Шчэгліца

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Шчэ́гліца (трансліт.: Ščehlica, руск.: Щеглица) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Княжыцкага сельсавета[3].

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...
Remove ads

Гісторыя

Шчэгліца вядома з XVII стагоддзя як сяло, на 1644 год адносілася да Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага[4][5].

У дакументах XIX стагоддзя называлася: сяло Шчэгліцы[6][7].

Вядома, што ў другой палове XVIII стагоддзя сяло было цэнтрам маёнтка, які належаў прадстаўнікам старажытнага шляхецкага роду Карабаноўскіх (Карабоўскіх, Карабанько, Карабаньковых)[5][6][8]. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Восіп Карабаноўскі, які абіраўся войтам і ўзначальваў магістрат Магілёва, прысягнуў расійскай імператарыцы Кацярыне II, праз што захаваў права на валоданне Шчэгліцкім маёнткам і быў залічаны да дваранскага саслоўя Расійскай імперыі[6].

У Шчэгліцах былі пахаваныя бацькі расійскага генерал-фельдмаршала І. Ф. Паскевіча: маці — Ганна Восіпаўна (дачка Восіпа Карабаноўскага) (1766—1829) і бацька — Фёдар Рыгоравіч (1760—1832). У 1889 годзе іх прах быў перапахаваны ў капліцы-пахавальні князёў Паскевічаў у Гомелі[6].

Па звестках за 1872 год, 1142 дзесяціны навакольных зямель належалі памешчыкам Цімафеевым і Федаровічам[5].

Станам на 1909 год у Шчэгліцкім маёнтку, сядзіба якога знаходзілася непадалёку ад сяла (дакладныя каардынаты: 53°55′43″ пн. ш. 30°06′51″ у. д.HGЯO), жылі 4 чалавекі[5]. Па звестках за 1910 год, маёнтак належаў дваранам, каталікам па веравызнанні: [Ад.] Іосіфаўне Бяляцкай і Іосіфу Станіслававічу Федаровічу[9] (верагодна, дачцэ і бацьку). У Магілёве на Васкрасенскіх (т. зв. «лютэранскіх») могілках ёсць сямейнае пахаванне з надмагільнымі камянямі і абеліскам. На гранітных надмагіллях пазначаны імёны нябожчыкаў: Алена Эмільеўна Федаровіч (народжаная Борхман; памерла ў 1898 годзе на 52 годзе жыцця) і Іосіф Станіслававіч Федаровіч (памёр у 1910 годзе на 83 годзе жыцця). На мармуровым абеліску пазначана, што ён усталяваны ў памяць ад унука і дачкі[10]. Па звестках за той жа 1910 год, жыхаром маёнтка значыўся ўжо толькі адзін чалавек[5].

На момант 1910 года Шчэгліцкі маёнтак адносіўся да касцёла і каталіцкай парафіі Святога Казіміра, што ў Магілёве[9].

За часам Расійскай імперыі, а таксама ў 1917—1924 гады сяло і тэрыторыя маёнтка ўваходзілі ў склад Магілёўскага павета; з 1861 года, паводле падзелу павета на воласці, адносіліся да Княжыцкай воласці. З 1924 года і дасюль — вёска ў складзе Княжыцкага сельсавета Магілёўскага раёна[5][11].

Падчас Першай сусветнай вайны ў траўні—кастрычніку 1918 года Шчэгліца была акупавана германскімі войскамі[12].

У час Вялікай Айчыннай вайны вёска ізноў апынулася пад нямецкай акупацыяй, знаходзілася пад ёй з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года. Ваюючы на фронце і ў партызанах, загінулі 25 вяскоўцаў. На ўшанаванне іх памяці ў цэнтры вёскі, дзе раней месцілася царква (на т. зв. «царковішчы»), быў пастаўлены абеліск (дакладныя каардынаты: 53°55′33″ пн. ш. 30°06′53″ у. д.HGЯO)[5].

Remove ads

Насельніцтва, гаспадарка, інфраструктура

  • 1772 год — у сяле налічвалася 109 жыхароў і 19 двароў; меліся млын і карчма[5];
  • 1785 год — налічвалася 151 жыхар і 22 двары; мелася пабудаваная з дрэва царква[5];
  • 1805 год — была ўзведзена новая драўляная царква[5], якая ў дакументах XIX стагоддзя называлася Шчэгліцкай Раства-Багародзіцкай царквой[7]; на момант 1910 года пры царкве дзейнічаў Шчэгліцкі праваслаўны прыход Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы (Магілёўская епархія)[13]. Будынак царквы быў разбураны напачатку 1950-х гадоў;
  • 1833 год — паводле перапісу, колькасць мужчынскага насельніцтва ў Шчэгліцкім маёнтку складала 134 чалавекі[6];
  • 1848 год — у сяле налічвалася 29 двароў[5];
  • 1880 год — налічвалася 217 жыхароў і 33 двары; ва ўсіх дварах вяскоўцы займаліся вырабам ільняной і пяньковай кудзелі і тканіны, а таксама посуду і іншых бытавых рэчаў з дрэва; быў заснаваны смалакурны завод[5];
  • 1897 год — згодна першаму ўсеагульнаму перапісу насельніцтва Расійскай імперыі  (руск.), у сяле налічвалася 410 жыхароў і 58 двароў[5];
  • 1905 год — у сяле была адкрыта казённая вінная крама[5];
  • 1909 год — налічвалася 418 жыхароў і 53 двары; меўся вінакураны завод[5];
  • 1910 год — дзейнічала царкоўна-прыходская школа, для якой у гэтым годзе было пабудавана памяшканне; меліся хлебазапасны магазін і заезны дом[5];
  • 1921 год — на базе царкоўна-прыходской школы была створана школа 1-й ступені, якой было перададзена нацыяналізаванае памяшканне[5];
  • 1925 год — было створана садова-агародніцкае таварыства, якое аб’ядноўвала 15 гаспадарак; у школе навучалася 78 вучняў, дзейнічалі драмгурток, бібліятэка[5];
  • 1930 год — быў арганізаваны калгас «Авангард» (у 1933 годзе ён аб’ядноўваў 17 гаспадарак); у вёсцы працавалі кузня і ваўначоска[5];
  • 1930-я гады — пачатковая школа была ператворана ў 7-гадовую, у якой у 1936 годзе навучаліся 207 вучняў, у іх ліку 79 піянераў[5];
  • да 1941 года і ў 1944—1957 гады — у вёсцы дзейнічала сельскагаспадарчая арцель (калгас) імя Будзёнага; у 1957 годзе калгас быў перайменаваны ў калгас «Запавет Леніна»[14];
  • 1962 год — быў пабудаваны новы будынак школы[15];
  • 1990 год — налічвалася 162 жыхары і 76 гаспадарак; вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Беларусь» (цэнтр — вёска Нікіцінічы), у ёй размяшчаліся вытворчая брыгада, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, зернедрабільня; працавалі 8-гадовая школа і раённая вочна-завочная сярэдняя школа, бібліятэка, крама, фельчарска-акушэрскі пункт[5];
  • 1990-я гады — 2005 год — вёска знаходзілася ў складзе сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Лубнішчанскі» (цэнтр — вёска Нікіцінічы);
  • 1999 год — у вёсцы пражывала 132 жыхары[16];
  • 2005 год — вёска разам з усім СВК «Лубнішчанскі» ўвайшла ў склад сельскагаспадарчага даччынага прадпрыемства «Авангард» (цэнтр — аграгарадок Сумарокава — Княжыцы), якое належыць Магілёўскаму аддзяленню Беларускай чыгункі[17];
  • 2007 год — налічвалася 88 жыхароў і 37 гаспадарак[5];
  • 2010 год — у вёсцы пражывала 67 жыхароў[16].
Remove ads

Геаграфія, планіроўка, транспарт

Вёска знаходзіцца за 19 км на захад ад Магілёва і чыгуначнай станцыі Магілёў-2, за 4 км на поўдзень ад аэрапорта Магілёў[5].

Месціцца на раўнінным рэльефе, на ўсходняй ускраіне цячэ рака Лахвіца (правы прыток ракі Лахва, басейн ракі Дняпро)[5], на поўдні мяжуе з гідралагічным заказнікам мясцовага значэння «Карніца, Пільцы»[18].

Планіровачна складаецца з працяглай, ламанага абрысу вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, забудаванай двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На паўднёвай ускраіне — гаспадарчы сектар[5].

Назвы вуліц і завулкаў: вул. Ураджайная, вул. Школьная, вул. Паўднёвая, завул. Паркавы, 1-й завул. Паркавы, 2-гі завул. Паркавы[2].

Транспартная сувязь — па мясцовай дарозе Н11015 праз вёску Прокшанічы, пасёлак Баброва, вёску Нікіцінічы і далей па магістралі М4 Мінск — Магілёў[5][19].

Станам на зімовы перыяд 2015—2016 года па прыгарадным маршруце Магілёў—Шчэгліца штоддзённа здзяйсняліся пасажырскія перавозкі рэйсавым аўтобусным транспартам[20].

Крыніцы

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads