From Wikipedia, the free encyclopedia
Міхаіл (Міхал) Кірылавіч Баброўскі (8 (19) лістапада 1784, в. Волька Выганоўская, цяпер Бельскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 21 верасня (3 кастрычніка) 1848, мяст. Шарашова Пружанскага павета) — славіст, арыенталіст, багаслоў, даследчык старажытных славянскіх рукапісаў і старадрукаваных кірылічных выданняў, доктар багаслоўя (1823)[1], канонік Брэсцкага капітула (1817).
Міхаіл Кірылавіч Баброўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 8 (19) лістапада 1784 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 верасня (3 кастрычніка) 1848 (63 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковец |
Навуковая сфера | палеаграфія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар навук |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Член Археалагічнай акадэміі ў Рыме, парыжскага і лонданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце, камітэта па выпрацоўцы харвацкага правапісу ў Далмацыі[1].
Міхаіл Баброўскі разам з Ігнатам Даніловічам лічыцца адным з першых творцаў «беларускага нацыянальнага адраджэння»[2] альбо «беларускай нацыянальнай ідэі»[3].
Валодаў беларускай мовай, за якую лічыў падляшскі дыялект без «акання», «дзекання», «цекання», з мяккімі «дзь» і «ць» і поўнымі канчаткамі інфінітываў, напрыклад «ходити»[4].
Паходзіць са старадаўняга беларускага шляхецкага роду. Бацька — Кірыла Баброўскі — быў высвечаны на ўніяцкага святара берасцейскім грэка-каталіцкім біскупам Сімяонам Млоцкім у 1779 годзе, яго маці — Ганна з роду Крупскіх. У сям’і было пяцёра сыноў, аднак у жывых засталіся толькі старэйшы Язэп і малодшы Міхал[5].
Навучаўся ў Кляшчэляўскай царкоўнай школе і піярскім вучылішчы ў Драгічыне, Беластоцкай гімназіі (скончыў у 1806 годзе) і Галоўнай духоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце (скончыў у 1812 годзе). У 1811 годзе атрымаў ступень магістра філалогіі, у 1812 годзе стаў магістрам багаслоўя, у 1814 — магістрам філасофіі[5]. Прыняў пасвячэнне ў 1815 годзе, з 1817 года канонік брэсцкі.
У 1817—1822 гадах у замежнай навуковай камандзіроўцы ад Віленскага ўніверсітэта[1], наведаў славянскія землі, Францыю і Італію і вывез адтуль значную колькасць кніг, якія ён прадаў потым Віленскай семінарыі.
З 1822 года прафесар Віленскага ўніверсітэта. У 1822—1824 гадах і пасля перапынку з 1826 года прафесар экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага ўніверсітэта. З 1823 года доктар тэалогіі. Заснавальнік беларуска-літоўскага філалагічнага гуртка ў Віленскім універсітэце[1]. Выступаў супраць паланізацыі і лацінізацыі[1].
У сувязі са следствам, разгорнутым М. М. Навасільцавым па справе тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, быў разам з прафесарамі Ю. Галухоўскім , І. Даніловічам, І. Лялевель адхілены ад выкладання і высланы з Вільні.
У 1824—1826 гадах знаходзіўся ў ссылцы ў базыльянскім манастыры ў Жыровіцах.
Дзякуючы заступніцтву мецэната М. П. Румянцава ў 1826 годзе Баброўскі атрымаў магчымасць вярнуцца ва ўніверсітэт[6]
У 1833 годзе практычна быў сасланы ў мястэчка Шарашова, дзе быў святаром да канца жыцця. У сувязі з пераследаваннем грэка-католікаў перайшоў у праваслаўе. Займаўся навукай і выхаваннем пляменніка Паўла, бацька якога заўчасна памёр. Памёр ад халеры. Пахаваны на шарашоўскіх могілках за алтаром царквы св. Пятра і Паўла.
Даследаваў унікальныя калекцыі славянскіх рукапісаў і старадрукаў, увёў у навуковы ўжытак многія помнікі пісьменства. Адзін з пачынальнікаў скарыназнаўства, які нанова адкрыў для еўрапейскай навукі імя Ф. Скарыны. Толькі невялікая частка яго рукапіснай спадчыны апублікавана пры жыцці, частка знікла адразу пасля смерці даследчыка.
Яшчэ гімназістам зацікавіўся архівам і бібліятэкай Супрасльскага манастыра каля Беластока, дзе ў 1822 годзе выявіў Супрасльскі зборнік[1], адзін з вельмі важных кірылічных помнікаў царкоўнаславянскай мовы. Баброўскі паведаміў пра гэта Вастокаву , які ў 1825 годзе надрукаваў вынікі сваіх даследаванняў. Частка рукапісу (118 лістоў) трапіла да Копітара і захоўваецца ў Любляне; яна была выдадзена Міклошычам пад назвай «Monumenta linguae paleoslovenicæ е codice Supraslensi» (Вена, 1851). Частка (два сшыткі) захоўваецца ў пецярбургскай Расійскай нацыянальнай бібліятэцы; астатняя частка патрапіла ў бібліятэку графаў Замойскіх у Варшаве і захоўваецца цяпер у польскай Нацыянальнай бібліятэцы.
Збіраў матэрыялы пра дзейнасць Швайпольта Фіёля, Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца. Склаў навуковае апісанне старажытных кірылічных і глаголічных помнікаў пісьменства, якія захоўваюцца ў Ватыканскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры.
За свае навуковыя працы Баброўскі быў абраны членам археалагічнай акадэміі ў Рыме, Азіяцкага грамадства ў Парыжы і Лондане, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх пры Маскоўскім універсітэце .
Імя Баброўскага нададзена Лабараторыі вывучэння духоўнай культуры Падляшша (Масква) і вуліцы ў Шарашове.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.