былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Пло́скае[1] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Плоскае | |
Першыя згадкі: | 1581 год |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Стралічаўскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°47′20.6″ пн. ш. 30°4′14.9″ у. д. |
Плоскае на мапе Беларусі Плоскае |
Селішча Плоскае, прыналежнае да Астраглядаўскага маёнтку кіеўскага падкаморага пана Шчаснага Харлінскага, ці не ўпершыню згадана ў датаваным 13 днём сакавіка 1581 году дакумэнце, у якім паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца Ш. Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[2]. Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на той жа 1581 год, з аднага дыму жыхара Плоскага асаднага селяніна выбіралася 15 грошаў падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяд Плоскае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі; пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].
12 днём чэрвеня 1591 году пазначаны дэкрэт Кіеўскага суда ў справе падкаморага Ш. Харлінскага з князямі Аляксандрам, старостам чаркаскім і канеўскім, Міхаілам і Юрыем Вішнявецкімі аб забраньні грунтоў у Астраглядавічах, Плоскім, Варатцы, Багушах і далучэнні іх да замку і места Брагіня. Таксама выстаўлена сума нанесенай шкоды ў 40 000 коп грошаў. 12 ліпеня 1599 году пан Ш. Харлінскі падаў пратэст супраць кіеўскага кашталяна князя Міхаіла Вішнявецкага з прычыны гвалтоўнага наезду колькіх сотняў яго ўзброеных падданых з розных сёл брагінскіх на дзедзічныя ўладаньні астраглядаўскія Плоскае і Багушы, за зьбіцьццё і скалечаньне людзей, за рабаўніцтвы[5].
20 чэрвеня 1600 году пан Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Плоскае і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[6]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Плоскае, Паселічы, Малішаў[lower-alpha 1][7]
8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[lower-alpha 2] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (разам з Плоскім) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасьня 1631 — 26 студзеня 1632 году пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтку Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[lower-alpha 3] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку таксама названа Плоскае[8].
У тарыфе 1754 году паведамляецца, што з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) вёскі Плоскае, прыналежнай да Хвойніцкіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 злотыя і 24 грошы[9].
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Плоскае — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 года 15 двароў вёскі Плоскае з 71 душой мужчынскага і 61 жаночага полу сялян трымаў у трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар шамбэлян Ян Ястржэмбскі[11].
На 1850 год, паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у паселішчы налічвалася 12 двароў, 77 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 78 жыхароў вёскі Плоскае зьяўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Свята-Троіцкай царквы[12].
У парэформавы пэрыяд Плоскае — у складзе Мікуліцкай воласьці. У пачатку 1870 года тут — 33 мужчыны-гаспадара зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Плоскаўскага сельскага таварыства[13]. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 гады, Плоскае заставалася ў прыходзе Троіцкай царквы[14]. Згодна зь перапісам 1897 году, 23 двары, 133 жыхары, працаваў вятрак. На 1909 год у Плоскім налічвалася 90 двароў, 689 жыхароў[15].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Плоскае ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[16].
21 верасьня 2010 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[17].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.