Паўстанне 1830—1831 гадоў
антырасійскае паўстанне ў Польшчы і землях былой Рэчы Паспалітай From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Паўстанне ў Царстве Польскім, Беларусі і Літве 1830—1831[1] — узброенае паўстанне на расійскай частцы тэрыторый былой Рэчы Паспалітай за яе аднаўленне ў межах 1772.

Таксама часам называецца Руска-польскай вайной 1830—1831 з-за таго, што баявыя дзеянні з боку паўстанцаў вяліся ад імя Сейма і Урада Царства Польскага. У польскай гістарыяграфіі мае назву Лістападаўскае паўстанне (польск.: Powstanie listopadowe), у сучаснай расійскай — Польскае паўстанне 1830—1831 гадоў (руск.: Польское восстание 1830-1831 годов).
Remove ads
Перадумовы паўстання
- Паводле рашэння Венскага кангрэса, частка створанага Напалеонам Варшаўскага княства ўвайшла ў склад Расійскай імперыі пад назвай Царства Польскае, а рускі імператар станавіўся і польскім каралём. Царству Польскаму была нададзена і канстытуцыя, якая неаднаразова парушалася расійскімі ўладамі;
 - Частка насельніцтва, у асноўным шляхта, мела на мэце аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года;
 - Абмежаванне дзейнасці сейма ў Царстве;
 - Палітычныя рэпрэсіі супроць «нязгодных». Да прыкладу: удзельнікі тайных таварыстваў, у асноўным навучэнцы, былі яшчэ ў 1824—1825 гадах узятыя пад нагляд. Ад працы ў Віленскім універсітэце былі адхілены выкладчыкі І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Баброўскі.
 
Remove ads
Пачатак паўстання
У канцы лістапада 1830 года ў Варшаве ўспыхнула паўстанне ў сувязі з намерам Мікалая I паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі. Расійскія войскі пакінулі Варшаву, а ў пачатку снежня — і Царства Польскае. 18 снежня сейм заклікаў да паўстання насельніцтва ўсіх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай каб аднавіць яе незалежнасці. У студзені 1831 года князь Адам Ежы Чартарыйскі стаў старшынёю польскага Нацыянальнага Урада. Тады ж сейм прыняў акт аб пазбаўленні Мікалая I і членаў яго сям’і правоў на польскі трон.
Remove ads
Паўстанне на тэрыторыі сучаснай Беларусі
Для кіраўніцтва паўстаннем на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літве ў пачатку 1831 года быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт пры падтрымцы эмісараў з Варшавы. Пачаць паўстанне было вырашана з Віленскай губерні, дзе знаходзілася невялікая колькасць расійскіх войск.
Аднак створаны камітэт не змог забяспечыць адначасовае выступленне паўстанцкіх сіл у паветах і іх узаемадзеянне. Пытанне аб адносінах да паўстання вырашала шляхта кожнага павета асобна. Пры станоўчым рашэнні яна выбірала павятовы ўрад і ваеннага камандзіра. Гэтыя ўрады прыводзілі насельніцтва да прысягі, аб’яўлялі рэкруцкія наборы ў паўстанцкае войска, выдавалі адозвы з заклікамі да барацьбы.
У сакавіку-красавіку паўстанне ахапіла Літву, паўночна-заходнюю частку сучаснай тэрыторыі Беларусі (Ашмянскі, Браслаўскі, Свянцянскі і Дзісенскі паветы); у красавіку паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губерню, але сувязь паміж паветамі была перарвана. У Гродзенскай губерні паўстанне пачалося ў маі, на поўдні Мінскай губерні — толькі ў чэрвені-ліпені, калі ў Царстве Польскім ужо прадвызначылася паражэнне паўстанцкіх сіл. У Беларусі і Літве было арганізавана каля трыццаці партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Найбольш буйнымі былі атрады:
- пад кіраўніцтвам С. Радзішэўскага ў Вілейскім павеце — 3,3 тыс. чалавек,
 - В. Брахоцкага ў Дзісенскім павеце — 3 тыс. чалавек,
 - К. Пшаздецкага ў Ашмянскім павеце — 2,5 тыс. чалавек,
 - Я. Кашыца і М. Мяржэўскага ў Навагрудскім павеце — 1 тыс. чалавек
 - Ануфрыя Яцэвіча ў Цельшаўскім павеце — каля 4 тыс. чалавек.
 
Шляхта, каталіцкае, часткова ўніяцкае духавенства падтрымалі лозунг барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай як польскай дзяржавы. Пытанне пра дзяржаўнасць свайго краю не ставілася. Сяляне актыўнага ўдзелу ў паўстанні не прымалі.
Канец паўстання
Віленскі цэнтральны камітэт вырашыў пачаць падрыхтоўку да захопу Вільні і стварыць аб’яднанае войска. Бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 года стала кульмінацыяй паўстання. Аб’яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым на дапамогу польскім корпусам (12 тыс. чалавек) не змаглі дасягнуць перамогі над расійскім войскам.
На пачатку жніўня 1831 года на ўсёй тэрыторыі Беларусі паўстанне было падаўлена. Многія актыўныя паўстанцы, у тым ліку з тэрыторыі сучаснай Беларусі, пакінулі радзіму і пазней удзельнічалі ў барацьбе за свабоду ў розных краінах Еўропы.
Remove ads
Пасля паўстання
Указам ад 6 мая 1831 года былі выдзелены тры разрады «злачынцаў»:
- да першага адносілі кіраўнікоў,
 - да другога — тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях,
 - да трэцяга — усіх іншых.
 
Свае маёнткі страцілі буйныя магнаты — Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш. Ад секвестру пазбаўляліся тыя, хто сам з’явіўся на працягу месяца пасля публікацыі ўказа і пакаяўся або даказаў, што яго прымусілі далучыцца да паўстання. Увогуле да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2878 чалавек.
- У 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, які быў адкрыты толькі ў 1904 г.
 - У 1837 г. цар патрабаваў, каб усе паступаючыя ў расійскія ўніверсітэты мелі пасведчанне аб недачыненні да паўстанцкага руху.
 - У 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы была скасавана Берасцейская унія з аўтаматычным пераводам усіх уніятаў у праваслаўе.
 - У 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі было скасавана дзеянне Статута 1588 г.
 
Яшчэ адным вынікам паўстання сталі першыя крокі палітыкі русіфікацыі (дэпаланізацыі) беларускіх зямель.
Remove ads
Вядомыя ўдзельнікі
- Эмілія Плятэр (1806—1831)
 - Шыман Канарскі (1808—1839)
 - Ян Непамуцэн Дашкевіч-Кундзіч (1796—1869)
 - Адам Ежы Чартарыйскі (1770—1861)
 - Ільдэфонс Анцыпа (1814—1863)
 - Габрыэль Агінскі (1784—1842)
 - Людвік Тадэвуш Замбжыцкі (1803—1834)
 - Тадэвуш Тышкевіч (1774—1852)
 - Напалеон Феліксавіч Яленскі (1810—1883)
 - Напалеон Орда (1807—1883)
 - Ігнат Дамейка (1802—1889)
 - Алаіз Яновіч (1792—1849)
 - князь Раман Станіслаў Сангушка (1800—1881)
 - Юзаф Зянковіч
 
Remove ads
Гл. таксама
Зноскі
- История международных отношений: Учеб. пособие: В 4 ч. Ч. 1 / Ю. И. Малевич, С. Ф. Свилас, Р. М. Турарбекова и др.; Под ред. А. В. Шарапо. — Минск: БГУ, 2004. — 375 с.
 
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
