Цітва
вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Цітва́[1] (трансліт.: Citva, руск.: Цитва) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Цітва. Уваходзіць у склад Рудзенскага сельсавета.
Remove ads
Назва
Назва паходзіць ад назвы ракі Цітва (Цітаўка), на якой стаіць паселішча.
Гісторыя
Ранняя гісторыя

У першай палове XV стагоддзя належала Судзівою Валімунтавічу. У 2-й палове XVI — пачатку XVII стагоддзя маёнткам Цітва валодаў Шчасны Галоўчынскі, паселішча было ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1767 годзе мястэчка, былі царква і карчма, побач аднайменны маёнтак. Таксама сустракалася назва Цытва. Прынамсі з XVIII стагоддзя ўласнасць Янішэўскіх.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе была царква, вінакурня, млын. Пасля 1861 года цэнтр Цітвянскай воласці Ігуменскага павета, цэнтр праваслаўнага прыходу. У 1865 годзе адкрыта народнае вучылішча. У другой палове XIX стагоддзя краязнавец Аляксандр Ельскі згадвае праваслаўную царкву фундацыі Янішэўскіх, каталіцкія вернікі пасля скасавання парафіі ў Дукоры (1865) адносіліся да парафіі Каралішчавічы. Да ўладанняў маёнтка Цітва адносіліся фальваркі Ліпск, Варонічы, Адамполе, Жолудзь, Ануфраў. Ніякіх промыслаў у вёсцы не было, сяляне займаліся толькі земляробствам[2]. У 1889 годзе маёнткам Цітва валодаў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Мельхіёр Людвігавіч Янішэўскі, было 1139 дзесяцін зямлі[3].
У 1897 годзе ў вёсцы быў хлебазапасны магазін, 2 піцейныя дамы, 2 крамы, царква, у маёнтку крухмальны завод. У 1905 годзе было адкрыта 2-класнае земскае народнае вучылішча.
Найноўшы час
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёнтак нацыяналізаваны, на яго базе быў створаны саўгас «Цітва», былі кузня, сталярня і крухмальны завод. Пазней на землях саўгаса «Цітва» быў утвораны пасёлак Васількі. З 1920 года працавала няпоўная сярэдняя школа (у 1922 годзе было 3 настаўнікі і 140 вучняў).
З 20 жніўня 1924 года вёска, цэнтр Цітвянскага сельсавета Шацкага раёна, з 4 жніўня 1927 года ў Пухавіцкім раёне Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1930-х гадах у вёсцы праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «11-годдзе БССР».
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
24 лістапада 1966 года да Цітвы быў далучаны пасёлак Новы Свет.
Да 31 сакавіка 1977 года вёска з’яўлялася цэнтрам Цітвянскага сельсавета, 31 сакавіка 1977 года перададзена ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Рудзенскага пассавета[4].
Remove ads
Насельніцтва
- 1767 год — 39 двароў, 135 жыхароў
- 1800 год — 69 двароў, 467 жыхароў
- 1816 год — 70 двароў, 370 жыхароў
- 1886 год — 75 двароў, 627 жыхароў
- 1897 год — вёска, 149 двароў, 837 жыхароў; маёнтак, 2 двары, 61 жыхар
- 1908 год — вёска, 160 двароў, 909 жыхароў; маёнтак, 5 жыхароў
- 1917 год — сяло, 200 двароў, 942 жыхары; маёнтак, 128 жыхароў
- 1999 год — 199 жыхароў
- 2010 год — 170 жыхароў
- 2019 год — 148 жыхароў[5]
Вядомыя асобы
- Арсен Рыгоравіч Булаўка (1911—1994) — вучоны ў галіне гідралогіі, доктар геаграфічных навук[6].
- Уладзімір Хадыка (1905—1940) — беларускі паэт, перакладчык.
Славутасці
- Пабудовы маёнтка Цітва, прысядзібны парк (месцяцца ў вёсцы Васількі)
Страчаная спадчына
- Царква Святых Казьмы і Дзям’яна (XIX ст.)
Паданні
Існуе мясцовае паданне пра высокую гару на беразе Пцічы каля вёскі Цітва. Паводле падання, на гары калісьці жыла княгіня, у якой не было нашчадкаў. Паміраючы яна праклала княжацкі церам з усім сваім багаццем[7].
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads