Генэральная акруга Валынь-Падольле
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Генэра́льная акру́га Валы́нь-Падо́льле (па-нямецку: Generalbezirk Wolhynien und Podolien, па-ўкраінску: Генеральна округа Волинь-Поділля) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Райхскамісарыяту Ўкраіна, створана нацысцкай Нямеччынай на частках акупаваных тэрыторыяў Украінскай ССР і Беларускай ССР. Цэнтар спачатку месьціўся ў Берасьці, пазьней — у Луцку.
Remove ads
Remove ads
Гісторыя
1 верасьня 1941 году а 12-й гадзіне дня была афіцыйна створана генэральная акруга Берасьце Літоўскі (па-нямецку: Generalbezirk Brest-Litowsk)[1]. Згодна з назвай, месцазнаходжаньнем генэральнага камісарыяту быў горад Берасьце Літоўскі. Генэральная акруга ўключала тэрыторыі перадваенных Ровенскай, Валынскай, Камянец-Падольскай, 6 паўночных раёнаў Тарнопальскай і 3 заходнія раёны (Барскі, Мураванакурылавецкі і часткова Магілёў-Падольскі раён) Віньніцкай вобласьці Украінскай ССР[2], а таксама паўднёвай часткі перадваенных Берасьцейскай і Пінскай абласьцей Беларускай ССР. Напачатку генэральная акруга падзялялася на 27, а потым 25 акругаў або гебітаў (па-нямецку: Kreisgebiet). 1 студзеня 1942 адбылося перайменаваньне генэральнай акругі Берасьце Літоўскі на генэральную акругу Валынь-Падольле. 19 чэрвеня 1942 адміністрацыйны цэнтар быў перанесены з Берасьця Літоўскага ў Луцак. 8 верасьня 1942 г. Берасьцейскі гарадзкі (па-нямецку: Kreisgebiet Brest-Litowsk-Stadt) і Берасьцейскі сельскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Brest-Litowsk-Land) аб’ядналіся ў адзін новы Берасьцейскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Brest Litowsk). 15 студзеня 1943 Ровенскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Rowno) і Здалбунаўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Sdolbunow) злучыліся ў адзін новы Ровенскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Rowno).
На тэрыторыі акругі ўзьнікла і актыўна ваявала Украінская паўстанчая армія, а на поўначы дзейнічала таксама савецкая партызанка.
Генэральная акруга Валынь-Падольле спыніла існаваньне ў выніку захопу Чырвонай Арміяй Луцку і Роўна 5 лютага 1944 году[1]. З канчатковым захопам савецкімі войскамі Райхскамісарыяту Ўкраіна ў лютым 1944 рэшткі тэрыторыі генэральнай акругі Валынь-Падольле (Берасьцейскі, Кобрынскі і Пінскі гебіты), якія яшчэ не пасьпела акупаваць Чырвоная Армія, былі ўключаны ў Генэральную акругу Беларусь, якая ўваходзіла ў склад Райхскамісарыяту Остлянд.
Remove ads
Геаграфія і дэмаграфія
Тэрыторыя генэральнай акругі неаднаразова перажывала зьмены. У 1942 годзе яе плошча складала 77 035 км², у 1943 — 80 507,99 км², у пачатку 1944 яе тэрыторыя паступова памяншалася. Па плошчы ў 1943 годзе яна займала першае месца ў райхскамісарыяце Ўкраіны, па колькасьці насельніцтва — другое (пасьля генэральнай акругі Кіеў)[3].
Паводле нацыянальнага складу насельніцтва пераважалі ўкраінцы (3 млн 500 тыс. чалавек ці 75%), палякаў было 460 тыс. (10,9%), габрэяў — 330 тыс. (7,8%), беларусаў — 280 тыс. (6,6%), расейцаў — 330 тыс. (7,8%), немцаў — 3 тыс. (0,07%).[3]
Remove ads
Кіраўніцтва
Генэральнай акругай кіравала нямецкая акупацыйная адміністрацыя — генэральны камісарыят. Кароткі час ён знаходзіўся ў Берасьці, пасьля — у Луцку. Першапачаткова генэральным камісарам Валыні-Падольля быў обэргрупэнфюрэр СА Гайнрых Шонэ зь Кенігсбергу. Ад кастрычніка 1942 г. абавязкі генэральнага камісара Валыні-Падольля выконваў генэральны камісар генэральнай акругі Жытомір Курт Клем. Таксама да генэральнага камісарыята ўваходзіў начальнік СС і паліцыі, ім зь 1 верасьня 1941 году быў брыгадэфюрэр СС Герэт Корзэман, зь 1 верасьня 1942 — брыгадэфюрэр СС Вільгельм Гюнтэр, а зь 10 лютага 1944 — обэрфюрэр СС Эрнст Хартман зь Пінску. Начальнік СС і паліцыі Валыні спачатку знаходзіўся ў Берасьцю Літоўскім, затым — ў Роўне (штаб ў Луцку)[1] .
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне
- Антанінскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Antoniny)
- Барскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Bar)
- Берасьцейскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Brest Litowsk)
- Дубенскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Dubno)
- Дунаявецкі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Dunajewzy)
- Гарохаўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Gorochow)
- Заслаўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Saslaw)
- Камянец-Падольскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Kamenez Podolsk)
- Камень-Кашырскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Kamen Kaschirsk)
- Кобрынскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Kobryn)
- Кастопальскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Kostopol)
- Ковельскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Kowel)
- Крэменецкі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Kremianez)
- Летычаўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Letitschew)
- Любамльскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Luboml)
- Луцкі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Luzk)
- Пінскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Pinsk)
- Праскураўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Proskurow)
- Ровенскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Rowno)
- Сарненскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Sarny)
- Стараканстантынаўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Staro Konstantonow)
- Столінскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Stolin)
- Уладзімер-Валынскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Wladimir Wolynsk)
- Шапятоўскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Schepetowka)
- Ярмалінецкі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Jarmolinzy)
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads