Полацкі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр

From Wikipedia, the free encyclopedia

Полацкі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Remove ads

Спа́са-Эўфрасі́ньнеўскі манасты́р — помнік архітэктуры XII — пачатку XX стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца ў паўночнай частцы места, на правым беразе ракі Палаты, у прадмесьці Спасе пад адрасам вуліца Эўфрасіньні Полацкай, 89. Заснаваны Сьвятой Эўфрасіньняй Полацкай, пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Твор архітэктуры мясцовай школы, барока і клясыцызму, а таксама дададзенай уладамі Расейскай імпэрыі расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Помнік сакральнай архітэктуры
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Thumb
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
КраінаБеларусь
местаПолацак
Каардынаты55°30′14.79″ пн. ш. 28°46′47.98″ у. д.
ЭпархіяПолацкая япархія[d] 
Архітэктурны стыльПолацкая школа дойлідзтва[d]
Дата заснаваньня1125 год
СтатусДзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
СтанДзейны манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на мапе Беларусі
Thumb
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на Вікісховішчы

Комплекс Полацкага Спаскага жаночага манастыра сфармаваўся да пачатку XX ст. і складаецца з разьмешчаных курданэрам вакол невялікага пляцу цэркваў Сьвятога Спаса (XII ст., у другой палове XIX ст. расейскія ўлады ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі зьнявечылі яе мастацкае аблічча купалам-цыбулінай), Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай (1847 год, пераробленая з жылога дома[1]) і Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1893—1897; мураўёўка), а таксама брамы-званіцы (XVI ст., з прыбудаванай у другой палове XIX ст. вежай з купалам-цыбулінай), 2-павярховага манастырскага корпуса (пачатак XVIII ст.), жылых і гаспадарчых будынкаў з садам. У другой палове XIX ст. да брамы прыбудавалі два бакавыя жылыя карпусы, у пачатку XX ст. з заходняга боку брамы паставілі 2-павярховы жылы корпус. Таксама на тэрыторыі манастыра захаваліся рэшткі царквы-пахавальні полацкіх япіскапаў XII стагодзьдзя.

У манастыры захоўваліся Крыж Эўфрасіньні Полацкай, зроблены ў 1161 годзе, і цудоўны абраз Маці Божай Этэскай-Карсунскай. За часамі маскоўскай акупацыі Полацку ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Крыж разам з цудоўным абразом забраў гаспадар Маскоўскай дзяржавы Аляксей Міхайлавіч у выправу на Рыгу ў 1656—1667 гадох. У 1659 годзе Крыж вярнулі ў манастыр, аднак цудоўны абраз вывезьлі ў Маскву[2]. Урэшце, Крыж згубіўся ў Другую Сусьветную вайну, калі ён мог трапіць у расейскія музэйныя сховішчы[3], аднак у 2020—2021 гадох зьявіліся сьведчаньні і аргумэнты за тое, што напраўду Крыж патаемна ад грамадзкасьці захоўвае Расейская праваслаўная царква, у рызьніцы патрыярха маскоўскага Троіца-Сергіевай лаўры[4]. У 1997 годзе ў манастыр перадалі копію Крыжа, вырабленую берасьцейскім мастаком Міколам Кузьмічом.

Remove ads

Гісторыя

Полацкае княства

Манастыр заснавала сьвятая князёўна Эўфрасіньня Полацкая, якая ў 1125 годзе пасялілася пры драўлянай Спаскай царкве ў мясцовасьці Сяльцы, дзе была пахавальня полацкіх япіскапаў[5]. З часам тут пастрыглі ў манаства сёстраў Сьвятой Эўфрасіньні: родную Эўдакію (Градзіславу) і стрыечную Эўпраксію (Зьвяніславу) — адзіную дачку полацкага князя Рагвалода-Барыса Ўсяслававіча.

У 1161 годзе намаганьнямі Сьвятой Эўфрасіньні, якая 45 гадоў была ігуменьняй манастыра, тут збудавалі мураваную царкву Сьвятога Спаса — найбольш захаваны помнік Полацкай школы дойлідзтва. Яе будаўніком быў дойлід Іаан. У 1161 годзе на гэтую царкву Сьвятая Эўфрасіньня ахвяравала пазалочаны напрастольны крыж (Крыж Эўфрасіньні Полацкай) з часьцінкамі мошчаў шматлікіх сьвятых і Жыватворчага Крыжа Хрыстова. Крыж вырабіў тутэйшы майстар-ювэлір Лазар Богша.

Па захопе Полацку смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам 17 студзеня 1222 году Крыж перавезьлі ў Смаленск, па захопе якога Маскоўскай дзяржавай у 1514 годзе ён трапіў у Маскву.

Вялікае Княства Літоўскае

За часамі Інфлянцкай вайны ў 1563 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран узяў Крыж у сваю няўдалую выправу на Вялікае Княства Літоўскае, у выніку чаго рэліквія вярнулася ў Полацак (па вызваленьні места таго ж году). У 1563—1579 гадох у манастыры ўжо не было манахаў. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў будынкі манастыра з прыналежнымі вёскамі Полацкаму езуіцкаму калегіюму.

У пачатку XVII ст. тут збудавалі жылы корпус, пазьней — летнюю рэзыдэнцыю генэрала езуіцкага ордэну.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), калі Полацак зноў акупавалі маскоўскія войскі, у 1656 годзе на загад маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча манастырскую Спаскую царкву пераасьвяцілі як прыналежную да Маскоўскай царквы. Па вызваленьні Полацку ў 1667 годзе будынкі манастыра зноў трапілі да езуітаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, будынкі манастыра працягвалі знаходзіцца ў валоданьні езуітаў. Комплекс пацярпеў у вайну 1812 году, але неўзабаве яго аднавілі.

Па скасаваньні ордэна ў 1820 годзе будынкі манастыра перайшлі да іншых гаспадароў, і толькі ў 1832 годзе расейскія ўлады перадалі іх Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1840 годзе манастыр зноў пачаў дзеяць. У 1841 годзе Крыж Эўфрасіньні Полацкай вярнулі ў Спаскую царкву. У 1840-х гадох манастыр прылічылі да першай клясы. Тут разьмясьцілася Спаса-Эўфрасіньнеўская духоўная вучэльня.

У 1847 годзе за ігуменьняй Клаўдзіяй (Шчыпаноўскай) жылы манастырскі дом перабудавалі пад Эўфрасіньнеўскую трапезную царкву. У 1897 годзе за ігуменьняй Яўгеніяй (Гаваровіч), паводле праекту расейскага архітэктара Уладзімера Коршыкава ў псэўдабізантыйскім стылі збудавалі манумэнтальную саборную царкву Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе манастыр эвакуяваўся ў Растоў-Яраслаўскі.

Найноўшы час

У 1928 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр, а Крыж рэквізавалі (сьпярша яго перавезьлі ў Менск, а ў 1929 годзе — у Магілёў, адкуль рэліквія зьнікла ў 1941 годзе з пачаткам нямецка-савецкай вайны).

У вайну на тэрыторыі манастырскага комплексу быў лягер савецкіх ваеннапалонных. 3 1943 году манастыр зноў пачаў дзеяць. На 1945 год у ім было 50 манашак. У 1960 годзе савецкія ўлады зноў зачынілі манастыр (насельніцаў перавялі ў Жыровіцкі манастыр).

У 1990 годзе будынкі манастыра перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, аднавілася яго дзейнасьць. На сакавік 2022 году ў Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры знаходзілася 136 манашак[6].

На кінастудыі «Беларусьфільм» у 2024 годзе стварылі дакумэнтальны фільм «Прыстанак сьвятой Ефрасіньні» прымеркаваны да 900-годзьдзя заснаваньня Полацкага стаўрапігіяльнага Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра. Рэжысёр фільма — Уладзімер Луцкі[7].

Remove ads

Ігуменьні манастыра (з 1839 году)

Thumb
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр (выгляд з боку)
Thumb
Уваход у Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Больш інфармацыі Сан, Манаскае імя ...
Remove ads

Галерэя

Гістарычная графіка

Гістарычныя здымкі

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads