Аколіца (Мінскі раён)
вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ако́ліца[1] (трансліт.: Akolica, руск.: Околица, раней Халяўшчына, Аколіца Халяўшчына) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Усяжа. Уваходзіць у склад Астрашыцкагарадоцкага сельсавета.
Размешчана на перакрыжаванні шашы P80 і H9059.
Remove ads
Назва
Назва Аколіца Халяўшчына паходзіць ад прозвішча ўладальнікаў вёскі Халеваў[2]. У другой палове XX стагоддзя назву скарацілі да вёскі Аколіца. З 1873 года да другой паловы XX стагоддзя мясцовасць вакол храма звалася Крыжагорск, пазней уключана ў склад Аколіцы.
Гісторыя
Ранняя гісторыя
У другой палове XVI стагоддзя гэта мясцовасць належала новагародскаму ваяводу Казіміру Валадковічу. 27 жніўня 1666 года шляхціц Гаўрыіл Халева купіў у яго засценак Крыжагорск з 10 валокамі зямлі. У межах купленых зямель быў драўляны храм, пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя[3].
Халяўшчына вядома прынамсі з другой паловы XVIII стагоддзя як двор[4], уваходзіла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1770-я гады на гары быў збудаваны новы драўляны ўніяцкі храм, замест ранейшага згарэлага.
Пад уладай Расійскай імперыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе вёска, шляхецкая уласнасць[5]. У пачатку 1806 года паводле ініцыятывы мінскага біскупа Якуба Дадэркі быў пабудаваны новы драўляны храм з назвай Халяўшчынскі касцёл, прыпісаны да Мінскага кафедральнага касцёла. У 1858—1862 гадах на месцы драўлянага касцёла быў збудаваны новы каменны, кіравала камітэтам нагляду за будаўніцтвам Марыя Тышкевіч з Радзівілаў.
Пасля 1861 года ў Астрашыцка-Гарадзецкай воласці Мінскага павета, былі аднайменныя ваколіца, фальварак і ўрочышча.
За ўдзел у паўстанні 1863 года быў пакараны смерцю ля Бараўлянаў шляхціц Тэлясфор Халева, сын Антонія, яго частку ад спадчыннага надзелу ў 21 дзесяціну зямлі ва ўрочышчы Халяўшчына канфіскавалі расійскія ўлады[6]. Таксама за ўдзел у паўстанні на ссылку ў Табольскую губерню быў асуджаны яго брат Тамаш Халева, яго частка ад надзелу ў 21 дзесяціну зямлі таксама канфіскавана[6]. У межах рэпрэсій пасля паўстання ў 1866 годзе касцёл быў адабраны расійскімі ўладамі і перададзены праваслаўнай царкве.
У 1873 годзе Халяўшчынская царква была перайменавана ў Крыжагорскую, каб не асацыявацца з каталіцкім шляхецкім родам Халеваў[7]. Адначасова з гэтым мясцовасці вакол царквы нададзена назва Крыжагорск (руск.: Крестогорск)[7]. Дагэтуль пэўны час мясцовасць на картах абазначаецца як засценак Горнаўка[8]. У 1884 годзе ў Крыжагорску адкрылася царкоўна-прыходская школа[9]. На 1917 год у сяле Крыжагорск было 2 двары, 18 жыхароў (усе беларусы)[10]. Крыжагорск уключаны ў склад Аколіцы ў другой палове XX стагоддзя.
У 1888 годзе землеўладальнікамі ў Халяўшчыне былі: мяшчанка каталічка Паўліна Міхайлаўна Багуміла (40 дзесяцін у фальварку), дваранка каталічка Юстына Францаўна Гадачэўская (52 дзесяціны ў фальварку), дваранін каталік Юзаф (Іосіф) Мяйштовіч (86 дзесяцін у маёнтку), праваслаўны мешчанін Іван Антонавіч Машынскі (20 дзесяцін у фальварку), дваранка каталічка Аляксандра Аляксандраўна Пржыгодзкая (Прыгодская) (19 дзесяцін у вёсцы), мешчанін каталік Ігнацы Аляксандравіч Халева (16 дзесяцін), мешчанін каталік Антон Антонавіч Халева (7 дзесяцін), каталік Антон Марцінавіч Халева (40 дзесяцін), мешчанін каталік Адам Юзафавіч (Іосіфавіч) Халева (9 дзесяцін), дваранка каталічка Тэрэза Шыманская (10 дзесяцін), Іван Іванавіч (Ян Янавіч) Шыманскі (20 дзесяцін)[11].
Найноўшы час
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Астрашыцка-Гарадзецкай воласці атрымлівалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[12]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1930-я гады праведзена прымусовая[13] калектывізацыя, у часе якой рэпрэсавана прынамсі адна сям’я[14][заўв 1], створаны калгас «Новы шлях»[13]. У часе палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў рэпрэсаваны яшчэ прынамсі 4 ураджэнцы Халяўшчыны[16][17][18][19].
Крыжагорская царква дзейнічала ў 1920-я гады, настаяцель царквы Дзімітрый Паўскі першы раз арыштаваны ў 1931 годзе, за часам прымусовай калектывізацыі, пасля лагера служыў у Цвяры, другі раз арыштаваны ў 1937 годзе і расстраляны.
У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
Remove ads
Насельніцтва
- 1800 год — 13 двароў, 95 жыхароў[5]
- 1897 год — ваколіца, 11 двароў, 59 жыхароў; фальварак, 1 двор, 8 жыхароў; урочышча, 5 двароў, 23 жыхары[5]
- 1908 год — ваколіца, 10 двароў, 82 жыхары; фальварак, 1 двор, 12 жыхароў; урочышча, 4 двары, 37 жыхароў[20]
- 1917 год — ваколіца, 76 жыхароў; фальварак (звесткі на 1921 год), 1 двор, 9 жыхароў; урочышча, 2 двары, 8 жыхароў; усе жыхары беларусы[21]
- 1997 год — 193 двары, 1832 жыхары[5]
- 2009 год — 1940 жыхароў
- 2019 год — 1229 жыхароў[22]
Славутасці

- Былы касцёл Святога Мацвея Апостала (1858—1862). Памылкова прыпісваецца да вёскі Раўбічы. Канфіскаваны пасля паўстання 1863 года і прыстасаваны пад праваслаўную Успенскую царкву. Цяпер у будынку касцёла дзейнічае Музей беларускага народнага мастацтва. —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000373
- Храм у гонар абраза Маці Божай Млекакарміцелькі (2017—2022; архітэктары А. А. Анісімаў, А. С. Ціханоўская)[23].

- Помнік воінам-аднавяскоўцам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Перанесены на новае месца ў час пашырэння МКАД-2.
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads