Менскі маргарынавы завод
харчовае прадпрыемства Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Менскі маргарынавы завод» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1946 году.
На 2022 год быў найбуйнейшым алейнатлушчавым заводам Беларусі. Вырабляў алей, гарчыцу, кетчуп, маргарын, маянэз, соўс, кандытарскі тлушч і хрэн пад таварным знакам «Залатая кропля». Штодня вытворчасьць перавышала 130 тонаў вырабаў паводле 80 найменьняў[4].
Remove ads
Вырабы
На 2022 год «Менскі маргарынавы завод» выпускаў пад таварным знакам «Залатая кропля»:
- 6 найменьняў алею ў плястыкавых пляшках па 850 мілілітраў і 4,9 літры з тэрмінам прыдатнасьці 12 месяцаў, у тым ліку рафінаваны і нерафінаваны сланечнікавы, а таксама рафінаваныя рапсавы, рапсава-сланечнікавы, сланечнікава-аліўкавы і сланечнікава-кукурузны[5];
- 3 найменьні гарчыцы ў шкляных слоіках па 170 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 5 месяцаў[6];
- замяняльнік малочнага тлушчу тлустасьцю 99 % у палімэрных мяшках па 20 кг і з тэрмінам прыдатнасьці 12 месяцаў
- 5 найменьняў кетчупу ў пакунках ад 250 да 500 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 12 месяцаў[7];
- 8 найменьняў маргарыну ў пакунках па 230 грамаў або ў палімэрных мяшках па 20 кг з тэрмінам прыдатнасьці ад 45 да 360 дзён[8];
- 6 найменьняў маянэзу «Правансаль» тлустасьцю ад 20 да 67 % у пакунках ад 180 да 900 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці ад 60 да 120 дзён[9];
- 3 найменьні маянэзнага соўсу ў пакунках па 230 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 120 дзён[10];
- расьлінна-тлушчавы спрэд у пакунку па 200 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці 90 дзён[11];
- 5 найменьняў кандытарскага тлушчу тлустасьцю 98 % у плястыкавых бутэльках па 4,9 літры і палімэрных мяшках на 20 кг з тэрмінам прыдатнасьці ад 12 месяцаў да 450 дзён, калі з супрацьакісьляльнікам[12];
- 2 найменьні «Беларускага» сталовага хрэну ў шкляных слоіках па 170 грамаў і з тэрмінам прыдатнасьці ад 3-х да 4-х месяцаў[13];
- змазку для формаў у плястыкавых пляшках па 4,9 літры і з тэрмінам прыдатнасьці 18 месяцаў[14].
Remove ads
Мінуўшчына
14 верасьня 1946 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову аб заснаваньні «Менскага маргарынавага заводу». 17 красавіка 1951 году на прадпрыемстве вырабілі першы маргарын. У 1952 годзе вытворчасьць маргарыну дасягнула 8000 тонаў. У 1953 годзе запусьцілі маянэзны цэх. У 1970 годзе закупілі ангельскую аўтаматызаваную лінію вытворчасьці маргарыну ў дробнай расфасоўцы і бэльгійскую лінію безупыннай дэзадарацыі алею. У той год вырабілі 2500 тонаў маргарыну і 2300 тонаў маянэзу ў дробных пакунках. За 1970—1980 гады вытворчасьць маргарыну вырасла з 25 400 да 51 000 тонаў за год, а вытворчасьць маянэзу ўзрасла ў 2,4 разы. У 1990 годзе выпусьцілі 53 000 тонаў маргарыну і 4500 маянэзу 18 найменьняў[4].
30 сьнежня 1993 году завод пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства. Пасьля гэтага завод пераабсталявалі за кошт укладаньняў ад прадпрыемстваў Вугоршчыны, у тым ліку ўзьвялі 4-павярховы вытворчы корпус, халадзільны склад, падстанцыю, кампрэсарную халадзільню і водаачышчальныя збудаваньні. У 1996 годзе пачалі вырабляць рапсавы алей у плястыкавых пляшках. Пасьля 1998 годзе доля ўраду Беларусі ў «ММЗ» вырасла да 82 %. На 1999 год вытворчая магутнасьць складала 33 000 тонаў маргарыну і 9500 тонаў маянэзу за год. Сярод іншага выраблялі рапсавы і сланечнікавы алей, у тым ліку рафінаваны і нерафінаваны, а таксама кулінарны тлушч[15]. У 1999 годзе маянэз сталі расфасоўваць у поліэтыленавую плёнку і ўкаранілі лінію вытворчасьці маргарыну ў блёках па 20 кг прадукцыйнасьцю 30 тонаў за зьмену. У 2000 годзе вырабілі 5700 тонаў маргарыну і 5300 тонаў маянэзу. У 2003 годзе ўкаранілі вымарожваньне алею. У 2006 годзе набылі лінію разьліву алею прадукцыйнасьцю да 3000 пляшак за гадзіну. Таксама ў вытворчасьць дадалі аўтамат выдзіманьня плястыкавых пляшак[4].
У 2011 годзе ўсталявалі нямецкую лінію безупыннага рафінаваньня і ахалоджваньня тлушчу, пасьля чаго пачалі выпуск гарчыцы і хрэну ў шкляных слоіках, а таксама кетчупу. Таксама запусьцілі вытворчасьць сланечнікава-аліўкавага, сланечнікава-кукурузнага і рапсава-сланечнікавага алею[4]. У 2015 годзе вырабілі 7400 тонаў маргарыну, 6300 тонаў маянэзу, 3600 тонаў алею і 600 тонаў спрэду. У Беларусі прадалі 95 % вырабаў, а рэшту — у Расеі. Пры гэтым, 73 % вырабаў паставілі спажыўцам, а рэшту — харчовым прадпрыемствам. На «Менскі маргарынавы завод» прыпала 38 % беларускага рынку маргарыну і 27 % рынку маянэзу. Вытворчая магутнасьць прадпрыемства складала 13 700 тонаў маргарыну, 11 300 тонаў маянэзу і 7100 алею за год. У 2016 годзе запусьцілі лінію безупыннага дэзадараваньня алею з парагенэратарам высокага ціску. За 2021 год 38 % вытворчасьці склаў маргарын, 33 % — маянэз і 24 % — алей[1]. За мяжу вырабы пастаўлялі ў 6 краінаў Азіі — Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Кітай, Саудаўскую Арабію і Сынгапур, а таксама ў 9 краінаў Эўропы — Данію, Латвію, Летуву, Нідэрлянды, Польшчу, Расею, Сэрбію, Украіну і Эстонію[16].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads