Баранец звычайны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Баране́ц звычайны (Huperzia selago) — від[2] вечназялёных травяністых раслін сямейства баранцовых[3].
Remove ads
Назва
Родавая назва Huperzia дадзена ў гонар нямецкага батаніка Іагана Хуперца[4]; відавы эпітэт selago — лацінізаваная кельцкая назва расліны[5].
Батанічнае апісанне

Вечназялёная паўзучая травяністая споравая шматгадовая расліна вышынёй 6-30 см са слабаразвітай каранёвай сістэмай.
Сцёблы ўзыходнымя або прамастаячыя[3], аблісцелыя, дыхатамічна галінастыя, укараняюцца ля асновы і ўтвараюць акуратныя, амаль круглыя, друзлыя дзярнінкі. Па гэтых прыкметах баранец добра адрозніваецца ад іншых дзеразовых. Узрост дзярнін можа перавышаць 100 гадоў; гадавы прырост вагаецца ад 1 да 4 см[6].
Лісце (філоіды) цвёрдае вузкаланцэтнае суцэльнакрайняе або каля верхавінкі слабазубчастае, прыціснутае або злёгку адагнутае, размешчана спіралямі накшталт чарапіцы, больш ці менш прыціснутае да восі парасткаў. Яно скурыстае і жорсткае.
Спараносныя каласкі (страбілы) не ўтвараюцца. Спарангіі жаўтаватыя, знаходзяцца па аднаму ў пазухах спарафілаў, якія па форме, памеру і колеру не адрозніваюцца ад вегетатыўных лісцяў. Спарафілы ўтвараюць спараносныя зоны ў верхняй, а нярэдка і ў сярэдняй частцы парасткаў. Часам на іх месцы фармуюцца патоўшчаныя вывадкавыя пупышкі.
Remove ads
Пашырэнне і экалогія
Галарктычны, таежны від. Пашырэнне: лясная і лесатундравая зоны абоіх паўшар’яў, Каўказ, горы Сярэдняй Азіі, Грэнландыя.
Тыповыя месцы росту віду звязаныя з цёмнахваёвых лясамі на кіслых ападзоленых глебах. Расце таксама ў яловых лясах і ў вільготных змешаных і бярозава-рознатраўна супольнасцях, радзей у хваёвых лясах і алешніках па дне лясных яраў, ускраінах балот, часта разам з дзеразой гадавой (Lycopodium annotinum). Патрабуе пастаяннага нязначнага асвятлення і ўмеранага ўвільгатнення. Пры поўным асвятленні пасля вырубак хутка знікае.
У Расіі распаўсюджаны ад Новай Зямлі да Каўказа ўключна. Сустракаецца таксама на Алтаі, у Краснаярскім краі, на поўдні Іркуцкай вобласці, на поўначы Якуціі, на Камчатцы, у Прыамур’і, на Курыльскіх астравах і на Чукотцы.
У Беларусі знаходзіцца паблізу паўднёвай мяжы арэала, расце ў ялова-чарнічных, ясеневых, чорнаальховых лясах, але сустракаецца вельмі рэдка, у невялікіх колькасцях[3]. Расце асобнымі курцінамі і невялікімі групамі. Вядомы звыш 50 месцазнаходжанняў, пераважна ў паўночных, заходніх і цэнтральных раёнах, на поўдні — рэдкі, у паўднёва-ўсходняй частцы тэрыторыі адсутнічае.
Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, Рэспублікі Мардовія, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі, Цюменскай вобласці, Смаленскай вобласці, Яраслаўскай вобласці, Разанскай вобласці.
Асаблівасці біялогіі
Размнажэнне споравае і вегетатыўнае. На Беларусі спараносіць у ліпені. У Сярэдняй Расіі споры спеюць у ліпені — жніўні[6].
Хімічны склад
Трава баранца звычайнага змяшчае 0,13—1,02 % алкалоідаў (лікападзін, нікацін, клавацін, клавататаксін, псеўдаселагін, селагін, селаганін, серацідзін, хуперазін А і інш.)[7][8][9]. Для ўсіх відаў дзеразы характэрна наяўнасць больш за дзясятку трытэрпеноідаў сератанавага тыпу[10]. У спорах каля 50 % алею[11].
Значэнне і выкарыстанне
Расліна ўжываецца ў медыцыне, часам выкарыстоўваецца як інсектыцыд; раней з яе атрымлівалі жоўтую фарбу для афарбоўкі воўны[6]. Доўгія сцёблы дзеразы таксама выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання памяшканняў, а ў некаторых мясцовасцях на могілках часам можна сустрэць вянкі з дзеразы. Такое выкарыстанне прывяло да рэдкасці гэтых у агульным даволі распаўсюджаных у іглічных лясах раслін.
Лекавае выкарыстанне
Лекавая сыравіна
У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваецца трава баранца звычайнага — лац.: Herba Huperziae selaginis[3]. Траву збіраюць у жніўні — верасні, пасля заканчэння споранашэння, зразаючы зялёную і жаўтлявую часткі парасткаў, не выдзіраючы іх з глебы і не пашкоджваючы пры гэтым каранёвую сістэмы. Сушаць у сушылках пры тэмпературы 50 °C або ў памяшканнях з добрай вентыляцыяй, расклаўшы сыравіну тонкім пластом на тканіны[5].
Фармакалагічныя ўласцівасці
Пры выпадковым ўжыванні адвара баранца ў выглядзе гарбаты назіраецца потлівасць, дыярэя, курчы, галавакружэнне, парушэнне маўлення, абумоўленае зварачальным інгібіраваннем ацэцілхалінэстэразы мозгу хуперазінам А[12]. Падобнымі таксічнымі праявамі валодаюць селагін, лікападзін і клавацін[7]. Трава змяшчае алкалоід селягін і флавонавы кверцэцінавы гліказід жоўтага колеру[3]. Згодна з вынікамі эксперыментальных даследаванняў, селагін валодае курарападобным, ванітавым, міяпічным дзеяннем[13].
Remove ads
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads