From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя ў Нясьвіжы. Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне Старога Места, на гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы[lower-alpha 1]. Твор архітэктуры раньняга барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэрнардынаў | |
Кляштар бэрнардынаў | |
Краіна | Беларусь |
Места | Нясьвіж |
Каардынаты | 53°13′19.69″ пн. ш. 26°40′47.60″ у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква |
Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы |
Комплекс Нясьвіскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі перабудавалі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату, па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі будынак касьцёла (захаваліся падмуркі). З савецкіх часоў кляштарны корпус знаходзіцца ў занядбаным стане.
Кляштар бэрнардынаў у Нясьвіжы заснавалі ў 1598 годзе з фундацыі братоў Мікалая «Сіроткі» і Юрыя Радзівілаў. У XVII ст. да касьцёла прыбудавалі капліцы Сьвятога Францішка і Сьвятой Ганны. З 1628 году пры кляштары дзеяла школа тэалёгіі, ператвораная ў 1654 годзе ў школу філязофіі.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе кляштар спалілі, да 1662 году комплекс адбудавалі. Пры касьцёле дзеялі тры брацтвы.
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па пажары, у 1802—1822 гадох комплекс адбудавалі. На 1804 год у кляштары было 15 манахаў, 12 студэнтаў, у бібліятэцы — 1199 кніг. Пры кляштары працавала суконная фабрыка.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864 годзе расейскія гвалтоўна ліквідавалі кляштар, у 1870[1] годзе касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Кляштарны корпус прыстасавалі пад вайсковыя кашары.
У 1911 годзе ў былым касьцёле праводзіўся рамонт.
Улады міжваеннай Польскай Рэспублікі пакінулі будынкі за новаўтворанай Аўтакефальнай праваслаўнай царквой. У Другую сусьветную вайну комплекс атрымаў нязначныя пашкоджаньні. У 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл.
Касьцёл — 3-нэфавая базыліка з павышаным цэнтральным нэфам пад 2-схільным і больш нізкімі бакавымі нэфамі пад 1-схільнымі дахамі. 2-ярусны галоўны фасад завяршаўся трыкутным франтонам, у першым ярусе на цэнтральнай восі разьмяшчаўся аркавы партал галоўнага ўвахода[2]. Роўнічныя бакавыя фасады рытмічна падзяляліся аркавымі і прастакутнымі аконнымі праёмамі (адпаведна галоўнага і бакавых нэфаў), а таксама пілястрамі ў прасьценках.
У крыпце знаходзіліся надмагільлі фундатараў, у тым ліку Міхала Казімара Рэйтана. Статуя «Ўкрыжаваньне» лічылася цудоўнай. Мастацкую цікавасьць мелі абразы Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сьвятых Кацярыны, Ганны, Антонія і Францішка.
Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаўся да падоўжнага бакавога фасаду касьцёла.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.