Электрамагнітнае выпраменьванне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Электрамагні́тныя хва́лі (ці электрамагні́тнае выпраме́ньванне) — узбурэнні (ваганні) электрамагнітнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю (гл. фазавая скорасць).
Электрамагнітнае выпраменьванне | |
---|---|
Першаадкрывальнік | Генрых Герц[1] |
Дата адкрыцця | 13 лістапада 1886[1] |
Аб’яднанне | спіс у кваліфікатарах[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Існаванне электрамагнітных хваль прадказаў М. Фарадэй у 1832, Дж. К. Максвел у 1865 тэарэтычна даказаў, што электрамагнітныя ваганні распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла, а Г. Герц у 1888 эксперыментальна пацвердзіў іх існаванне.
Электрамагнітныя хвалі, акрамя некаторых спецыяльных выпадкаў, — папярочныя хвалі[ru]: у кожным пункце поля электрамагнітнай хвалі вектары напружанасці электрычнага поля і магнітнай індукцыі узаемаперпендыкулярныя, і плоскасці іх ваганняў перпендыкулярныя да напрамку скорасці іх распаўсюджвання.
Скорасць распаўсюджання электрамагнітных хваль (скорасць святла) залежыць ад асяроддзя. У вакууме яна складае 299 792 458 м/с.
Заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання электрамагнітных хваль апісваюцца ўраўненнямі Максвела.
Найважнейшай характарыстыкай электрамагнітнага выпрамянення з’яўляецца яго частата. У залежнасці ад частаты ваганняў (або даўжыні хвалі ў вакууме) адрозніваюць: аптычнае выпрамяненне, гама-выпрамяненне, радыёхвалі і інш. (гл. шкала электрамагнітных хваль).
Перанос энергіі электрамагнітнай хвалі характарызуецца вектарам Пойнтынга[ru].
На мяжы падзелу двух асяроддзяў адбываецца адбіццё і пераламленне электрамагнітных хваль, а пры іх распаўсюджванні ў асяроддзі магчымы з’явы дысперсіі, дыфракцыі, інтэрферэнцыі, а таксама паглынання і рассеяння хваль.