Веркі (Вільня)
былая вёска, уключаная ў склад Вільні From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ве́ркі, таксама Вя́ркей[3] (літ.: Verkiai) — колішняя вёска (пэўны час — горад) на правым беразе ракі Віліі (Нярыс), з 1969 года ў складзе Вільні. Размешчаны на паўночны ўсход ад цэнтра горада, ядро сучаснай Веркаўскай сянюніі.
Веркі вядомыя перадусім як былая рэзідэнцыя віленскіх біскупаў з палацава-паркавым ансамблем, а таксама сваёй Кальварыяй (Крыжовым шляхам).
Remove ads
Этымалогія
Паводле падання, назва паходзіць ад літоўскага слова verkti (плакаць). Легенда кажа, што вялікі князь Віцень (або Гедымін) падчас палявання пачуў плач дзіцяці. У арліным гняздзе на дрэве ён знайшоў немаўля. Вярхоўны жрэц, Крыве-Крывейта, патлумачыў, што гэта яго пазашлюбны сын, якога ён схаваў па волі багоў. Дзіця назвалі Лідзейка (ад літ. lizdas — гняздо), ён вырас і стаў вярхоўным жрацом, а месца атрымала назву Веркі[4].
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У 1387 годзе каралём Уладзіславам Ягайлам Веркі былі перададзены ва ўласнасць віленскім біскупам, якія з таго часу выкарыстоўвалі іх як летнюю рэзідэнцыю[1].
У 1390 годзе каля Верак адбылася бітва, у якой Вітаўт разам з крыжакамі перамог войскі вялікага князя Скіргайлы[1].
У сярэдзіне XVII стагоддзя біскуп Ежы Белазор выдзеліў з зямель маёнтка ўчастак, на якім у 1662—1669 гадах быў пабудаваны касцёл, а ў 1675—1701 гадах дзейнічаў кляштар дамініканцаў. Таксама пры ім у 1669 годзе быў закладзены Крыжовы шлях (Кальварыя). У канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя пры біскупе Канстанціне Казіміры Бжастоўскім тут пачалі працаваць папяровыя майстэрні. Ён жа пабудаваў тут палац («замак»)[1].
21 кастрычніка 1658 года, падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, адбылася Веркаўская бітва. Польны гетман Вінцэнт Аляксандр Гасеўскі, які меў 1500 чалавек конніцы, разбіў свой лагер у біскупскім маёнтку Веркі. Маскоўскія войскі пад камандаваннем князя Юрыя Далгарукава, якія займалі Вільню, раптоўна напалі на лагер. У ходзе жорсткай бітвы конніца Гасеўскага не здолела супрацьстаяць маскоўскай пяхоце. Каля 200 афіцэраў і жаўнераў загінулі або трапілі ў палон, сам Гасеўскі таксама трапіў у няволю і быў адпраўлены ў Маскву. Гэта паражэнне прывяло да аднаўлення шырокамаштабных баявых дзеянняў паміж дзяржавамі[5].


Каля 1780 года Веркі перайшлі ў прыватную ўласнасць біскупа Ігнацыя Масальскага (у абмен на маёнтак Чырвоны Двор, які ён аддаў капітулу). Масальскі хацеў стварыць тут ардынацыю для мужа сваёй пляменніцы — прынца Шарля Жазефа дэ Ліня. Дзеля гэтага ў 1782 годзе ён пачаў будаўніцтва раскошнага палацавага комплексу паводле праекта архітэктара Ваўжынца Гуцэвіча. У палацы былі капліца, тэатр, вялікія залы; на гару была праведзена вада, закладзены вялікія сады[1].
Пасля смерці прынца дэ Ліня (1792) і біскупа Масальскага (1794) маёнтак перайшоў да дачкі прынца, якая выйшла замуж за графа Патоцкага. Аднак неўзабаве яна прадала Веркі. Наступным уладальнікам быў Станіслаў Ясінскі, былы маршалак Віленскага павета. Пасля яго маёнтак набыў князь Людвік Вітгенштэйн. Ён перабудаваў палац, заклаў прыгожы сад і аранжарэю, пабудаваў вялікі мураваны гаспадарчы дом з вежавым гадзіннікам[1].
Расійская імперыя
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Веркі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. Пасля 1861 года ў Рэшаўскай воласці Віленскага павета.


У XIX стагоддзі Веркі апісваліся як фальварак з палацам і паркам у маляўнічай мясцовасці за 7 вёрст на паўночны ўсход ад Вільні. Паблізу фальварка была размешчана папяровая фабрыка, якая належала паслядоўна Аўэру, Гейману, Пільхау і купцу Чарнашварцу. У 1865 годзе ў Верках было 12 дамоў і 182 жыхары (26 праваслаўных, 127 каталікоў, 4 евангелісты, 25 іўдзеяў)[1].
9 красавіка 1904 года расійскі імператар Мікалай II зацвердзіў пастанову Камітэта Міністраў пра наданне статусу горада маёнтку Веркі (плошчай 782,8 дзесяціны), які належаў жонцы правадзейнага стацкага саветніка Чапялеўскай. Згодна з указам, землі агульнага карыстання (вуліцы, плошчы, сад, могілкі) перадаваліся будучай гарадской управе, а арандатарам давалася права выкупу ўчасткаў. Да стварэння ўправы выдаткі на паліцыю, добраўпарадкаванне і асвятленне ўскладаліся на ўласніцу маёнтка[2].
Паводле звестак 1905 года, у горадзе Веркі, які належаў Чапялеўскай, пражывалі 174 чалавекі (81 мужчына, 93 жанчыны). Агульная плошча зямельных уладанняў складала 2076,67 дзесяціны[2].
- План Веркаў (фрагмент). 1839 год. AGAD
- Веркаўскі палац на малюнку Марцэлія Янушкевіча. 1830-я.
- Усходняя афіцына Веркаўскага палаца на літаграфіі Васіля Садоўнікава, 1846 год.
- Уезд у Веркаўскі палац на літаграфіі Васіля Садоўнікава, 1846 год.
- Школа для сялянскіх дзяцей у Верках на літаграфіі Васіля Садоўнікава, 1848 год.
- Усходняя афіцына Веркаўскага палаца на малюнку Напалеона Орды, 1877 год. Нацыянальны музей у Кракаве
- Веркі на малюнку Напалеона Орды, 1877 год.
- Веркі на малюнку Вінцэнта Дмахоўскага, 1840 год. Літоўскі мастацкі музей
Найноўшы час
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Веркі занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай мясцовасць абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[6]. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй[7]. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР.
З 1920 года ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 года — у складзе гміны Рэша Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі[8]. У 1931 годзе тут пражывала 219 чалавек[9].
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года заняты савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Веркі былі перададзены Літве, з 1940 года — у Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах пад акупацыяй Германіі.
Канчаткова Веркі былі далучаны да Вільні ў 1969 годзе. У складзе Вільні ўтворана Веркаўская сянюнія.
- Веркі на малюнку Курта Заўэрмільха. Жнівень 1918 г.
- Веркі на малюнку Курта Заўэрмільха. Верасень 1918 г.
- Веркі на малюнку Курта Заўэрмільха. Верасень 1918 г.
- Веркі на малюнку Курта Заўэрмільха. Верасень 1918 г.
- Веркі на малюнку Курта Заўэрмільха. 1918 г.
- Афіцыйна Веркаўскай сядзібы на малюнку Курта Заўэрмільха. 1918 г.
- Афіцыйна Веркаўскай сядзібы на фотаздымку Юзафа Чаховіча. 1875—1785 гг.
- Будынак на тэрыторыі Веркаўскай сядзібы на фотаздымку Войцеха Буйко. Пачатак XX стагоддзя. Музей фатаграфіі ў Кракаве
- Афіцыйна Веркаўскай сядзібы на фотаздымку пачатку XX стагоддзя.
- Дом адміністрацыі каля млына на фотаздымку Юльюша Клоса. 1939 г.
- У парку пры Веркаўскай сядзібе на фотаздымку Ёхана Гіксы. Каля 1890-х гг.
Remove ads
Славутасці
- Веркаўская сядзіба — помнік архітэктуры класіцызму. Захаваліся ўсходняя і заходняя афіцыны, павільён, стайні, лядоўня, аранжарэя і іншыя будынкі. Цяпер тут размяшчаецца Інстытут батанікі Літвы.
- Веркаўскі рэгіянальны парк.
- Веркаўская Кальварыя — комплекс з стацый (капліц і брам) Крыжовага шляху, закладзены ў XVII стагоддзі. Разбураны ў савецкі час (1962—1963), адноўлены ў 1990—2002 гадах.
- Касцёл Адшукання Святога Крыжа — пабудаваны ў 1662—1669 гадах, уваходзіць у комплекс Кальварыі.
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар трынітарыяў — барочны касцёл, пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя.
- Вадзяны млын — захаваўся будынак XIX стагоддзя на рацэ, з 1999 года ў ім працуе рэстаран.
Страчаная спадчына
- Галоўны корпус палаца.
- Заезны двор
- Павільён
- Усходняя афіцына
- Заходняя афіцына
- Аранжарэя
- Ваданапорная вежа
- Дом вартаўніка
- Плаціна млына
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
- Касцёл Адшукання Святога Крыжа
- Стацыі Кальварыі
Насельніцтва
| Дынаміка насельніцтва з 1865 па 1931 | ||
| 1865[1] | 1905[2] | 1931[9] |
|---|---|---|
| 182 | 174 | 219 |
Вядомыя асобы
- Вінцэнты Балзукевіч (1835—1907) — скульптар, заснавальнік мастацкай дынастыі.
- Эдмунд Іванавіч Вярыга (1840—1902) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў у Літве і Беларусі.
- Яўстах Каятан Сапега (1797—1860) — удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў, дзеяч эмігранцкага руху.
У Верках памерлі віленскі біскуп Войцех Радзівіл (каля 1476 — 1519), падканцлер літоўскі і біскуп віленскі Яўстах Валовіч (1572 — 1630) і беларускі мастак Канстанцін Фадзеевіч Кукевіч (1817—1842).
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads

