Чэслаў Урбанавіч Крупскі
польскі палітык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Чэслаў Урбанавіч Крупскі (руск.: Чеслав Урбанович Крупский, польск.: Czesław Krupski; 31 снежня 1889, Засулле, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1939/1940, (?) Мінск, Мінская вобласць, БССР, СССР) — беларускі і польскі дзяржаўны дзеяч, юрыст і маянтковец. Рэдактар (1917—1918) мінскай газеты «Dziennik Miński», член (1917—1918) Польскай рады Мінскай зямлі, член (1918) Рады БНР, член Камітэта абароны Крэсаў (1918), выконваў абавязкі навагрудскага ваяводы (1921) Польшчы, польскі соймавы пасол V кадэнцыі (1938—1939), член палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў».
Remove ads
Біяграфія
Паходжанне і сям’я
Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак». Нарадзіўся 31 снежня 1889 г. у фамільным маёнтку Засулле (Мінскі павет Мінскай губерні Расійскай імперыі) у сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і яго жонкі Гелены Свіды (?—1901).
Ажаніўся дзесьці ў 1910-ых гг. з Аляксандрай Браніславаўнай-Юзафатаўнай Шалевіч (1892—1978) — дачкой Браніслава-Юзафата Шалевіча (каля 1840—1893) і Аляксандры Быкоўскай-Лопат (каля 1860—1940), — з якой меў аднаго сына — Януша Чэславіча Крупскага (каля 1920—1940).
Палітычная дзейнасць
У 1904—1905 гг. удзельнічаў у тайных арганізацыях школьнай моладзі[1]. Быў старшынёй Таварыства сяброўскай дапамогі і Таварыства самаадукацыі польскай моладзі і кіраўніком Арганізацыі мінскай моладзі ў Санкт-Пецярбургу[1].
У 1917—1918 гг. быў членам і сакратаром Польскай рады Мінскай зямлі і членам Польскай рады Беларускіх зямель. Паплечнік Эдварда Вайніловіча[2]. З 1 ліпеня 1917 г. па 1918 г. уключна быў рэдактарам мінскай польскамоўнай газеты «Dziennik Miński» (1917—1918)[3].
Разумеючы часовасць поспехаў польскага генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага ў 1918 г. над бальшавікамі ў Беларусі, лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і «польскіх рад» пачалі шукаць збліжэння з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве (у склад якой уваходзіў і даўні сябар графа Ежы Чапскага ксёндз Зыгмунт Хелміцкі) і немцамі, кіруючыся прынцыпам «толькі, каб не Расія»[4]. 7 лютага 1918 г. дэлегацыя прадстаўнікоў Польскай рады Мінскай зямлі перасекла фронт і сустрэлася ў Брэсце з нямецкім генералам Максам Гофманам (1869—1927), дзе прапанавала немцам займаць тэрыторыі да Дняпра, абяцаючы дапамогу ў гэтым праз стварэнне ўласных вайсковых адзінак. Галоўным жаданнем было, паводле слоў удзельніка дэлегацыі Ежы Асмалоўскага (1872—1952), каб Беларусь «была б толькі адарвана ад Расіі, была б толькі пад уплывамі Захада»[5]. Пасля Брэста дэлегацыя Польскай рады Мінскай зямлі накіравалася ў Варшаву да польскай Рэгенцкай Рады і паведаміла аб жаданні выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы»[5]. Адначасова лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі імкнуліся паўплываць на генерала Доўбар-Мусніцкага, каб не перашкаджаў руху нямецкіх войск да Дняпра. З гэтай місіяй у другой дэкадзе лютага 1918 г. у Бабруйск, галоўную стаўку I Польскага корпуса, паехала дэлегацыя ад Польскай рады Мінскай зямлі (Геранім Кеневіч (1867—1925), Караль Незабытоўскі (1865—1952), Чэслаў Урбанавіч Крупскі), Польскай рады Віленскай зямлі (Вітальд Копец), Польскай рады Магілёўскай зямлі (Канстанцін Гардзялкоўскі) і інш., да якой хутка далучыліся Ежы Асмалоўскі і Козел-Паклеўскі, якія неўзабаве вярнуліся з місіі ў Варшаву да Рэгенцкай Рады[5]. Дэлегацыя паставіла за мэту пераканаць Доўбар-Мусніцкага ў непазбежнасці ліквідацыі Начпола (Naczelny Polski Komitet Wojskowy, Naczpol) і схіліць генерала да супрацоўніцтва з немцамі. Кіраўніцтва Польскай рады Мінскай зямлі пайшло яшчэ далей і паслала з Мінска ў Бабруйск да сваёй дэлегацыі тэлеграму, дзе гаварылася, што, калі Доўбар-Мусніцкі не згодзіцца з прапановамі дэлегацыі «польскіх рад», то трэба прызначыць на месца начальніка I Польскага корпуса іншага афіцэра. Тэлеграма была перахоплена, дастаўлена генералу Доўбар-Мусніцкаму і выклікала заканамернае абурэнне, але ў канечным выніку Доўбар-Мусніцкі згадзіўся выканаць прапановы дэлегацыі не перашкаджаць немцам[5].
21 лютага 1918 г. I Польскі корпус заняў Мінск, у які пасля без бою ўвайшлі немцы. У прывітальнай прамове на Віленскім вакзале мінскія маянткоўцы (Ігнат Ігнатавіч Віткевіч, Эдмунд Леанардавіч Івашкевіч, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, З. Нагорскі і іншыя члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Польскай рады Мінскай зямлі), сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, выказалі ўдзячнасць нямецкаму генералу Максу Гофману (1869—1927) «за вяртанне грамадскага парадку, дапамогу ў аддзяленні ад бальшавіі[6] і супольнае жыццё з народамі Захада з апорай на нямецкую дзяржаву»[7][8].
У канцы кастрычніка 1918 г. увайшоў у якасці члена ў Раду БНР — быў дэлегаваны ад Польскай рады Мінскай зямлі[9].
У лістападзе 1918 г. ад Польскай рады Беларускіх зямель быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сойма Польшчы і выступаў (як і ўсе дэлегаты ад Польскай рады Беларускіх зямель) за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай[10]. Аднак мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель не былі прызнаны польскім соймам.
У 1918—1919 гг. у незалежнай Польшчы быў членам выканаўчага аддзела Камітэту абароны Крэсаў — быў дэлегаваны ў Камітэт ад Мінскай губерні.

У кастрычніку 1919 г. прызначаны на пасаду начальніка аддзела палітыкі і прэсы Мінскага акруговага інспектарата Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель[11]. З 1919 г. з’яўляўся начальнікам аддзелу нацыянальных спраў у Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель[1].
25 мая 1919 г. у Варшаве на звыклым штотыднёвым пасяджэнні «Саюза палякаў беларускіх ускраін» пад кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча слухалі справаздачу Прыгадоўскага аб становішчу на Навагрудчыне, а Чэслава Крупскага — на Міншчыне[12].
З 31 мая 1919 г. па верасень 1920 г. быў членам Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі[13].
15 чэрвеня 1919 г. у Варшаве на звыклым штотыднёвым пасяджэнні «Саюза палякаў беларускіх ускраін» пад кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча Чэслаў Крупскі даваў справаздачу аб Беларускім з’ездзе ў Вільні: на беларускім з’ездзе выказавалася вялікая цяга сабраных дэлегатаў да Польшчы, але з моцнай сацыяльна-рэвалюцыйнай арыентацыяй[14].
У лістападзе 1920 г. падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Андрэй Паўлавіч Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка, Сяргей Іосіфавіч Баран[15]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[13].

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) Чэслаў Крупскі стаў грамадзянінам Польшчы. З чэрвеня па 17 кастрычніка 1921 г. выконваў абавязкі на новастворанай пасадзе — навагрудскага ваяводы Польшчы. Быў дзеячом мясцовага самакіравання — членам Стаўбцоўскай павятовай рады, Стаўбцоўскага павятовага аддзела і членам Віленскай ваяводскай рады[1]. Далучыўся да палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў».
Увайшоў разам з Канстанцінам Рдултоўскім (старшынёй), Конрадам Мацкевічам, Станіславам Ваньковічам, Томашам Шалевічам, Казімірам Міхальскім, Рудольфам Халавецкім, Зыгмунтам Даманскім і Янушам Труговічам у склад створанага ў пачатку вясны 1928 г. віленскімі кансерватарамі землеўласніцкага выбарчага камітэта Навагрудскай акругі, каб рыхтавацца да блізкіх парламенцкіх выбараў у Польшчы[16]. 17 лютага 1929 г. у Вільні быў выбраны членам у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы (1926), старшынёй якой быў выбраны Іпаліт Канстанцінавіч Гечэвіч (1854—1935), а намеснікам Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943)[17] — арганізацыі віленскіх кансерватараў.
У 1935—1937 гг. быў старшынёй Сельскагаспадарчай ізбы ў Вільні (Izba Rolnicza w Wilnie), членам Дзяржаўнай камунікацыйнай рады (Państwowa Rada Komunikacyjna)[1].
6 лістапада 1938 г. быў выбраны паслом на сойм Польшчы з выбарчай акругі №52 (Баранавічы) ад Партыі нацыянальнага адзінства (ці Лагеру нацыянальнага аб'яднання — Oboz Zjednoczenia Narodowego) — і быў паслом V кадэнцыі польскага сойма да верасня 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна. Уваходзіў у парламенцкія камісіі — самакіравальна-адміністрацыйную і бюджэтную[1].
У 1939 г. быў старшынёй Стаўбцоўскага кола Навагрудскай акругі ў начальным кіраўніцтве Таварыства развіцця Усходніх зямель[18].
23 верасня 1939 г. Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940) быў арыштаваны савецкай уладай, вязнены ў Стоўбцах і пераведзены ў Мінск, дзе, верагодна, і загінуў у 1939 ці 1940 г. Гэтак жа быў арыштаваны і вязнены савецкімі ўладамі яго брат — Януш Урбанавіч Крупскі (1898—1939), уласнік маёнтка Засулле, які таксама, верагодна, загінуў.
Remove ads
Узнагароды
Атрымаў ад польскага ўраду Залаты крыж заслуг (Złoty Krzyż Zasługi) і 2 мая 1924 г. афіцэрскі крыж ордэну Адраджэння Польшчы.
Маёнтак
Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну маёнтак Геленаў[19] у Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі[1]. Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) маёнтак Геленаў апынуўся на польскім баку мяжы і адносіўся да Засульскай гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польшчы. Чэслаў Крупскі кіраваў гаспадаркай у сваім маёнтку Геленаў.
Пасля заняцця савецкімі войскамі тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 г., маёнткі Засулле, Геленаў, Коласава і Алешкава ў сыноў Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) былі забраны і нацыяналізаваны савецкай уладай.
Творы
- Kresy a emigracja // Tygodnik Ilustrowany. — 1918. — nr 21 i 22. — s. 247—249.
- Instytucje polskie w Mińsku // Tygodnik Ilustrowany. — 1918. — nr 21 i 22. — s. 249—259.
Зноскі
- Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
- Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
- Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю . — Мн., 2018. — С. 301—302.
- Jurkowski, R. Rada Polska … С. 78.
- Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
- Пад "бальшавіяй" маюцца на ўвазе "бальшавікі".
- Jurkowski, R. Rada Polska … С. 81.
- Чарнякевич, А. Чужы сярод чужых: Павел Аляксюк і беларускія "паланафілы", 2017. — С. 31.
- Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю . — Мн., 2018. — С. 482.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 340.
- Дашкевич, Е. Организационная структура польской гражданской администрации в Минске в 1919―1920 гг. — Мінск, 2020. — С. 212.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 247.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 249.
- Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах... С. 325—326.
- Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 287.
- Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 175.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads