Аляксандр Ружанцоў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Аляксандр Ружанцоў (Ружанцаў; 12 жніўня 1893, Вязьма, Смаленская губерня, Расійская імперыя — 23 ліпеня 1966, Дэнвіл, штат Ілінойс, ЗША) — беларускі вайсковы дзеяч, пісьменнік, бібліёграф.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Remove ads
Біяграфія
Ранні перыяд
Са шляхецкай сям’і смаленскай паходжання. У 1911 годзе скончыў гарадскую гімназію Вязьмы. Паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, вучыўся на працягу 6 семестраў 1911—1914 гадах. У студэнцкія гады пачаў цікавіцца бібліяграфіяй, якая пазней стала яго прафесіяй і захапленнем.
Першая Сусветная вайна
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны Ружанцоў прызваны ў войска. У 1914 годзе скончыў Аляксееўскую ваенную школу. На расійска-нямецкім фронце быў паранены. У 1918 годзе мабілізаваны ў РСЧА, дзе яму даручалі полк. У 1919 годзе перайшоў на літоўскі бок і ўзначаліў Беларускі асобны батальён. Аляксандр Ружанцоў трапляе ў Вільню пад канец 1918 года разам з бальшавіцкімі войскамі ў рангу намесніка камандзіра 7-га пяхотнага палка Літоўскай дывізіі. 4 лютага 1919 года, пасля ўрачыстага мітынгу на Лукішскім пляцы 7-ы пяхотны полк выступіў з горада і па маршруце Вільня — Лендварова — Новыя Трокі — Высокі Двор — Стаклішкі — Езна мусіў дайсці да Коўна, дзе спадзяваўся атрымаць падмацаванне з боку спартакаўцаў Ковенскага гарнізона і малазямельных сялян Сувалкіі. Паводле планаў камандавання Чырвонай Арміі Коўна мусіла быць узятае 15 лютага 1919 года. Полк, складзены з беларускіх сялян, расійскіх казакоў і літоўскіх камуністаў, прасоўваўся на захад. Непадалёк ад мястэчка Езна завязаліся жорсткія баі з рэгулярнымі часткамі літоўскага войска, у выніку якіх бальшавікі панеслі вялікія страты.

Пасля бітвы пад Езна (мястэчка за 50 км на поўдзень ад Коўна), якая адбылася 9-13 лютага, Аляксандр Ружанцоў перайшоў на бок Літоўскай Рэспублікі.
Аляксандр Ружанцоў ад вясны 1919 года выконваў абавязкі афіцэра і разам з беларускай асобнай ротай удзельнічаў у баях супраць палякаў. Загадам па арміі ад 11 сакавіка 1919 года было дазволена ад 27 лютага пачаць фармаваць пры «беларускім стале рэгістрацыі» ў Коўне роты ахвотнікаў.
Браслаў пад уладай Літвы (1920)


У 1919—1921 гадах Аляксандр Ружанцоў служыў у рэгулярнай літоўскай арміі і быў камандзірам Беларускага асобнага батальёна. У 1919 годзе ўзнагароджаны ордэнам Віціса. У гэты час пачынаецца яго выдавецкая дзейнасць. Быў рэдактарам выданняў беларускага батальёна. Спачатку «Браславской стенной газеты», якая была рэгулярнай насценгазетай мястэчка Браслаў, дзе ў пачатку 1919—1920 года несла службу беларускае фарміраванне.
Факт, што літоўскія войскі на працягу значнага часу кантралявала Браслаў, амаль не згадваецца ў беларускай гісторыяграфіі. У «Літоўскай энцыклапедыі» ёсць некалькі радкоў, прысвечаных літоўскаму перыяду Браслава:
«Пасля таго як 19.03.1920 г. прайшла конніца Гая, якая пераследавала польскія часці, Браслаў занялі беларускія часці. Была заснавана беларуская вайсковая камендатура, высілкамі афіцэраў абуджана ў народзе беларуская нацыянальная свядомасць, арганізавана некалькі беларускіх спектакляў і вечарын. Дзейнасць скончылася пасля 07.10.»
«Варта Бацькаўшчыны»
Першым беларускім перыядычным выданнем у літоўскай арміі быў двухтыднёвік «Варта Бацькаўшчыны», першыя 15 нумароў выйшлі ў студзені—чэрвені 1920 года. У 1920 годзе пры ўдзеле Ружанцова выдадзена яшчэ 7 брашур, у асноўным вайсковых дапаможнікаў. Выданні Беларускага асобнага батальёна заўважыла і афіцыйная літоўская вайсковая прэса.
Увязненне
У лістападзе 1920 года Ружанцоў арыштаваны паводле пастановы армейскага суда. З загаду па Беларускім асобным батальёне ад 20.11.1920 года: «З’яўляючыся камандзірам беларускай роты, выдаваў асабіста газету „Варта Бацькаўшчыеы“ і „Стенная Белорусская газета“, вёў агітацыю супраць Камандуючага Літоўскім войскам, і наогул супраць Літоўскай Рэспублікі. Не прымаў мераў супраць жаўнераў у даверанай яму часці, ведаючы, што жаўнеры перапраўляюць за мяжу літаратуру і прадукты. Дазваляў прыязджаць у Браслаў бальшавіцкім камісарам і прывозіць бальшавіцкую літаратуру».
Дзейнасць пасля вызвалення
Пасля 7-тыднёвага зняволення Ружанцоў працягваў працаваць над выданнямі Беларускага батальёна. На старонках перыядычных выдынняў Ружанцоў падпісваецца псеўданімам Алесь Смаленец. У літоўскіх архівах захаваліся сведчанні, што Аляксандр Ружанцоў рупіўся лёсам аднапалчан. У большасці выпадкаў гэта рэкамендацыі і лісты да калег з просьбаю дапамагчы з працаўладакаваннем дэмабілізаваных жаўнераў-беларусаў і літоўцаў.
Стасункі з урадам БНР
Стаўленне Ружанцова да дзейнасці ўрада БНР у выгнанні не было адназначна станоўчым (напісаў байку «Дыплёматы»). У 1923 годзе Аляксандр Ружанцоў у рэцэнзіі на кніжку перакладаў твораў Ганса Хрысціяна Андэрсэна таксама выразіў адмоўнае стаўленне да ўрада БНР.
Другая Сусветная вайна
Пасля кастрычніка 1939 года Аляксандр Ружанцоў разам з сям’ёю пераехаў у Вільню. Пасля таго як у 1940 года Літва была акупаваная Савецкім Саюзам, літоўскае войска было перафармавана ў 29-ы тэрытарыяльны корпус. Адбыліся і адпаведныя арганізацыйныя змены ў штабе войска, у выніку якіх Аляксандр Ружанцоў быў звольнены ў запас. У гэты час арганізоўвацца Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук Літоўскай ССР, куды Ружанцова прынялі на працу і прызначылі загадчыкам бібліяграфічнага аддзела. У часы Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі, Ружанцоў быў звольнены са сваёй пасады. Аляксандр Ружанцоў зарабляў на жыццё пажарным інспектарам. У вольны час збіраў і сістэматызаваў бібліяграфічны матэрыял для часопіса «Bibliografijos Žinios», друкаваў на старонках літоўскіх выданняў зацемкі з жыцця віленскіх беларусаў, а таксама займаўся сваімі прыватнымі праектамі. Напрыклад, на правах рукапісу выдаваў бібліятэчку «Успамінаў беларускіх афіцэраў Літоўскага войска». У аддзеле рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца першы сшытак гэтай серыі, датаваны 1944 года: «Успаміны з жыцця 1 Беларускага поўка ў Горадні (Gardinas) палкоўніка Літоўскага войска Лаўрэнцьева». Гэтыя мемуары былі апублікаваны ў 1923 года ў часопісе «Musų Žinynas». 30 мая 1943 года маёр Ружанцоў прачытаў рэферат «Беларускія вайсковыя аддзелы ў XVIII—XIX ст.». Згодна з заметкай, апублікаванай у «Беларускім Голасе» ад 30 верасня 1943 года, Аляксандр Ружанцоў на паседжаннях Беларускага навуковага таварыства прачытаў наступныя паведамленні: «Беларускія вайсковыя аддзелы Літоўскага войска», «Вайсковыя часопісы ў беларускіх вайсковых аддзелах», «Беларуская справа ва ўспамінах беларусаў і чужынцаў». «Беларускі Голас» не паведаміў, ці адбыліся запланаваныя чытанні. Як вынікае з ліставання Аляксандра Ружанцова, чытанні дакладаў праходзілі да сярэдзіны лютага 1944 года: «Беларускае Навуковае Таварыства працуе добра, кожную нядзелю чытаюцца даклады, цікава чытаў праф. Ад. Станкевіч пра літуанізмы ў беларускай мове». У невялічкай рэцэнзіі на мемуары былога камандзіра Беларускага асобнага батальёна палкоўніка А. Успенскага, што друкавала летам 1943 года літоўская газета «Ateitis», Ружанцоў пералічыў усіх арыштаваных колішніх саслужыўцаў. Ва успамінах Стасіса Раштыкіса падаецца кар’ера Ружанцова ў час Другой сусветнай вайны: «У часы нямецкай акупацыі ён служыў у нямецкай пажарнай ахвове (Major der Fruerschutzpolicei, Ostland, Litauen). У 1945 г. ён быў пераведзены ў Берлін, у штаб Беларускай краёвай абароны, і 10 студзеня быў павышаны да звання падпалкоўнік (Oberstleutnant). Пра гэта ён мне сам пісаў».
Пасляваенны перыяд у Германіі
Пасля заканчэння вайны сям’я Ружанцовых жыла ў лагеры для перамешчаных асоб (displaced persons, DP) у баварскім мястэчку Мемінген у амерыканскай зоне акупацыі. У гэтым лагеры Аляксандр Ружанцоў заняў пасаду начальніка супрацьпажарнай бяспекі, якая давала сродкі на працяг бібліяграфічнай працы. Ён здолеў пачаць ажыцяўляць праект, рэалізацыя якога ў часы існавання Літоўскай Рэспублікі з-за браку фінансавання не магла адбыцца. Ён арганізаваў «Літоўскую бібліяграфічную службу», арганізацыю, у задачы якой уваходзілі збор, апрацоўка і распаўсюджванне інфармацыі пра літоўскую выдавецкую дзейнасць у замежжы. Ён пачаў выдаваць бібліяграфічны часопіс «Knygų Lentyna» («Кніжная Паліца»).
Амерыканскі перыяд
У Злучаныя Штаты Амерыкі Ружанцоў пераехаў у 1949 годзе. Апошнія гады свайго жыцця правёў у мястэчку Дэнвіл (штат Ілінойс). Ён працаваў падсобным рабочым у супермаркеце. Працягваў выдаваць часопіс «Knygų Lentyna» і рупіцца справамі Літоўскай бібліяграфічнай службы, якую ўзначальваў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання бостанскай Літоўскай Энцыклапедыі, якая рыхтавалася сіламі літоўскай эміграцыі. У працы рэдакцыі ён удзельнічаў як кансультант. Аляксандр Ружанцоў працягваў быць «культурным пасярэднікам» паміж беларускім і літоўскім народамі. У палітычнай дзейнасці (як літоўскай, так і беларускай) не прымаў удзелу.
Апрача «Knygų Lentyna» («кніжная паліца»), Ружанцоў склаў аналітычныя пазакальнікі да шэрагу літоўскіх эміграцыйных перыядычных выданняў, апрацаваў шэраг зборнікаў тэматычнай бібліяграфіі («Maironiana», «Lituanica Canadiana», 1949—1959; «Lituanica Australiana», 1950—1959). Як бібліёграф ён супрацоўнічаў з беларускімі выдавецтвамі. Ім быў падрыхтаваны аналітычны паказнік беларускіх выданняў мюнхенскага Інстытута вывучэння СССР. Ён апублікаваў паказнікі да часопіса «Веда», рэдагаванага Янкам Станкевічам, а таксама да выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва («Запісы», «Конадні»).
У 1958 г. пасля 10 гадоў працы падсобным рабочым у адным з супермаркетаў Аляксандр Ружанцоў у чарговы раз выйшаў на пенсію і працягнуў займацца бібліяграфіяй. Бібліяграфія літоўскай эміграцыі зрабілася для Аляксандра Ружанцова ці не асноўным клопатам. Але Ружанцоў не перастаў цікавіцца беларускімі справамі і ўдзельнічаць у іх. Гэта датычыцца рэдагавання беларускіх артыкулаў першых тамоў выдання «Lietuvių enciklopedija». Ружанцоў на свае сродкі рыхтаваў і рассылаў інфармацыйны бюлетэнь «Iš gudų (baltarusių) kultūrinio gyvenymo. Trumpos žinutės laisvojo pasaulio lietuvių spaudai» («З культурнага жыцця беларусаў. Кароткія паведамленні для літоўскага друку ў Вольным Свеце»).
Пасля вайны Ружанцоў пачаў перакладаць на літоўскую мову творы беларускіх пісьменнікаў. Ім была перакладзена адна з легендаў Вацлава Ластоўскага «Бяздоннае багацце» і «Францішак Скарына» Юркі Віцьбіча. У неперыядычным выданні «Iš gudų kultūrinio gyvenimo» (1963, № 3), аўтарам (а таксама і выдаўцом) якога быў Ружанцоў, апублікаваны пераклад верша Янкі Купалы «А хто там ідзе…». Вядомы нумар бюлетэня, прысвечаны сорак пятым угодкам абвяшчэння БНР.
Памёр Аляксандр Ружанцоў 23 ліпеня 1966 года ў бальніцы Дэнвіла (Ілінойс). Пахаваны ў Дэнвіле[1].
Remove ads
Дзейнасць
Публіцыстычная дзейнасць
З 1920 г. Аляксандр Ружанцоў пачаў актыўна публікавацца на старонках ковенскага перыядычнага друку, як у расійскім («Вольная Литва»), так і ў літоўскім, у афіцыйным выданні літоўскай арміі тыднёвіку «Karys» («Вайсковы»). На старонках гэтага выдання на працягу 1921—1923 г. ён актыўна выступаў з артыкуламі па беларускай праблематыцы, рэцэнзіямі на выданні Міністэрства беларускіх спраў. Публіцыстычная дзейнасць на старонках тыднёвіка «Karys» значна дапаўняе карціну паўсядзённага жыцця беларусаў у Коўне.
У 1920-я г. Ружанцоў спрабаваў супрацоўнічаць з віленскімі выдаўцамі, у першую чаргу з Максімам Гарэцкім. На старонках «Беларускіх ведамасцяў» (1921—1922) упершыню можна было пазнаёміцца з паэтычнай творчасцю Ружанцова. Шэраг перакладных матэрыялаў з літоўскага друку (найперш з тыднёвіка «Karys») быў зроблены Аляксандрам Ружанцовым. Пасля таго як Максім Гарэцкі ў 1923 г. выехаў у БССР, кантакты Ружанцова з Вільняй, хутчэй за ўсё, абарваліся. Аляксандр Ружанцоў падтрымліваў кантакты з латгальскімі беларусамі. У сваёй рэцэнзіі на зборнік вершаў гуртка маладых беларускіх паэтаў у Латвіі «Першы крок» ён згадвае пра сустрэчу з Канстанцінам Езавітавым. Езавітаў актыўна супрацоўнічаў з шэрагам літоўскіх выданняў і публікаваўся толькі на старонках тых перыёдыкаў, аўтарам ці супрацоўнікам якіх быў Ружанцоў. 3 артыкуламі на гістарычную тэматыку А. Ружанцоў выступаў у выдаванай Язэпам Варонкам на рускай мове газеце «Вольная Литва» (1921—1922). Як ваенны гісторык Ружанцоў актыўна ўдзельнічаў у выданні спецыялізаванага перыёдыка «Musų Žininas» (1921—1939). Ён апублікаваў цэлы шэраг прац па ваеннай гісторыі Літвы і Беларусі, а таксама рэгулярна рэцэнзаваў новыя кнігі, што выходзілі як у Коўне, так і ў Мінску. У Літве Аляксандр Ружанцоў асацыюецца з бібліятэчнай і бібліяграфічнай дзейнасцю.
Першай яго працай на кнігазнаўчую тэматыку была бібліяграфія беларускіх кніг, выдадзеных у Літве ў 1919—1922 г. Апублікавалі яе ў часопісе «Knygos» у 1924 г. (пасля таго, як Аляксандр Ружанцоў замацаваў за сабою званне «бацькі літоўскай бібліяграфіі», падрыхтаваўшы і выдаўшы першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на літоўскай мове «Lietuvos Karo bibliografija» («Літоўская вайсковая бібліяграфія»), які атрымаў станоўчыя водгукі ў друку).
Бібліятэчная дзейнасць
У гісторыю бібліятэкарскай справы А. Ружанцоў увайшоў як арганізатар і кіраўнік першай спецыялізаванай бібліятэкі ў Літве. У 1921 г. ён узначаліў Цэнтральную вайсковую бібліятэку ў Коўне. Быў наладжаны абмен кнігамі і часопісамі з вайсковымі бібліятэкамі Еўропы. Яго высілкамі фонд бібліятэкі вырас да 40 000 тамоў спецыяльнай вайсковай літаратуры. Яго асноўная праца была падрыхтоўка даведачнага апарату. Цэнтральная вайсковая бібліятэка лічылася найлепшай у Коўне, мела адзін з найбагацейшых кнігазбораў і па колькасці чытачоў саступала толькі бібліятэцы Ковенскага ўніверсітэта. У 1928 г. фондамі гэтай установы карысталася 314 чытачоў, а ў загадчыка бібліятэкі быў адзін падначалены. На пасадзе загадчыка Ружанцоў працаваў да 1940 г., спалучаючы сваю працу з пасадай брандмайстра. Ад 1923 г. можна пабачыць яго сярод супрацоўнікаў часопіса «Gaisrininkas» («Пажарнік»), які рэдагаваў вядомы беларускі дзеяч Дамінік Сямашка. Ён выкладаў курс прыкладной бібліяграфіі на бібліяграфічных курсах пры Ковенскім універсітэце. У Літоўскім нацыянальным вайсковым музеі (Karo Muziejus) ён дапамог арганізаваць аддзел беларускіх вайсковых частак і працаваў у гэтым аддзеле. У Коўне Аляксандр Ружанцоў актыўна далучыўся да адраджэння кніжных знакаў (экслібрысаў). Ружанцоў быў азартны калекцыянер, уладальнік вялікага збору экслібрысаў вайсковых бібліятэк Еўропы, ён не толькі стаў ініцыятарам стварэння экслібрысаў для бібліятэкі Галоўнага штаба Літоўскай арміі, якія пазней увайшлі ў залаты фонд кніжнага знака Літвы, але і апублікаваў у перыядычным друку шэраг нарысаў па гісторыі кніжнага знака ў Літве.
Таксама ўдзельнічаў у працы грамадкай арганізацыі — таварыства «XXVII аматараў кнігі», якая сваёй мэтай ставіла «культываваць мастацкую кнігу і выхоўваць любоў да яе ў Літве». Назва гэтай арганізацыі звязана з колькасцю яе сяброў-заснавальнікаў — 27. Ружанцоў не ўваходзіў у склад 27 бібліяфілаў, ён актыўна публікаваўся на старонках неперыядычнага альманаха гэтага таварыства.
Ад 1928 г. пачаў рэдагаваць выдаваны Вацлавасам Біржышкам часопіс «Bibliografijos žinios» («Бібліяграфічныя весткі») і гэтую працу працягваў да 1943 г. За 15 гадоў ён склаў і апрацаваў бібліяграфію 13 300 назваў кніг і іншых выданняў. Ён лічыўся адным з вядучых экспертаў у галіне бібліяграфічных апісанняў і класіфікацыі ў Літве. Ружанцоў быў укладальнікам бібліяграфічных паказальнікаў зместу для многіх перыядычных выданняў, якія выходзілі ў Коўне.
Супрацоўніцтва з літоўскімі газетамі
Адначасова А. Ружанцоў як аўтар супрацоўнічаў з перыядычнымі выданнямі «Karo Archivas», «Kardas», «Policija», «Savivaldybė», «Skautų Aidas», «Trimitas», «Lietuva», «Lietuvos Žinios».
Працы па гісторыі Коўна
У творчай спадчыне Аляксандра Ружанцова міжваеннага перыяду заўважнае месца займаюць працы па гісторыі Коўна XIX ст. Вывучэнне гэтай тэмы пачалося ў 1927 г., пасля таго як ковенскі бурмістр Ё. Вілейшыс дазволіў даследчыкам карыстацца фондамі гарадскога архіва і змяшчаць у друку гістарычныя матэрыялы. Ружанцоў апублікаваў больш за 30 артыкулаў у перыядычным друку і 2 кнігі («Коўна у паўстаннях 1831 і 1863—1864 гадоў» і «Пажары ў Коўна 1812 г.»), прысвечаныя гісторыі Коўна. Падрабязней бібліяграфію Ружанцова на тэму гісторыі Коўна XIX ст. раскрывае Рута Павілёнітэ ў працы «Коўна XIX ст. у працах Аляксандра Ружанцова». Даследуючы архівы Ковенскай мэрыі, Ружанцоў не выкарыстоўваў адмысловых метадаў. Частка яго артыкулаў — гэта публікацыя гістарычных крыніц на мове арыгіналу. Ружанцоў не ставіў сабе за мэту выканаць грунтоўную манаграфію пра жыццё Коўна XIX ст. Аб’ектамі яго архіўных пошукаў былі наступныя тэмы: «Коўнаўчасы вайны 1812 г.», «Антырасійскія паўстанні 1831 і 1863—1864 г.», «Гісторыя пажарнай справы» і жыццё ковенскай яўрэйскай грамады.
Remove ads
Прозвішча Ружанцова
Характэрныя для пасляваенных літоўскіх біяграфій сцвярджэнні, што Ружанцоў «змяніў сваё прозвішча, каб яно набыло больш „беларускае“ гучанне — Ружанец», не адпавядаюць рэальнасці. Ва ўсіх літоўскіх афіцыйных дакументах 1920-1930-х гадах ён фігуруе як Ružancovas, што адпавядала тагачаснай практыцы літоўскіх уладаў дадаваць да нелітоўскіх імёнаў і прозвішчаў канчаткі -ас / -іс / -ус, каб носьбітам літоўскай мовы было лягчэй змяняць іх па склонах. Гэта не сведчыць пра нейкае татальнае жаданне ціхім прымусам літуанізаваць насельніцтва, бо ў 20-я г. XX ст. у Літве існавала і адваротная практыка пры перакладзе на славянскія адкідаць канчаткі назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду ў літоўскіх імёнах уласных. Напрыклад, прозвішча дзеяча літоўскага адраджэння Basanavičius станавілася Басановіч.

Інфармацыю пра прозвішча Ружанцова можна прачытаць у мемуарах Стасіса Раштыкіса «Падзеі і людзі»: «Былы загадчык вайсковай бібліятэкі маёр Аляксандр Ружанцоў ужо ў эміграцыі змяніў сваё прозвішча на Ружанец». У прыватным ліставанні маёр літоўскага войска ў подпісе даволі часта выкарыстоўваў апрача свайго прозвішча прыдомак Ружанец, што магло збіць з толку яго біёграфаў. Тэму гіпатэтычнай замены прозвішча закрывае дакумент з назвай «Звесткі пра грамадзян, атрымаўшых грамадзянства Літвы ад 25 мая 1928 г. да 23 верасня 1931 г.», які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы. У гэтым дакуменце зафіксавана, што маёр літоўскага войска, бібліятэкар Аляксандр Ружанцоў (Aleksandras Ružancovas) 1893 года нараджэння, беларус па нацыянальнасці, прыняў разам з жонкай Наталляй і дачкой Верай 28 мая 1929 года літоўскае грамадзянства.
Памяць
Аляксандр Ружанцоў — адзін з удзельнікаў беларуска-літоўскага міжкультурнага дыялогу ў першай палове XX ст., быў персонай нон-грата на старонках кніг выдадзеных у БССР кніг.
У 1971 годзе ў Малой Літоўскай Энцыклапедыі з’явіўся артыкул (сціслая біяграфія з бібліяграфічнай даведкай), прысвечаны Аляксандру Ружанцову. У 1980 годзе, у перыёдыку Віленскага ўніверсітэта «Knygotyra», які спецыялізуецца на праблемах бібліяграфіі і кнігазнаўства, быў апублікаваны артыкул Ляваса Уладзіміроваса (1912—1999) «Шляхамі і ілжэшляхамі жыцця і бібліяграфіі», у якім можна пазнаёміцца з біяграфіяй і асноўнымі працамі Аляксандра Ружанцова. Ружанцоў быў аўтарам часопіса «Крывіч».
Вяртанне Аляксандра Ружанцова ў беларускі кантэкст адбылося ў 1989 годзе дзякуючы публікацыі Алеся Бяляцкага ў зборніку «Тутэйшыя». Пазней Бяляцкім падрыхтаваны да публікацыі вершы, а таксама праца Ружанцова "Беларускія войскі ў Літве 1918—1920″.
Біяграфічны нарыс, напісаны Вітаўтам Тумашам, прысвечаны 60-годдзю Аляксандра Ружанцова, апублікаваны ў «Запісах» Беларускага інстытута навукі і мастацтва.
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads