Валянцін Ваньковіч
беларускі мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Валянцін Ваньковіч або Валенцій-Вільгельм Ваньковіч (польск.: Walenty Wilhelm Wańkowicz; 12 (24) мая 1800, маёнтак Калюжыца, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Бярэзінскі раён, Мінская вобласць — 12 мая 1842, Парыж, Францыя) — мастак рамантычнага кірунку, аўтар вядомага партрэта Адама Міцкевіча «Міцкевіч на скале Аю-Даг» (каля 1831).
Remove ads
Біяграфія
Паходжанне


Належаў да старажытнага шляхецкага роду Ваньковічаў герба «Ліс», прадстаўнікі якога часта займалі земскія пасады ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Нарадзіўся ў сям’і Мельхіёра Аляксандравіча Ваньковіча (1775—1842) і яго жонкі Схаластыкі Гарэцкай, сястры вядомага паэта Антонія Гарэцкага. 14 мая ён быў ахрышчаны ў Бярэзінскім парафіяльным касцёле[6].
Бацька Мельхіёр валодаў маёнткам Малая Сляпянка (цяпер раён Мінска) у Менскім павеце і маёнткам Калюжыцы ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні і займаў пасады ігуменскага павятовага суддзі (1799—1802) і старшыні II дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні (1805—1808). Стрыечным братам Валянціна быў мастак Тадэвуш Гарэцкі.
Адукацыя
Дзіцячыя гады прайшлі ў Сляпянцы. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811—1818), дзе захапіўся жывапісам, шмат капіраваў з натуры. Потым атрымліваў адукацыю на аддзяленні літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта ў прафесара Яна Рустэма (1818—1824), дзе спрабаваў сябе ў партрэце (пераважна сяброў таварыства філаматаў і філарэтаў). Акрамя таго, наведваў заняткі на факультэце фізічных навук, вывучаў оптыку і законы распаўсюджання святла.
Паводле пастановы ўніверсітэцкай рады накіраваны на завяршэнне мастацкай адукацыі ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу (1825—1828).
За дыпломную праграму «Подзвіг кіяўляніна ў 988 годзе» Валенцію Ваньковічу прысуджаюць Малы залаты медаль з правам стажыроўкі за мяжой.
Сталыя гады

З 1829 года жыў у доме свайго брата Эдварда Ваньковіча на Валоцкай вуліцы ў Мінску (цяпер вуліца Інтэрнацыянальная, дом захаваўся), там жа бывалі яго сябры — Ян Дамель, Міхал Кулеша і іншыя мастакі, таксама Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя. Меў сядзібу ў тагачасным прыгарадзе Мінска Малой Сляпянцы (дом не захаваўся), дзе зладзіў майстэрню і плённа працаваў[7].
У мінскай майстэрні працаваў з сябрам Чаславам Манюшкам, бацькам вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. У гэты час напісаў партрэты бацькі, сястры Станіславы Гарноўскай, Дамініка Манюшкі, дзядзькі Антонія Гарэцкага, жонкі Анэлі з дзецьмі, мясцовых шляхціцаў.
З пачаткам паўстання 1830—1831 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі меў намер далучыцца да паўстанцаў (купіў зброю і каня), але праз працяглую хваробу ён не ўзяў удзел у паўстанні[8].
21 верасня 1832 за партрэты, «пісаныя з натуры», Пецярбургская Імператарская акадэмія мастацтваў уганаравала Валенція Ваньковіча звання «прызначанага» ў акадэміі і прапанавала для атрымання звання акадэміка напісаць сямейны партрэт з фігурамі ў поўны рост.
Эміграцыя
У ліпені 1839 выехаў у эміграцыю. Перад ад’ездам напісаў тэстамент на карысць жонкі. Наведаў Мюнхен (у 1840 удзельнічаў там у выстаўцы), Дрэздэн, Берлін, а 15 верасня 1841 прыехаў у Парыж і асталяваўся ў доме свайго сябра Адама Міцкевіча на вуліцы Д’Амстэрдам. У Парыжы пачаў новы этап у сваёй творчасці, у якім узраслі містычныя настроі, падтрыманыя даўнім сябрам філосафам Андрэем Тавянскім (карціны «Апафеоз Напалеона», 1841, «Напалеон над разарванай картай Еўропы», 1841, «Міцкевіч, які імправізуе», 1841, «Ecce homo», 1842, іконы «Евангеліст Ян» і «Святая Клара»). У 1842 годзе стварыў свой апошні аўтапартрэт.

Памёр ад сухотаў на руках у Адама Міцкевіча ўвечары 14 траўня 1842 года ў Парыжы, у доме па вуліцы Амстэрдамскай № 1[9]. Міцкевіч запісаў яго тэстамент: частку сваіх карцін мастак перадаў сваёй сям’і і сябрам юнацтва — Адаму Міцкевічу і Андрэю Тавянскаму, астатнія былі прададзены з аўкцыёну за пазыкі, але сумы на ўсю выплату не хапіла[8]. Пахаваны на могілках Манмартр[10]. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыжскім касцёле Сен-Севярын з 1841 года[11].
Remove ads
Творчасць


Першым настаўнікам Ваньковіча ў жывапісе быў будучы генерал ордэна езуітаў Габрыэль Грубер, мініяцюрыст. Ураджэнец Вены, ён шмат маляваў для польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Малады Ваньковіч у вольны ад вучобы час чытаў старыя кнігі, сабраныя ў бібліятэцы езуітаў, капіраваў карціны, якія знаходзяцца ў манастыры. Па заканчэнні шостага класа ён ужо ўмеў маляваць мініяцюры і партрэты алеем, удасканальваючы малюнак і колер.
У 16 гадоў ён запісаўся ва ўніверсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні, куды яго прынялі на факультэт малявання пасля прадстаўлення сваіх работ. Неўзабаве, на першай мастацкай выстаўцы факультэта прыгожых мастацтваў, малады мастак атрымлівае шырокае прызнанне сваёй творчасці, большае за сваіх калег. Ваньковіч атрымлівае першую ўзнагароду.
Каля 1821 года Ваньковіч знаёміцца ва ўніверсітэце з земляком — Адамам Міцкевічам. Яны слухалі адзін і той жа курс лекцый, хутка пасябравалі. Іх адносіны сталі асабліва блізкія пасля таго, як мініяцюра панны Верашчакаўскай, якая вельмі падабалася Міцкевічу, трапіла ў яго рукі. За гэта паэт падзякаваў мастака вершам «Do malarza» («Мастаку»). Ад гэтага часу застаўся пастэльны малюнак Міцкевіча з натуры.
Прафесары любілі Ваньковіча за сціпласць, а больш за ўсіх ганарыўся ім сам Ян Рустэм, у той час яны працавалі ў адной майстэрні. Ваньковіча накіравалі ад Віленскага ўніверсітэта на навучанне ў Санкт-Пецярбург. Тут ён набывае ўсё большае прызнанне. Пасля чатырох гадоў карпатлівага навучання вяртаецца назад з залатым медалём.
Пасля 1830 года маляванне мініяцюр перастала цікавіць мастака, яго прыцягвала цяпер толькі гістарычная тэматыка, і толькі ў гэтым кірунку ён хацеў працаваць.
У Парыжы ён далучыўся да літвінска-польскага эмігранцкага асяроддзя, зноў апынуўся блізу Адама Міцкевіча. Тут Ваньковіч трапіў пад моцны ўплыў містыцызму і тавіянізму (вучэнне Андрэя Тавянскага). Адзіным сапраўдным сябрам сярод гэтай духоўнай барацьбы заставаўся Міцкевіч, да якога ён пераехаў у апошнія дні свайго жыцця.
Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Польшчы. Аўтар партрэтаў Адама Міцкевіча, Антонія Гарэцкага, Марыі Шыманоўскай , Караля Ліпінскага , Э. і С. Хамінскіх, Андрэя Тавянскага і іншых. Характарныя карціны «Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе», «Міцкевіч на скале Аю-Даг» (1828), «Напалеон каля вогнішча» (1834). Сярод работ літаграфіі «Аўтапартрэт», «Галава старога», малюнкі «Від руін у Італіі», «Пейзаж» і іншыя.
Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Парыжа. Многія працы ў прыватных калекцыях нашчадкаў тых, каго мастак пісаў у першай палове XIX ст.
- Асобныя работы Валянціна Ваньковіча
- Партрэт Казімера Пясецкага
- Партрэт Андрэя Тавянскага
- Мужчынскі партрэт. Галерэя польскага жывапісу ў Беластоку
Remove ads
Сям’я

Валянцін (Валенцій) Ваньковіч ажаніўся з Анэляй Растоцкай, ад якой меў трох дзяцей: Адам Ваньковіч (1827—1895), які ажаніўся з Амеліяй Клячкоўскай і быў удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў; Казімір Ваньковіч (1831—1891), які ажаніўся з Каралінай Артынскай (1860—1945); Ян (Ян-Эдвард-Ляліва) Ваньковіч (1838—1899), які ажаніўся са Станіславай Ясклоўскай і быў удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў, камандуючы паўстанцкім атрадам у Берасцейскім павеце.
Ушанаванне памяці
У Мінску дзейнічае дом-музей Ваньковічаў — помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі класіцызму — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У залах музея экспануюцца архіўныя дакументы, фотаздымкі работ Валянціна Ваньковіча (арыгіналаў няма). Большасць экспанатаў была пазычана з музеяў у Варшаве[12]. Побач з сядзібай усталяваны помнік мастаку[13].
У 2012 годзе ў серыі «Славутыя мастакі Беларусі» выйшаў альбом, прысвечаны творчасці Валенція Ваньковіча[14].
Remove ads
Уплыў на культуру
Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Юрый Казакоў стварылі скульптурную кампазіцыю «Раніца мастака», прысвечаную мастаку. Яна ўстаноўлена на тэрыторыі філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі «Дом Ваньковічаў»[15][16].
Анатоль Анікейчык стварыў скульптуру «Ля крыніцы. Пушкін і Ваньковіч»[17].
Культурная прыналежнасць

Культурную спадчыну Валянціна Ваньковіча лічаць сваёй палякі і беларусы. Імя мастака непарыўна звязана з Беларуссю: тут ён нарадзіўся, тут нарадзіліся яго дзеці, тут ён правёў самы працяглы перыяд свайго творчага жыцця, стварыўшы мноства партрэтаў сяброў, сваякоў, мясцовых шляхціцаў[18].
Гаворачы пра Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку, Станіслава Манюшку, Валенція Ваньковіча, Уладзіслава Сыракомлю, вядомы даследчык Адам Мальдзіс адзначаў, што мы не маем права навязваць ім, як і «…шмат іншым дзеячам культурнага памежжа XIX ст. наш сённяшні менталітэт. Ну не прайшлі яны яшчэ, не маглі прайсці шлях ад „тутэйшасці“, „краёвасці“, „літоўскасці“ да беларускасці як нацыянальнага вызначэння. І мы павінны тут не парушаць прынцыпы гістарызму, гаварыць у дадзеным выпадку толькі аб элементах беларускасці»[19].
Беларускія працы апісваюць Валянціна Ваньковіча як мастака з беларускімі каранямі і з сумежжа культур, звязанага таксама з культурай Беларусі. Аўтары кнігі пад назвай «Гісторыя беларускага мастацтва» апісалі яго як творцу, які ўпісаў яркую старонку ў гісторыю беларускага жывапісу першай паловы XIX стагоддзя[20]. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» кажа, што мастак паходзіў са старажытнага беларускага роду Ваньковічаў, а яго творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Літвы і Польшчы[21].
Шматлікая польская прафесійная літаратура гісторыі культуры і мастацтва паказвае яго як польскага мастака. Гэта між іншым «Dzieje kultury polskiej» Аляксандра Брукнера, «Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939» Тадэвуша Дабравольскага , «Malarstwo polskie» Стэфана Казакевіча і «Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921)» Марыяна Кукеля[22][23][24][25][26].
Remove ads
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads