Барыс Альхіўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Барыс Юльянавіч Альхіўскі (укр. Борис Юліанович Ольхівський) (29 ліпеня 1906, Малыя Шчытнікі, Брэсцкі павет — 1944, Жагань, Любушскае ваяводства) — украінскі пісьменнік, журналіст, этнограф[1][2].
Remove ads
Біяграфія
Дзед і бацька пісьменніка былі святарамі. У час Першай сусветнай вайны сям’я перажыла прымусовую эвакуацыю ў Расію. Два гады Барыс вучыўся ў ХІ дзяржаўнай гімназіі ў Маскве, пасля вяртання на радзіму паступіў у 4 клас рускай прыватнай гімназіі Брэста. Відавочна, вучыўся ў адным класе з іншым будучым пісьменнікам Андрэем Крыжаніўскім, чый бацька кіраваў украінскім таварыствам “Просвіта на Поліссі”. Вучоба ў гімназіі і знаёмства з “Просвітай” адыгралі ключавую ролю ў жыцці Альхіўскага. Сядзіба таварыства знаходзілася ў двары гімназіі, у дамку, які арэндавалі ў Свята-Мікалаеўскай царквы:
“Пасля заняткаў моладзь, асабліва вучні 7-х і 8-х класаў, збіралася «на закурку» ў чытальнай зале Украінскай Прасвіты. Яна знаходзілася ў суседнім будынку ў агароджы Св. Мікалаеўскай брацкай царквы, тамсама, дзе і гімназія. Заходзячы хаця б «на закурку» ў Прасвіту, вучні адразу апыналіся ў іншай атмасферы. Лунала ўкраінская мова. Увагу зацікаўленай моладзі прыцягвалі розныя ўкраінскія часопісы. Была ў Прасвіце і немалая ўкраінская бібліятэка, з якой вучням рускай гімназіі з ахвотай выдавалі кнігі. Так як сцены гімназіі былі ўпрыгожаны партрэтамі Пушкіна, Чэхава і Талстога, ну, вядома, і Міцкевіча са Славацкім, так сцены Прасвіты былі ўпрыгожаныя партрэтамі Шаўчэнкі, Франка, Лесі Украінкі і іншых. Над усімі дамінаваў вялікі партрэт вусатага Алексы Старажэнкі, украінскага пісьменніка, былога маршалка берасцейскай шляхты. Некаторыя ўкраінцы і сябры Прасвіты займалі пасады ў рускай гімназіі. Доктар В. Дмітрыюк выкладаў гігіену, С. Хруцкі некаторы час выкладаў гісторыю і Каральчук — фізкультуру»[3].
У 1926–1930 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, спярша на гуманітарным, затым на юрыдычным факультэце. Удзельнічаў у Саюзе ўкраінскіх студэнтаў, які падтрымліваў сяброўскія сувязі са студэнтамі-беларусамі і літоўцамі. Пры саюзе дзейнічаў беларуска-ўкраінскі хор пад кіраўніцтвам Юльяна Фарэмнага. З саюзам быў звязаны іншы ўкраінскі пісьменнік з Берасцейшчыны Фёдар Одрач.
Remove ads
Творчасць
Барыс Альхіўскі пачаў друкавацца падчас вучобы ў Віленскім універсітэце, адной з першых публікацый стаў артыкул у львоўскай газеце “Діло” пра вечарыну памяці Івана Луцкевіча ў дзясятую гадавіну яго смерці.
Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта Альхіўскі жыў у Варшаве і, імаверна, вучыўся ў Варшаўскім універсітэце.
“І калі ў Варшаве, у асяроддзі ўкраінскай студэнцкай моладзі ў 1930 годзе з'явіўся малады чалавек з выразным худым тварам, бліскучымі вачыма, далікатнай фігурай, ён не быў чалавекам выразных мэтаў і роўнага творчага шляху. Скончыўшы філасофскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, Альхіўскі напісаў крышталёва чыстую брашуру «Вільний Нарід», дзе з вялікім талентам сінтэтыка акрэслівае лініі развіцця палітычнай гісторыі ўкраінскага народа”, — пісалі ў некралогу.
Кніга артыкулаў, эсэяў, рэцэнзій «Вільний нарід» выйшла ў 1937 годзе. Многія публікацыі прысвяціў роднаму рэгіёну («Вітер у нетрях», «На північних землях», «Холм», «Полісся і Волинь»), украінскай гісторыі, палемізаваў з польскімі аўтарамі.
Падчас жыцця ў Варшаве быў сурэдактарам украінскага часопіса «Ми», вакол якога гуртаваліся прыхільнікі Украінскай Народнай Рэспублікі (выдаваў разам з сябрам па брэсцкай гімназіі Андрыем Крыжаніўскім); сурэдактарам кніжнай серыі «Бібліотека українського державника»; рэдактарам «Трибуни молодих» — дадатку да парыжскай газеты «Тризуб». Пісаў для львоўскіх выданняў “Діло”, “Назустріч” і інш.
У пачатку 1930-х гадоў заняўся археалогіяй і археаграфіяй, стаўшы супрацоўнікам Архіва гісторыі уніі мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага. Асноўнай мэтай архіва, арганізаванага ў 1928 годзе ў Львове, было захаванне помнікаў “рускіх зямель” — Украіны і Беларусі — і збор матэрыялаў па гісторыі праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў. Разам з дырэктарам архіва Іванам Шэндрыкам Барыс Альхіўскі наведваў цэрквы і археалагічныя помнікі Заходняй Беларусі, Холмшчыны, Падляшша, Валыні.
Сяброў з тых мясцін, куды ехаў, прасіў пра рэкамендацыйныя лісты: “Дарагі сябар! Сімпатычнаму прад’явіцелю гэтага дапамажыце пабадзяцца па вашым раёне. Пазнаёмце яго з суседзямі-святарамі. Гэты хлопец (магістр права, багаслоў і археолаг) закаханы ў нашу даўніну”.
У 1933 годзе Альхіўскі прывёз у Львоў з Чэрска Брэсцкага павета ікону “Распяцце з прадстаячымі” першай паловы XV стагоддзя. У цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны захоўваюцца дакументы 1752—1880 гадоў з цэркваў Клецка, а таксама архіў клецкага протаіярэя Іаана Туміловіча. Гэта стала магчымым, бо бацька Альхіўскага ў 1930-я гады быў святаром у Клецку.
“У г. Клецку Нясвіжскага павету я закупіў у гандляра, які развозіў іконы і крыжыкі па ўсім павеце, абраз-алеяграфію Ісуса Хрыста на паперы, налепленай на дошку, з фольгавай “рызай” у раме пад шклом”[4]. “У чэрвені 1931 года, падчас экскурсіі па Палессі, я выехаў з Дарагічына Палескага ў горад Хомск, дзе знайшоў селяніна з Горбаўкі, які абавязаўся адвезці мяне. Па дарозе я распытаў яго пра старажытнасці. Да вайны ён быў настаўнікам у Здзітаве, збіраў, што мог. Ён даваў дзецям цукар у абмен на каменныя сякеры і малаткі. Селянін, які мяне забраў, падчас камасацыі зямель выбраў хутар у «археалагічным пяску» каля Горбаўкі. Нядаўна ён пабудаваў дом, сабраў каля свайго новага дома каля дзесяці фунтаў крэмянёвага «камення» і замураваў печы пад печ. У Здзітаве і Горбаўцы ўсе робяць гэта, «каб скарынка хлеба была смачнейшай». Начаваўшы ў таго ж селяніна-гаспадара, я пазычыў яго кошык і некалькі гадзін збіраў крэмень і кераміку”[4].
У пачатку нацысцкай акупацыі працаваў выкладчыкам украінскай гісторыі ва ўкраінскай гімназіі Хэлма, супрацоўнічаў са львоўскім літаратурна-мастацкім часопісам «Наші Дні», ровенскай газетай «Волинь», берлінскай газетай «Нова Доба». Быў кіраўніком украінскага аддзела радыёстанцыі ў Белгарадзе. Уступіў у дывізію “Галічына”, неўзабаве захварэў і памёр у вайсковым шпіталі ў Жагані на захадзе Польшчы.
Remove ads
Сям’я
Дзед — Пятро Іванавіч, нарадзіўся ў Смаленскай губерні, скончыў Смаленскую духоўную семінарыю, працаваў настаўнікам народнага вучылішча ў Каменцы Брэсцкага павета, з 1880 года — святар сяла Матыкалы, у 1903-1915 — святар сяла Вельямовічы Брэсцкага павета[5].
Бацька – Юльян Пятровіч, нарадзіўся ў Матыкалах Брэсцкага павета, скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю. Быў псаломшчыкам Грушаўскай царквы Кобрынскага павета, настаўнікам Матыкальскага народнага вучылішча і псаломшчыкам мясцовай царквы. З 1904 года — святар царквы ў Малых Шчытніках, з 1914 года — святар царквы ў Брашавічах Кобрынскага павета, Антопалі Драгічынскага павета. З 1924 года — святар Пакроўскай царквы Клецка, з 1934 года — Дзярэчына. У гады вайны жыў у Слоніме, у 1944 годзе эміграваў. Беларускі мемуарыст Барыс Данілюк характарызаваў Юліяна Альхіўскага як расійскага манархіста, чарнасоценца і «беларусаеда»[5].
Маці — Анісія Ігнатаўна Шырынская, дачка святара Бародзіцкай царквы Кобрынскага павета.
Сястра — Марыя Волкава, перад вайной працавала настаўніцай у Востраве Зэльвенскага раёна, эмігравала разам з бацькам.
Брат — Сцяпан, вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Югаславіі, пасля вайны жыў з бацькам у Патэрсане (ЗША).
Жонка — Марыя Бекман. Шлюб доўжыўся з 1934 да 1938 года[6]. У дзённіку Альхіўскі піша: “Трашчыць мой шлюб — жорсткі крызіс… Дапамажы мне, Госпадзе, вытрымаць боль, які не па сілах! Ужо дзесяць дзён кашмару… 27 кастрычніка мяне пакінула жонка. … Мая жонка, з якой я пражыў 5 гадоў, любімая, дарагая Марусечка з Бекманаў Альхіўска (у будучыні Петрашкова), адыграла ў маім жыцці вялікую станоўчую ролю. Дагэтуль яна мне дапамагала, а далей… Госпадзе Божа. Гэта блюзнерства… [словы расплываюцца]”[7].
Творы
- Борис Ольхівський. З білоруського нац. відродження. Свято в честь Івана Луцкевича у Вильні
- Борис Ольхівський. Вітер у нетрях (з подорожного нотатника)
- Борис Ольхівський. Вільний нарід
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads