Міхась Зарэцкі
беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык (1901—1937) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міха́сь Зарэ́цкі, сапраўднае імя Міхаі́л (Міхась) Яўхі́мавіч Касянко́ў (20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сенненскі павет, Магілёўская губерня — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.
Remove ads
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён, Віцебская вобласць) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і Пелагеі Лявонцеўны. Міхась быў другім дзіцём пасля Івана, услед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Бацькі адыгралі вялікую ролю ў фармаванні эстэтычных густаў будучага пісьменніка. Бацька любіў музыку і спевы, кіраваў царкоўным хорам, сам спрабаваў пісаць музыку. Маці таксама любіла спяваць, вызначалася працавітасцю і глыбокай душэўнасцю. Ужо ў дзяцінстве Міхась умеў іграць на многіх музычных інструментах[1].
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам (цяпер частка Шклова) — ад вёскі Міхась Зарэцкі пазней узяў псеўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 годзе праз рэвалюцыйныя падзеі[1] пакінуў семінарыю пасля 2-х гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. Пасля вяртання ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком[1].
З лютага 1919 года настаўнічаў у пачатковай школе[1] на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у II Усерасійскім з’ездзе саюза Работнікаў Асветы, быў абраны кандыдатам у сябры ЦК гэтага саюза[1].
Перыяд творчасці
У 1920—1927 гадах палітычны работнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922 годзе. З 1924 года сябра літаратурнага аб’яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 гадах рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 годзе стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаратурнага аб’яднання «Полымя». Выхад з «Маладняка» сведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў светаадчуванні пісьменніка, пра пэўныя змены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі[1].
У жніўні — кастрычніку 1927 года ў складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. У наступным годзе ў складзе беларускай пісьменніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, ён наведаў Харкаў і прысутнічаў на ўрачыстасцях, прысвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі[1].
Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 года (артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»). Выступленні Міхася Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з Андрэем Александровічам і Алесем Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4 снежня 1928). У 1929 годзе выключаны з ВКП(б). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Да лістапада 1936 года працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва Беларускай Акадэміі Навук.
Рэпрэсіі і смерць
Арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Абутковая, д. 23, кв. 3. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Пасмяротна рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 снежня 1957 года. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Remove ads
Сям’я
Малодшы брат пісьменніка, Мікалай Касянкоў, таксама быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, прысуджаны да расстрэлу, аднак пазней расстрэл замянілі 10 гадамі адбыцця пакарання ў папраўча-працоўных лагерах. Загінуў у 1941 годзе[1].
Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей (сын Слава, дачка Радаміра). Жонка пісьменніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджаная на 7 гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах і на 5 гадоў паражэння ў правах. Была рэабілітаваная ў 1941 годзе, а ў 1945 годзе была зноў асуджаная на 10 гадоў. Малалетнія дзеці засталіся адны, а пазней былі перададзеныя ў Мінскі дзіцячы прыёмнік, адкуль былі накіраваныя ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласці[1].
Remove ads
Творчасць

Літаратурная дзейнасць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнанняў, не збіраўся быць пісьменнікам. Як успамінае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысніўся яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне ён даслаў у рэдакцыю газеты «Рабочий», аднак сумняваўся, што яго надрукуюць[1].
Сцвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданне «У Саўках», змешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 снежня 1922 года. Але дэбют трэба аднесці на больш ранні час, паколькі ў гэтай жа газеце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканне», 13 кастрычніка — «Сёння» («Малюнкі жыцця»), 22 лістапада — апавяданне «Цішка Бабыль», і толькі 29 снежня — «У Саўках»[1].
Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасці ахвотна звяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сферу пісьменніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасці, жыццё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, класавыя сутыкненні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой[1]. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыццёвы вопыт, набыты маладым пісьменнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданнях пісьменнік часта звяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасці і праяваў духоўнага жыцця чалавека[1]. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасць, жыццё і праца людзей, побач з якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сведчаць апавяданні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Смерць» (1926) і інш[1].
У 1930-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка звяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасці, смелага вырашэння тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменніка да напісання буйных твораў. Лагічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменніка ў галіне жанравай формы стала аповесць «Голы звер» (1926). Аповесць займае даволі прыкметнае месца ў творчасці Міхася Зарэцкага. Гэта змястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага плану. Вартасць аповесці ў тым, што надзённае пытанне сучаснага яму жыцця Зарэцкі пераводзіў у шырокі план, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадства застаюцца актуальнымі сёння і будуць актуальнымі заўтра[1].
У канцы 1920-х гг. Міхась Зарэцкі звярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе змястоўнасць, лаканічнасць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасці. Яго першыя п’есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п’есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб’ектамі выкрыцця ў ёй сталі бездухоўнасць, душэўная чэрствасць і мяшчанства[1].
У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. у творах пісьменніка прыкметна паглыбілася заклапочанасць далейшым лёсам рэвалюцыі, перспектывай практычнага ўвасаблення яе ідэалаў. Заклапочанасць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты перыяд адбываюцца значныя зрухі ў светапоглядзе пісьменніка, у яго стаўленні да многіх вострых праблем тагачаснага грамадства, палітычнага, культурнага жыцця. Сутнасць зрухаў — у рашучым павароце пісьменніка да нацыянальнай праблематыкі[1].
Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У 1965 годзе на рускую мову быў перакладзены раман «Вязьмо» (перавыданне перакладу ў 1978). Раман «Сцежкі-дарожкі» на рускай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газеты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў перакладзе на рускую мову выбраныя апавяданні[1].
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Фёдара Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны» Яраслава Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.
Remove ads
Ацэнка
«Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасці літаратуры[1]».
Бібліяграфія
- Зарэцкі, М. У віры жыцьця: Апавяданьні. — Мн.: БДВ, 1925. — 226 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Пела вясна: Апавяданьні. — Мн.: выданне ЦБ Маладняка, 1925. — 42 с. — (Кніжніца «Маладняк»; № 9). — 15 000 экз.
- Зарэцкі, М. Пад сонцам: Апавяданьні. — Мн.: Дзяржвыд., 1926. — 100 с. — 4 000 экз.
- Зарэцкі, М. 42 дакумэнты і Двое Жвіроўскіх: Апавяданьні. — Мн.: выданне ЦБ Маладняка, 1926. — 68 с. — 2 000 экз.
- Зарэцкі, М. Голы зьвер. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1926. — 95, [1] с. — 4 000 экз.
- Зарэцкі, М. На чыгунцы: Апавяданьні. — Мн.: Белдзяржвыд, 1928. — 267 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Ракавыя жаронцы: Апавяданьні і п’есы. — Мн.: БДВ, 1930. — 260 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Бацькаў сын: Апавяданьне. — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1932. — 15 с. — 7 000 экз.
- Зарэцкі, М. Сьцежкі-дарожкі: Раман = Сцежкі-дарожкі: раман. — Мн.: БДВ, 1928. — 397 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Сцежкі-дарожкі / Пер. з беларус. Л. Кардиналовска. — Харків — Київ: Держ. вид-во України, 1930. — 384 с. — 5 000 экз. (пераклад на ўкраінскую)
- Зарэцкі, М. Вязьмо: Раман = Вязьмо : Роман. — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1932. — 247 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Вязьмо : Раман. — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1935. — 328 с.
- Зарэцкі, М. Падарожжа на Новую Зямлю [Нарыс]. — Мн.: Белдзяржвыд, 1929. — 67 с.
- Зарэцкі, М. Лісты ад знаёмага: Нарыс / Прадм. Л.Бэндэ. — Мн.: Белдзяржвыд, 1931. — 143 с. — 5 000 экз.
- Зарэцкі, М. Пачатак шчасця: выбраныя апавяданні / [укладальнікі: Ю. С. Пшыркоў, М. І. Касянкова; пасляслоўе: А. Майсеенка]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1975. — 372 с. — (Бібліятэка беларускай прозы). — 10 000 экз.
- Зарэцкі, М. Збор твораў у 4 т. / рэдкалегія: С. А. Андраюк [і інш.]; прадмова, [с. 5―20], пасляслоўе М. І. Мушынскага. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989–1992. — (Т. 1: Апавяданні; Т. 2: Голы звер: Аповесць; Сцежкі-дарожкі: Раман; Т. 3: Вязьмо: Раман; Сымон Карызна: Драматычная аповесць; Т. 4: Проза, п’есы, крытыка, публiцыстыка, кароткi летапiс, жыцця i творчасцi).
- Міхась Зарэцкі. Выбраныя творы. — Мн.: Беларуская навука, 2022. — 666 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 500 экз. — ISBN 978-985-08-2813-2.
- «Пела вясна». 1925
- «У віры жыцьця». 1925
- «42 докумэнты і двое Жвіроўскіх». 1926
- «Голы зьвер». 1926
- «Пад сонцам». 1926
- «На чыгунцы». 1928
- «Падарожжа на Новую Зямлю». 1929
- «Сьцежкі-дарожкі». 1929
- «Ракавыя жаронцы». 1930
- «Лісты ад знаёмага». 1931
- «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка». 1931—1932
- «Бацькаў сын». 1932
- «Вязьмо». 1932
- «Стралковая зброя». 1934
Remove ads
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads