Белая Сарока
былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бе́лая Саро́ка[1] — былая вёска ў Беларусі, каля ракі Прыпяці. Уваходзіла ў склад Вербавіцкага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца за 43 км на паўднёвы ўсход ад Нароўлі, за 68 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (лінія Каленкавічы — Оўруч); на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Палявая дарога злучае вёску з шашой Даўляды — Бабчын.
Белая Сарока — даўняе сяло, пазьней мястэчка, зноў сяло ў частцы Палесься[a], што на самай поўначы гістарычнай Кіеўшчыны.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У пісьмовых крыніцах Белая Сарока ці не ўпершыню згаданая 14 ліпеня 1486 году, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч перадаў сяло ключніку кіеўскаму Астафію Гарнастаю дзеля выбіраньня пазасталых 40 коп грошаў гаспадарскага доўгу[3]. На 1514 і 1516 гады маюцца найранейшыя зьвесткі пра Беласароцкую воласьць Кіеўскага павету[4].
23 лістапада 1522 году кароль Жыгімонт Стары загадаў намесьніку чарнобыльскаму пану Міхайлу Паўшы «подать дворянину Матфею Заморенку человека путнаго въ Чернобыльскомъ повете въ Белойсороце Мартина Зеньковича и зъ землею Крывскою, на которой тотъ человекъ седить»[5].
У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года, сярод іншых, названая і Беласароцкая нядзеля[b] ды патужнікі зь сёлаў, што да яе належалі, – Даўглядцы, Тоўстыя (яны — патужнікі) Лес, Шэпелічы, Масановічы, Кажушкавічы[c][7].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Беласароцкая воласьць[d]) было далучана да Кароны Польскай[9].
Карона Каралеўства Польскага


12-м сакавіка 1574 году пазначана каралеўская «Данина мыта водного Щасному Харлинскому, хорунжому киевскому, в ыменю его власном в селе Белои Сороце в повете Киевскомъ»[10].
З рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзенага 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што слабада Беласарока была ўласнасьцю пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага. Зь яе 4 агароднікаў выбіралася па 6 грошаў, з тутэйшага сьвятара — 2 флярыны падатку[11].
26 чэрвеня 1600 году Шчасны Харлінскі запісаў усе свае маёнткі сынам Станіславу, Мікалаю і Рыгору з абавязкам выплаты іхным сёстрам па 3 000 польскіх злотых. Сярод добраў названыя вёска Даўляды з рачным перавозам і сяло Беласарока з млынам па-над Прыпяцю, якія дасталіся Станіславу. 10 жніўня 1624 году, на заяву архімандрыта кіева-пячэрскага Елісея Плетэніцкага і капітулы, складзены судовы дэкрэт аб наезьдзе падданых Станіслава Харлінскага з Даўлядоў і Белай Сарокі на манастырскую Амялянаўшчыну[12].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 2 дымоў асадных сялянаў, 1 агародніка і сьвятара ў Белай Сароцы нябожчыка пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, нашчадкамі якога апекаваўся пан Хведар Станецкі, выплачвалася адпаведна па тры, паўтара і шэсьць злотых[13].
10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гаспадароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў япіскапа, складзеным у ліпені т. г., названае сяло Белая Сарока з 20 дварамі[e] і царквой[14].




16 сакавіка 1706 году япіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ.. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ у арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[15].
На 1734 год Беласароцкі ключ, у тым ліку wieś Białosoroka, належаў Кіеўскай мітраполіі[16].
У матэрыяле Генэральнай візытацыі Брагінскага дэканату 1743 году занатавана, што прыход Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Белая Сарока, які ўзначальваў настаяцель а. Кміта (Цімафей?), налічваў усяго[f] 30 двароў (×6 — каля 180 душ), а верных да споведзі дапушчаных — 139 душ[17].
Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[18].
У 1754 годзе з 7 двароў (прыкладна 42 жыхароў) мястэчка Białosoroka выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 6 гр.[19].
Ад 1759 году, калі настаяцелем Беласароцкай Мікалаеўскай царквы быў сьвятар Анікій Кмета (Кміта), мэтрычныя кнігі вяліся спраўна, а таму значная іх частка захавалася да нашых дзён.
Габрэйскія перапісы 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Беласароцы адпаведна 4 і 5 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[20].
14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Беласароцкім ключом, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[21].
Пад уладай Расейскай імпэрыі



У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Беласарока – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[22].
З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што сяло Беласарока на той час была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага[23]. Але ўжо ў 1796 годзе ў мэтрычных кнігах Беласароцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы сяло, іншыя паселішчы ключа і прыхода, названыя прыналежнымі да казённага ведамства. Згодна з мэтрыкамі 1797 — 1802 гг., усе яны сталі ўласнасьцю расейскага генэрала графа (фон) Сакена. У запісе тае ж царквы 1832 г. сказана, што Белай Сарокай, Даўлядамі, Вяпрамі і інш. валодаў граф Арлоў[24]. У рэвізіі 1834 году уладальнікам добраў названы пан Горват. Празь мястэчка праходзіў гасьцінец зь Міхалкаў у Чарнобыль[8]. На 10-вярстовай мапе Менскай губэрні Ф. Шубэрта 1826-1840 гадоў у Белай Сароцы пазначаныя 22 двары.
У парэформавы пэрыяд Белая Сарока адміністрацыйна належала да Дзёрнавіцкай воласьці. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Мікалаеўскай царквы ў Белай Сароцы названыя настаяцель а. Іаан Белякоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Стафан Мігай, пазаштатны псаломшчык Іван Смародзкі[25]. На 1879 год прыход аб'ядноваў 684 верных мужчынскага і 765 жаночага полу зь сяла Белая Сарока, вёсак Даўляды, Надтачэеўка, Вяпры, Рожава, сяла Дзёрнавічы[26].
На 1886 год у Белай Сароцы налічваўся 21 двор з 212 жыхарамі, працавалі бровар і 2 смалярні[27]. Паводле перапісу 1897 году — 39 двароў, існавалі царква, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, карчма. На 1909 год у сяле ў 71 двары было 322 жыхарыі[28].
Найноўшы час
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Белую Сароку занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Белая Сарока ў складзе Дзёрнавіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[29].
1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Белую Сароку вярнулі БССР. У 1930 годзе тут арганізаваны калгас «Пераможца», працавала кузьня. З 20 лютага 1938 года — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Белай Сароцы налічвалася 64 двары, 215 жыхароў. Акупанты спалілі 36 двароў і загубілі 5 вяскоўцаў. У кастрычніку 1943 году 40 жыхароў вывезьлі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Яшчэ 21 чалавек загінуў на франтах[30][8].
З 8 студзеня 1954 году Белая Сарока — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года тут налічвалася 294 жыхары. На 1986 год у Белай Сароцы было 83 двары, 201 жыжар, працавала пачатковая школа. У складзе саўгасу «Прыпяць» (цэнтар — вёска Даўляды). У зьвязку з радыяцыйным забруджваньнем па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС усіх жыхароў перасялілі ў чыстыя месцы, пераважна ў вёску Бабоўку[8].
Remove ads
Насельніцтва
- XIX стагодзьдзе: 1885 год — 212 чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 657 чал.; 1959 год — 294 чал.; 1986 год — 201 чал. (усе пераселеныя)[8]
Забудова
Плян складаецца з трохі выгнутай, амаль мэрыдыянальнай вуліцы, забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі.
Турыстычная інфармацыя
Адметныя мясьціны
Селішча эпохі мэзаліту за 1—1,5 км на паўночны захад ад вёскі.
Страчаная спадчына
- Царква Сьвятога Міколы (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
Заўвагі
- «Ono Pinsk, Owrucze, Mozyr etc. na Polesiu»[2]
- Яшчэ ў пераліку названы Андрон у Гатчыну (Гатчыпу). П. Г. Кляпацкі[6] ўважаў, што вядзецца пра патужніка Андрона ў Гажыну. Але Гажын мог належаць хіба да Оўруцкай нядзелі, побач з Антонавічамі, Смалігавічамі, Белым Берагам, а не да Беласароцкай. Магчыма, ў тэксьце публікацыі зьвестка памылкова зрушаная.
- Насуперак таму, што напісана С. В. Марцэлевым, Белая Сарока ніколі не належала да Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.[8]
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads