Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусіmap
Remove ads

Інстытут генетыкі і цыталогіі (скарочана ІГІЦ НАНБ) — навукова-даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1965 года[1].

Хуткія факты Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міжнародная назва ...
Remove ads

Гісторыя

У кастрычніку 1965 года стварылі Інстытут генетыкі і цыталогіі (ІГЦ) на аснове Аддзела генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР[2], заснаванага ў 1963 годзе разам з адпаведнай аспірантурай. У Інстытуце працавалі акадэмікі Антон Жэбрак, Пётр Ракіцкі і Мікалай Турбін, члены-карэспандэнты А. М. Іпацьеў і Уладзімір Саўчанка. У 1989 годзе ў Інстытуце з’явілася дактарантура. За савецкім часам даследаванні і распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974, 1984) і прэміяй Камсамолу БССР (1990). На 1998 год у ІГЦ працавалі акадэмікі Мікалай Картэль і Любоў Хатылёва, член-карэспандэнт Усавалад Борматаў і 13 дактароў навук. Дзейнічалі: аддзел навуковай інфармацыі і інфарматыкі; селекцыйна-генетычны комплекс, які да 1989 года быў біялагічнай доследнай станцыяй; 10 лабяраторый — 1) малекулярнай генетыкі, 2) гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, 3) генетыкі збожжавых культур, 4) мутагенезу, 5) цытагенетыкі раслін, 6) антымутагенезу, 7) агульнай цытагенетыкі, 8) радыяцыйнай генетыкі, 9) нехрамасомнай спадчыннасці, 10) генетыкі фітаімунітэту[3].

Да 1998 года асноўнымі кірункамі даследаванняў Інстытута былі: генетычныя асновы селекцыі (гетэрозіс, поліпляідыя, нехрамасомная спадчыннасць і генетыка імунітэту), індукаваны і спанданны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генетычная і клетачная інжынерыя, матэматычная генетыка. У выніку даследавання палепшылі разуменне гетэрозісу, склалі гіпотэзу ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Удалося даказаць важкасць цытаплазматычных спадчынных структур для ўстойлівасці раслін да хвароб, вывучыць генетычныя заканамернасці арганізацыі і выяўлення геномаў раслін. Стварылі арыгінальныя генетычныя зборы збожжавых, зерне-бабовых культур і бульбы. Атрымалі гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукровых буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянавалі новыя гатункі цукровых буракоў, соі і цяплічных таматаў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генетычныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы перадалі ў Дзяржкамчарнобыль[3]. За распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ узнагароджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993, 1999, 2001, 2003 і 2011) і прэміяй Капцюга (2007)[4].

Адразу пасля 9 жніўня 2020 года з Інстытута генетыкі і цыталогіі былі звольнены трое супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах[5]. Улетку 2021 года да звальнення «са згоды бакоў» вымушаны адначасова некалькі сяброў Свабоднага прафсаюза Беларускага: старшыня першаснай арганізацыі Ксенія Панцялей, скарбнік Аляксандра Носава, кантралёр-рэвізор Ілона Сахарута, сябры Марына Багданава і Марына Шаптурэнка. Таксама пра непадаўджэнне кантракту паведамілі Алене Аксёнавай[5].

Remove ads

Дзейнасць

На 2018 год кірункамі дзейнасці Інстытута было: вывучэнне структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека; генетычная і клетачная інжынерыя; распрацоўка генетычных асноў адбору раслін, жывёл і мікраарганізмаў; стварэнне выніковых геномных біятэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяроддзя; вывучэнне пытанняў біябяспекі, захавання генетычных рэсурсаў і нагляд за іх выкарыстаннем. Ажыццяўляўся прыём у аспірантуру па 3-х спецыяльнасцях: генетыка, малекулярная генетыка і біятэхналогія. У дактарантуру прымалі па спецыяльнасці генетыка[6]. На 2023 год у ІГЦ працавала звыш 155 даследчыкаў, з іх 2 акадэмікі, 3 члены-карэспандэнты, 8 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук[6]. З 2005 года Інстытут штогод выдаваў па-руску зборнік навуковых прац «Малекулярная і дастасоўная генетыка» (ISSN 1999-9127)[7]. Міжнародныя даследаванні ажыццяўляліся сумесна з 33 установамі з 11 краін:

  • 10 устаноў з 4 краін Азіі — Грузія (Цэнтр эксперыментальнай медыцыны імя Івана Берыташвілі), Казахстан (3: Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт), Таджыкістан (3: Таджыкскі нацыянальны ўніверсітэт) і Турцыя (3: Універсітэт Атацюрка);
  • 23 установы з 7 краін Еўропы — Балгарыя (Інстытут раслінных генетычных рэсурсаў), Іспанія (Інстытут медыцынскай геномікі), Польшча (3: Інстытут генетыкі і селекцыі жывёл Польскай акадэміі навук), Расія (13: Інстытут малекулярнай біялогіі Расійскай акадэміі навук), Славенія (Нацыянальны інстытут біялогіі Славеніі), Украіна (3: Інстытут клетачнай біялогіі і генетычнай інжынерыі НАН Украіны) і Эстонія (Эстонскі біяцэнтр)[8].
Remove ads

Структура

На 2023 год Інстытут генетыкі і цыталогіі ўключаў:

  • 8 лабараторый — 1) экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, 2) генетычнай і клетачнай інжынерыі, 3) цытагеномікі раслін, 4) нехрамасомнай спадчыннасці, 5) малекулярнай генетыкі, 6) генетыкі чалавека, 7) генетыкі жывёл, 8) малекулярных асноў стабільнасці геному;
  • групу біяінфарматыкі
  • 2 Нацыянальныя каардынацыйныя цэнтры — біябяспекі і генетычных рэсурсаў;
  • Цэнтр калектыўнага карыстання «Геном»;
  • Аддзел навукова-інавацыйнай працы;
  • Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій;
  • Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў[6].

Паслугі

На 2018 год Інстытут генетыкі і цыталогіі аказваў наступныя паслугі:

  • аналіз харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання на ўтрыманне генетычна мадыфікаваных інгрэдыентаў (ГМІ);
  • аналіз відавой прыналежнасці мясных складнікаў;
  • ДНК-пашпартызацыя і ДНК-пазначэнне сельскагаспадарчых раслін, жывёл і мікраарганізмаў па гаспадарча-карысных прыкметах;
  • генетычнае ўсталяванне відавой прыналежнасці асятровых;
  • ДНК-выпрабаванне схільнасці чалавека да спадчынных захворванняў;
  • аналіз генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасці чалавека (спартыўная паспяховасць і адчувальнасць да лекаў);
  • аналіз фрагментацыі ДНК сперматазоідаў;
  • распрацоўка і ацэнка нарматыўна-прававой базы ў галіне біябяспекі;
  • правядзенне семінараў і кансультацый па пытаннях бяспекі генна-інжынернай дзейнасці;
  • садзейнічанне доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгод[6].
Remove ads

Кіраўнікі

Зноскі

  1. Лён 2009, с. 50-51.
  2. Галоўная старонка (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут генетыкі і цыталогіі (28 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2018. Праверана 22 жніўня 2018.
  3. Аб інстытуце(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2023. Праверана 1 снежня 2023.
  4. Зборнік навуковых прац (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут генетыкі і цыталогіі (28 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2018. Праверана 22 жніўня 2018.
  5. Нашыя партнёры (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут генетыкі і цыталогіі (28 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2018. Праверана 22 жніўня 2018.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads