Электрычны ланцуг
From Wikipedia, the free encyclopedia
Электрычны ланцуг — сукупнасць электронных кампанентаў, якія ўтвараюць шлях для працякання электрычнага току. Гэтымі кампанентамі выступаюць розныя фізічныя прылады, якімі могуць быць батарэі, рэзістары, шпулі індуктыўнасці і іншае. Кожны з іх мае пэўныя параметры і функцыі, праз што электрамагнітныя працэсы ў электрычным ланцугу могуць быць апісаны з дапамогай паняццяў сіла току і напружанне.
Кампаненты электрычнага ланцугу можна падзяліць на актыўныя і пасіўныя. Першыя, як напрыклад батарэі і генератары, дадаюць энергію ў ланцуг, а другія, як напрыклад рэзістар і кандэнсатар, яе спажываюць.
Асноўная форма ўяўлення электрычных ланцугоў — графічная, з дапамогай умоўных знакаў, якую называюць электрычнай схемай (малюнак 1).
Пры фізіка-матэматычным аналізе электрычных ланцугоў карыстаюцца іх ідэалізаваным мадэлямі, што называюцца эквівалентнымі электрычнымі ланцугамі. Гэтыя мадэлі ствараюцца з электронных элементаў — ідэалізаваных мадэлей электронных кампанентаў. Патрэбнасць у гэтым вынікае з таго, што рэальныя электрычныя ланцугі адчуваюць на сябе знешнія ўздзеянні, якія прыводзяць да адхіленняў. Такім чынам, усе знешнія ўздзеянні, калі яны не апісаны, у эквівалентных ланцугах прымаюцца роўнымі нулю.