Плоскае (Хойніцкі раён)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Пло́скае[1] (трансліт.: Ploskaje, руск.: Плоское) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...
Remove ads

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Селішча Плоскае, прыналежнае да Астраглядаўскага маёнтку кіеўскага падкаморага пана Шчаснага Харлінскага, ці не ўпершыню згадана ў датаваным 13 днём сакавіка 1581 года дакуменце, у якім паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[2]. Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на той жа 1581 год, з аднага дыму жыхара Плоскага асаднага селяніна выбіралася 15 грошаў падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Плоскае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі; пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

12 днём чэрвеня 1591 года пазначаны дэкрэт Кіеўскага суда ў справе падкаморага Ш. Харлінскага з князямі Аляксандрам, старостам чаркаскім і канеўскім, Міхаілам і Юрыем Вішнявецкімі аб забранні грунтоў у Астраглядавічах, Плоскім, Варатцы, Багушах і далучэнні іх да замку і места Брагіня. Таксама выстаўлена сума нанесенай шкоды ў 40 000 коп грошаў. 12 ліпеня 1599 года пан Ш. Харлінскі падаў пратэст супраць кіеўскага кашталяна князя Міхаіла Вішнявецкага з прычыны гвалтоўнага наезду колькіх сотняў яго ўзброеных падданых з розных сёл брагінскіх на дзедзічныя ўладанні астраглядаўскія Плоскае і Багушы, за збіццё і скалечанне людзей, за рабаўніцтвы[5].

20 чэрвеня 1600 года пан Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводстве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Плоскае і яшчэ дзевяццю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[6]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Плоскае, Паселічы, Малішаў[A][7]

8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[B] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Плоскім) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасня 1631 — 26 студзеня 1632 года пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтка Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[C] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку таксама названа Плоскае[8].

У тарыфе 1754 года паведамляецца, што з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) вёскі Плоскае, прыналежнай да Хойніцкіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 4 злотыя і 24 грошы[9].

Згодна з рэестрам 1768 года ключа Астраглядавіцкага, збожжа было раздадзена 5 гаспадарам з хутара Плоскае Марку Сідарэнку, Саву Саўчанку, Максіму Ваўчанку, Івану Ваўчанку і Майсею Сідарэнку[10].

Расійская імперыя

Thumb
Плоскае на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Плоскае — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года 15 двароў вёскі Плоскае з 71 душой мужчынскага і 61 жаночага полу сялян трымаў у трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар шамбялян Ян Ястржэмбскі[12].

Згодна з інвентаром 1844 года, Плоскае належала да Астраглядавіцкага фальварка маёнтку Хойнікі Уладзіслава Прозара[13].

На 1850 год, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у паселішчы налічвалася 12 двароў, 77 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 78 жыхароў вёскі Плоскае з’яўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Свята-Троіцкай царквы[14].

У парэформенны перыяд Плоскае — у складзе Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Плоскае заставалася ў прыходзе Троіцкай царквы[15]. Згодна з перапісам 1897 года, 23 двары, 133 жыхары, працаваў вятрак. На 1909 год у Плоскім налічвалася 90 двароў, 689 жыхароў[16].

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Плоскае ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[17].

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Плоскае — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Рудакоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 года вёска ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Плоскім было 69 двароў, 271 жыхар. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 2 жыхароў[18]. 33 вяскоўцы загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 года Плоскае — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 263 жыхары.

Паселішча ліквідавана 21 верасня 2010 года[19].

Remove ads

Заўвагі

  1. Яшчэ названыя 16 паселішчаў, акрамя "inszych wsiów i przysiołków".
  2. 2 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродскім судзе.
  3. За недарослага яшчэ Самуэля (напэўна, прэтэндаваў на меншую, як Шчасны, частку дзядзькавай фартуны) дакумент аформіў яго апякун пан Фёдар Праскура, пісар земскі кіеўскі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads