Старабеларуская мова
афіцыйная, літаратурная і размоўная мова Вялікага княства Літоўскага, Малдаўскага княства і ўсходнеславянскіх ваяводстваў Рэчы Паспаліт From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Старабеларуская мова (рус(ь)кий ѧзыкъ, рус(ь)ка мова[10][11], проста мова[12][13][14][11], бел.: старабеларуская мова, укр.: староукраїнська мова, польск.: język ruski, лац.: lingua ruthenica, lingwa lietowia[15], англ.: Ruthenian language, ням.: Ruthenische Sprache, фр.: ruthène) — усходнеславянская мова, шырока распаўсюджаная на славянскіх землях Вялікага Княства Літоўскага да канца XVII ст., захоўвалася ва ўжытку да пачатку XIX ст.[16] Магчыма, у XV—XVI стст. ужывалася і на некаторых землях Вялікага Княства Маскоўскага[17].
Remove ads

Склалася на аснове ўзаемадзеяння тагачаснай царкоўнаславянскай літаратурнай мовы і народных усходнеславянскіх дыялектаў Вялікага Княства Літоўскага. Пачаткам яе адметнага існавання лічыцца XIV ст.
За межамі Беларусі сустракаюцца варыянты: «заходнеруская мова»[14][18] (у Расіі), «рутэнская мова»[19][20] (у Заходняй Еўропе), «стараўкраінская мова» (ва Украіне), «русінская мова» (у Літве).
Remove ads
Тэрмін
Гістарычна ёсць шматлікія назвы і азначэнні для гэтай мовы:
Арыгінальныя назвы у пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага
- рус(ь)ка мова або руски (я)езыкъ[10][11]
- проста мова, просты руски я(е)зык;
- литовский язык: Лаўрэнцій Зізаній (канец XVI ст.), Памва Бярында (1653), Конрад Геснер (сярэдзіна XVI ст.), Антоній Від (сярэдзіна XVI ст., гл. карта Віда-Ляцкага), Даніэль Крман (пачатак XVIII ст.) і іншыя.[21]
- проста молва (варыянт саманазвы мовы, сустраканы, напрыклад, у выдаўца Рыгора Хадкевіча XVI ст.);
Экзалінгвонімы мінулага
- беларуская мова (руск.: белорусский язык, белорусское письмо) — у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст.[22]; таксама ў Юрыя Крыжаніча. Азначэнне белорусский язык (белорусское письмо) у дачыненні як мовы ХІХ ст., так і мовы Сярэднявечча, ужывалася ў працах расійскіх даследчыкаў ХІХ ст. Буслаева, Аганоўскага, Жыцецкага, Сабалеўскага, Недзешава, Уладзімірава, і паслужыла як аснова для азначэння Яўхіма Карскага.
- літоўская мова (руск.: литовский язык) — у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст.[23]
- заходнеруская мова (руск.: западнорусский язык) — з XIX ст. найбольш пашыраная назва ў Расіі;
- літоўска-руская мова (руск.: литовско-руская (руск.: литовско-русский) — расійскія даследчыкі 19 ст. Кепен, архіпіскап Філарэт, Сахараў, Каратаеў.
- літоўска-славянская мова (руск.: литово-славянский язык) — расійскі даследчык ХІХ ст. Бараноўскі.[24]
- руска-польская мова — Штрытэр, польскія даследчык Самуіл Багуміл Ліндэ, пісьменнік Вішнеўскі. Азначэнне выкарыстана і пры азначэнні мовы перакладу Бібліі Скарынам.
- (Старая) заходнеруская (мова або гаворка) (руск.: (древний) западнорусский язык (наречие)) — сустракаецца пераважна ў тых даследчыкаў, якія падтрымлівалі канцэпцыю протарускай стадыі развіцця, асабліва з канца ХІХ ст. — Яўхім Карскі, Аляксей Шахматаў.
Remove ads
Сучасная назва
Азначэнне «старабеларуская» было ўведзена Яўхімам Карскім (1893) на грунце яе роднаснай блізкасці з народнымі беларускімі гаворкамі XIX ст.
Заходнееўрапейская філалагічная наменклатура і гістарыяграфія, асабліва польская і літоўская, звычайна вызначаюць літаратурную «рус(ь)ку мову» Вялікага Княства Літоўскага агульным тэрмінам «русінская мова» (Ruthenian, Old Ruthenian).
Аднак пытанне дэнамінацыі дзяржаўнай, афіцыйнай і дзелавой мовы ВКЛ застаецца неразвязаным мовазнаўцамі і ў 2000-х гг. Ёсць такія намінацыі, як:
- «канцылярская мова ВКЛ» (паводле Станга), што абмежавана канцылярскімі і афіцыйнымі дакументамі, якія складаліся ў ВКЛ, і не датычыць усёй старабеларускай пісьменнасці; Даследаванні славіста Хрысціяна Станга (1935) выявілі некалькі тыпаў мовы афіцыйнай пісьменнасці ў ВКЛ[25]:
- У XIV — пачатку XV ст. — паўднёва-валынскі, паўночна-валынскі, полацка-віцебска-смаленскі тыпы.
- На сярэдзіну XV ст. («перыяд караля Казіміра» [sic]) — паўднёва-беларускі і паўночна-валынскі тыпы, з перавагай беларускага тыпу, і таксама з маргінальнай наяўнасцю паўднёва-валынскага тыпу.
- На пачатку XVI ст. афіцыйная мова (як і наогул літаратурная мова) дасягае сваёй больш устойлівай, унармаванай формы і на сярэдзіну XVI ст. афіцыйная мова ўжо тоесна літаратурнай старабеларускай, і блізкароднасна беларускім дыялектам тагачаснага віленскага рэгіёна; полацкі тып, на той час, зліваецца з асноўнай нормай, паўднёвыя тыпы знікаюць цалкам.[26]
- «простая мова» (паводле Барыса Успенскага), што можа адносіцца і да мясцовых дыялектаў некаторых паўночна-заходніх беларускіх гаворак;
- «руська мова», што вельмі недакладна, асабліва з-за таго, што ў пераважнай большасці беларускіх помнікаў лексема «рускій» пішацца без мяккага знака, адлюстроўваючы фанетычны працэс, скончаны за XII—XIII ст. Апроч таго, тэрмін «рускі» вельмі неадназначны ў яго выкарыстанні ў помніках, і можа таксама адносіцца да такога тэксту, які «наогул усходнеславянскі» або «праваслаўнага толку» або «пісаны кірыліцай» або, нарэшце, старабеларускі. Неадназначнасць выкарыстання тэрміну ўскосна пацвярджаецца існаваннем тэрміна «простая руская мова» (напрыклад, у «Духоўных гаворках святога айца Макарыя», Вільна, 1627, стар. 9.);
- «старабеларуская літаратурная мова», што на 2000-я гг. агульнапрынята, але і актыўна аспрэчваецца некаторымі небеларускімі мовазнаўчымі школамі.[27]
Гэтыя неадназначнасці ў помніках пісьменнасці далі падставы для працяглых спрэчак адносна беларуска-ўкраінскага размежавання літаратурных помнікаў таго перыяду, якія азначаныя як пісаныя «простай мовай». Адным з шырокавядомых[28] прыкладаў такой палемікі з’яўляецца праца ўкраінскага даследчыка Івана Агіенкі (1935).
Remove ads
Узнікненне
Пасля распаду протаславянскай мовы каля сярэдзіны 1 тысячагоддзя і ўзнікнення ўсходнеславянскіх племянных дыялектаў асноўнай падзеяй у іх развіцці пасля X ст. стала хрышчэнне і ўстанаўленне царкоўнаславянскай мовы як мовы афіцыйнай, духоўнай і літаратурнай.
У далейшым на землях усходнеславянскага засялення адбываліся два галоўныя працэсы. Першым было развіццё духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску, другім было развіццё свецкай пісьменнасці на кірыліцы (разам з афіцыйнай і дзелавой — Гл. таксама: канцэпцыя агульнай усходнеславянскай мовы і яе крытыка).
Развіццё
Узнікненне старабеларускай літаратурнай мовы як асобнага ідыёму і пачатак яе дакументаванага развіцця ў такой якасці адносяцца, звычайна, да 14 ст. Далейшае развіццё адбывалася ў 15 ст. і вяршыня развіцця была дасягнутая ў 16 ст.[29] У 2-й палове 16 — 1-й палове 17 ст. былі зроблены спробы кадыфікацыі, з якіх найбольш значнымі прызнаюцца[30] граматыка і буквар Івана Фёдарава (1574, 1578), граматыка Лаўрэнція Зізанія (1596) і граматыка Івана Ужэвіча (1645); прыналежнасць да старабеларускай ці стараўкраінскай мовы аспрэчваецца адпаведнымі нацыянальнымі навуковымі школамі).
Характэрна беларускія фанетычныя ўплывы адзначаюцца ў мясцовых царкоўнаславянскіх помніках яшчэ ў сяр. 11 ст.[31], а самым раннім помнікам пісьменнасці, дзе выразна відаць рысы старабеларускай мовы, лічацца «Смаленскія граматы» (1229)[32].
Складанне старабеларускай мовы адбывалася пад моцным уплывам старой царкоўнаславянскай літаратурнай традыцыі і асноўвалася на мясцовых усходнеславянскіх дыялектах[33], з асноўным уплывам, пачаткова, з боку гаворак полацка-смаленскага рэгіёна, пазней — сярэднебеларускіх гаворак, потым — гаворак віленскага рэгіёна[34]
Адначасова з тым, што мова літаратурная паступова зрабілася, да пэўнай ступені, штучнай, мова гутарковая захоўвала адносную чысціню, і літаратурная мова няспынна чэрпала моўныя рэсурсы з гутарковай[35]
Моцным фактарам у развіцці старабеларускай мовы пасля канца 14 ст. стала паланізацыя верхніх, потым і сярэдніх класаў на землях ВКЛ, якая дасягнула значнай ступені ўжо ў сяр. 15 ст.[36] У слоўніку літаратурнай мовы былі прыкметнымі лацінскі і германскі ўплывы. У 1-й пал. 17 ст., пасля поспехаў паланізацыі на беларускіх землях і перамяшчэння цэнтра праваслаўнага друку ў Кіеў, адзначаецца пэўны ўкраінскі ўплыў.
Фанетыка і марфалогія старабеларускай мовы стабілізаваліся ў 16 ст., разам з характэрна-беларускімі фанетычнымі рысамі, што не існавалі раней, найбольш прыкметныя сярод якіх: «аканне» (развілося каля 14 ст.), «нескладовае у» (каля пач. 13 ст.). Асобныя старабеларускія адметнасці ў марфалогіі развіліся ўжо ў 14—15 ст.[37]
Сінтаксіс і лексіка працягвалі мяняцца, у тым ліку і пасля 16 ст., прычым літаратурная мова была пад моцным уплывам польскай мовы, асабліва ў 16—17 ст. Лічыцца, што гутарковая мова была адноснай свабоднай ад такога ўплыву, і пачала адрознівацца ў сінтаксісе і асабліва ў лексіцы.[37]
Remove ads
Уздым і заняпад
У 14 ст. старабеларуская мова ўжо была шырока распаўсюджанай мовай у ВКЛ, на якой размаўлялі і пісалі ўсе пласты грамадства, у тым ліку неславянская частка арыстакратыі, на якой складаліся ўсе віды свецкіх і дзяржаўных дакументаў[38].
У 15—16 ст., часткова ў 17 ст., старабеларуская мова ў ВКЛ была пераважнай мовай дзяржаўных, дыпламатычных, дзелавых і прыватных дакументаў, дакументаў гарадскога, земскага, замкавага справаводства, дакументацыі магдэбургій, магістратаў, попісаў (інвентароў) і рэвізій маёмасці, спісаў войска і г.д., нават на этнічна літоўскіх землях ВКЛ[32]. Па-старабеларуску была складзена большая частка дакументаў 15—16 ст. Літоўскай метрыкі (Гл. таксама: Дэнамінацыя афіцыйнай мовы); на гэтай мове складаліся афіцыйныя лісты каралеўскіх канцылярый у Кракаве і Варшаве, накіраваныя ў ВКЛ[32], статуты ВКЛ. На старабеларускай мове выйшла першая газета ВКЛ — «Навіны грозные а жалостлівые...» Старабеларуская мова высока ацэньвалася і за мяжой[32].
Старабеларуская мова стала 3-й славянскай, пасля чэшскай і польскай, на якой пачалося кнігадрукаванне. Першая кніга па-старабеларуску была надрукавана Скарынам у Празе (1517). Пазней у 16 ст. фактычны цэнтр старабеларускага кнігадрукавання змяшчаўся ў Вільні.
Старабеларуская мова была мовай белетрыстыкі, публіцыстыкі, мемуараў, рэлігійнай палемікі, гамілетыкі, агіяграфіі і г.д., на яе перакладаліся заходнееўрапейскія рыцарскія раманы, гістарычныя хронікі і апокрыфы.[32]
Пасля палітычных змен, што адбываліся ў ВКЛ з канца 14 ст. і на працягу 15 ст., назначылася тэндэнцыя да заняпаду старабеларускай культуры на карысць польскай, і такі заняпад мацнеў на працягу 16—17 ст. Асабліва неспрыяльным становішча стала ў апошняй чвэрці 16 ст., калі ў Рэчы Паспалітай набрала сілу контррэфармацыя, бо пратэстанты і праваслаўныя складалі на той час асноўную частку беларускамоўнага насельніцтва. Між іншым, інквізіцыя Рэчы Паспалітай уключыла шмат выданняў на старабеларускай мове ў свой «Кодэкс забароненых кніг» (вып. з 1603)[39].
Паланізацыя выклікала адпор буйных беларускіх дзяржаўных (Леў Сапега) і некаторых рэлігійных (Васіль Цяпінскі) дзеячаў. Пачынаючыся з публіцыстыкі (напрыклад, у прадмове Цяпінскага (1570)), абарона правоў беларускай мовы пераходзіла ў практыку дзяржаўнага будавання (спрэчкі аб мове Статуту 1588 г., вынік якіх агучаны ў славутай Сапегавай прадмове да Статута 1588 г.) і зафіксаваны ў выбары мовы Статутаў. Значнай перамогай гэтай палітычнай лініі было замацаванне ў адмысловым артыкуле Статута старабеларускай мовы як адзінай дазволенай мовы афіцыйных дакументаў, што быў унесены ў Статут 1566 года, і паўтораны ў Статуце 1588 года, і нават у польскім перавыданні Статута (1614)[40]. Гл. таксама: Залаты век беларускай гісторыі.
З цягам часу, калі ўсё большая колькасць вышэйшага, а потым і сярэдняга класа пераходзіла ў польскую культуру, і на польскую мову, выкарыстанне старабеларускай мовы скарачалася. Пад сяр. 17 ст. адзіным значным выдаўцом па-старабеларуску заставалася праваслаўная царква. Аднак, у той час нават мова тэкстаў, пісаных у праваслаўным асяроддзі, стала, у спробе прыцягнуць увагу чытача, моцна паланізаванай, і пачала моцна адрознівацца не толькі ад гутарковай мовы, але і ад ранейшай старабеларускай літаратурнай традыцыі. Прыкметна, што ад 1626 ўся праваслаўная анты-уніяцкая палеміка друкавалася па-польску.
К 2-й чвэрці 17 ст., старабеларуская літаратурная мова ўвабрала вялікую колькасць польскіх моўных элементаў, адарвалася ад сваёй народнай асновы, і стала моцна штучнай і нават не цалкам прыдатнай да жыццёвага выкарыстання. Літаратурная мова перыяду, асабліва пасля пераносу цэнтра праваслаўнага кнігадрукавання ў Кіеў (1610-я гг.), ужо не можа лічыцца сапраўды старабеларускай.[37]
У 1696 годзе, Генеральная канфедэрацыя саслоўяў забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых[41] афіцыйных дакументах, замяняючы яе ў гэтай ролі польскай мовай.
Сучасная беларуская літаратурная мова і ўкраінская літаратурная мова былі створаны ў XIX ст. на аснове гутарковай мовы сялянства, якія існавалі на этнічных беларускіх і ўкраінскіх землях у форме розных дыялектаў.
- Азбука з кнігі Івана Фёдарава. 1574 год
- Азбука ў буквары Лаўрэнція Зізанія. Вільня, 1596 год
- Шрыфт тыпаграфіі Мамонічаў. Каля 1600 года
- Тытульны ліст буквара Спірыдона Собаля. Куцеінская друкарня, 1631 год
Духоўная літаратура
З’яўленне старабеларускіх адметнасцей у духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску адносіцца да 15 ст., а некаторыя аўтары заўважаюць беларускія фанетычныя адметнасці ў тэкстах 11 ст.[42]. Значнейшымі прыкладамі такой літаратуры былі «Чэцця» (перапісаная «паповічам Бярозкам з Навагрудка», 1489), збор старазапаветных кніг, перакладзены на старабеларускую са старажытнаяўрэйскай мовы ў канцы XV ст., псалтыр у XVI ст. і інш.[43]. Скарына, захоўваючы царкоўнаславянскую аснову ў сваіх кнігах, увёў так шмат старабеларускай лексікі, што мова яго кніг пачала значна адрознівацца ад царкоўнаславянскай[44].
Далейшыя спробы скарачэння разрыву між мовай духоўнай літаратуры і гутарковай былі зроблены Будным і Цяпінскім. Выданне Запаветаў у перакладзе Цяпінскага азначыла фактычную замену царкоўнаславянскай мовы на старабеларускую ў ролі мовы духоўнай літаратуры.[37]
Афіцыйная мова
Праблема класіфікацыі афіцыйнай, канцылярскай мовы і яе адмен у ВКЛ з’яўляецца спецыфічнай. Наогул, між мовазнаўцамі, што вывучаюць сярэдневяковую ўсходнеславянскую пісьменнасць, існуе фундаментальная нязгода наконт таго, ці лічыць тагачасную афіцыйную пісьменнасць праявай адпаведнай літаратурнай мовы. У выпадку старабеларускай мовы, Карскі ў 1900-х гг. (пазней, Ф. П. Філін у 1970-х гг., Л. М. Шакун у 1960-х гг.) давялі дастатковую ступень тоеснасці між старабеларускай літаратурнай мовай і мовай афіцыйных дакументаў ВКЛ. Але іншыя даследчыкі (С. Кутшэба (1914), Й. Якубоўскі (1912), А. Мартэль (1938), І. І. Лапо (1936)) аспрэчылі думку Карскага — або падкрэсліваючы значнасць царкоўнаславянскага кампанента ў мове афіцыйнай пісьменнасці ВКЛ, або выстаўляючы тэзіс пра тое, што такая мова была проста царкоўнаславянскай.[26]
Распаўсюджанне такіх поглядаў звычайна прыпісваецца недастатковаму веданню іншаземнымі даследчыкамі жывой беларускай мовы, перакрыццём сфер ужывання сярэдневяковай царкоўнаславянскай і старабеларускай моў, падобнымі графічнымі сістэмамі, блізкасцю гэтых моў у граматыцы і лексіцы.[26]
Remove ads
Агульная характарыстыка
Устойлівыя, агульнапрынятыя кадыфікаваныя нормы (арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння) ў старабеларускай літаратурнай мове не існавалі, а толькі фарміраваліся; у адным тэксце маглі спалучацца як архаічныя, так і жывыя моўныя рысы, так і інавацыі. Існавалі шматлікія фармальныя дублеты — фанетычныя, марфалагічныя, арфаграфічныя. Так, рознымі спосабамі маглі перадавацца на пісьме, напрыклад, выбухны [г] — праз спалучэнні 'гг', 'кг', афрыката [дж] — дыграфамі 'дч', 'дж'; магло перадавацца або не перадавацца аканне, зацвярдзенне шыпячых, 'р', 'ц', пераход 'л', 'в' у 'ў' (нескладовае) і інш. Таму нормай у старажытнабеларускай літаратурнай мове звычайна лічаць найбольш частае, стабільнае ўжыванне той ці іншай граматычнай формы, спалучэння і інш.[45]
Фанетыка
Да адметных фанетычных з’яў старабеларускай мовы адносяцца аканне, яканне, дзеканне і цеканне, адлюстраваныя спарадычна; рэдукацыя ъ і ь у гукі ы, и (молоды, злы, би, пи і інш.); чаргаванні ро, ло, ле -> ры, лы, ли ў становішчы паміж зычнымі (кровъ — крыви, глотка — глытати, блескъ — блишати і г.д.); прыстаўны и перад збегам зычных, першы з якіх санорны (иржа, имгла і інш.), выпадзенне и ў пачатку слоў (мети з имети і інш.); пераход е -> о (прышолъ, чотыры і інш.); афрыката дж, перададзеная або непасрэдна, або апасродкавана (ездживалъ, розъежчал і інш.); фрыкатыўны г, у адрозненні ад выбухнога, што перадаваўся спалучэннямі кг, гк, гг; падаўжэнне зычных (вяселле і інш.); зацвярдзелыя р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і інш.); пераход в, у, л -> ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і інш.); прыстаўныя зычныя в, г (восень, гусеница і г.д.); зацвярдзелыя губныя на канцы слова (семъ, сыпъ і г.д.) і інш. Варта зазначыць, што ўсе гэтыя асаблівасці характэрныя для сучаснай (новай) літаратурнай беларускай мовы, і толькі часткова — для ўкраінскай.[46]
Марфалогія
З марфалагічных рыс старабеларускай мовы трэба адзначыць скланенне назоўнікаў тыпу боль, тень, жаль, насыпъ і г.д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў -у (-ю) ў родным склоне адзіночнага ліку ў назоўнікаў мужчынскага роду (народу, броду і інш.); канчатак -ы ў назоўніках мужчынскага і ніякага роду (адз. лік, наз. склон) (городы, болоты і інш.). У рускай мове ў падобных выпадках захаваўся парны лік (два города, два яблока і г.д.); адлюстраванне найвышэйшай ступені параўнання ў прыметніках праз суфікс -ейш (мягчейший і г.д.); формы дзеясловаў тыпу стерегчи, несе, ляж, киньмо і г.д.; клічны склон; наяўнасць службовых часціц хай, але, або, каб і г.д.[46]
Сінтаксіс
З сінтаксічных з’яў трэба адзначыць такія асаблівасці ўласна беларускай мовы як шырокае ўжыванне поўных форм прыметнікаў у функцыі выказніка; спалучэнне лічэбнікаў два, тры, чатыры з назоўнікамі (адз. лік) ў форме роднага склону (тры столы і г.д.); ужыванне сінтаксічных канструкцый тыпу лепшъ за его, вышелъ от всихъ, пошолъ до дому, сталося ему і інш.; выкарыстанне ўласна беларускіх злучнікаў што, нібы, калі, як і інш..[46]
Лексіка
Слоўнікавы склад старабеларускай мовы надзвычай стракаты, у ім выдзяляецца найперш пласт спрадвечна беларускай лексікі (маці, сонца, брат, тры, новы і г.д.), агульнаславянскія (я, чалавек, дзед, зіма і інш.); агульнаўсходнеславянскія (сабака, куст, сорак, сям’я і інш.), уласна беларускія (волат, вежа, сейбіт, араты і інш.), а таксама шматлікія пазычанні, у большасці праз пасярэдніцтва польскай мовы або проста з польскай мовы.[46]
Фразеалогія
Да асаблівасцей старабеларускай мовы можна далучыць узнікненне ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў), частка з якіх захавалася з часоў агульнаславянскай мовы (напр. соль земли), а частка з’яўляецца ўласна беларускімі прыдумкамі (як свинья в болоте, ходити по людях і г.д.)[46]
Узаемадзеянні з іншымі мовамі
У пісьмовай старабеларускай мове існавалі шматлікія лексічныя пазычанні, найперш з польскай, таксама з нямецкай, лацінскай, чэшскай, радзей — з літоўскай і цюркскіх моў. Пазычаныя словы існавалі ва ўсіх сферах функцыянавання літаратурнай мовы, і ва ўсіх стылях[47]
Фанетычная адаптацыя пазычанняў літаратурнай мовай адбывалася не цалкам паслядоўна, у літаратурнай мове некаторыя з іх былі засвоены часткова, і захавалі гукі, не характэрныя, у прынцыпе, для беларускай мовы.
Так, у старажытнабеларускай літаратурнай мове пад уздзеяннем пазычанняў з грэчаскай праз царкоўнаславянскую з’явіўся гук [ф]. У большасці выпадкаў ён захаваўся, але часта ён, як і ў сучасных народных гаворках, замяняўся блізкімі да яго ў акустычных адносінах [п], [х], [хв]: фляша — пляша, кафель — кахель, фурман — хурман, фальварак — хвальварак. Часам утвараліся словы з фанетычнымі варыянтамі: кафтанъ — каптанъ — кахтанъ.
Словы з выбуховым [ґ] у выніку фанетычнай адаптацыі ў вымаўленні збліжаліся з словамі з фрыкатыўным [г]; раней гэтыя два гукі ў пісьмовых помніках размяжоўваліся: фрыкатыўны [г] перадаваўся літарай 'г', выбухны [ґ] — 'гг', 'кг' або спецыяльнай графемай. Часам у пазычаных словах фрыкатыўны [г] апускаўся: лоика, траедия[48].
Замяняліся і іншыя нехарактэрныя для беларускай мовы гукі, напрыклад, [е,], [о,] (у паланізмах) — на [а] і [у]: вязенье, прудки (prе, dki).
Асаблівасцю многіх пазычанняў была наяўнасць у іх цвёрдых зубных зычных перад пярэднім галосным [і], што азначалася на пісьме літарай 'ы' пасля адпаведнага зычнага: визытовати, дыктовати, дысцыплина, констытуцыя, традыцыя і інш. Але такое вымаўленне не стала агульнай заканамернасцю старажытнабеларускай мовы; гэтыя словы пачалі прыстасоўвацца да арфаэпічных нормаў жывой народнай мовы: индыкъ — индикъ, инквизыция — инквизиция, инкурсыя — инкурсия і інш. У пісьмовых помніках ранняга перыяду пераважаюць формы з цвёрдымі зубнымі, у позніх — з мяккімі зубнымі (наяўнасць варыянтаў з цвёрдымі зычнымі сведчыць, што пасярэдніцай у пазычанні была польская мова).[49] У 2-й пал. 16 ст. для іншамоўных слоў характэрнае і цвёрдае вымаўленне перад [э]: апэляцыя, гэрбъ, сэймъ, сэкта.
Многія пазычанні зазналі фанетычныя працэсы прыватнага характару, так у словах з двума гукамі [р] адбывалася рэгрэсіўная дыстантная асіміляцыя, у выніку якой першы гук [р] пераходзіў у [л]: барверъ — балверъ, перкгримъ —пелкгримъ, секретаръ — секлетаръ. Мелі месца метатэза: тумултъ — тулмутъ, манастыръ — намастыръ, тарелка — талерка, мураль — муляръ, кальцнеръ — канцлеръ і інш., таксама спрашчэнне: вспонялый — спанялый, обфитость — офитость, радзей — устаўка: каноникъ — кановникъ, пробощъ — проборщъ[50].
Напісанне (і вымаўленне) падвоеных зычных у пазычаннях саступала месца спрошчаным, адзіночным варыянтам; варыянты маглі і суіснаваць.
Remove ads
Прыклады
Прыклад тэксту на старабеларускай мове — першы абзац звароту падканцлера ВКЛ Льва Сапегі да Жыгмонта III Вазы з нагоды прыняцця Статуту ВКЛ, 1 снежня 1588 года, Брэст:
«Наяснейшому пану, пану Жикгимонъту Третему […] Были тые часы, наяснейшый милостивый г[о]с[по]д[а]ру королю, коли в томъ згромаженью а посполитован[ь]ю людскомъ, которое мы речью посполитою называем, не правомъ якимъ описанымъ або статутомъ, але только своимъ зданъемъ и уподобанъемъ владность свою г[о]с[по]д[а]ры и короли того света надъ людми ростегали. Але ижъ частокроть от пристойное своее повинности отступовали, а, на свой толко пожытокъ речы натегаючы, о сполное доброе всихъ мало дбали, оттул[ь] то было уросло, же люди, брыдечысе ихъ панованьемъ и звирхностю и не господарми, але тыранами оные называючы, на самом только статуте и праве описаномъ все беспеченство и доброе речы посполитое засажали. А прото онъ великий и зацный филозофъ греческий Арыстотелесъ поведилъ, же тамъ бельлуа, а по-нашому дикое звера, пануеть, где чоловекъ водлугъ уподобанья своего владность свою ростегаеть, а где опятъ право або статутъ гору маеть, там самъ богъ всимъ владнеть.»
Remove ads
Сучаснасць
Лексічныя, марфалагічныя і іншыя элементы старабеларускай мовы ў сваіх творах выкарыстоўваюць асобныя беларускія літаратары: Міхась Баярын у паэтычным зборніку «Шалёны вертаградар», Сяргей Балахонаў у апавяданні «Паляванне на пачварнага парсюка».
Гл. таксама
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads