Алексус Грынкевіч
генэрал ЗША беларускага паходжаньня From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Алексус Рыгоравіч Грынкевіч (нар. 1971, ЗША) — амэрыканскі вайскавод беларускага паходжаньня.
21-ы вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе (ВСКЭ) і 20-ы камандзір Эўрапейскага камандаваньня ЗША ад 2025 году. Камандзір 9-й паветранай арміі (Паўднёвая Караліна, 2022—2024), на чале якой загадваў ударамі па іранскіх групоўках на Блізкім Усходзе. Камандзір 9-й паветрана-экспэдыцыйнай групы ў Кувэйце (2019—2020), на чале якой браў удзел у апэрацыі «Непахісная рашучасьць» супраць Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту. Магістар навук (2010).
Remove ads
Паходжаньне
Прадзед Алексуса Грынкевіча — Ільля Сьцяпанавіч Грынкевіч — нарадзіўся ў 1873 годзе ў Менску (Паўночна-Заходні край) ў беларускай сям’і Сьцяпана і Агаты Грынкевічаў. У 1899 годзе Ільля Грынкевіч прыехаў у ЗША на заробкі. Ён належаў да пачатку хвалі беларускіх перасяленцаў 1899—1908 гадоў, якая налічвала звыш 60 000 чалавек. 7 кастрычніка 1906 году Ільля Грынкевіч ажаніўся з 22-гадовай Настасьсяй Адамаўнай Сьнігірэвіч (1884—1945), якая нарадзілася ў Вільні і прыехала ў Новы Ёрк у 1901 годзе. Вянчаньне адбылося ў саборы Міколы Цудатворцы на Мангэтане, які быў галоўным храмам Расейскай праваслаўнай царквы ў ЗША. Адным са сьведкаў шлюбу быў Фёдар Лях. На час перапісу насельніцтва ЗША 1920 году Грынкевічы з 4-ма дзецьмі жылі ў Брукліне і працавалі ў гасьцініцы. Адным зь іх дзяцей быў Мікалай Ільліч Грынкевіч (1915—1969), які быў дзедам Алексуса Грынкевіча. Бацька Алексуса Грынкевіча — доктар мэталаарганічнай хіміі Рыгор Мікалаевіч Грынкевіч (1949, Балтымар, штат Мэрылэнд — 2012, Гілбэрт, штат Арызона) — быў навукоўцам, які запатэнтаваў 14 вынаходак у галіне ўдасканаленьня прадукцыйнасьці і вытворчасьці паўправаднікоў[2].
Remove ads
Кар’ера
У 1993 годзе скончыў Акадэмію Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў штаце Каларада. Пры гэтым атрымаў ступеню бакаляўра навук у вайсковай гісторыі і вайсковую годнасьць другога лейтэнанта. У 1994 годзе атрымаў ступеню магістра мастацтва ў гісторыі ва Ўнівэрсытэце Джорджыі ў Атэнсе. Ад верасьня 1994 году па жнівень 1996 году праходзіў падрыхтоўку пілётам на авіябазах Вэнс у штаце Аклагома і Люк у штаце Арызона.
Ад верасьня 1996 году па ліпень 1999 году быў пілётам зьнішчальніка Ф-16 «Баявы сокал» і начальнікам падрыхтоўкі 18-й зьнішчальнай эскадрыльлі на авіябазе Эельсан на Алясцы. У 1997 годзе навучаўся ў эскадрыльна-афіцэрскай школе. Ад жніўня 1999 году па сьнежань 2001 году займаў пасаду пілёта-інструктара, камандзіра палётаў і ацэншчыка ў 421-й зьнішчальнай эскадрыльлі на авіябазе Хіл у штаце Юта. Ад студеня 2002 году па студзень 2003 году быў пілётам-інструктарам Ф-16Ц і начальнікам узбраеньня 80-й зьнішчальнай эскадрыльлі на авіябазе Кунсан у Паўднёвай Карэі[2].
У 2003 годзе прайшоў навучаньне ў Паветраным камандна-штабным каледжы (ПКШК) ў штаце Алабама. У лютым 2003 году стаў пілётам-інструктарам выпрабаваньня і ацэнкі Ф-16Ц і Ф-22А «Драпежнік» 422-й выпрабавальна-ацэнкавай эскадрыльлі на авіябазе Нэліс у штаце Нэвада. Затым тамсама заняў пасаду начальніка ацэнкі Ф-22А 53-й выпрабавальна-ацэнкавай групы і кіраўніка апэрацыяў 59-й выпрабавальна-ацэнкавай эскадрыльлі. За час працы пілётам дасягнуў узроўня камандзіра пры больш як 2300 гадзінах налёту[2].
У верасьні 2005 году пачаў навучаньне ў Вайскова-марской пасьлядыплёмнай школе (МВПШ) ў Каліфорніі, якую скончыў у 2006 годзе. У 2006 годзе прайшоў падрыхтоўку ў Вайскова-паветраным каледжы (ВПК) ў штаце Алабама. Ад студзеня па сьнежань 2007 году працаваў у Паветрана-баявым камандаваньні (ПБК) на авіябазе Лэнглі ў штаце Вірджынія. Ад студзеня 2008 году па чэрвень 2009 году быў камандзірам 49-й эскадрыльлі апэрацыйнага забесьпячэньня на авіябазе Холаман у штаце Нью-Мэксыка. Пасьля гэтага навучаўся ў Аб’яднана-перадавой баявой школе Агульнавайсковага штабнога каледжу (АВШК) ў Норфалку (штат Вірджынія), дзе ў 2010 годзе атрымаў ступеню магістра навук.
Ад ліпеня 2010 году па травень 2012 году працаваў у штабе Эўрапейскага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША ў Штутгарце (Нямеччына), у тым ліку ў якасьці начальніка аддзелу плянаваньня. Ад чэрвеня 2012 году быў намесьнікам камандзіра 57-га крыла на авіябазе Нэліс, а ад траўня 2013 году — камандзірам 53-га крыла на авіябазе Эглін у штаце Флорыда. У чэрвені 2015 году атрымаў прызначэньне начальнікам аддзелу інтэграцыі стратэгічнага плянаваньня Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Пэнтагоне (акруга Арлінгтан, штат Вірджынія). У чэрвені 2016 году стаў намесьнікам кіраўніка па апэрацыях 3-й апэрацыйнай дружыны ў Камітэце начальнікаў штабоў (КНШ) ЗША, а затым — намесьнікам кіраўніка па сусьветных апэрацыях Управы апэрацыяў КНШ. Ад красавіка 2019 году па травень 2020 году займаў пасаду намесьніка камандзіра па апэрацыях Сумесна-аб’яднанай апэрацыйнай групы апэрацыі «Непахісная рашучасьць» супраць Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту, а таксама быў камандзірам 9-й паветрана-экспэдыцыйнай групы ў Кувэйце.
Ад чэрвеня 2020 году па чэрвеня 2022 году быў кіраўніком апэрацыяў Цэнтральнага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША ў Флорыдзе. Ад ліпеня 2022 году да красавіка 2024 году быў камандзірам 9-й паветранай арміі ў штаце Паўднёвая Караліна, на чале якой загадваў дзеяньнямі на Блізкім Усходзе, у тым ліку ўдарамі па іранскіх групоўках. У траўні 2024 году стаў кіраўніком апэрацыяў Камітэту начальнікаў штабоў ЗША[2]. 5 чэрвеня 2025 году амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп прызначыў Алексуса Грынкевіча камандзірам Эўрапейскага камандаваньня ЗША і вылучыў на пасаду вярхоўнага саюзнага камандзіра ў Эўропе (ВСКЭ), што ўхвалілі ўсе 32 дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (Бэльгія)[3].
Remove ads
Вайсковыя годнасьці
- Другі лейтэнант (2 чэрвеня 1993)
- Першы лейтэнант (2 чэрвеня 1995)
- Капітан (2 чэрвеня 1997)
- Маёр (1 жніўня 2003)
- Падпалкоўнік (1 верасьня 2007)
- Палкоўнік (1 верасьня 2011)
- Брыгадны генэрал (24 траўня 2017)
- Генэрал-маёр (1 сьнежня 2019)
- Генэрал-лейтэнант (21 ліпеня 2022)
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads