Марыя Косіч
Беларуская фальклярыстка і этнаграфістка From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мары́я Ко́січ, у дзявоцтве Ўладзі́мерава (1850, в. Расуха, Мглінскі павет Чарнігаўскай губэрні — 10 красавіка [ст. ст. 28 сакавіка] 1911, там жа) — беларуская фальклярыстка, этнографка, пісьменьніца і перакладніца.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Жыла ў маёнтку дзеда Г. М. Сілевіча каля вёскі Расухі сярод беларускага насельніцтва са своеасаблівымі этнаграфічнымі і моўнымі рысамі. Адукацыю атрымала ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З маленства палюбіла народныя песьні, прывязалася сэрцам да народу. Мела багатую бібліятэку. Ведала францускую мову[1].
Марыя Мікалаеўна ўзяла шлюб з вэтэрынарным урачом, але дзяцей ня мела. Узімку яна з мужам зьяжджала з Расухі ў Чарнігаў, дзе працавала ў рэдакцыі. Зямлю звычайна здавалі ў арэнду.
У 1911 року ў «Русской музыкальной газете» зьявіўся нэкралёг аб сьмерці Марыі Косіч. У 1917 ейны маёнтак і бібліятэка былі разрабаваныя мясцовымі сялянамі. Пахаваная ў Разрытаўскім манастыры (цяпер разбураны) за 6 км ад в. Расухі.
Remove ads
Дзейнасьць
Этнаграфічная

Ужо ў юнацтве пачала вывучаць фальклёр (у 60-я гг. стала дасьледаваць беларускую народную песьню). З 1897 р. пад уплывам вядомага ўкраінскага грамадзкага дзеяча Аляксандра Русава, які пасяліўся непадалёку, прыступіла да сыстэматычнага збору народных песень.
Аўтарка працы «Літвіны-беларусы Чарнігаўскай губэрні, іх побыт і песьні» (1901), прысьвечанай вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызавала жыцьцё і побыт сялянаў, іх вераваньні, паданьні, песьні, асаблівасьці гаворкі і сьпеваў. У 1906 р. надрукавала этнаграфічны артыкул «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губэрні». Гэтыя працы былі выкарыстаны ў сваёй рабоце беларускім мовазнаўцам Паўлам Растаргуевым[2].
Літаратурная
Ад этнаграфічна-фальклярыстычнай працы М. Косіч перайшла да ўласнай творчасьці на беларускай мове. У вершаваным творы «На перасяленьне: Расказ Цёткі Домны з Палесься» раскрыла характэрную асаблівасьць жыцьця беларускай парэформеннай вёскі — масавае перасяленьне безьзямельных і малазямельных сялянаў у Сыбір. Выдатнае веданьне вясковых рэалій і народнай мовы, шчырае спачуваньне народу дазволілі ёй намаляваць даволі яркія сцэны падрыхтоўкі сялянаў да перасяленьня, разьвітаньня з роднымі мясьцінамі.
![]() |
Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сыбіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.
Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія. Лецечкам сьвятым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца, і брусьніца, касьцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсьць там! Чорна ягада смародыня — і тая расьце па лугам. Ды што па вясьне, як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе, ня знайдзеш ній-дзе у цэлай акрузе. У нас крэпка душна улетку ня бывае. Ды што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе — люба! Пасканьні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песьню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на «паньскае», нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць![3]. |
![]() |
Адначасова яна працавала над «пералажэньнямі» баек Крылова на беларускую мову. Па сутнасьці, гэта былі не пераклады, а пераробкі-перапрацоўкі, творы ў многім самастойныя. Выклаўшы сюжэт байкі Крылова, Косіч пераходзіла потым на блізкія сытуацыі з бытавога і грамадзкага жыцьця роднай вёскі. У яе творах парушаны байкавы памер — вольны верш[4].
![]() |
Уздумаў Воўк у дарогу сабірацца Прыходзіць ён зь зязюляй папрашчацца — Не ноч мая тут, кажа, — жыць! Ну ды й народ! Вор на вару! Усё б ён біў ды грабіў; Хоць сам пан-чорт — І той яму б ня ўладзіў. Воўк і зязюля[5]. |
![]() |
У 1901 г. перадала рукапіс сваіх пералажэньняў 11 баек Крылова ў кіеўскую цэнзуру. Рукапіс разглядаўся ў Галоўным упраўленьні па справах друку, ва ўпраўленьні Віленскай навучальнай акругі. Рукапіс забаранілі, але нейкім чынам у 1903 року Марыі Мікалаеўне ўдалося выдаць сваю кнігу ў друкарні Чарнігаўскага земства.
У 1902 р. зьвярнулася да Льва Талстога з просьбай дазволіць ёй перакласьці на «беларускую гаворку» яго камэдыю «Першы вінакур, або як чарцянё акрайчык заслужыла». У якасьці ўзору мовы да пісьма былі прыкладзены пералажэньні баек Крылова «Лебедзь, рак і шчука» і народных песень «літвінаў-беларусаў». Л. Талстой даў згоду на пераклад, ягоны рукапіс М. Косіч накіравала ў віленскую цэнзуру, якая дазволу на друкаваньне камэдыі ня дала.
Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ўзяла на свой склад і прадавала кнігі Косіч[6].
Асобныя яе рукапісы і аўтографы зьберагаюцца ў сховішчах Менску, Кіеву, Масквы, Санкт-Пецярбургу. Невялікія творы альбо ўрыўкі зь іх некалькі разоў зьмяшчаліся ў разнастайных хрэстаматыях, але буйныя работы дагэтуль не перадрукаваныя.
Remove ads
Ацэнкі дзейнасьці
Яўхім Карскі ў сваёй рабоце «Беларусы» ацаніў Марыю Мікалаеўну наступным чынам: Гаворачы пра А. Ельскага, немагчыма не прыгадаць і дзейнасьць іншага народалюбца, зьвязанага з этнаграфічным вывучэньнем Чарнігаўскай Беларусі. Маю на ўвазе даволі вядомую дасьледчыцу М. М. Косіч, якая ў 1902 г. выпусьціла «Літвіны беларусы Чарнігаўскай губэрні, іх быт і песьні»… — даволі каштоўную этнаграфічную працу. З штучных твораў, якія належаць яе пяру і маюць на мэце асьвету народу, адзначым дзьве брашуры: 1. На піресялення. Расказ цёткі Домны з Палесься. Чарнігаў, 1903… К(ошт)10 к(ап). Верш пачынаецца з апісаньня вёскі і яе ваколіц. Апісваецца клімат, адлюстроўваецца мясцовае жыцьцё.
У вершы шмат пачуцьцяў, безумоўна праводзіцца добрая думка, але замала складу, не заўважна знаёмства з тэхнікай верша, яшчэ больш памылак друку, як і ў асноўнай этнаграфічнай рабоце аўтара, назва якой прыведзена вышэй.
2. У тым жа родзе, што датычыцца вершаў, і брашура «Пералажэньне некаторых баек Крылова на беларускае нарэчча». Чарн(ігаў). 1903… К(ошт)15 к(ап). Да перакладаў і пераробак часта далучаныя павучаньні і высновы, якія маюць злабадзённы мясцовы характар. У якасьці высновы аўтар закранае недахопы ў справах мясцовых грамадзкіх установаў[7].
Салідарызуецца з Карскім і беларускі літаратуразнавец Янка Казека: …«пералажэнні» М. Косіч, як і іншыя яе працы, ня страцілі сваёй этнаграфічнай цікавасьці. І ў «пералажэньнях» крылоўскіх баек ёсьць цікавыя дэталі этнаграфічнага характару; напісаны гэтыя творы з захаваньнем асаблівасьцей гаворкі беларускага насельніцтва былых Мглінскага і Сураскага паветаў (цяпер Бранскай вобласьці).
«Пералажэньні» Марыі Косіч у мастацкіх адносінах досыць прымітыўныя. Прыстасаваўшы крылоўскія байкі да тых ці іншых мясцовых здарэньняў, пісьменьніца зьбядніла і здрабніла іх зьмест, пазбавіла іх вострай грамадзкай накіраванасьці і сатырычнай сілы. …не магла наша літаратура, якая мела ўжо «Тараса на Парнасе», «Пінскую шляхту», «Дудку беларускую» і «Смык беларускі», лічыць гэтыя «пералажэньні» сваім значным здабыткам[8].
А вось ацэнка беларускім паэтам Нілам Гілевічам песеннага матэрыяла, сабранага беларускай «прагрэсіўнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай фальклярысткай»: 'Песенны матэрыял, сабраны Косіч, вельмі разнастайны ў жанравых і тэматычных адносінах. Абрадавая лірыка ахоплівае бадай што ўсе вядомыя этнаграфічныя рубрыкі. Шырока пададзена таксама сямейна-бытавая лірыка, салдацкія і рэкруцкія песьні («на прызывы»), баляды, розныя хлапечыя песьні, затым — гульнёвыя, турэмныя і гістарычныя («Пра Платона-казака»). Вельмі многа песень і прыпевак жартоўных, вясёлых — яны аб’яднаныя пад загалоўкам «Ігрышчы або вечарніцы».
З каляндарна-абрадавых песень хочацца адзначыць цудоўны варыянт папулярнай і сёньня купальскай песьні «Ой рана на Йвана».
![]() |
Ой рана на Йвана Проці Йвана ночка мала, Йдзе Купала начавала? Начавала ў чыстым полі У чыстым полі ў густом жыці Што Купала вячэрала? Вячэрала варэнікі Чым Купала запівала? Запівала гарэлачкай. [9]. |
![]() |
Такім чынам, большасьць дасьледчыкаў, высока ацэньваючы этнаграфічную частку яе працы, лічаць літаратурную творчасьць Марыі Мікалаеўны дастаткова аматарскай.
Remove ads
Дадатковыя зьвесткі
У 1909 року адна зь першых беларускіх перакладчыц Тэрэза Гардзялкоўская прасіла рэдакцыю «Нашай Нівы» выслаць ёй кнігі Марыі Косіч «На перасяленьне» і «Басьні Крылова на беларускую мову пераложанныя»[10].
Адзін зь піянэраў беларускага руху, Антон Луцкевіч, так напісаў пра яе:
![]() |
Вось жа, ня дзіва, што беларускі адраджэнскі рух у першыя гады свайго існаваньня налічвае ў сваіх радах дужа мала дзяўчат і кабет беларускіх. Праўда, ужо ў канцы 90-х гадоў мінулага сталецьця зьяўляюцца ў беларускай літаратуры першыя жаноцкія імёны, да якіх належыць, прыкладам, Марыя Косіч, аўтар этнаграфічных прац аб беларусах Чарнігаўшчыны і апавяданьняў, ды перакладчыца баек Крылова. але гэта яшчэ адзінкі — прадстаўніцы старэйшых інтэлігентных пакаленьняў, сярод якіх ніколі не заміраў нейкі асаблівы «сантымэнт» да беларушчыны | ![]() |
—Антон Луцкевіч, [11] |
Remove ads
Бібліяграфія
- Косич М. Н. На пирисяленьня. Рассказ тётки Домны из Полесья. Чернигов, 1903.
- Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. II, СПб, 1901, С. 221—260.
- Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. III—IV, СПб, 1901, С.1 — 88.
- Косич М. Н. О постройках белорусского крестьянина Черниговской губернии, Мглинского уезда: деревни Бородинки и Амелькина хутора // Живая старина. Вып. I, 1906, С. 74 — 93.
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads