Пеляса

вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці From Wikipedia, the free encyclopedia

Пелясаmap
Remove ads

Пеляса́[2] (трансліт.: Pieliasa, руск.: Пелеса, літ.: Pelesa) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Больцішскага сельсавета. Вёска знаходзіцца за 43 км на паўднёвы захад ад Воранава, аддалена ад Больцішкаў на 4,8 км. 167 жыхароў (2014).

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...
Remove ads

Назва

Назва паселішча перанятая з назвы ракі Пеляса (літ. Pelesа́), даплыву ракі Котры.

У аснове гэтага гідроніма корань Pel- (яго варыяцыя Pal- у назве дзвінскай ракі Палата), ён звязаны з літоўскім pelkė, pala «балота», palios «вялікае балота на месцы зарослага возера», paļi «паводка, затапленне вадой прылеглай да ракі мясцовасці», palas «забалочаны бераг возера»[3]. Корань Pel- пашыраны балцкім гідранімічным пашыральнікам -es-, які аднаўляецца ў назвах рэк Лучоса, Ачоса, Воўчас (< Laukesa, Akesa, Vilkesa). Назву рэчкі Пеляса можна ўмоўна перакласці як «Балачанка».

У Пелясе дагэтуль фіксуецца аўтахтонны астравок літоўскамоўнага насельніцтва.

Remove ads

Гісторыя

Вядома з 15 ст. Да 1492 г. зямля ў Васілішкаўскім павеце ВКЛ, на р. Пеляса, дзяржаўная ўласнасць. З 1492 г. ўласнасць Юндзіла Рачкавіча, які пабудаваў тут «дварэц». У 16 ст. належала Юндзіловічам, Нарбутовічам, Міхневічам і інш. У 1529 г. каралеўскі чашнік М. Андрашовіч пабудаваў мост і гаць на р. Пеляса і браў мыта за праезд. У 1536 г. маёнтак гаспадарскага баярына Ю. Даўгірдавіча. У 1553 г. згадваецца касцёл. У 1559 г. цэнтр каталіцкай парафіі, касцёл меў 2 дымы сялян. У 1567 г. маёнтак М. Юндзіла, які ставіў у войска каня, частка ў зямянкі Нялюбы (6 коней). У 1585 г. ўладанне Грынявіцкага, у 1599 г. Нялюбовіча, каралеўскага маршалка Курча. У 1602 г. ён запісаў маёнтак жонцы С. Сапяжанцы. У 1690 г. маёнтак у Забалацкай парафіі, шляхецкая ўласнасць. У 1787 г. сяло, цэнтр войтаўства Барцянскага староства Лідскага павета ВКЛ.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Віленскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Віленскай губернях. У сярэдзіне 19 ст. вёска ў Радунскай вол. Лідскага павета Віленскай губ., дзяржаўная ўласнасць, 91 рэвізскіх душ. Паводле перапісу ў 1897 г. 61 двор, 339 жыхароў. у 1908 г. 38 двароў 359 жыхароў, 499,68 дзес. зямлі, 58 коней.

З 1921 г. ў складзе Польшчы, 63 двары, 317 жыхароў; у Радунскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяв. З 1931 г. літоўская школа, з 1932 г. польская.

З лістапада 1939 г. ў БССР. З 15.1.1940 г. ў Радунскім р-не Баранавіцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Слабодкаўскім с/с, у 1940 г. 307 жыхароў. З канца чэрвеня 1941 г. да сярэдзіны ліпеня 1944 г. акупіравана нацыстамі, 26.6.1941 г. акупанты расстралялі 5 жыхароў, 10 былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. З 20.9.1944 г. ў Гродзенскай вобл. У 1944—46 гг. літоўская пачатковая школа, потым руская няпоўная сярэдняя школа. З 25.12.1962 г. ў Воранаўскім р-не, у 1960 г. 388 жыхароў, у 1970 г. 331 жыхар. З 11.2.1972 г. ў Старасмільгінскім, з 24.4.1978 г. ў Больцішскім с/с[4], у калгасе «Праўда».

Парафія створана ў 1925 годзе, касцёл Святога Лінуса пабудаваны і асвечаны ў 1935 годзе, зачынены ў 1962 годзе, вернуты, адбудаваны і асвечаны ў 1989 годзе[5]. У 1944 годзе ў вёсцы пераважала літоўскае насельніцтва[6]. У 1994 годзе была зарэгістравана мясцовая суполка літоўцаў[7].

Remove ads

Насельніцтва

  • 2004 г. — 86 гаспадарак, 228 жыхароў.
  • 2014 г. — 70 гаспадарак, 167 жыхароў.

Гаспадарка, адукацыя, культура

Сярэдняя школа, сельскі клуб, магазін, ферма. У 2014 г. ў складзе СВК «Больцішкі».

У 1992 г. адкрыта недзяржаўная базавая, з 1999 г. сярэдняя школа з выкладаннем на літоўскай мове (у 2003/2004 вучэбным годзе 95 вучняў 29 настаўнікаў). Пры школе з 1993 года дзейнічала грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімтыне», з 1996 года гісторыка-этнаграфічны музей, літоўскі культурна-асветны цэнтр. «Гімтыне» — першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб’яднанне літоўцаў[8]. У перакладзе з літоўскага «gimtinė» — «радзіма».

У 2022 г. літоўская школа была закрыта ўладамі Беларусі. Афіцыйнай падставай для гэтага стала тое, што, паводле змен у Кодэкс аб адукацыі Беларусі, з 1 верасня 2022 года ў Беларусі мовы школьнага навучання толькі руская і беларуская. 12 жніўня 2022 года Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла пасольству Беларусі ў Літве афіцыйную ноту з нагоды закрыцця літоўскіх школ у Беларусі[9].

28 красавіка 2023 года Гродзенскі абласны суд вынес рашэнне пра ліквідацыю[8] грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімтыне». Заяўнікам выступіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Да таго, 27 красавіка, у МЗС Літвы выклікалі прадстаўніка Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве, яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі ліквідацыяй грамадскага аб’яднання.

Remove ads

Славутасці

Thumb
Касцёл Святога Лінуса

Касцёл Святога Лінуса (пабудаваны ў 1910-я гг.) — помнік архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі.

23 верасня 2010 года ў вёсцы адкрыты помнік вялікаму князю літоўскаму Вітаўту (аўтар — Альгімантас Сакалаўскас), які праязджаў праз Пелясу па дарозе з Вільні ў Гродна[10]. Усталяваны на ініцыятыву і пры падтрымцы літоўскага боку. Адкрыццё помніка было прымеркавана да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Вітаўт паказаны ў вобразе сярэднявечнага рыцара з каронай, скіпетрам як сімвалам улады ў левай руцэ і мячом, на які ён абапіраецца, у правай. Скульптура выканана ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай народнай разьбы па дрэве. Вышыня каля 6 метраў[11].

Remove ads

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. www.belpost.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2013. Праверана 11 кастрычніка 2012.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. Juratė Sofija Laučiūtė. Polesė — «Pamiškė», «Palenkė» ar «Didelių pelkių kraštas»? // Baltistica XLI (3) 2006. С. 451—459.
  4. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 24 красавіка 1978 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 16 (1570).
  5. J. Drużyńska, S. M. Jankowski, Wyklęte życiorysy, Dom Wydawniczy REBIS, Poznań 2009, ISBN 978-83-7510-373-1, s. 199. (польск.)
  6. Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. — С. 384. ISBN 9986-892-34-1.
  7. К, А.. У Гродне ліквідуюць аб'яднанне літоўцаў "Гімціне" . Hrodna.life (19 красавіка 2023). Праверана 13 студзеня 2024.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads