Джэймз Вэнс
палітык ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Джэймз Дэвід Вэнс (нар. 1984, Мідлтаўн, штат Агаё, ЗША) — амэрыканскі палітык.
50-ы віцэ-прэзыдэнт ЗША ад 2025 году. Сэнатар ЗША ад штата Агаё (2023—2025).
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся зь імем Джэймз Дональд Боўман. Пасьля разводу бацькоў яго і ягоную старэйшую сястру Ліндсі гадавалі дзед і бабуля па кудзелі Джэймз і Боні Вэнсы. Пасьля ўступленьня маці ў наступны шлюб атрымаў прозьвішча Хэмель па айчыму. У 2003 годзе скончыў сярэднюю школу і паступіў на вайсковую службу ў Корпус марской пяхоты ЗША. Працаваў вайсковым журналістам пры 2-м авіяцыйным крыле марской пяхоты ў штаце Паўночная Караліна. У 2005 годзе паўгады служыў на Ірацкай вайне. За час вайсковай службы атрымаў вайсковую годнасьць капрала і мэдалі за дасягненьні і адменныя паводзіны. У 2007 годзе паступіў у Агайскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (Каламбус), які скончыў у 2009 годзе са ступеняй бакаляўра мастацтва ў паліталёгіі і філязофіі з найвышэйшай пахвалой. У 2010 годзе паступіў у школу права Ельскага ўнівэрсытэту (штат Канэктыкут), дзе адначасна працаваў у «Ельскім прававым часопісе». У 2010—2011 гадох пісаў для вэб-бачыны «Фрум Форум». У красавіку 2013 году зьмяніў імя на Джэймз Дэвід Вэнс у гонар свайго дзеда па кудзелі, які яго выхоўваў. У траўні 2013 году атрымаў ступеню доктара права.
Пасьля дактарантуры працаваў на сэнатара Джона Корніна ад Рэспубліканскай партыі, які прадстаўляў Тэхас у Сэнаце ЗША. Затым год працаваў памагатым судзьдзі Дэвіда Банінга ў Судзе Ўсходняй акругі Кентукі (Лексынгтан). Затым перайшоў на працу карпаратыўным праўнікам у прадпрыемства «Сідлі-Остын» (штат Іліной). У 2016—2017 гадох працаваў у кіраўніцтве прадпрыемства «Мітрылавы капітал» праўніка-мільярдэра Пітэра Тыля ў Сан-Францыска (штат Каліфорнія). У чэрвені 2016 году нью-ёрскае выдавецтва «Харпэр» выпусьціла ягоныя ўспаміны пра сям'ю і культуру ў крызісе «Вясковая элегія», якія сталі хадавой кнігай 2016—2017 гадоў. Пасьля посьпеху кнігі пачаў пісаць у штодзёньнік «Нью-Ёрскі час». У 2017 годзе пачаў працаваць на інвэстыцыйным прадпрыемстве «Рэвалюцыя» ў Вашынгтоне, дзе адказваў за ўкладаньні ва ўнутраных штатах Амэрыкі. У 2017—2018 гадох быў аўтарам тэлеканалу «Сетка кабэльных навінаў» (штат Джорджыя). У 2019 годзе пры падтрымцы мільярдэраў Тыля, Эрыка Шміта і Марка Андрысэна сузаснаваў укладніцкае прадпрыемства «Нар'я капітал» у Цынцынаці (штат Агаё). У жніўні 2019 году прыняў хрышчэньне ў прыяраце сьвятой Гертруды ў Цынцынаці (штат Агаё). За 2020 год прыцягнуў у яго 93 млн даляраў. Разам з Тылем і былым прэзыдэнцкім дарадцам Дарэнам Блэнтанам уклаў у канадзкі відэахостынг «Рамбл» (правінцыя Антарыё). 11 лістапада 2020 году кінарэжысэр Рон Говард выпусьціў фільм «Вясковая элегія» паводле ягонай кнігі.
8 лістапада 2022 году перамог на выбарах у Сэнат ЗША ад штата Агаё ў якасьці вылучэнца ад Рэспубліканскай партыі. У Сэнаце браў удзел у Камітэце па банкаўскай, жыльлёвай і гарадзкой справах, а таксама ў Камітэце па гандлі, навуцы і перавозках. Быў суаўтарам 2-х законапраектаў, якія ўхвалілі Сэнат і Палата прадстаўнікоў ЗША, але заблякаваў прэзыдэнт Джозэф Байдэн. 15 ліпеня 2024 году на Рэспубліканскім нацыянальным зьезьдзе кандыдат у прэзыдэнты Дональд Трамп вылучыў яго віцэ-прэзыдэнтам на пераможных прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2024 году.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША
24 студзеня 2025 году падаў вырашальны голас у Сэнаце ЗША пры зацьвярджэньні Пітэра Хэгсэта міністрам абароны. 14 лютага 2025 году выступіў з прамовай на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы (Нямеччына). У сваёй прамове адзначыў, што яго турбавала «адступленьне Эўропы ад некаторых яе найбольш фундамэнтальных каштоўнасьцяў», якія яна заўсёды падзяляла са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Джэймз Вэнс прывёў прыклад скасаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі пастановай Канстытуцыйнага суду ад 6 сьнежня 2024 году. Таксама віцэ-прэзыдэнт ЗША раскрытыкаваў цэнзуру ў Сеціве, якую «падавалі як абарону дэмакратыі», і парушэньні свабоды сумленьня[1]:
![]() |
Я гляджу на Брусэль, дзе ў Эўракамісіі папярэджваюць грамадзянаў, што будуць адключаць сацыяльныя сеткі ў выпадку беспарадкаў, калі яны заўважаць «кантэнт, які распальвае варожасьць». Я гляджу на Нямеччыну, дзе паліцыя праводзіць рэйды супраць грамадзянаў, падазраваных у публікацыі антыфэміністычных камэнтаў у інтэрнэце. Я гляджу на Швэцыю, дзе 2 тыдні таму ўлады вынесьлі прысуд хрысьціянскаму актывісту за ўдзел у спальваньні Карана — за што перад гэтым забілі яго сябра. Тады судзьдзя халаднакроўна заявіў, што швэдзкія законы не даюць дазволу рабіць тое, што абражае перакананьні групы людзей.
...Трохі больш за 2 гады таму брытанскі ўрад абвінаваціў 51-гадовага Адама Сьміта Конэра ў агідным злачынстве: ён стаяў і моўчкі маліўся за 50 мэтраў ад клінікі, дзе рабілі аборты. Нікому не перашкаджаючы, ні з кім не размаўляючы, проста моўчкі молячыся ў адзіноце. Калі брытанскія праваахоўнікі заўважылі яго і спыталі, пра што ён моліцца, Адам адказаў проста: за свайго ненароджанага сына. Ягоная былая дзяўчына зрабіла аборт некалькі гадоў таму. Адама прызналі вінаватым у парушэньні закону, які крыміналізуе малітву і іншыя дзеяньні, што могуць паўплываць на рашэньне чалавека, за 200 мэтраў ад клінікі, дзе робяць аборты. Ён мусіў сплаціць 1000 фунтаў. ... У кастрычніку мінулага году, усяго некалькі месяцаў таму, шатляндзкі ўрад пачаў рассылаць лісты грамадзянам, чые дамы знаходзяцца ў так званых зонах бясьпечнага доступу, папярэджваючы іх, што нават прыватная малітва ва ўласным доме можа быць прыраўняная да парушэньня закону. І, вядома, урад заклікаў паведамляць пра падазраваных ва ўчыненьні «злачынства думкі» ў Брытаніі і па ўсёй Эўропе. |
![]() |
—Джэймз Вэнс, Мюнхэнская прамова віцэ-прэзыдэнта ЗША 14 лютага 2025 году |
Сярод іншага, на Мюнхэнскай канфэрэнцыі Вэнс адзначыў, што папярэдняя адміністрацыя Байдэна патрабавала ад сацыяльных сетак цэнзураваць паведамленьні пра відавочную ўцечку ўханьскага каронавірусу «зь біялябараторыі ў Кітаі». Таксама ён выкрыў абмежаваньне выказваньня меркаваньня на самім мерапрыемстве: «Арганізатары менавіта гэтай канфэрэнцыі забаранілі дэпутатам, якія прадстаўляюць папулісцкія партыі зь левага і правага флянгу, удзельнічаць у гэтай сустрэчы. Мы не абавязаныя згаджацца з усім, што кажуць гэтыя людзі. Але калі палітычныя лідэры прадстаўляюць частку электарату, мы, прынамсі, абавязаныя весьці зь імі дыялёг». У якасьці прычыны брытанскага выхаду з Эўразьвязу (Брытавыхаду) Вэнс згадаў ігнараваньне ўрадам таго, што «ніводзін выбаршчык у Эўропе не ішоў на выбары з жаданьнем адкрыць дзьверы мільёнам мігрантаў, не правяраючы іх». Урэшце, ён заявіў: «Ігнараваньне людзей або іх праблемаў, а тым больш закрыцьцё мэдыя, выбараў або выключэньне людзей з палітычнага працэсу — нічога не абараняе. Наадварот, гэта самы дакладны спосаб зьнішчыць дэмакратыю. Гаварыць і выказваць сваё меркаваньне — гэта не ўмяшаньне ў выбары. Нават калі гаворка ідзе пра погляды, што паходзяць з-за межаў вашай краіны»[1].
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads