вайну з Ягайлам. У канцы 1381 годзе Кейстут павёў войскі на Прусію, але дарогай рэзка павярнуў да Вільні[21]. Незадаволены ўчынкам бацькі Вітаўт ад’ехаў ад яго ў Драгічын і потым Гродна. Кейстут лёгка ўзяў Вільню, паланіў самога Ягайлу, быў знойдзены сакрэтны дагавор з Ордэнам, якім даказаў Вітаўту планы Ягайлы[22].
Падчас перамоў з Ягайлам у Вільні (1382), Вітаўта разам з Кейстутам схапілі і змясцілі ў Крэўскі замак. У замку Кейстута задушылі, аднак Вітаўт дапамогай жонкі Ганны Святаслаўны здолеў уцячы.
Падчас барацьбы са стрыечным братам Вітаўт вымушаны быў двойчы бегчы ва ўладанні Тэўтонскага ордэна (1382—1384, 1389—1392) і перадаць ордэну Жамойць. Праз Берасце і Мазовію прыбыў у Прусію, дзе 21 кастрычніка 1383 года прыняў каталіцтва з імем Віганд. Па вяртанні на радзіму ў 1384 года перайшоў у праваслаўе з імем Аляксандр, аднак пазней вярнуўся ў каталіцтва, захаваўшы другое імя.
У 1384 годзе атрымаў ад Ягайлы частку спадчыны па бацьку.
Пасля уніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у 1385 годзе Вітаўт узначаліў групоўку вялікалітоўскіх феадалаў, якія былі супраць уніі з Польшчай[7]. Вітаўт дамагаўся ад польскага караля Ягайлы прызнання за сабой Вялікага Княства Літоўскага. З дапамогай лівонскага ланду Ордэна ў вайну 1389—1392 гадоў спрабаваў скінуць намесніка Ягайлы на літоўскім стальцы — свайго стрыечнага брата Скіргайлу і пачаць уладарыць незалежна ад польскага караля.
У выніку ў 1392 годзе паміж Вітаўтам і Ягайлам заключана кампраміснае Востраўскае пагадненне, была прызнана фактычная вярхоўная ўлада Вітаўта ў ВКЛ, але Ягайла дэ-юрэ захоўваў тытул вярхоўнага князя літоўскага[7]. Вітаўт вярнуў свае вотчынныя землі — Троцкага княства, раней адданыя Ягайлам Скіргайле. Вітаўт фармальна станавіўся намеснікам Ягайлы ў ВКЛ, а фактычна — уладаром.
Вітаўт праводзіў палітыку цэнтралізацыі і ўмацавання велікакняжацкай улады. Вёў актыўную знешнюю палітыку. Падчас Вітаўта ВКЛ працягвала падтрымліваць Цвярское і Разанскае вялікія княствы супраць Масквы[7]. У 1395 годзе далучыў да дзяржавы Смаленскае княства.
Бітва на Ворскле


Пасля паражэння Тахтамыша ад войска Тамерлана ў 1395 годзе, спусташэння і аслаблення Залатой Арды вялікі князь Вітаўт даў прытулак Тахтамышу, а пасля сыходу Тамерлана на Блізкі Усход здзейсніў некалькі паходаў углыб ардынскай тэрыторыі. Вялікалітоўскія войскі спачатку перайшла Дон і нанеслі паражэнне татарскай ардзе паблізу Волгі, узяўлі тысячы палонных. У 1397 годзе Вітаўт здзейсніў паход ў Крым, дзе таксама перамог варожых Тахтамышу татар.
Вітаўт імкнуўся, каб Папа Рымскі абвясціў крыжовы паход, які дазволіў бы яму перамагчы Залатую Арду, узяць пад сваю ўладу падпарадкаваныя ёй рускія землі і атрымаць каралеўскую карону[25].
Вітаўт вёў трывалую барацьбу супраць татар, ачысціў ад іх тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам. У 1399 годзе ў бітве на Ворскле ўзначаленае Вітаўтам аб’яднанае войска, у якім, апроч уласных вялікалітоўскіх сіл, былі палякі, крыжакі і татары Тахтамыша, пацярпела цяжкае паражэнне ад войскаў хана Цімура Кутлуга і цемніка Эдыгея[7]. Войскі Вітаўта фарсіравала раку і атакавалі войскі Цімура Кутлуга, але войскі Эдыгея тым часам здзейснілі флангавыя абходы і прыціснулі войскі Вітаўта да ракі і нанеслі вельмі цяжкія страты. Сам Вітаўт быў паранены і ледзь не патануў. Планы Вітаўта па ананаванні ўсімі землямі колішняй Русі такім чынам сарваліся. Нягледзячы на гэта, кантроль ВКЛ над Паўночным Прычарнамор’ем захаваўся.
Паражэнне на Ворскле аслабіла пазіцыі Вітаўта. Яму давялося адмовіцца ад амбіцыйных планаў на ўсходзе. Смаленскае княства аднавіла самастойнасць . Па патрабаванні Польшчы ў 1401 годзе была заключана Віленска-Радамская унія[7], якой быў замацаваны прадугледжаны Крэўскім актам сюзерэнітэт Польшчы над Вялікім Княствам Літоўскім. Вітаўт і яго прыбліжаныя былі вымушаны прынесці пісьмовае абяцанне вернасці Польшчы. Вітаўт быў прызнаны вялікім князем літоўскім, але толькі пажыццёва, перададзеныя яму ўладанні пасля смерці павінны былі адысці да Ягайлы і Каралеўства Польскага.
У падзяку за выратаванне пад Ворсклай вялікі князь Вітаўт заклаў у Коўне касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вядомы цяпер як касцёл Вітаўта. Акрамя гэтага храма, князем заснаваныя касцёлы Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі і Святога Бенедыкта ў Старых Троках, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Новых Троках, іншыя храмы і манастыры. Царкоўная палітыка Вітаўта мусіла развеяць распаўсюджаныя ў Заходняй Еўропе ўяўленні пра літоўцаў як язычніках, і спыніць агрэсію Тэўтонскага ордэна.
Пасля стаяння на Угры ў 1408 годзе была часткова вызначына ўсходняя мяжа ВКЛ па рэках Угры і Ацэ.
Вялікая вайна і Грунвальдская бітва


Вітаўт і Ягайла былі арганізатарамі разгрому войскаў Тэўтонскага ордэна пад камандаваннем вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе. Роля Вітаўта, прызначанага Ягайлам галоўнакамандуючым[7], у гэтай бітве была значнай, нягледзячы на тое, што ход бітвы і ацэнка дзеянняў удзельнікаў застаюцца дыскусійнымі. Бітва пад Грунвальдам паклала канец гегемоніі Ордэна і змяніла геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага. Ордэн па Торунскім дагаворы саступаў у пажыццёвае ўладанне Вітаўту Жамойць, захопленую Ордэнам у 1398 года. За Жамойць Вялікае Княства Літоўскае яшчэ двойчы ўступала ва ўзброеныя канфлікты з Ордэнам (1414, 1422), пакуль немцы канчаткова не адмовіліся ад Жамойці ў Мельнскім мірным дагаворы (1422)[7].
Унутраная палітыка

Праводзіў палітыку цэнтралізацыі і ўмацавання велікакняжаскай улады. Паступова ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, аддаваў родным і стрыечным братам менш значныя ўдзелы. Да дзяржаўнага кіравання (удзел у соймах і радзе) прыцягваў ваеннаслужбовы стан — баяр-шляхту, за службу раздаваў ёй землі.
За Вітаўтам старабеларуская мова (тады часта «рускай») была афіцыйнай у дзяржаве; лаціна ўжывалася ў сувязях Заходняй Еўропай і ў каталіцкім касцёле[26].
У 1413 годзе падпісаў Гарадзельскую унію[7], якая дэ-юрэ давала каталікам перавагі ў заняцці дзяржаўных пасад, дэ-факта Вітаўт прызначаў на пасады гледзячы толькі на сваё ўласнае меркаванне. Заснаваў у ВКЛ праваслаўную мітраполію незалежную ад маскоўскай, першым мітрапалітам якой на Новагародскім саборы абраны Рыгор Цамблак. У часы Вітаўта ў 1420 годзе Віцебск, Полацк і Вільню наведаў Геранім Пражскі — паплечнік Яна Гуса. У 1422 годзе ў Чэхію прыбыў намеснік Вітаўта Жыгімонт Карыбутавіч з 5-тысячным войскам, такім чынам Вітаўт змагаўся за вяртанне Жамойці. Паводле Мельніцкага дагавора (1422) Ордэн перадаў Жамойць Вітаўту ў пажыццёвае валоданне.
У часы Вітаўта ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі.
Усходняя палітыка
У 1397 годзе Вітаўт разарыў Разанскае княства ў адсутнасць вялікага князя Алега Іванавіча, у чым яму не перашкаджаў зяць, маскоўскі князь Васіль, з якім яны сустрэліся ў Каломне.
У 1404 годзе Вітаўт зноў далучыў Смаленск з дапамогай польскіх войск[7], але незадаволены збліжэннем Вітаўта з Польшчай Свідрыгайла Альгердавіч ад’ехаў на маскоўскую службу і атрымаў ад Васіля Дзмітрыевіча некалькі гарадоў у кармленне (пасля паходу Едыгея на Маскву вярнуўся ў ВКЛ). Вітаўт умешваўся ў справы Наўгародскай і Пскоўскай рэспублік і тройчы (1406—1408) урываўся ў межы Маскоўскага княства.
Уладанні ВКЛ пры Вітаўце на ўсходзе дасягалі вярхоўяў Акі і Мажайска. Вітаўт адабраў у татараў Паўднёвае Падолле і пашырыў свае ўладанні на поўдні да Чорнага мора. За час яго ўладарства ў Прычарнамор’і пабудаваны крэпасці Дашаў (Ачакаў), Саколец (Вазнясенск), Балаклей (на Бугу), Каравул (Рашкаў), Хаджыбей (пазней Адэса).
Дачка Вітаўта Соф’я выйшла замуж за вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіч. У сваім завяшчанні Васіль (1423) аддаваў жонку і сыноў пад апеку Вітаўта[27], пасля чаго ў 1427 годзе Соф’я афіцыйна перадала Маскоўскае княства пад руку Вітаўта, які прыкладна ў гэты час заключыў дагаворы з князямі цвярскім (1427), разанскім (1430) і пронскімі (1430), паводле якіх яны станавіліся яго васаламі.
Самым крайнім усходнім уладаннем Вітаўта была Тульская зямля, якая ў 1430—1434 гады перадавалася яму па дамове з разанскім князем Іванам Фёдаравічам.
Рэлігійная палітыка
Падпісаўшы пад ціскам польскага кліру Віленска-Радамскую (1401) і Гарадзельскую (1413) уніі, Вітаўт фактычна даў каталікам перавагі ў дзяржаўным жыцці краіны, што стала адной з прычын працяглай рэлігійнай барацьбы ў дзяржаве і значна аслабляла яе.
У 1415 годзе Вітаўт уставіў у Вялікім Княстве Літоўскім аўтакефальную Літоўска-Кіеўскую мітраполію. Першым аўтакефальным мітрапалітам на Новагародскім саборы абралі Рыгора Цамблака.
У 1417 годзе Ягайла і Вітаўт звярталіся да айцоў Канстанцкага сабору з просьбай скасаваць практыку перахрышчвання «русінаў», то-бок праваслаўных, пры іх пераходзе ў каталіцтва[28].
Адносіны з Залатой Ардой
У 1422 годзе Вітаўт даў прытулак залатаардынскаму хану Мухамеду, разгромленаму Баракам. У 1424 годзе войскі вялікага князя разграмілі прэтэндэта на залатаардынскі сталец Худайдату, які здзяйсняў набег на Адоеўскае княства. У канцы 1424 года Вітаўт падтрымаў Мухамеда, які выступіўшы з ВКЛ, авалодаў спачатку Крымам, а ў 1426 годзе і Сараем[29].
З’езд у Луцку

Вітаўт двойчы адмаўляўся прыняць каралеўскі тытул, але ўрэшце згадзіўся на гэта.
З’езд, які адбыўся ў Луцку 9-29 студзеня 1429 годзе, пры ўдзеле караля Германіі (Рымскага караля) і будучага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонта, Вітаўта, Ягайлы, легата Папы Рымскага, князёў разанскіх, адоеўскіх, наўгародскіх, пскоўскіх, а таксама пасланнікаў вялікага князя маскоўскага і вялікага князя цвярскога, Тэўтонскага ордэна, Залатой Арды, малдаўскага гаспадара, дацкага караля, візантыйскага імператара, паказаў узросшую ролю Вялікага Княства Літоўскага. Падчас з’езду Жыгімонт паставіў пытанне пра каранацыю Вітаўта. Ягайла пагадзіўся з каранацыяй, але польская знаць прымусіла яго адклікаць згоду. Тым не менш, падрыхтоўка каранацыі ішла ў абход Польшчы.
Прызначаная на Расство Найсвяцейшай Дзевы Марыі (8 верасня 1430) цырымонія не адбылася, бо палякі не прапусцілі дэлегацыю ад Жыгімонта, якая везла зробленыя ў Нюрнбергу кароны Вітаўта і яго жонкі Ульяны. У кастрычніку ў Вільні Ягайла, відаць, прапаноўваў кампраміс, дапускаў каранацыю, з тым, каб пасля смерці Вітаўта карона караля літоўскага адыходзіла б да аднаго з сыноў Ягайлы. Апошнія лісты Вітаўта сведчаць, што ён згаджаўся на такое рашэнне. Аднак яго імкненне каранавацца каралём і забяспечыць суверэнітэт дзяржаве не ажыццявіліся: Вітаўт памёр 27 кастрычніка 1430 года ў Троках.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем быў абраны Свідрыгайла, які разарваў унію з Польшчай.
Remove ads
Вынікі ўладарства

У часы Вітаўта Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі.
Каб узмацніць свае пазіцыі Вітаўт двойчы, у 1429 і 1430 гадах, склікаў з’езды ўладароў Еўропы і хацеў каралеўскі тытул. Але польскія магнаты затрымалі імператарскіх паслоў, што везлі карону. Стары Вітаўт не дачакаўся здзяйснення гэтага свайго плану, памёр у Троках, пахаваны ў Віленскім кафедральным касцёле.
Падчас княжання Вітаўта самакіраванне паводле магдэбургскага права атрымалі Берасце (1390) і Горадня (няпоўнае ў 1391).
У 1413 годзе Віцебск, Полацк, Вільню і Горадню ў почце Вітаўта наведаў Геранім Пражскі (паплечнік Яна Гуса), які пераконваў Вітаўта прыязна ставіцца да гусітаў[30]. У 1422 годзе на запрашэнне руху гусітаў у Чэхію прыбыў намеснік Вітаўта, Жыгімонт Карыбутавіч з 5-тысячным войскам. У 1424 годзе Жыгімонт Карыбутавіча заняў Прагу і абвясціў сябе каралём, пэўны час імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу. Але з прычыны ўскладненай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім вярнуўся туды.
Пасля смерці Вітаўта вялікім князем абралі Свідрыгайлу, неўзабаве праз пераварот велікакняжаскі сталец заняў брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч.
У літаратуры і мастацтве
Паэт-лацініст Мікалай Гусоўскі ў паэме «Песня пра зубра» (1523) паказвае Вітаўта легендарным князем «залатога века», узорам уладара[31].
На заказ літоўскіх уладаў Мсціслаў Дабужынскі напісаў партрэт Вітаўта[32].
Князю Вітаўту пасвечана п’еса Аляксея Дударава «Князь Вітаўт».
У 2013 годзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера балета «Вітаўт» кампазітара Вячаслава Кузняцова[33].
Remove ads
Памяць
У гонар вялікага князя Вітаўта названы мноства аб’ектаў у Літве, Беларусі і Польшчы. Вітаўтас — папулярнае імя ў Літве (літ.: Vytautas), меней папулярна яго ў Беларусі (Вітаўт) і Польшчы (польск.: Witold). Імя Вітаўта Вялікага нададзена ўніверсітэту у Коўна.
Помнікі вялікаму князю стаяць у Каўнасе, Кярнаве, Вільнюсе, Сянеі-Тракаі, Бірштанасе, Бятыгале, Пярлаі, Вялюане і многіх іншых гарадах Літвы, а таксама ў Гродне. Скульптурная фігура Вітаўта ёсць часткай манумента «Тысячагоддзе Расіі»[34] і помніка «Грунвальд» у Кракаве[35].
25 ліпеня 2009 года ў Брэсце адкрылася скульптурная кампазіцыя, прысвечаная 990-гадовай гісторыі горада. Сярод шасці бронзавых фігур у кампазіцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячаў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[36].
Помнік «Тысячагоддзе Расіі» у Вялікім Ноўгарадзе, 1862 Помнік у Вялюане, 1930 Помнік «Грунвальд» у Кракаве
(1910, адноўлены ў 1976)Драўляны помнік у Гродне
Апошні па часе помнік усталяваны 23 верасня 2010 года ў Пелясе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Аўтар — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас. Скульптура вышынёй больш за 6 метраў выраблена з дуба асаблівага віду.
Імем «Вітаўт» называны тралейбус АКСМ-420 вытворчасці Белкамунмаш (2007).
У беларускай тапаніміцы
Памяць пра Вітаўта стала замацавалася ў беларускай тапаніміі XVI—XVII стагоддзяў. Даследчыкі адзначаюць, што ў дакументах гэтага перыяду фігуруе дастаткова шмат назваў геаграфічных і іншых аб’ектаў, знітаваных з імем Вітаўта. Вось толькі некаторыя з іх:
- Вітаўтавы дарогі і Вітаўтавы (Вітавы) шляхі ў розных частках Беларусі
- Вітаўтаў брод (Бабруйскі раён)
- Вітаўтаў дуб (Бешанковіцкі раён)
- Вітаўтаў мост (на рацэ Цна пад Мінскам)
- Вітаўтавы талеркі і Вітаўтавы відэльцы — камяні з шасцю адшліфаванымі паглыбленнямі і выявамі відэльцаў каля Ушачаў.на
- Поле Вітаўка (Бярэзінскі раён)
- Вітаўтава студня (Барысаўскі раён)
- Вітаў лог (Барысаўскі раён)
- Вітаў калодзеж (Гомельскі раён)
- Вітава возера (Ушацкі раён)
У фальклоры
У канцы XIX стагоддзя на Смаленшчыне запісана паданне, згодна з якім Вітаўт меў беларускае сялянскае паходжанне, а перад смерцю наказаў разбудзіць яго, калі на дзяржаву нападуць ворагі. Пасля смерці Вітаўта людзі вырашылі праверыць абяцанне і разбудзілі яго проста так, за што ён пракляў іх і асудзіў на вечныя бунты.[37]
Remove ads
Галерэя
- Іканаграфія вялікага князя Вітаўта
- З Троцкага касцёла Найсв. Дзевы Марыі. Невядомы мастак, кан. XVII ст.
Гл. таксама
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
