Баніфацый Урбанавіч Крупскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Баніфацый Урбанавіч Крупскі (руск.: Бонифатий Урбанович Крупский, польск.: Bonifacy Krupski; 15 ліпеня 1822, Ігнатава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 12 студзеня 1903, Мяцявічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя) — беларускі палітычны, культурны і гаспадарчы дзеяч часоў Расійскай імперыі, дваранін-землеўласнік. Міравы пасрэднік Ігуменскага павета (1861). Удзельнік Паўстання 1863 года — паўстанцкі начальнік Ігуменскага павета. Член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1883).
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся 15 ліпеня 1822 года ў маёнтку Ігнатаў (Ігнатава) Мінскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі ў сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Крупскага і яго жонкі Кацярыны Антаневіч і пазней быў хрышчаны ў каталіцтва. Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак».
Скончыў гімназію у Слуцку і Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт (фізіка-матэматычны факультэт). Ва ўніверсітэце паводле распараджэння графа А. Ф. Арлова за ім у 1848 годзе быў учынены нагляд[1].
Пасля атрымання адукацыі пераехаў з бацькамі ў Бабруйскі павет, дзе жыў у маёнтках князя Вітгенштэйна і дапамагаў бацьку па кіраванні маёнткам, пакуль бацька Урбан Крупскі не купіў ад Корсакаў маёнтак Мяцявічы ў Пагосцкай воласці Слуцкага павета. У 1861 годзе Урбан Крупскі купіў у Ратынскага яшчэ маёнтак Навасёлкі ў Ігуменскім павеце.
Баніфацый Крупскі рэалізоўваў сялянскую рэформу 1861 года ў Расійскай імперыі: быў абраны міравым пасрэднікам Ігуменскага павета і за годныя меркаванні і ўрэгуляванне спраў на карысць сялян атрымаў прызнанне і павагу апошніх. У бацькавым маёнтку Навасёлкі заснаваў народнае вучылішча (народную школу).
Актыўна дзейнічаў у 1859 годзе ў Мінску ў распрацоўцы статута планаванага Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі (Litewskie Towarzystwo Rolnicze), якое б тэрытарыяльна ахоплівала ўсе літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі, быў адным з аўтараў яго статуту — разам з Казімірам Скірмунтам і Юліянам Карповічам[2][3]. Аўтары арыентаваліся на статуты Варшаўскага таварыства сельскай гаспадаркі і Галіцыйскага таварыства сельскай гаспадаркі, прадстаўленыя ім ад Антона Паўлавіча Яленскага, які таксама здолеў схіліць віленскага губернскага маршалка (1855—1878) Аляксандра Дамейку (1804—1878) да распрацоўкі статута Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі[4]. Выпрацоўка канчатковага варыянта статута адбывалася ў красавіку 1860 года ў Вільні падчас сустрэчы дэлегаваных літоўска-беларускіх дваран-землеўласнікаў з Віленскай (Рудольф Ясенскі, Юзаф Шышка, Караль Фалевіч), Ковенскай (Якуб Гейштар, Эдвард Ромер, граф Марыян Чапскі) і Мінскай губерняў (Юліян Карповіч, Баніфацый Крупскі)[5]. Падрыхтаваны праект статуту Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі быў падпісаны 18 (30) мая 1860 года ў Вільні 61 дваранінам-заснавальнікам. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў перадаў статус на зацвярджэнне расійскаму імператару, які не даў свайго дазволу на тое, нягледзячы на забегі прадстаўнікоў літоўска-беларускіх дваран-землеўласнікаў[6].
Баніфацый Крупскі не падтрымліваў узброеную барацьбу супраць расійскай улады, але ў Паўстанні 1863 года ўдзельнічаў — у 1863 годзе прыняў пасаду паўстанчага камісара Ігуменскага павета. З прычыны непрыхільнай рэляцыі праваслаўнага святара (што Крупскі шкодна ўплывае на сялян) быў вымушаны пераехаць з Навасёлак у Ігумен. Падчас паўстання прыняў ад Баляслава Свертаржэцкага дакументы з «рэвалюцыйнымі распараджэннямі», рабіў з іх копіі і перадаваў іншым асобам, у тым ліку Антонію Асоўскаму. Неўзабаве быў арыштаваны, змешчаны ў Мінскую вязніцу і з 2 мая 1863 года знаходзіўся пад следствам за распаўсюджанне папяровых распараджэнняў паўстанцаў[7]. 15 ліпеня 1863 года нарадзілася яго другое дзіця — Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915). Стэфанія Крупская спецыяльна прынесла немаўля Урбана ў мінскі турэмны замак, каб Баніфацый Крупскі змог пабачыць свайго сына[8].
Пастановай суду, пацверджанай рашэннем віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва ад 2 верасня 1863 года, Баніфацый Крупскі быў прысуджаны да пазбаўлення правоў дваранства, канфіскацыі маёмасці (маёнтка Навасёлкі з фальваркамі Ніўкі і Вялень і маёнтка Мар’іна Горка ў Ігуменскім павеце) рашэннем ад 31 снежня 1863 года і высылкі на катаргу на цяжкія работы на заводы на 8 гадоў. Крупскі быў адпраўлены ва Усолле-Сібірскае, куды за ім па ўласнай волі адправілася яго жонка Стэфанія, пакінуўшы дома дваіх дзяцей (у тым ліку Урбана Баніфацевіча Крупскага) — яны былі аддадзены пад апеку Леакадзіі Урбанаўны Арачэўскай (сястры Баніфацыя Крупскага), уласніцы маёнтка Васільчыцы ў Слуцкім павеце[9]. Ва Усоле ў сям’і Крупскіх нарадзіліся яшчэ дзве дачкі. Праз пяць гадоў сям’я Крупскіх пасялілася ў Табольску, а затым у Царове, у Астраханскай губерні.

У жніўні 1874 года Баніфацый Крупскі атрымаў ад расійскіх улад дазвол вярнуцца на радзіму. Адразу пасля вызвалення Баніфацый і Стэфанія Крупскія паехалі ў Варшаву. Верагодна, у Варшаве ў тыя часы былі намаляваны партрэты Баніфацыя Крупскага і Стэфаніі Крупскай, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаўскай галерэі.
А праз год Крупскія пераехалі ў Мінскую губерню. У 1876—1880 гадах Баніфацый Крупскі жыў у маёнтку Мяцявічы Слуцкага павета, які належаў яго сёстрам. Тут толькі бацькі змаглі добра пазнаць свайго сына — Урбана Баніфацевіча Крупскага[10]. У 1880 г. Баніфацый Крупскі быў адноўлены ў правах — яму было вернута дваранства Расійскай імперыі.
У 1883 годзе Баніфацый Крупскі ўступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі[11]. А яго сын Урбан Баніфацевіч Крупскі ўступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі ў 1889 г.[12]
Баніфацый Крупскі добра гаспадараваў у Мяцявічах. У 1890 годзе суседнія сяляне зрабілі заход з карыснымі намерамі на землі маёнтка Мяцявічы, таму Баніфацый Крупскі падаў у суд на злачынныя дзеянні сялян і тую судовую справу выйграў. Аднак пасля выроку суда аб належнасці выплаты значных грошай сялянамі на карысць Крупскага, Баніфацый Крупскі дараваў сялянам тыя грошы і шчодра ўрэгуляваў сервітуты на карысць сялян. Нягледзячы на гэта сяляне падпалілі ноччу кароўнік у маёнтку Мяцявічы ў знак помсты за суд[13]. Паведамленне пра гэта ў часопісе «Kraj» (№ 40, 1890 г., стр. 1 у дадатку) напісаў журналіст Аляксандр Ельскі (1834—1916)[14].
Памёр 12 студзеня 1903 года ў маёнтку Мяцявічы, абкружаны вялікай павагай сваякоў і суседзяў.
Remove ads
Сям’я
Жонка — Стэфанія Фларыянаўна Свіда (1841—1896), дваранка, дачка Фларыяна Свіды і Канстанцыі Непакайчыцкай.
Меў шэсць дзяцей:
- Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915), удзельнік беларускай народніцкай групы «Гоман» (1884), старшыня Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту (1909—1915), уласнік маёнтк Засулле, член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1889). Жонка: Гелена Свіда (?—1901). Шлюб у 1889 г.
- Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі (1883—1940), уласнік маёнтка Мяцявічы, бурмістр Нясвіжа (упамінаецца ў 1926 г.). Жонка: Аліна Янаўна Відацкая (1889—1978). Шлюб у 1907 г.
- Канстанцыя Баніфацеўна Крупская. Муж: Адам Аколаў-Падгорскі.
- Ядвіга Баніфацеўна Крупская (?-1915—1917-?), выконвала абавязкі лекара лекарскай часткі ў слуцкім павятовым земстве (?-1915—1917-?).
- Станіслаў Баніфацевіч Крупскі (08.10.1877,Слуцк—1915-?), уласнік маёнтка Мяцявічы, Прудок[15]. Жонка: Адэля-Канстанцыя-Альдона Густаваўна Гружэўская (11.03.1877—?).
- Тэрэза Баніфацеўна Крупская (1880—1962). Муж: Уладзімір Дрыжынскі (1874—?).
Сястра — Леакадзія Урбанаўна Крупская (у замустве Арачэўская).
- Стэфанія Фларыянаўна Крупская (1841—1896) з роду Свід. Партрэт раней 1896 г.
- Леакадзія Урбанаўна Крупская (у замустве Арачэўская). Партрэт 1851 г.
- Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915). Фота каля 1915 г.
Remove ads
Зноскі
- Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларус.-пол. навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гіст.-культур. установа «Палоніка-Літуаніка», Ін-т Пол. у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 36.
- Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
- Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
- Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
- Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
- Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
- Прудок у Пагосцкай воласці ў Слуцкім павеце.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads