Ісак Абрамавіч Сербаў

этнограф, фалькларыст, археолаг From Wikipedia, the free encyclopedia

Ісак Абрамавіч Сербаў
Remove ads

Іса́к Абра́мавіч Се́рбаў (13 мая (25 мая) 1871, Кульшычы, цяпер Слаўгарадскі раёнМагілёўская вобласць21 студзеня 1943, Тамбоў, цяпер Расія) — беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг. Правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922)[2], кандыдат гістарычных навук (1934).

Хуткія факты Ісак Абрамавіч Сербаў, Дата нараджэння ...
Remove ads

Біяграфія

Раннія гады. Імя

Нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна-беларуса ў вёсцы Кульшычы Прапойскай воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні. Пры хрышчэнні паводле праваслаўнага абраду ён, як і яго бацька Абрагам, атрымаў біблейнае імя, адпаведнае царкоўнай форме яго напісання — Ісаакій. У часы Расійскай імперыі і ў першыя гады савецкай улады ён падпісваўся Ісаакий Аврамович Сербов. За савецкім часам замацавалася іншае напісанне яго імя — Ісак Абрамавіч Сербаў.

Настаўніцкая дзейнасць

У 1892 годзе скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, быў рэкамендаваны на месца настаўніка ў Хоцімскае народнае вучылішча, дзе пачаў службу з 1 верасня таго ж года. Пасля адзінаццаці гадоў настаўніцкай працы 1 жніўня 1903 года Сербаў быў перамешчаны на аналагічнае месца ў Гомельскае двухкласнае прыходскае вучылішча. 2 лістапада 1907 г. ён атрымаў чын калежскага рэгістратара.

29 лютага 1908 года ў Гомельскай мужчынскай гімназіі Ісак Сербаў паспяхова здаў спецыяльны экзамен на званне хатняга настаўніка рускай мовы. 1 жніўня 1909 года паводле распараджэння папячыцеля Віленскай навучальнай акругі ён быў пераведзены ў Стоўбцы, дзе пачаў працаваць у 4-класным гарадскім вучылішчы, а 1 верасня 1910 года атрымаў прызначэнне ў губернскі цэнтр пазаштатным настаўнікам 2-га Мінскага гарадскога вучылішча. 1 студзеня 1913 года пераведзены ў сталіцу навучальнай акругі Вільню на пасаду штатнага настаўніка 3-га Віленскага гарадскога мужчынскага вучылішча.

У 1910—1912 гадах як член Паўночна-Заходняга аддзелу Рускага геаграфічнага таварыства наладжваў экспедыцыі па Беларусі.

За выдатныя заслугі на ніве адукацыі 1 студзеня 1912 года ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені. 15 чэрвеня 1914 года быў пераведзены на пасаду інспектара Троцкага пачатковага вучылішча. Улетку 1915 года ў сувязі з наступленнем нямецкай арміі ў час Першай сусветнай вайны разам са служачымі Віленскай навучальнай акругі яго сям’я эвакуіравалася ўглыб Расійскай імперыі. Звесткі пра яго жыццё і дзейнасць з другой паловы 1915 па 1922 год урыўкавыя.

У 1916 годзе ён быў прыняты на вучобу ў Маскоўскі археалагічны інстытут. Не звальняючыся з працы, ён удасканальваў адукацыю ў галіне археалогіі, этнаграфіі і мастацтва ў Смаленскім аддзяленні гэтай установы. З дакументаў студэнцкай справы Ісака Сербава вынікае, што ён аплаціў трохгадовы курс навучання і скончыў навучанне ў 1918 годзе, хоць выпуск павінен быў адбыцца ў 1919 годзе[3].

Кастрычніцкая рэвалюцыя

Кастрычніцкі пераварот Ісак Сербаў сустрэў у горадзе Сальцы Наўгародскай губерні, дзе з кастрычніка 1917 года працаваў начальнікам аддзела народнай адукацыі. У пачатку 1919 года «праз цяжкую патрэбу і голад» ён разам з жонкай пераехаў у Магілёў. З 1 студзеня па 16 лютага 1919 года выконваў абавязкі загадчыка Магілёўскага губернскага аддзела народнай адукацыі (ГУБАНА). У сакавіку 1919 года ўзначаліў пададдзел у справах музеяў, архіваў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны Магілёўскага ГУБАНА, якое з красавіка 1919 года перамясцілася ў Гомель. З верасня 1920 года працаваў старшынёй Надзвычайнай губернскай камісіі па ліквідацыі непісьменнасці, адкуль быў звольнены 21 лютага 1921 года.

У пачатку 1921 года праз абвінавачанні ў яго адрас Ісак Сербаў пачаў працаваць у аграрнай службе Заходняй чыгункі, а ў траўні 1922 года перайшоў на пасаду інструктара-арганізатара ў Губернскі саюз сельскагаспадарчых і саматужна-прамысловых кааператываў.

Навуковая дзейнасць у Беларускай ССР

У другой палове 1922 года Ісак Сербаў абраны правадзейным сябрам Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) і пераязджае ў Менск. Адначасова з працай у Інбелкульце, затым у Акадэміі навук БССР, Ісак Сербаў выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ).

Ён быў задзейнічаны ў бальшыні навуковых і грамадскіх ініцыятыў: быў сакратаром этнаграфічнай секцыі (з 1924 г.), узначальваў камісію па вывучэнні быту і матэрыяльнай культуры пры кафедры этналогіі (з 1927 г.); быў сябрам прэзідыума гісторыка-археалагічнай секцыі, што засведчана на фотаздымку 1926 года, бібліяграфічнай камісіі гісторыка-археалагічнай секцыі, бібліятэчнай камісіі, камісіі мастацтва; займаў пасаду навуковага сакратара камісіі па ахове помнікаў (1926—1927 гг.). Апроч гэтага ўдзельнічаў у працы наступных камісій: фальклорна-дыялекталагічнай, музыкі, гісторыі старажытнага Менска. Сербаў быў сябрам Цэнтральнага краязнаўчага бюро, дэлегатам I і II краязнаўчых з’ездаў (1926, 1927), рэцэнзаваў артыкулы ў часопісе «Наш край». Пры тым у 1924—1925 гадах ён працаваў у навукова-экспертнай камісіі Наркамасветы БССР, якая займалася выяўленнем на тэрыторыі рэспублікі помнікаў старажытнасці, ставіла іх на ўлік, стварала сістэму аховы і да т. п. Пасля рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук ён займаў пасаду навуковага сакратара кафедры этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі (з 1929 г.).

Таксама Ісак Сербаў працягваў археалагічныя даследаванні, быў удзельнікам Першага з’езда даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (1926), дзе зачытаў даклад аб археалагічных даследаваннях у Новым Быхаве ўлетку 1925 года з дэманстрацыяй калекцый знаходак. У 1925 годзе ён даследаваў курганы пад Менскам, сутарэнні Клімавіцкай турмы — будынка былога кляштара, стаянку першабытнага чалавека на беразе Дняпра ў Новым Быхаве. Працягваў этнаграфічныя даследаванні, распачатыя ў 1910-я гады, выязджаў у экспедыцыі. У 1925 годзе паводле даручэння тэатральнай і музычнай секцыі Інбелкульта ён збіраў матэрыялы па беларускіх народных танцах на Лепельшчыне і Магілёўшчыне, запісаў на фанограф 50 каляндарных і бытавых песень, мелодыі на дудцы, пастухоўскай трубе, збіраў узоры народнага адзення, тканін. У 1926—1927 гадах здзейсніў этнаграфічныя паездкі на Віцебшчыну і Смаленшчыну.

Разам з Вацлавам Ластоўскім і Мікалаем Каспяровічам у 1929 годзе ўдзельнічаў у экспедыцыі на Мазыршчыну (дэльта Дняпра і Прыпяці), дзе даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру, археалагічныя помнікі ў Юравіцкім, Хойніцкім, Брагінскім, Лоеўскім, Рэчыцкім раёнах.

Ісак Сербаў пазбег палітычных рэпрэсій вясной і летам 1930 года, калі была разгромлена секцыя этнаграфіі паводле сфабрыкаванай справы контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», названы «ворагамі пралетарскай дыктатуры» і арыштаваны этнографы і археолагі, якія былі калегамі Ісака Сербава па працы ў Інбелкульце і Акадэміі навук БССР. 21 лютага 1933 года разам з шэрагам навукоўцаў, абвінавачаных у трацкізме і «недастатковым марксізме», ён быў звольнены з Інстытута гісторыі.

Але пры падтрымцы Мікалая Нікольскага ў 1934 годзе Ісаку Сербаву паводле сукупнасці навуковых прац была прысуджана навуковая ступень кандыдата гістарычных навук. У 1935 годзе ён вярнуўся на працу ў секцыю этнаграфіі Інстытута гісторыі. У 1937 годзе Ісак Сербаў разам з Міхаілам Грынблатам склаў зборнік «Прыгон у фальклоры (песні, казкі, апавяданні)». Працягваў збіраць фальклорныя матэрыялы. Яго запісы, зробленыя ў 1936 годзе ў Пухавіцкім, Лёзненскім, Шумілінскім раёнах, у 1937 годзе ў Бялынічах, увайшлі ў выданне «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940). У канцы 1930-х гадоў разам з Міхаілам Грынблатам падрыхтаваў два альбомы «Беларускае народнае мастацтва», якія былі выдадзеныя толькі ў 1951 годзе[4].

У час Другой сусветнай вайны, з чэрвеня 1941 года ў эвакуацыі ў Тамбове, выкладаў у Тамбоўскім педагагічным інстытуце.

Remove ads

Навуковая дзейнасць

Thumb
Паштовая марка Беларусі да 125-годдзя Ісака Сербава, 1996 г.

З 1900 года вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэтычную і музычную творчасць беларусаў. Сабраў багатыя калекцыі народнага адзення і мастацтва, на аснове якіх у 1951 годзе быў выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва». Першым сярод беларускіх этнографаў сабраў вялікую фотатэку, у якой зафіксаваныя тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоў, вырабаў рамёстваў. Сабраныя этнаграфічныя матэрыялы і назіранні абагульніў у працах «Сяло Вялікае; Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Вандроўкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915).

У 2013 годзе Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі выдала альбом «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911—1912», дзе былі апублікаваныя 442 фотаздымкі з этнаграфічных экспедыцый 1911—1912 гадоў.

Remove ads

Бібліяграфія

  • Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями. Вильна, 1911 (у суаўтарстве з Ф. А. Жудро і Д. І. Даўгялам).
  • Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. Вильна, 1914.
  • Аб беларускай народнай песні // Гоман, 1918.
  • Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г. Мн., 1927.
  • Вічынскія паляне. Мн., 1928.
  • Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зал. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. ар-хеал. камісіі, т. 2.
  • Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясці ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Зноскі

  1. Národní autority České republiky Праверана 7 лістапада 2022.
    <a href='https://wikidata.org/wiki/Track:Q13550863'></a>
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 344. — 512 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
  3. Лабачэўская В. Матэрыялы да біяграфіі Ісака Абрамавіча Сербава (1871—1943) // Homo Historicus. 2022. С. 38-55.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads