Жаночая зборная Бэльгіі па баскетболе
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Жаночая зборная Бэльгіі па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Бэльгію на міжнародных баскетбольных турнірах. Кіруецца фэдэрацыяй баскетболу Бэльгіі. Упершыню каманда згуляла на буйным міжнародным турніры на чэмпіянаце Эўропы 1950 году.
Remove ads
Гісторыя
Каралеўская бэльгійская баскетбольная фэдэрацыя была заснаваная ў 1933 годзе. Празь некаторы час была сфармаваная жаночая зборная, якая кваліфікавалася на другі чэмпіянат Эўропы ў 1950 годзе, дзе бэльгійкі занялі восьмае месца пры дванаццаці ўдзельніках.

Пасьля дзесяцігадовай адсутнасьці каманда трапіла на чэмпіянаты Эўропы 1960 і 1962 гадоў, у двух выпадках фінішаваўшы толькі на перадапошнім дзясятым радку. Чакаць наступнага ўдзелу бэльгійкі мусілі некалькі гадоў, згуляўшы на чэмпіянаце Эўропы 1968 году. Спартоўкі перагулялі зборныя ФРН і Нідэрляндаў, але саступілі зборнай СССР, кваліфікаваўшыся ў фінальны раўнд. Пасьля гэтага, аж да канца стагодзьдзя, для бэльгійскіх баскетбалістак быў цяжкі час, бо за наступныя сямнаццаць чэмпіянатаў яны бралі ўдзел толькі ў чатырох зь ім, ды і там зборная Бэльгіі кожным разам фінішавала на апошнім або перадапошнім месцы.
На чэмпіянаце Эўропы 2003 году ў Грэцыі бэльгійкі ня толькі адабраліся на турнір, але і здолелі выйсьці з групы. У чвэрцьфінале спартоўкі зазналі паразу ад зборнай Чэхіі зь лікам 98:62, заняўшы агулам шостае месца на Эўра. Прапусьціўшы наступны чэмпіянат Эўропы, «бэльгійскія коткі» вярнуліся ў 2007 годзе, дзе занялі сёмае месца. Сапраўдны посьпех быў дасягнуты на на чэмпіянаце Эўропы 2017 году. Бэльгійкі здабылі перамогі ў трох матчах сваёй групы, выгуляўшы зборныя Чарнагорыі, Расеі і Латвіі, заняўшы першае месца і кваліфікаваўшыся ў чвэрцьфінал. У матчы на выбыцьцё зь лікам 79:66 была перагуляная зборная Італіі. Гэтая перамога дала гістарычнае прасоўваньне у паўфінал турніру ды дала мажлівасьць зборнай заявіцца на чэмпіянат сьвету 2018 году. У паўфінальным матчы спартоўкі з Бэльгіі сустрэліся з зборнай Гішпаніі, у выніку чаго перамогу зь лікам 68:52 атрымалі баскетбалісткі зь Пірэнэяў. У матчы за бронзавыя мэдалі перамогу сьвяткавала зборная Бэльгіі, якая перагуляла спартовак з зборнай Грэцыі. Матч скончыўся зь пераканаўчым лікам 72:45, а галоўнымі зоркамі ў тым матчы сярод бэльгіек былі Кім Мэстдаг (18 пунктаў, 5 падбораў), Ан Ваўтэрс (14 пунктаў, 8 падбораў) і Эма Мээсэман (15 пунктаў, 4 падборы). Гэта быў першы раз, калі Бэльгія ўзьнялася на п’едэстал на буйных жаночых ці мужчынскіх баскетбольных турнірах[1]. На чэмпіянаце Эўропы 2019 году бэльгійскія атлеткі трапілі ў чвэрцьфіналу, дзе ў авэртайме саступілі зборнай Францыі зь лікам 80:84[2].
Ачоленыя французам Рашыдам Мэзьянам, зборная згуляла на чэмпіянаце Эўропы 2023 году. На групавым этапе былі адоленыя зборныя Ізраілю (108:59) і Чэхіі (84:41). У апошнім матчы групавога этапу яны перамаглі італьянак зь лікам 72:64. У чвэрцьфінале на каманду трапілі дзейныя чэмпіёнкі з зборнай Сэрбіі. Тым ня менш, бэльгійкі здабылі ўпэўненую перамогу зь лікам 93:53, а Эма Мээсэман аформіла трыпл-дабл, першы ў гісторыі эўрапейскага баскетболу[3]. У паўфінале бэльгійкі сустрэліся з спартоўкамі з Францыяй. У напружаным матчы баскетбалісткі Бэльгіі перамаглі зь лікам 67:63 і ўпершыню кваліфікаваліся ў фінал эўрапейскага чэмпіянату. У перапынку фінальнага матчу супраць зборнай Гішпаніі бэльгійкі саступалі зь лікам 32:25, але ў апошняй чвэрці здолелі адгуляцца і здабыць свой першы тытул[4]. Мээсэман была названая найлепшай гульчыхай турніру і ўвайшла ў пяцёрку найлепшых гульчыхаў турніру поруч з Жулі Ванлёо і Жулі Алеман. На летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году зборная спынілася на чацьвертым месцы. У 2025 годзе зборная абараніла свой тытул чэмпіёнак Эўропы.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads