Напалеон Орда
беларуска-польскі маляр From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Напалео́н О́рда (11 лютага 1807, Варацэвічы, Пінскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 26 красавіка 1883, Варшава, Расейская імпэрыя) — беларускі і польскі мастак, кампазытар, пісьменьнік.
Напалеон Орда атрымаў вядомасьць стварэньнем сыстэматызаваных сэрыяў архітэктурна-гістарычных пэйзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага і польскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музэях Польшчы і Ўкраіны. Апроч таго, існуе 136 літаграфіяў яго твораў, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. У яго малюнках — пэйзажы большасьці краінаў Эўропы, а таксама шматлікіх месцаў Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны[5].
Н. Орда захапляўся музыкай. Сябраваў з Ф. Шапэнам, спачатку займаўся пад яго кіраўніцтвам, пасьля чаго ўжо сам выдатна граў на фартэпіяна і нават выкладаў[6]. Адзін сэзон (1847) зьяўляўся дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы[7]. Быў асабіста знаёмы і сябраваў з А. Міцкевічам, І. Дамейкам, Ф. Лістам[8].
Remove ads
Біяграфія
Дзяцінства і юнацтва
Нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Янаўскім раёне на Берасьцейшчыне) у сям’і палескай шляхты. Яго бацька — Міхал, паводле адукацыі інжынэр-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай зьяўляўся маршалкам Кобрынскага павету.
Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. Зь існых крыніц дакладна невядома[9] ці былі ў іх доме гувэрнэры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцьця была маці — Юзафіна — дачка пінскага судзьдзі й мечніка Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала францускай мовай і была таленавітай піяністкай[9]. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна будучаму кампазытару дала менавіта яна.
Вучоба і пачатак грамадзка-палітычнай дзейнасьці
Сьвіслацкая гімназія
У 1819 годзе (у аўтабіяграфіі самога Н. Орды — у 1818 годзе, аднак лічыцца, што гэтую дату ён адмыслова сказіў на сьледзтве) паступіў у Сьвіслацкую гімназію[10]. У гэты час у гімназіі пачалі стварацца навуковыя гурткі, удзельнікі каторых стваралі таемныя студэнцкія таварыствы. У адно з такіх таварыстваў — «Заране», якое было зьвязана з рэвалюцыйным «Таварыствам ваенных сяброў», уступіў Напалеон. Назва арганізацыі паходзіла ад формы сходаў гімназістаў, якія патаемна зьбіраліся надвячоркам, калі ўзыходзілі зоркі[11].
«Заране» марылі пра незалежнасьць зямель былой Рэчы Паспалітай, адкрыта выказвалі свой пратэст супраць палітыкі царскіх уладаў, запальвалі рэвалюцыйнымі настроямі вучняў і пэдагогаў.
Напрыканцы вучобы Орды ў гімназіі «Заране» трапілі пад увагу паліцыі. Жандары схапілі шэраг выпускнікоў, якіх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. У адносінах да Н. Орды і ягоных сяброў былі ўжытыя захады тлумачальнага характару, якія адпаведны сьледчы камітэт палічыў дастатковымі для вынішчэньня духу «рэвалюцыйнай заразы». Гімназістаў вызвалілі ад сьледзтва, але іх справы захоўваліся ў сэйфах царскай ахранкі.
Атрымаўшы дыплём з выдатнымі адзнакамі, 17-гадовы Напалеон вярнуўся дамоў. Пачалася яго падрыхтоўка да паступленьня ў Віленскі ўнівэрсытэт.
Віленскі ўнівэрсытэт
У 1823 г., пасьпяхова вытрымаўшы іспыты прыёмнай камісіі, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, на фізыка-матэматычнае аддзяленьне. Напалеон, які ўжо атрымаў «пачатковае палітычнае выхаваньне» ў гімназіі, ва ўнівэрсытэце адразу апынуўся ў гушчы студэнцкага руху. Пагатоў ў гэты час ва ўнівэрсытэце ўжо дзейнічалі шматлікія таемныя таварыствы, у тым ліку філяматаў і філярэтаў, апошнія з каторых ужо набылі грамадзка-палітычнае адценьне. Віленскі ўнівэрсытэт падчас вучобы ў ім будучага мастака стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстаньня 1830—1831 гг., у якім брала ўдзел амаль трэцяя частка студэнтаў[12].
Арышт
Тры гады стараннай вучобы дазволілі Напалеону ўвайсьці ў лік выдатнікаў, але актыўная дзейнасьць у таемных таварыствах не засталася па-за пільным зрокам паліцэйскіх — у ліпені 1826 г. ён разам зь дзесяцьцю сябрамі па вучобе і палітычнай барацьбе былі арыштаваныя і выключаныя з унівэрсытэту.
Remove ads
Творчасьць
Лінгвіст
У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.
Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Н. Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.
Музыка

Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.
Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.
Паўстанец
Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі Напалеон Орда далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце ён прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэту здольны студэнт ня скончыў — у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да таемнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вярнуўся ў родныя Варацэвічы, але застаўся пад наглядам паліцыі, і завяршыў сваю адукацыю самастойна.
Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў Н. Орда камандаваў партызанскім атрадам. Ён стаў урэшце стралком чацьвертага палку коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.
Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня К. Каліноўскага зноў сур’ёзна заняўся маляваньнем.
Мастак

У Парыжы Н. Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара(fr), які і вызначыў яго мастацкі жанр. Для сваёй творчасьці Напалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэльлю, гуашшу ці сэпіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка маляваньня дазваляла апэратыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.
Першыя мастацкія вандроўкі Напалеона Орды адбыліся яшчэ падчас эміграцыі. У 1840—1844 гадах[13] ён наведаў Ангельшчыну, Шатляндыю, Нідэрлянды, Партугалію і нават Альжыр. Адтуль іх было прывезена нямала малюнкаў, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Кракаве[14].
У 1862—1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Горадні, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы час паўстаньня, да канца 1864 году, ён мэтадычна аб’яжджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеяньняў і малюе краявіды.

З 1860-х гадоў і амаль да канца свайго жыцьця Напалеон Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя накіды найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём выбітных асобаў, славутых помнікаў старасьвеччыны. Вынікам гэтых вандраваньняў зьявіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў. Гэта была вялікая падрыхтоўка (збор візуальнага матэр’ялу) да выданьня малюнкаў у альбоме, створаным у тэхніцы літаграфіі. Літаграфія дазваляла надрукаваць тыраж і зрабіць малюнкі вядомымі шырокаму колу суайчыньнікаў[15].
З 1873 году Напалеон Орда распачаў манумэнтальную справу — выданьне малюнкаў ўласным коштам у «Album Widoków Historycznych». Было выдадзена толькі 260 літаграфіяў у васьмі сэрыях альбому (каля 120 па беларускіх губэрнях). Малюнкі, зробленыя ў арыгінальнай тэхніцы алоўка і акварэлі, пераводзіліся літографам Аляізам Місяровічам на камень і друкаваліся ў літаграфічнай майстэрні Максімільяна Фаянса ў Варшаве.
Традыцыйна лічыцца, што малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю і з гэтай прычыны маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледнікаў архітэктуры, рэстаўратараў. Але, насамрэч, калі параўноўваць малюнкі з тымі будынкамі, што захаваліся, добра відаць шматлікія недасканаласьці і пэрспэктыўныя хібы. Гэта тлумачыцца тым, што Напалеон Орда ня быў прафэсійным мастаком (усяго толькі два гады навучаньня архітэктурнаму пэйзажу) і сам лічыў сябе аматарам[15]: «… і, як ведаеш, быў мастаком-аматарам» — напісаў ён у 1876 годзе ў лісьце да Ігната Дамэйкі[16]. Больш за тое, апошнія дасьледаваньні арыгінальных малюнкаў Орды паказалі сьвядомыя зьмены аўтарам кампазыцый і архітэктурных аб’ектаў, калі аўтар назнарок не маляваў так, як гэта было ў рэчаіснасьці[17]. Сапраўды, многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках, таму маюць вялікае значэньне для гісторыкаў архітэктуры. Але абапірацца на малюнкі як на крыніцу для рэстаўрацыі немагчыма.
- Галерэя работаў Напалеона Орды
Remove ads
Апошнія гады
Апошнія гады жыцьця Напалеон Орда падарожнічаў па Галіччыне, Келецкіх, Сувалскіх і Варшаўскіх землях, працягваў шмат маляваць. У 1883 годзе раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў радавым склепе на радзіме ў Янаве. Аб гэтым ён прасіў у сваім запавеце.
Памяць

У горадзе Янаве (Берасьцейская вобласьць) Напалеону Орду ўсталяваны помнік, які стварыў скульптар Іван Голубеў.
Імем Орды названыя вуліцы ў Менску[18] і Горадні[19].
6 лютага 2007 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятную манэту «Напалеон Орда. 200 год».
11 лютага 2010 году кампанія Google адзначыла народзіны Н. Орды, зьмясьціўшы адмысловае лёга з малюнкам мастака палаца Чацьвярцінскіх у Горадні на сваім пошукавым сэрвісе[20].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads