Тоўсты Лес (Кіеўская вобласьць)
закінутая вёска ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці Ўкраіны From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Тоўсты Лес (па-ўкраінску: Товстий Ліс) — былое сяло ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Да 1986 году знаходзілася ў Чарнобыльскім раёне Кіеўскай вобласьці (за 32 км ад колішняга цэнтру м. Чарнобыль).
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Найранейшая пісьмовая згадка пра Тоўсты Лес датаваная 25-м сакавіка 1427 году. Маецца на ўвазе запіс слугі вялікага князя літоўскага Вітаўта, князя Даўгольда[a] кіеўскаму манастыру Сьв. Міколы Пустынскага[2]:
Се я князь Долголд.,..датовичъ. Милостью Божьею, што есми выслужилъ у Бога и у великого князя Витовта государя своего, даю отъ своее выслуги верное, по своей души, и съ своею княгинею, святому Николе Пустыньскому Ионину монастырю тую землю на имя Толстолесьского Конона. А идетъ съ него колода меду, и съ всеми пошлинами зъ бобры, и съ куницами, и съ полюдьемъ. А хто ся иметъ уступать у мое приданье, што я далъ святому Николе, любо моихъ детий, любо хто иметъ держать по моемъ животе, судится со мною предъ Богомъ. Писанъ и данъ при державе государя великого князя Витовта. Въ лето 6935, месяца марта 25 день, индикта 5
Надалей паселішча згаданае ў памятным запісе 1526 году ігумена Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя[3]:
Самъ господарь король Жикгимонтъ далъ у Толстомъ лесе селище Селивоновское, и съ землею бортною и съ пашною, и со всими входы, щто съ старины прислухало къ тому селищу; а дани съ той земли идетъ: две кади меду и ведро меду
4 ліпеня 1526 году манарх выдаў ліст у абарону добраў манастырскіх ад крыўдаў, якія ўчыняў пан Крыштаф Кміціч[4]:
Жикгимонт Божю млстю корол полский, великий кнз литовский, руский, пруский, жомоитский и иных.Воеводе киевскому, державци свислоцкому, пану Андрею Немировичу. Присылал к нам игумен манастыря стого Михайла Золотоверхого с Киева, жалуючи на дворянина ншего Криштофа Кмитича о том, чтож, дей, он кривду великую той цркви Боже и ему, игумену, делает и в землю, дей, црковную в лесе Толстом вступаеца. Протож естли то будет земля црковная и твоя бы млст Крыштофу Кмитичу приказал, ажбы он в тую землю црковную ничим ся не уступал и дал ему в том впокой и от таковых кривд, абы еси тую црков Божю боронил и не дал ему тому в том кривд делати, ажбы нам он о том болши того не жаловал.
Псан уво Кгданску под лет Бож[ого] нарож[еня] 1526, мсца июл[я] 4 ден индик[та] 14. Копоть, писар
У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года сярод патужнікаў з паселішчаў Беласароцкай нядзелі[b] названыя і Тоўстыя (яны — патужнікі) Лес[5]. Паводле люстрацыі Оўруцкага замку 1552 году, сяло Тоўсты Лес было выслугай пана Крыштафа Кміціча, з «полтрети службы людей», альбо, кажучы сучаснаю моваю, зь дзьвюх з паловай службаў[c] якога выбіраліся капа (60) грошаў і пяць кадзей мядовай даніны[6].
1 лютага 1561 году брат Крыштафа пан Сямён Кміта за «ведомостью и листом дозволеным воеводи киевского, маршалка земли Волынское, старосты володимерского, кнзя Костентина Костентиновича Острозского» саступіў сваю зямлю Залактаеўскую ў Тоўстым Лесе пад Чарнобылем за зямлю ў Галубевічах пад Оўручам Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру. Тады ж панскія паднявольныя Якаў Рудкевіч і Логвін замененыя былі на манастырскіх Хаму і Ільлю з усімі іхнымі павіннасьцямі[7].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Тоўсты Лес з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[8].
Карона Каралеўства Польскага
У падатковым рэестры Кіеўскага ваяводзтва ад 2 студзеня 1571 году сярод людзей манастыра Сьв. Міхаіла Залатаверхага, «którzy mają ziemie bortne», названае сяло Tołstolesie, з 6 дымоў якога выбіралася па 12 грошаў.


З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзеным 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што Тоўсты Лес ужо належаў да Чарнобыльскага маёнтку смаленскага ваяводы пана Філона Сямёнавіча Кміты. Зь яго 5 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў, з 8 агароднікаў, у залежнасьці ад акалічнасьцяў (тут ня ўказана), — 4-6 гр.[9]. 6 красавіка 1595 году кароль Жыгімонт Ваза, зважаючы на тое, што сын Філона Кміты Лазар спачыў не пакінушы нашчадкаў, перадаў «prawem lennym wieś zwaną Tołstiles i grunt, czyli służbę, w Czarnobylu zwany Parysz, leżące częściowo w powiecie kijowskim, a częściowo w powiecie mozyrskim[d]» пану Лукашу Сапегу, двараніну каралеўскаму[10].
20 ліпеня 1604 году пан Ян Юндзіл падаў скаргу на сужэнцаў Лукаша і Зофію з Кмітаў, дзедзічку добраў Чарнобыля, Сапегаў што да падданых ягоных зь Вербкавчаў Мазырскага павету да Тоўскага Лесу ў Кіеўскім ваяводзтве з жонкамі і ўсялякімі пажыткамі зьбеглых. 28 ліпеня таго году паміж названымі Сапегамі ды панствам Мікалаем і Геленай з Сурынаў Стэцкімі дасягнутая дамоўленасьць аб разьмежаваньні добраў; у тэксьце дакумэнту названы і Тоўсты Лес. 19 жніўня 1613 году Лукаш і Зофія Кміцянка Сапегі судзіліся з панам Стэфанам Лозкам за падданых, зьбеглых да ягонага Ражава з Тоўстага Лесу, Мухаедавічаў і Смалігавічаў. 5 жніўня 1624 году складзены дэкрэт аб зьбеглых з Тоўстага Лесу да добраў Ваўчкоў Альберта і Людвікі Алізараў Ваўчкевічаў сялянаў тых жа сужэнцаў Сапегаў. А 20 жніўня т. г. пані Барбара зь Ярмолінскіх Трыпольская заявіла ў судзе пра наезд падданых з Тоўстага Лесу пана Лукаша Сапегі на яе вёску Łohowityn[11].

Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 25 дымоў вёскі Тоўсты Лес пана Казімера Ўладзіслава Сапегі, кашталяна троцкага, выплачвалася 5 злотых. 26 кастрычніка 1686 году чарнобыльскі мешчанін Яско Ковчан пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што з-за казакоў з Тоўстага Лесу Чарнобыльскага маёнтку пана Сапегі адыйшлі 14 дымоў (×6 — прыкладна 84 жыхары)[12]

Згаданая вёска Тоўсты Лес Чарнобыльскага маёнтку кашталяна троцкага пана Яна Фрыдэрыка Сапегі ў тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету на 1734 год[13].
Паводле тарыфу 1754 года, з 25 двароў[e] (×6 — каля 150 жыхароў) вёскі Тоўсты Лес, як і раней, прыналежнай да чарнобыльскіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замку) выбіраліся 3 злотыя і 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 15 злотых, 16 грошаў[14].
Габрэйскія перапісы 1765, 1778, 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Тоўстым Лесе адпаведна 5, 5 і 3 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[15].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Тоўсты Лес апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. З 1797 году сяло — у межах Радамышльскага павету Кіеўскай губэрні.

У парэформавы пэрыяд сяло Тоўсты Лес адміністрацыйна належала да Шэпеліцкай воласьці. На 1885 год тут налічвалася 75 двароў з 603 жыхарамі, дзейнічалі царква, пастаялы двор, вінакурня[16].
У 1900 годзе ў 182 дварах Тоўстага Лесу было 637 душ мужчынскага і 632 жаночага полу жыхароў, усяго — 1269 чалавек. Зямлі ў сяле налічвалася 3680 дзесяцін, зь якіх 1674 дз. належала абшарнікам Варвары Фёдараўне Палюцінай і Каралю, сыну Мікалая, Квяткоўскаму ды здавалася ў арэнду розным асобам, царкве — 51 дз., сялянам — 1940 дз., іншым саслоўям — 15 дз. Гаспадарка вялася паводле трохпольнай сістэмы. Дзейнічалі царква, аднакласная народная міністэрская школа, фельчарскі пункт, кузьня. Пажарны абоз складалі 4 бочкі і 3 багры. Запасны прадуктовы капітал на 1 студзеня 1900 г. дасягнуў 1465 рублёў[17].
Найноўшы час
У траўні 1986 году жыхары Тоўстага Лесу былі адселеныя да Макараўскага раёну Кіеўскай вобласьці ў сувязі з значным радыяактыўным забруджваньнем пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 1999 годзе сяло было выключанае зь ліку адміністрацыйных адзінак праз адсутнасьць жыхароў.
Remove ads
Заўвагі
- Імаверна, гэта князь Юры Даўгоўд, вядомы з прысяжнай граматы ад 24 лютага 1401 г. каралю Ўладыславу Ягайлу на выпадак, калі яго гаспадар вялікі князь Вітаўт, ня дай Бог, заўчасна памрэ[1]
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads