Тамаграфія

паслойнае дасьледаваньне ўнутранай будовы прадмета з атрыманьнем адлюстраваньня яго асобных зрэзаў From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Тамагра́фія (грэц. τόμος + γράφω — частка + пішу) — паслойнае дасьледаваньне ўнутранай будовы прадмета з атрыманьнем адлюстраваньня яго асобных зрэзаў.

Віды: акустычная, лазэрная, магнітарэзананская (МРТ), пазытронна-эмісійная (ПЭТ) і рэнтгенаўская кампутарная (КТ). Выкарыстоўваецца ў дыягностыцы хваробаў костак і лёгкіх (іншароднае цела, кіста і пухліна), суставаў і сэрца[1].

Віды

  • Кампутарная (КТ). Атрыманьне здымкаў у выніку рэнтгенаўскага выпраменьваньня. Грунтуецца на рознай празрыстасьці розных тканак арганізма, у тым ліку касьцявой і храстковай. Робіцца шэраг рэнтгенаўскіх здымкаў з розных пазыцыяў. Тамограф складаецца з рухавай кушэткі, на якую кладзецца пацыент, і трубкі, якая падае і ловіць рэнтгенаўскія прамяні. Кампутар апрацоўвае і складае зьвесткі, якія ацэньвае лекар. Перадае стан костак пры вызначэньні касьцявых траўмаў і пашкоджаньняў. Вызначае памер сустава і сустаўнай шчыліны, якасьць сустаўных паверхняў і колькасьць сінавіяльнай вадкасьці ў сустаўнай сумцы. Выяўляе астэафіты, храстковыя разрастаньні і ацёк у суставе[2]. Дае паслойны малюнак органа больш дакладны за рэнтгенаграму, бо тамограф 10-кратна больш адчувальны за рэнтген-абсталяваньне[3]. Падзяляецца на 2 віды: без кантрасту (узмацненьня) і з канстрастам. Можа праводзіцца асобна для: галаўнога мозгу, грудной паражніны, тваравага чэрапа і хрыбетніка (груднога, паясьнічнага і шыйнага аддзелаў)[4]. Доза радыяцыі ў межах 0,01 грэя[5]. Першы здымак кісты ў мозгу пры дапамозе КТ зрабілі 1 кастрычніка 1971 году[6].
  • Магнітна-рэзанансная (МРТ). Працуе на аснове зьмяшчэньня пацыента ў магнітнае поле. Чуйнікі фіксуюць узьнікненьне рэзанансу атамаў вадароду падчас узьдзеяньня хвалямі на тканкі. Кампутар апрацоўвае перададзеныя зьвесткі і пераводзіць у чорна-белую выяву для тлумачэньня. Здымкі выконваюць паслойна для дакладнага вызначэньня хваратворных зьмяненьняў. Выяўляе такія мяккія тканкі, як храсткі і сустаўная капсула, сухажыльлі і цягліцы, зьвязкі і дыскі, мэніскі і сумкі, судзіны і рэпрадуктыўная сыстэма, галаўны і сьпінны мозаг[2]. Выдае малюнак на падставе электрамагнітных сыганалаў ад цела чалавека[3]. Займае 20—25 хвілінаў[7]. Упершыню МРТ грудзіны зрабілі 3 ліпеня 1977 году[6].
  • Пазытронна-эмісійная (ПЭТ). Выяўляе праявы хваробаў Альцгаймэра і Паркінсона, ракавае новаўтварэньне і зьмяненьне абмену рэчываў. Доза радыяцыі можа дасягаць 20 мілігрэяў[5]. Праводзіцца нашча. Дае зьвесткі на малекулярным узроўні, бо каляровы малюнак паказвае жвавасьць хімічных зьмяненьняў у арганізьме. Дазваляе адначасна дасьледаваць усе органы і выявіць раньнюю ступеню раку з пухлінай менш за 1 см. Займае 30—40 хвілінаў, бо радыяфармакалягічны сродак распадаецца на нерадыёактыўныя складнікі цягам гадзіны. Вынік ПЭТ даецца празь дзень пасьля сканаваньня[3]. Выкарыстоўваецца ў якасьці спосабу візуалізацыі мозга і іншых унутраных органаў, пры якім ў кроў уводзяць радыяфармакалягічны сродак. Упершыню праведзеная 16 жніўня 1976 году[6].
Remove ads

Беларусь

На люты 2014 году ў Менску кампутарную тамаграфію праводзілі 18 установаў: 6 гарадзкіх клінічных лякарняў — 2-я, 5-я, 6-я, 9-я, 10-я і 11-я; 5 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў (РНПЦ) — 1) анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі, 2) «Маці і дзіця», 3) нэўралёгіі і нэўрахірургіі, 4) пульманалёгіі і фтызіятрыі, 5) траўматалёгіі і артапэдыі; а таксама яшчэ 7 установаў — 38-я гарадзкая паліклініка, Гарадзкая клінічная лякарня хуткай мэдычнай дапамогі, Менская абласная клінічная лякарня, Менскі гарадзкі клінічны анкалягічны дыспансэр, Менскі кансультацыйны дыягнастычны цэнтар, Мэдычна-санітарная частка ААТ «Менскі аўтамабільны завод» і Рэспубліканскі клінічны мэдычны цэнтар. Таксама ў Аксакаўшчыне КТ рабіла Рэспубліканская клінічная лякарня мэдычнай рэабілітацыі (РКЛМР). Магнітна-рэзанансную тамаграфію (МРТ) выконвалі РКЛМР у Аксакаўшчыне і 13 установаў Менску, у тым ліку 3 гарадзкія клінічныя лякарні (№ 2, 5 і 6) і 4 РНПЦ, а таксама мэдычныя цэнтры «Авіцэна» і «Менскага трактарнага заводу»[2]. 7 кастрычніка 2015 году ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі адкрылі Рэспубліканскі цэнтар пазытронна-эмісійнай тамаграфіі[8].

У жніўні 2020 году кампутарныя тамографы ўсталявалі ў паліклініках усіх 9 раёнаў Менску: Заводзкі раён — 21-я цэнтральная паліклініка, Кастрычніцкі — 38-я гарадзкая, Ленінскі — 23-я гарадзкая, Маскоўскі — 25-я цэнтральная раённая, Партызанскі — 14-я цэнтральная раённая, Першамайскі — 19-я цэнтральная раённая клінічная, Савецкі — 34-я цэнтральная раённая клінічная, Цэнтральны — 4-я гарадзкая і Фрунзэнскі — 26-я гарадзкая[9]. У ліпені 2020 году іх ахвяраваў кіраўнік расейскага прадпрыемства «Слаўкалій» Міхаіл Гуцарыеў[10]. Пры канцы 2020 году кампутарныя тамографы атрымалі 3 раённыя лякарні Берасьцейскай вобласьці ў Бярозе, Кобрыне і Століне. 14 студзеня 2021 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі даставіла па тамографе ў 3-х лякарні Гарадзенскай вобласьці ў Лідзе, Наваградку і Нясьвіжы. Кожны нямецкі тамограф «Сымэнс» абышоўся па 772 500 рублёў (304 300 даляраў). Тамографы давалі выяву ў 64-кратным зрэзе. Іх набылі за кошт пазыкі памерам 90 млн эўра ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЗША) на захады супраць пандэміі каронавірусу[11].

15 сакавіка 2021 году ў Мазырскай гарадзкой лякарні ўсталявалі новы кампутарны тамограф, здольны правесьці каля 40 дасьледаваньняў за зьмену. Сярод 25 такіх тамографаў, набытых для Беларусі, па адным даставілі ў Каленкавіцкую цэнтральную раённую лякарню, Гомельскія гарадзкія клінічныя лякарні № 1 і 3, Гомельскую абласную клінічную лякарню і Чачэрскую цэнтральную раённую лякарню[12]. 17 чэрвеня 2021 году ў Віцебскім абласным клінічны цэнтры пульманалёгіі і фтызіятрыіі адчынілі кабінэт КТ з 3-м у Віцебскай вобласьці тамографам, набытым у Японіі[13]. 23 верасьня 2021 году ў Магілёўскай абласной клінічнай лякарні адчынілі новы кабінэт КТ з амэрыканскім тамографам[14]. 14 студзеня 2022 году ў Чачэрскай раённай лякарні адчынілі 20-ы ў Гомельскай вобласьці кабінэт КТ. Тамограф паказваў 128 зрэзаў, дазваляў праводзіць да 100 дасьледаваньняў за содні і абышоўся 1,287 млн рублёў (507 000 $). Для працы з КТ падрыхтавалі 2-х адмыслоўцаў і 3-х рэнтген-лябарантаў[15].

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading content...
Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads