Палац Пацёмкіна (Крычаў)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Палац Пацёмкіна — помнік архітэктуры ранняга класіцызму (з пазнейшымі наслаеннямі элементаў псеўдагатычнага стылю), пабудаваны ў перыяд з 1778 па 1787 гады Рыгорам Пацёмкіным па праекце Івана Старова[1]. Размешчаны па адрасе: горад Крычаў, вул. Ленінская, д. 59.
Remove ads
Гісторыя


У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, па якім Крычаўскае староства ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Першы час ім кіраваў ранейшы ўладальнік Ежы Мнішак, але з-за яго адмовы прысягнуць на вернасць Кацярыне II, гэтая ўласнасць у 1775 годзе была канфіскаваная на карысць дзяржавы. Пазней у 1776 годзе імператрыца падарыла гэтыя ўладанні свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну[2].
Будаўніцтва палаца вялося ў Крычаве ў 1778—1787 гадах. Праект выканаў аўтар Таўрыйскага палаца ў Пецярбургу Іван Староў. Будынак у плане мае выгляд манаграмы «П» і «Е» (ініцыялы графа і імператрыцы). Побач быў разбіты сядзібны парк (цяпер захаваліся толькі асобныя дрэвы)[3].
Кацярына II прыбыла ў Крычаў у разгар сцюжы 19 студзеня 1787 года падчас падарожжа ў Крым . У палацы яна «абрала абедаць і начаваць. На двары перад палацам Пацёмкіна, дзе знаходзілася гасударыня, гарэла цудоўная ілюмінацыя да самага світанку». На наступны дзень раніцай імператрыца паехала далей у Чэрыкаў[4].
У канцы XVIII стагоддзя Пацёмкін альбо прадаў[5] альбо прайграў у карты[3] свае крычаўскія ўладанні шляхцічу Яну Галынскаму. Падчас гарадскога пажару ў 1840-я гады палац моцна пацярпеў і быў адноўлены з некаторымі зменамі. Крыху пазней Стэфан Галынскі вырашыў перарабіць палац пад сучасную архітэктурную моду. Над вокнамі другога паверха былі вылеплены спічастыя сандрыкі (не захаваліся). Цэнтральны уваход, які раней упрыгожваў 4-калонны порцік з балконам, стаў упрыгожаны псеўдагатычным рызалітам з гранёнымі пілонамі, а таксама вуглавымі пілонамі, якія завяршаліся зубцамі і нагадвалі вежы. Пазней была пабудавана брама, стылізаваная пад каменныя егіпецкія піраміды[5].
У 1917 годзе ўсе каштоўнасці былі экспрапрыяваныя савецкай уладай. У будынку была адкрыта школа, у якой вучыліся многія вядомыя пасля крычаўляне — двойчы Герой Савецкага Саюза генерал арміі Іосіф Гусакоўскі, перакладчык і літаратуразнавец, лаўрэат Сталінскай прэміі трэцяй ступені Яўген Мазалькоў, міністр замежных спраў Беларускай ССР Кузьма Кісялёў і іншыя.
У 1950-я гады будынак быў перапланаваны і тут размясцілася школа-інтэрнат. Паступова палац прыйшоў у нягодны стан і быў закінуты[3].
У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца, але з-за недахопу фінансавання помнік быў закансерваваны амаль на 20 гадоў. У 2003 годзе будынак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей[5]. Рэстаўрацыя была завершана ў 2008 годзе, у палац перамясціліся Крычаўскі раённы краязнаўчы музей і ЗАГС.
Remove ads
Архітэктура
Мураваны П-падобны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Кампазіцыйны цэнтр абодвух паверхаў — вялікія круглыя залы, якія выступаюць з асноўнага аб'ёму будынку ў бок панадворку. Галоўны фасад мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, кутнія пілоны завершаныя зубцамі і нагадваюць вежы, вокны стральчатай формы, што надае палацу строгасць і манументальнасць.
Астатнія фасады расчлянёныя пілястрамі, вокны на першым паверсе прамавугольныя, на другім — паўцыркульныя.
Тарцы бакавых крылаў вырашаныя ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны аздобленыя сандрыкамі: лучковымі на першым і трохвугольнымі на другім паверсе.
Remove ads
Інтэр'ер
Першапачатковая анфіладная планіроўка змененая ў 1950-я гады[3].
Усяго налічвалася больш за 60 прасторных пакояў. На першым паверсе па цэнтральнай восі знаходзілася парадная група памяшканняў — вестыбюль з лесвіцай і авальная зала. Памяшканні былі багата аздоблены ляпнымі ўпрыгожваннямі, мелі ўнікальныя парадныя лесвіцы і сістэму рэдкіх мармуровых камінаў аздобленых кафляй[3].
Парк і гаспадарчыя пабудовы
Перад палацам быў пейзажны парк (збярогся часткова), за палацам — П-падобны ў плане будынак стайні, фасады якой былі аздобленыя аркатурай і пладовы сад[3].
Зноскі
- Марцэлеў С. В. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мінск: БелСЭ, 1986. — 408 с.
- Мяцельскі A. A. Старадаўні Крычаў: Гістарычна-археалагічны нарыс горада ад старажытных часоў да канца XVIII ст.. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — 167 с. — ISBN 985-08-0541-2.
- Борисенко Н. С. Могилёвщина — мой любимый Приднепровский край (сборник экскурсий). Части 1-11. — Могилёв: Могилёв. обл. укруп. тип., 2007. — 832 с. — ISBN 978-985-6848-05-9.
- Дембовецкий А. С. . Опыт описания Могилевской губернии. В 3-х книгах. Кн. 2. — Могилёв-на-Днепре: Тип. Губ. правления, 1884. — 1002 с.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads