Алена (фільм, 2011)
фільм, 2011 From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Але́на» (руск.: Елена) — расійскі драматычны фільм 2011 года рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Звягінцава. Суаўтарам сцэнарыя выступіў Алег Негін , галоўныя ролі выканалі Надзея Маркіна , Андрэй Смірноў і Алена Лядава[5].
Былая медсястры Алена амаль дзесяць гадоў жыве з бізнесменам старэчых гадоў Уладзімірам. Нягледзячы на такі прыстойны тэрмін сумеснага жыцця, афіцыйна распісаліся яны толькі нядаўна. Ва Уладзіміра ёсць дарослая дачка Кацярына, разумная, адукаваная, але распешчаная і мяцежная дзяўчына. У Алены, у сваю чаргу, ёсць жанаты сын Сяргей з двума дзецьмі на руках і ветрам у галаве. Уладзімір катэгарычна адмаўляецца дапамагаць сям’і Сяргея, але Алена ўсё ж не жадае закрываць вочы на іх праблемы. Яна просіць у свайго мужа грошы на «адкос» ад войска для шалапутнага ўнука. Уладзімір адмаўляе, і Алена рашаецца на страшны ўчынак… Скарыстаўшыся ягоным нестабільным станам пасля перанесенага інфаркту, жанчына бярэ сітуацыю ў свае рукі.
Прэм’ера фільма адбылася 21 мая 2011 года ў межах праграмы «Асаблівы погляд » 64-га Канскага кінафестывалю, дзе карціна ўдастоілася Спецыяльнага прыза журы. Акрамя таго, фільм дэманстраваўся на кінафестывалях у Маскве, Жынду , Таронта, Хельсінках, Генце, Сан-Паўлу, Арасе, Салоніках, Лез-Арку , Глазга, Вісконсіне, Хайфе і іншых[6]. У шырокі пракат фільм выйшаў 29 верасня 2011 года ў Расіі. У лістападзе таго ж года, яшчэ да завяршэння афіцыйнага пракату, фільм быў паказаны на цэнтральным расійскім тэлебачанні.
Карціна была станоўча прынята большасцю сусветных кінакрытыкаў і ўдастоілася шматлікіх узнагарод, сярод якіх 4 прэміі «Залаты арол » (у тым ліку за найлепшы фільм і рэжысуру), 4 прэміі «Ніка» (у тым ліку за найлепшую рэжысуру), 3 прэміі «Белы слон » (у тым ліку за найлепшы фільм і рэжысуру)[7] . У снежні 2019 года карціна, адзіная з Расіі, увайшла ў спіс 50 найлепшых сусветных фільмаў другога дзесяцігоддзя XXI стагоддзя, складзены амерыканскім часопісам «Rolling Stone».
Remove ads
Сюжэт
За два гады да падзей, выяўленых у фільме, пажылы чалавек па імені Уладзімір (Андрэй Смірноў ) аформіў шлюб з Аленай (Надзея Маркіна ) пасля амаль васьмі гадоў сумеснага жыцця. Нягледзячы на працяглыя адносіны, муж і жонка маюць мала агульнага ў адукацыі і даходзе: Уладзімір — забяспечаны прадпрымальнік, уладальнік паважных знаёмстваў і дзелавых сувязяў. З Аленай, медсястрой з вельмі сціплым прыбыткам, адукацыяй і сацыяльным становішчам, ён пазнаёміўся, калі аднойчы патрапіў у лякарню з вострым перытанітам. Муж і жонка спяць у розных пакоях, практычна не маюць агульных інтарэсаў і заняткаў, большую частку свайго часу Алена затрачвае на забеспячэнне камфорту мужа. У абаіх ёсць дзеці ад папярэдніх шлюбаў: у Алены — вялікаўзроставы інфантыльны сын Сяргей (Аляксей Розін ), які ні да чаго не імкнецца і пастаянна сутыкаецца з цяжкасцямі пры ўтрыманні сваёй няспынна растучай сям’і, у Уладзіміра — дасціпная, але цынічная і распешчаная дачка Кацярына (Алена Лядава). Унуку Алены, Аляксандру (Ігар Агурцоў), неабходны грошы для аплаты паступлення ва ўніверсітэт, інакш яго забяруць у войска. Алена звяртаецца з просьбай аб фінансавай дапамозе да мужа. Аднак, той не хоча дапамагаць Алене ў гэтай справе — ён пагарджае яе сынам, які да таго ж некалькі гадоў не вяртае яму ўзятыя ў доўг грошы, і яго абураюць спробы жонкі вырашаць праблемы ўжо другога пакалення «лайдакоў». Неўзабаве Уладзімір трапляе з інфарктам у лякарню, дзе яго наведвае дачка. Пасля размовы з дачкой ён канчаткова адмаўляе Алене ў просьбе і прымае рашэнне: усе яго грошы пасля смерці адыдуць Кацярыне, а ўдава атрымае толькі добрую пажыццёвую рэнту.
Не знаходзячы іншага выйсця, Алена рашаецца на забойства: яна падсыпае Уладзіміру ў лекі «Віягру», і, дачакаўшыся яго смерці, спальвае чарнавікі завяшчання, якое ён так і не аформіў. За адсутнасцю дакументавана аформленай волі нябожчыка яго спадчына дзеліцца папалам паміж жонкай Аленай і дачкой Кацярынай. Акрамя таго, Алена забірае грошы з сейфа, якія Уладзімір захоўваў дома. Кацярына здагадваецца, што Алена прысвоіла грашы, але ў яе няма доказаў. Алена адвозіць грошы сям’і сына і тым самым пазбаўляе ўнука ад «святога абавязку». Аднак будучы студэнт, «адмазаны» ад войска, абыякавы да свайго лёсу: ужо ў наступных кадрах ён лёгка ўвязваецца ў масавую бойку з падлеткамі. У фінале глядач бачыць, як у дарагой кватэры Уладзіміра, у якой ён жыў з Аленай, па-гаспадарску размяшчаецца сям’я яе сына…
Remove ads
Акцёрскі склад
Надзея Маркіна | – Алена |
Андрэй Смірноў | – Уладзімір |
Алена Лядава | – Кацярына, дачка Уладзіміра |
Аляксей Розін | – Сяргей, сын Алены |
Яўгенія Конушкіна | – Таццяна, жонка Сяргея |
Ігар Агурцоў | – Аляксандр, сын Сяргея і Таццяны |
Remove ads
Вытворчасць
Задума і напісанне сцэнарыя
Першыя думкі пра стварэнне падобнага фільма з’явіліся ў Звягінцава ў лютым 2009 года, калі брытанскі прадзюсар Олівер Дангі, з якім яны разам працавалі на здымачнай пляцоўцы стужкі «Нью-Ёрк, я кахаю цябе », падаў ідэю праекта, рэжысёрамі якога стануць чатыры чалавекі з Паўночнай Амерыкі, Паўднёвай Амерыкі, Еўропы і Азіі[8]. Тэма павінна была быць адна: Апакаліпсіс[8]. Дангі прапаноўваў трактаваць гэта шырока: ад «Ахвярапрынашэння» Таркоўскага да «Прафесіі: рэпарцёр » Антаніоні[9]. Звягінцаў стэлефанаваўся з блізкім сябрам, пісьменнікам Алегам Негіным , разам з якім яны ўвесь наступны месяц разважалі пра сюжэт будучай карціны[8]. Аднаго разу ноччу Негін патэлефанаваў Звягінцаву і распавёў гісторыю са свайго жыцця, якую пазней увасобіў у сцэнарый, напісаны за 8—10 дзён[8].
Пасля карэкціроўкі сцэнарыя Звягінцаў адправіў яго Дангі, які адрэагаваў на гэта так: «Хлопцы, што ж вы робіце? Я вам прапаную праект на 7—8 мільёнаў долараў, а вы мне — на 2,5, гісторыю пра двух пенсіянераў у адным інтэр’еры»[8]. Фільм павінен быў здымацца на англійскай мове ў ЗША або Англіі, працоўная назва была «Хелен», а мужа галоўнай гераіні павінны былі клікаць Рычард[8]. З-за абсалютна расійскага менталітэту сцэнарыя карціны месца дзеяння было вырашана перамясціць у Расію[8]. Неўзабаве пасля прачытання першых старонак сцэнарыя Дангі даслаў Звягінцаву каля 20 старонак з заўвагамі[8]. Азнаёміўшыся з імі, рэжысёр зразумеў, што гэтая гісторыя зацягнецца надоўга, папрасіў прабачэння і ўвесну 2009 года пакінуў праект[8].
З мая па жнівень таго ж года Звягінцаў шукаў тых, хто пагадзіўся б фінансаваць запланаваную карціну[8]. Тады ж рэжысёр пазнаёміўся з прадзюсарам Аляксандрам Раднянскім , які, прачытаўшы сцэнарый, паведаміў пра пачатак здымкаў фільма[8]. Увесь верасень Негін і Звягінцаў па 10 гадзін у дзень, не выходзячы са студыйнага падвала, правілі сцэнарый[8]. Адметна, што яшчэ да пачатку здымкаў фільм быў удастоены прэміі за найлепшую сцэнарную распрацоўку на фестывалі незалежнага кіно «Сандэнс»[10].
Назва фільма была абрана не адразу, разглядаліся разнастайныя варыянты: ад «Нашэсця варвараў» (па аналогіі з аднайменным фільмам Дэні Аркана) да «Грошай» (так называецца апошні фільм Брэсона)[11].
Падбор акцёраў
Ролю Алены Звягінцаў амаль з самага пачатку планаваў даць тэатральнай актрысе Надзеі Маркінай , якую ў сярэдзіне 1990-х гадоў убачыў у спектаклі Сяргея Жэнавача «Кароль Лір» у ролі Рэганы[8]. Рэжысёр апісваў сваё ўражанне ад актрысы наступным чынам: «Захапіўся рэдкай уласцівасцю яе натуры. Вось яна ўстане, раскіне рукі — Радзіма-маці, ударнік працы ў пуховай хустцы. Злёгку павернецца, у профіль — жонка патрыцыя, імператрыца, рэдкая высакароднасць»[9]. Нягледзячы на жаданне рэжысёра ўзяць на ролю Маркіну, члены здымачнай групы пераглядзелі мноства актрыс, перш чым Надзея была зацверджана на ролю[8].
Звягінцаў доўга шукаў акцёра і на ролю Уладзіміра[12]. Кастынг праходзілі мужчыны 70 гадоў, аднак ніводзін з іх не задаволіў рэжысёра, які знаходзіў у іх тварах цяжкую асуджанасць, хаця патрэбен быў «чалавек-сонца, само жыццё»[12]. Такім аказаўся рэжысёр Андрэй Смірноў , у якім Звягінцаў убачыў прыкметы вітальнасці[12]. «Смірноў вельмі жывы, шырока адукаваны чалавек, разумніца, лёгка размаўляе на французскай і англійскай мовах, унутрана пластычны і таму жывы і актыўны. Для мяне ён быў камертонам, ён вызначаў градус акцёрскага існавання ў кадры, нібы настройваў сваіх калег», — казаў рэжысёр[12]. У першы ж дзень здымак Смірноў учыніў скандал з нагоды таго, што яму не спадабалася паліто, у якое быў апрануты яго герой[8].
Ролю Кацярыны, дачкі Уладзіміра, сыграла Алена Лядава, на якую рэжысёр не ўскладаў асаблівых надзей да пачатку проб[11]. Як толькі яна з’явілася на здымачнай пляцоўцы, Звягінцаў адразу ж убачыў, наколькі ідэальна актрыса супадае са сваім персанажам[11]. Пазней Лядава прызнавалася, што працаваць са Звягінцавым было прыемна: «Атмасферу на пляцоўцы рэжысёр стварыў добрую. Андрэй Сяргеевіч выступіў як цудоўны партнёр. Сцэнарыст напісаў выдатны дыялог. Цуда-аператар усё зняў. Што яшчэ трэба? Атрымалася хутка і лёгка. Не ў пакутах, не»[13].
Здымкі
У кастрычніку 2009 года рэжысёр заявіў пра пачатак здымачнага працэсу, да працы падключыліся аператар Міхаіл Крычман і мастак-пастаноўшчык Андрэй Панкратаў[8]. Непасрэдна здымкі фільма стартавалі 9 красавіка 2010 года і праходзілі ў Маскве[14]:
- Апартаменты бізнесмена Уладзіміра — гэта Астожанка, Малочны завулак, дом 2 (ЖК «Новая Астожанка»).
- Фітнес-клуб «Enjoy», які наведвае Уладзімір, рэальны і знаходзіцца на Дзербянёўскай набярэжнай, дом 7, к. 6.
- Пасля наведвання банка Алена едзе на маршрутцы №356М (Беларускі вакзал — Базаўская вуліца).
- Далей Алена аказваецца каля Павялецкага пуцеправода на Варшаўскай шашы. Там міма яе праязджае трамвай з бартавым нумарам 4291, які належыць Кастрычніцкаму трамвайнаму дэпо.
- Алена паднімаецца на Павялецкі пуцеправод і трапляе на платформу ЗІЛ Павялецкага напрамку, дзе чакае электрычку ў бок Бірулёва.
- Каб патрапіць у жылую частку Заходняга Бірулёва, Алена праходзіць уздоўж плота і градзірняў ЦЭЦ-26.
- Алена купляе прадукты для сям’і сына ў доме 17, к. 3а па Вастракоўскім праездзе (у рэальнасці там размяшчаецца крама «Пяцёрачка»).
- Двор дома Сяргея зняты каля дома 15, к. 2 па Вастракоўскім праездзе. Адметна, што ў гэтым жа доме праходзілі здымкі тэлесерыяла «Брыгада».
- Тым не менш у гэтым доме няма вокнаў, якія выходзяць на градзірні ЦЭЦ. Верагодна, кватэра сына Сяргея здымалася ў іншым доме па Вастракоўскім праездзе.
Музычнае суправаджэнне
У якасці музычнага лейтматыва карціны была выкарыстана трэцяя частка Сімфоніі № 3 амерыканскага кампазітара Філіпа Гласа[15].
Remove ads
Выхад і прызнанне
Пракат
Прэм’ера фільма адбылася 21 мая 2011 года ў межах 64-га Канскага кінафестывалю. Акрамя таго, фільм дэманстраваўся на кінафестывалях у Маскве, Жынду , Таронта, Хельсінках, Генце, Сан-Паўлу, Арасе, Салоніках, Лез-Арку , Глазга, Вісконсіне, Хайфе і іншых[6]. У шырокі пракат фільм выйшаў 29 верасня 2011 года ў Расіі. У лістападзе таго ж года, яшчэ да завяршэння афіцыйнага пракату, фільм быў паказаны на цэнтральным расійскім тэлебачанні.
Ніжэй прыведзены спіс прэм’ер фільма паводле краін у храналагічным парадку[6]:
- 21.05.2011:
Францыя (Канскі кінафестываль)
- 24.06.2011:
Расія (Маскоўскі кінафестываль)
- 27.08.2011:
Францыя (Кінафестываль у Жынду)
- 08.09.2011:
Канада (Кінафестываль у Таронта)
- 15.09.2011:
Фінляндыя (Кінафестываль у Хельсінках)
- 29.09.2011:
Расія
- 17.10.2011:
Бельгія (Генцкі кінафестываль)
- 21.10.2011:
Бразілія (Кінафестываль у Сан-Паўлу)
- 06.11.2011:
Францыя (Кінафестываль у Арасе)
- 07.11.2011:
Грэцыя (Кінафестываль у Салоніках)
- 16.11.2011:
Мексіка (Фестываль «Muestra Internacional de Cine»)
- 16.12.2010:
Францыя (Кінафестываль у Лез-Арку)
- 22.12.2011:
Венгрыя
- 21.01.2012:
ЗША (Кінафестываль «Сандэнс»)
- 18.02.2012:
Вялікабрытанія (Кінафестываль у Глазга)
- 07.03.2012:
Францыя
- 08.03.2012:
Грэцыя
- 21.03.2012:
Бельгія
- 23.03.2012:
Польшча
- 29.03.2012:
Нідэрланды
- 15.04.2012:
ЗША (Кінафестываль «RiverRun»)
- 20.04.2012:
Нарвегія
- 22.04.2012:
ЗША (Кінафестываль у Вісконсіне)
- 04.05.2012:
Швецыя
- 16.05.2012:
ЗША (Нью-Ёрк)
- 21.06.2012:
Аўстралія
- 13.07.2012:
Мексіка
- 20.07.2012:
Іспанія
- 26.07.2012:
Партугалія
- 07.09.2012:
Турцыя
- 20.09.2012:
Ізраіль
- 26.10.2012:
Вялікабрытанія
- 07.12.2012:
Калумбія
- 17.01.2013:
Данія (Капенгаген)
- 14.03.2013:
Аргенціна
- 13.12.2013:
Сінгапур
- 04.04.2014:
Венесуэла (абмежаваны пракат)
- 12.10.2014:
Ізраіль (Кінафестываль у Хайфе)
- 20.12.2014:
Японія
Крытыка
У расійскай крытычнай супольнасці фільм «Алена» атрымаў неадназначныя водгукі — ад захопленых да рэзка негатыўных. Так, кіназнавец Андрэй Плахаў назваў «Алену» «адным з найважнейшых расійскіх фільмаў апошніх гадоў», адзначыўшы, што карціна «добра зроблена» і актуальная па сваёй сацыяльнай праблематыцы. З іншага боку, кінакрытык Міхаіл Ратгаўз абвінаваціў стужку Звягінцава ў хадульнасці і безжыццёвасці, выявіўшы ў «Алене» «жахлівыя штампы з дрэннай драматургіі канца XIX стагоддзя»[16].
Рэйтынгі
Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ацэнку ў 87 балаў са 100 на аснове 16 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 7,5/10[17]. На іншым папулярным агрэгатары крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» колькасць станоўчых рэцэнзій дасягае 94 % на аснове 65 рэцэнзій крытыкаў. Глядацкі рэйтынг кінастужкі на гэтым рэсурсе складае 73 %[18].
Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных сайтах, прысвечаных кіно:
Узнагароды
Фільм «Алена» ўдзельнічаў у праграме «Асаблівы погляд » 64-га Канскага кінафестывалю, дзе ўдастоіўся Спецыяльнага прыза журы. Сярод іншых значных узнагарод, 4 прэміі «Залаты арол » (у тым ліку за найлепшы фільм і рэжысуру), 4 прэміі «Ніка» (у тым ліку за найлепшую рэжысуру), 3 прэміі «Белы слон » (у тым ліку за найлепшы фільм і рэжысуру)[7].
Паводле рэсурса «Internet Movie Database», агулам фільм быў адзначаны 24 кінаўзнагародамі і яшчэ 22 намінацыямі[7]:
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads