Аляксей Шкадарэвіч

беларускі фізык-вынаходнік From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Аляксе́й Пятро́віч Шкадарэ́віч (нар. 1947, Капыль, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі фізык-вынаходнік.

Хуткія факты Дата нараджэньня, Месца нараджэньня ...

Доктар фізыка-матэматычных навук (1988) і прафэсар (1990). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000) за цыкль працаў «Мэханізмы разьвіцьця, мэтады і сродкі лячэньня глаўкомы, катаракты, фотапашкоджаньняў сятчаткі вока». Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014). Стварыў у Беларусі вытворчасьць лазэрных прыбораў для мэдыцыны і прамысловасьці, а таксама для касьмічных апаратаў[1]. Кавалер ордэнаў Францішка Скарыны (2008) і Пашаны[2].

Remove ads

Жыцьцяпіс

У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і працаўладкаваўся дасьледнікам у Інстытут фізыкі Акадэміі навук БССР, а пазьней малодшым і старэйшым навуковым супрацоўнікам. У 1979 годзе перайшоў на Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне (БелОМА)[3], дзе стаў начальнікам Міжведамаснага канструктарскага аддзелу. У 1984 годзе заняў пасаду намесьніка галоўнага інжынэра ЦКБ «Пеленг». У 1986 годзе выдаў кнігу «Фізыка і спэктраскапія лазэрных крышталяў»[1]. У 1988 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара фізыка-матэматычных навук. У 1990 годзе стаў прафэсарам[3]. У 1992 годзе стаў 1-м кіраўніком дзяржаўнага прадпрыемства «Лазэры ў экалёгіі, мэдыцыне і тэхналёгіі» («ЛЭМТ») ў складзе БелОМА. Пры гэтым, стварыў «ЛЭМТ» на аснове ўдзелу 55 супрацоўнікаў ЦКБ «Пеленг»[4]. Напісаў навуковыя працы ў галіне лазэрнай фізыкі, оптыкі і оптаэлектронікі, а таксама пра стварэньне цьвёрдацельных перанастройвальных лазэраў з выбарачнай пампоўкай. Распрацаваў некалькі аптычных і лазэрных прыладаў для мэдыцыны і прамысловасьці. У 1997 годзе выдаў супольную манаграфію «Лазэры ў клінічнай хірургіі». Таксама ў 1997 годзе «ЛЭМТ» пачаў пастаўляць аптычныя прыцэлы для войска Швэцыі. У 1998-м стаў суаўтарам манаграфіі «Нізкаінтэнсіўныя лазэры ў клінічнай практыцы». У 2000 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкль працаў «Мэханізмы разьвіцьця, мэтады і сродкі лячэньня глаўкомы, катаракты, фотапашкоджаньняў сятчаткі вока»[3].

У 2004 годзе стаў сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). Увёў у практыку звыш 20 новых лазэрных матэрыялаў. Выявіў фотатропны эфэкт на іёнах Cr4+ у крышталях гранату, які служыць асноўным матэрыялам для пасіўнага мадуляваньня мацунку неадымавых лазэраў. Дасьледаваў фізычныя ўласьцівасьці F2-цэнтраў афарбоўкі ў крышталях фторыстага ліцьця, на аснове якіх распрацаваў прамысловы спосаб атрыманьня лазэрных асяродзьдзяў для канструяваньня лазэрных прыбораў для дальнамэтрыі і касьмічных апаратаў. Асвоіў вытворчасьць лазэраў на александрыце і сапфіры з тытанам, лазэраў з дыёднай напампоўкай і бясьпечнай даўжынёй хвалі выпраменьваньня, а таксама палімэрныя лазэры на фарбавальніках. Распрацаваў і асвоіў вытворчасьць лазэрных прыбораў у Беларусі для лячэньня вачэй і скуры, а таксама ад раку і для прымяненьня ў хірургіі. Сярод іншага, стварыў вытворчасьць лазэрных прыбораў для дрэваапрацоўчай прамысловасьці і машынабудаваньня, паліграфіі і шыннай прамысловасьці. Стварыў звыш 370 навуковых працаў, у тым ліку звыш 90 вынаходзтваў, 5 манаграфіяў і 3 падручнікі[1].

19 лютага 2008 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 99 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь», паводле якога Аляксей Шкадарэвіч атрымаў ордэн Францішка Скарыны за заслугі ў галіне навукі[5]. Да 2013 году пад кіраўніцтвам Шкадарэвіча на «ЛЭМТ» распрацавалі цеплавізары і аптычныя прыборы для супрацьпаветранай абароны, прыцэлы саманавядзеньня і оптыку для бесьпілётнікаў. Пры гэтым, стварылі лябараторыю кантролю электронна-аптычных пераўтваральнікаў для прыбораў начнога бачаньня. У 2013 годзе стварыў участак вырабу асфэрычнай інфрачырвонай оптыкі з нанясеньнем алмазападобных пакрыцьцяў на аптычная паверхні лінзаў. Таксама на «ЛЭМТ» стварылі ўчастак аптычных дэталяў 1-й клясы чысьціні[6]. 17 лістапада 2014 году Агульны сход НАНБ абраў Шкадарэвіча акадэмікам па спэцыяльнасьці прыборабудаваньне[7].

25 кастрычніка 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 417 «Аб узнагароджаньні» Шкадарэвіча ордэнам Айчыны 3-й ступені[8], які той атрымаў 27 студзеня 2022 году[9].

1 ліпеня 2023 году Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць Аляксея Шкадарэвіча[10]. У сьнежні 2023 году ён трапіў у санкцыйны сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[11].

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads