Чэшская мова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Чэшская мова (чэшск.: čeština, IPA:[ˈʧɛʃcɪna], český jazyk) — славянская мова індаеўрапейскай моўнай сям’і. Належыць да заходнеславянскай падгрупы[2][3][4].

Вылучылася з заходніх дыялектаў праславянскай мовы напрыканцы X стагоддзя. Чэшская літаратура паўстала ў XIV стагоддзі, хоць першыя помнікі чэшскай пісьменнасці датаваныя XII стагоддзем.
Чэшскай мовай карыстаюцца каля 11,5 мільёнаў чалавек, з якіх прыблізна 10 млн пражываюць у Чэхіі. Цягам апошніх 150 гадоў эмігранты розных хваляў і іхнія нашчадкі рассяліліся ў Славакіі[5], ЗША[6], Канадзе, Германіі, Аўстрыі[7], Румыніі, Аўстраліі, Украіне і некаторых іншых краінах.
Чэшская мова, як і беларуская, належыць да флектыўных моў, якія вызначаюцца складанай сістэмай скланенняў і спражэнняў. Правапіс ужывае рэфармаваную Янам Гусам лацінку. Найболей блізкія да чэшскай славацкая, польская і сербалужыцкая мовы.
Чэшскай мовай, ў якасці роднай, карыстаецца каля 12 мільёнаў чалавек (1999), з якіх прыблізна 10 млн. пражываюць у Чэхіі, дзе яна з'яўляецца афіцыйнай. З 1 мая 2004 года чэшская мова ўваходзіць у спіс афіцыйных моў Еўрасаюзу. Кадыфікацыяй пісьмовага стандарту мовы займаецца Інстытут чэшскай мовы Акадэміі навук Чэхіі[8]. Вывучэннем чэшскай мовы займаецца навука багемістыка.
Remove ads
Гісторыя
Першай славянскай літаратурнай мовай на тэрыторыі сучаснай Чэхіі была стараславянская мова, якая выкарыстоўвала ў якасці алфавіту прынесеную каля 836 году братамі Кірылам і Мяфодзіем глаголіцу.
Чэшская мова вылучылася з заходняга дыялекту праславянскай напрыканцы 1 тысячагоддзя. Аднак чытаць і пісаць у той час умела пераважна толькі духавенства, і функцыі пісьмовай мовы выконвалі лацінская і стараславянская мовы.
Першымі пісьмовымі дакументамі чэшскай мовы з’яўляюцца рэлігійныя песні і кароткія тэксты, вядомыя як глосы (чэшск.: glosy), напісаныя ў XII і XIII стагоддзях. Яны пісаліся так званым прымітыўным правапісам, які выкарыстоўваў звычайную лацінку для запісу неўласцівых латыні гукаў (адна літара выкарыстоўвалася для розных гукаў).
У XIV і XV[9] стагоддзях з’яўляюцца першыя творы прыдворнай літаратуры, чэшская мова пранікае ў дзяржаўныя дакументы. У XIV стагоддзі на чэшскую мову былі ўпершыню перакладзеныя ўсе часткі Бібліі, праўда, не як саюзны твор. У іх для запісу чэшскіх гукаў выкарыстоўваліся састаўныя літары. На мяжы XIV—XV стагоддзяў была праведзеная рэформа правапісу, звязаная з імем Яна Гуса, якая ўвяла ў чэшскую мову дыякрытычныя знакі. Ян Гус таксама працаваў над перакладам усіх частак Бібліі. Вялікі ўнёсак у развіццё чэшскай літаратуры дало вынаходства кнігадрукавання. У 1475 годзе на чэшскай мове быў упершыню надрукаваны Новы Запавет, а ў 1488 годзе ўся Біблія. Тым не менш, класічны чэшскі пераклад Бібліі, Краліцкая Біблія, быў выдадзены ў 6 частках толькі ў 1579—1594 гадах.
Пасля паражэння паўстання 1618—1620 гадоў і пачаткам Контррэфармацыі пачаўся паступовы заняпад чэшскай пісьмовай літаратуры, які быў выкліканы змушанай эміграцыяй некаталіцкай інтэлігенцыі. І ў гэты час, тым не менш, выходзілі кнігі на чэшскай мове, аднак яны падвяргаліся строгай цэнзуры. Па Новым земскім укладанні (чэшск.: Obnovené zřízení zemské) (1627, 1628) у Чэхіі і Маравіі другой дзяржаўнай мовай станавілася нямецкая, якая мела роўныя правы з чэшскай (на падставе пражывання тамака вялікай колькасці немцаў).

У XVIII стагоддзі нямецкая мова была ўведзена ў якасці адзінай ва ўсіх габсбургскіх землях. Для паспяховай кар’еры нямецкай мовай трэба было валодаць як роднай. Шматлікія чэшскія паны так анямечваліся, што забывалі сваю родную мову. Заняпаду чэшскай мовы спрыялі езуіты, знішчаючы чэшскія кнігі і рукапісы, якія яны лічылі ерэтычнымі. Пры кіраванні Марыі-Тэрэзіі ў вышэйшых, сярэдніх і пачатковых школах уводзілася выкладанне на нямецкай мове, а пры Іосіфе II без ведання нямецкай стала немагчыма паступіць у гімназію. У 1784 годзе нямецкая мова канчаткова стала мовай выкладання ў гімназіях і Пражскім універсітэце, наўзамен лацінскай мовы. Ва ўсіх урадавых установах таксама была ўведзеная нямецкая мова.
Поўнае непрызнанне з боку аўстрыйскіх імператараў земскай самастойнасці Чэхіі прывяло да ўзнікнення ў канцы XVIII стагоддзя руху нацыянальнага адраджэння, які ўзмацніўся са скасаваннем у XIX стагоддзі прыгоннага права. У 1792 у Пражскім універсітэце была арганізаваная кафедра чэшскай мовы, у 1793 годзе чэшская стала выкарыстоўвацца ў сейме.
У XIX стагоддзі чэшская літаратура ізноў дасягнула росквіту. З розных спроб кадыфікацыі чэшскай мовы ўсеагульна была прынятая граматыка Ёсефа Добраўскага, якая ўпершыню выйшла ў 1809 годзе. У 1830—1835 гадах быў выдадзены пяцітомны чэшска-нямецкі слоўнік Ёсефа Юнгмана. Развіваецца публіцыстыка і мастацкая літаратура, якія значна наблізіліся да паўсядзённай мовы. Зніклі некаторыя перажыткі састарэлага правапісу Краліцкай Бібліі. Менавіта ў гэты час літаратурная чэшская мова стала больш-менш падобная на сучасную.
Remove ads
Пісьменнасць
Чэшская мова выкарыстоўвае лацінскі алфавіт, пашыраны наступнымі літарамі з дыякрытычнымі знакамі:
Статус літары мае таксама дыграф ch, які ў алфавіце займае месца між h ды i. У іншамоўных словах таксама могуць ужывацца дыграфы dž (для запісу звонкага гуку č, напр. džbán, džus, džem, džíp) і вельмі рэдка dz (звонкі c). Але гэтыя дыграфы не разглядаюцца як асобныя літары.

На пісьме паслядоўна абазначаецца даўжыня галосных (штрыхі над літарамі, а над u або штрых, або кружок — апошні ў тых выпадках, калі гук [u:] утварыўся са старажытнага [o]). Літары для шыпячых і мяккіх зычных утрымоўваюць дыякрытычны знак гачык (чэшск.: háček «гаплік»), які ў большасці выпадкаў выглядае як «птушачка» над літарай, а над літарамі з вертыкальнай верхняй часткай (d, t) — як апостраф. Гачык над галоснай e азначае мяккасць папярэдняй зычнай; звычайна літара ě адпавядае гуку, які пайшоў ад старога агульнаславянскага Ѣ). Літары q, w, x ужываюцца толькі ў запазычаннях.
Чэшскі правапіс мае ў сваёй аснове фаналагічны прынцып з пэўнымі гістарычнымі элементамі. Гэта азначае, што адна літара (графема), як правіла, ужываецца для запісу аднае фанемы (а не гуку) з тым, каб наблізіцца да марфалогіі й этымалогіі слоў і захаваць некаторыя элементы, адпаведныя гістарычнай форме мовы (напр. i/y, í/ý, ě, ú/ů).
Літары ě і ů не могуць стаяць у пачатку слова, таму што ě змякчае папярэдні зычны гук, а выкарыстанне ů замененае іншымі спосабамі (пачатковы галосны /u:/ на пісьме перадаецца як ú).

На ўзор чэшскай пісьменнасці была створаная вельмі блізкая да яе славацкая. У пачатку XIX стагоддзя на чэшскую сістэму (з некаторымі змяненнямі) была пераведзеная харвацкая лацінка («гаевіца»). Па чэшскім жа ўзоры ствараліся праекты найбольш распаўсюджаных сістэм лацінізацыі некаторых іншых славянскіх моў: беларускай, украінскай, рускай, як і ўвогуле асноўныя стандарты лацінскай транслітарацыі кірыліцы. Яшчэ некалькі моў (баснійская, лякоцкая, літоўская, латышская, некаторыя саамскія варыянты, славенская і інш.) выкарыстоўваюць гачыкі над літарамі.
Да сярэдзіны XIX стагоддзя чэшская арфаграфія захоўвала некалькі своеасаблівых старажытных абазначэнняў гукаў, якія сёння выглядаюць вельмі нязвыкла:
- літара j ужывалася замест í для абазначэння доўгага гуку [і];
- літара g ужывалася замест j для абазначэння гуку [й];
- літара w ужывалася замест v.
Remove ads
Фанетыка
Галосныя

У чэшскай мове 10 асноўных галосных гукаў: кароткія і доўгія варыянты гукаў [a], [e], [i] (на пісьме з гістарычна-этымалагічных прычын адлюстроўваецца дваяка: i і y), [o], [u]. Даўжыня галосных абазначаецца дыякрытычнымі знакамі (штрыхом ці кружком) і з’яўляецца сэнсаадрознай: drahá — «дарагая», dráha — «даро́га».
Націск сілавы, фіксаваны на першым складзе. Націск не звязаны з даўгатой; у выніку можа памылкова здавацца, што націск часам падае ў сярэдзіну або канец слова.
Галосныя ў чэшскай мове прамаўляюцца выразней, чым у беларускай, склады гучаць як бы паасобку.
Характэрныя складаўтваральныя [r] і [l]: vlk «воўк», krtek «крот», bratr «брат». Пры вымаўленні такога склада з'яўляецца смутны гук, які нагадвае вельмі кароткі беларускі [ы] (тэат[ы]р). Існуюць цэлыя фразы без адзінага «сапраўднага» галоснага: Strč prst skrz krk «засунь палец у горла».
Дыфтонгі [au], [eu], [ou] (першыя два пераважна ў запазычаннях, апошні тыповы і для ўласна чэшскіх слоў: doubrava, houknouti, kousati).
Зычныя
*[r̝]— гэта асаблівы прыпадняты альвеалярны вібруючы r, які можа вымаўляецца як звонка, так і глуха.
Зычныя ў дужках разглядаюцца як алафоны іншых зычных:
[ɱ] - алафон фанемы /m/ папярэдні губна-зубным зычным (/f/ і /v/).
[ŋ] - алафон фанемы /n/ папярэдні задне-паднябенным зычным (/k/ і /g/).
[ɣ] - звонкі алафон /x/ папярэдні звонкім зычным.
[h] - глухі алафон /ɦ/ папярэдні глухім зычным.
Цвёрды прыступ (гартанная змычка) не лічыцца асобным гукам.
Існуе таксама чатыры афрыкаты:
t͡s | глухая альвеалярная афрыката |
d͡z | звонкая альвеалярная афрыката |
ʧ | глухая постальвеалярная афрыката |
ʤ | звонкая постальвеалярная афрыката |
- /ʃ/ адпавядае літара š
- /ʒ/ адпавядае літара ž
- /ɲ/ адпавядае літара ň
- /c/ адпавядае літара ť
- /ɟ/ адпавядае літара ď
- /ɦ/ адпавядае літара h
- /x/ адпавядае дыграф ch
- /ts/ адпавядае літара c
- /dz/ адпавядае дыграф dz
- /tʃ/ адпавядае літара č
- /dʒ/ адпавядае дыграф dž
- /r̝/ адпавядае літара ř
Іншым зычным адпавядаюць тыя ж літары, што і ў IPA.
Remove ads
Лексіка
Чэшскія навукоўцы ацэньваюць колькасць запазычанняў з праславянскай мовы ў сучасных чэшскай і роднаснай славацкай у 98%, што больш за ўсе астатнія славянскія мовы[10].
Сярод іншамоўных слоў, як і ў большасці еўрапейскіх моў, шэраг тэрмінаў у галіне культуры і навукі былі запазычаныя з грэчаскай (demokracie, parabola, typ — дэмакратыя, парабала, тып) і лацінскай моў (škola, kříž, doktor, herbář — школа, крыж, доктар, гербарый). Праз цесныя гістарычныя кантакты частка слоў была запазычаная з нямецкае (knedlík, šunka, taška, brýle, rytíř — клёцка, вяндліна, мяшок, акуляры, рыцар), у некаторых выпадках яны дайшлі праз іншыя мовы. З нямецкае паходзіць шэраг слоў з галіны рамесніцкай тэрміналогіі і слэнгу (hoblík, klempíř, ponk, šichta — гэбель, водаправоднік, варштат, вахта). У эпоху нацыянальнага адраджэння частка слоў адмыслова была перанятая з іншых славянскіх — польскай (báje, věda, půvab, otvor — байка, веданне, прывабнасць, адтуліна), рускай (vzduch, příroda, chrabrý — паветра, прырода, адважны) і інш. Чэшская тэрміналогія стваралася штучна праз запазычанне іншамоўных слоў, часта даслоўным перакладам (калькаваннем). Многія з гэтых слоў засталіся ва ўжытку і цяпер. У XX стагоддзі з рускай мовы ў чэшскую прыйшлі ў асноўным палітычныя тэрміны (sovět, kulak, chozrasčot, polárník, rozvědka, celiny — савет, кулак, гасразлік, палярнік, выведка, цаліна). З італьянскае паходзіць шэраг музычных тэрмінаў (duet, soprán, forte, piano — дуэт, сапрана, фортэ, піяна), з французскай — датычных моды (baret, blůza, manžeta — берэт, блюза, манжэта). Ангельская мова стала крыніцай спартовых тэрмінаў (fotbal, hokej, tenis — футбол, хакей, тэніс), а цяпер з яе пераходзяць новаўвядзенні ў вылічальных тэхналогіях (software, hardware — праграмнае забеспячэнне, апаратнае забеспячэнне) і іншых галінах.
Маюцца запазычанні з экзатычных моў, часта праз іншыя мовы. З арабскай прыйшлі словы alkohol, káva, trafika (алкаголь, кава, тытунёвая крама), з турэцкай jogurt, klobouk, čapka, tasemnice (ёгурт/ягурт, клабук, капялюш, тасьма), з кітайскай — čaj, kečup (чай/гарбата, кетчуп), з хіндзі džungle, jóga (джунглі, ёга).
Правапіс запазычаных слоў залежыць ад ступені натуралізацыі:
- асіміляваныя словы падпарадкоўваюцца правілам напісання чэшскае мовы, напрыклад telefon, televize, rádio, muzeum, kriket, akvárium (хоць дапускаецца і напісанне televise, radio, museum);
- новыя і рэдкаўжывальныя словы звычайна захоўваюць арыгінальнае напісанне, напр. hardware, image;
- асаблівую групу складаюць устойлівыя словазлучэнні — выразы, якія захоўваюць арыгінальны правапіс і не падпарадкоўваюцца чэшскім правілам скланенняў, напрыклад лацінскія ecce homo, corpus delicti, in statu nascendi, ab incunabulis, dies irae, французскія aperçu, á propos, enfant terrible, tête à tête, vis-à-vis, potpourri, parvenu; laissez-faire, laissez-passer; італьянскія staccato, adagio, dolce far niente і да т.п.).
Як у многіх роднасных мовах, якія доўгі час развіваліся паасобку, падобныя па гучанні чэшскія і беларускія словы нярэдка маюць розны і нават супрацьлеглы сэнс (напрыклад, čerstvý — свежы; pozor — увага; hrad — замак; ovoce — садавіна; rodina — сям’я; і да т. п.).
Remove ads
Граматыка
Чэшская мова, як і беларуская, адносіцца да флектыўных моў, якія вызначаюцца складанай сістэмай скланенняў і спражэнняў. Гэта выяўляецца праз багацце слоўных формаў.
Часціны мовы
У чэшскай 10 часцінаў мовы, сярод якіх адрозніваюць змяняльныя і незмяняльныя:
Род
Адрозніваюць 3 роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Акрамя таго, назоўнікі мужчынскага роду падзяляюцца на адушаўлёныя і неадушаўлёныя.
Лік
Адрозніваюць адзіночны і множны лікі.
Скланенне
Чэшская мова мае 7 склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, клічны, творны, месны), якія ўжываюцца пры скланенні чэшскіх назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў і лічыльнікаў.
Пачатковаю формаю (лемай) імёнаў ёсць, як правіла, назоўны склон адзіночнага ліку.
Спражэнне
Дзеясловы маюць 3 часы: мінулы, цяперашні і будучы.
Акрамя таго, па завершанасці ці незавершанасці дзеяння адрозніваюць дзеясловы закончанага (перфектныя) і незакончанага (імперфектныя) трыванняў. Дзеясловы закончанага трывання не маюць формы цяперашняга часу, яна супадае з формай будучага часу.
Адрозніваюць 3 лады дзеяслоў: абвесны, умоўны і загадны. Паводле адносін між прадметам і дзеяннем вылучаюць асабовыя і безасабовыя дзеясловы.
Пачатковаю формаю дзеяслова ёсць інфінітыў.
Парадак слоў
Парадак слоў вельмі гнуткі (вольны). Асноўным тыпам парадку з’яўляецца «дзейнік — выказнік — дапаўненне».
Remove ads
Дыялекты
Чэшская мова распадаецца на некалькі дыялектаў, носьбіты якіх у цэлым разумеюць адзін адно. У цяперашні час пад уплывам літаратурнае мовы межы між дыялектамі сціраюцца. Чэшскія дыялекты падзяляюцца на 4 групы[11]:
- Чэшскія (багемскія) гаворкі (з размоўнай чэшскай у якасці кайнэ)
- Цэнтральнамараўская група гаворак (ганацкая);
- Усходнемараўская група гаворак (мараўска-славацкая);
- Сілезскія гаворкі.
Памежныя землі, раней населеныя судэцкімі немцамі, нельга аднесці да пэўнага дыялекту з-за размаітасці насельніцтва.
Падабенства да славацкай мовы
Чэшская і славацкая мовы вельмі падобныя і ўтвараюць кантынуум, плаўна пераходзячы адна ў адну. Адрозненні ў лексіцы чэшскай і славацкай моў нават меншыя, чым паміж некаторымі дыялектамі славацкай мовы. Некаторыя дыялекты адносяць да адной або другой мовы толькі ў залежнасці ад тэрытарыяльнай прыналежнасці.
У значнай меры за час існавання супольнай дзяржавы — Чэхаславакіі — у Чэхіі і Славакіі склаўся пасіўны чэха-славацкі білінгвізм, чэхі звычайна без праблемы разумеюць славацкую і наадварот. У рэчышчы тагачаснай палітыкі ў міжваеннай Чэхаславакіі (1918—1938) абедзве мовы разглядаліся як два варыянты адной літаратурнай мовы. Узаемаразуменне абедзвюх моў ацэньваецца ў 95%[12].
Remove ads
Афіцыйны статус
Чэшскай мовай карыстаецца пераважная большасць грамадзян Чэхіі. Паводле дзеючага заканадаўства, суды, следчыя і адміністратыўныя органы вядуць справаводства па-чэшску[13] (фінансавыя інстытуцыі таксама і па-славацку[14]). На таварах абавязкова павінна прысутнічаць інструкцыя па выкарыстанні па-чэшску[15].
Грамадзяне, якія не валодаюць чэшскай мовай, маюць права карыстацца паслугамі перакладчыка (напрыклад, у судзе). У адпаведнасці з Хартыяй фундаментальных правоў і свабод этнічныя меншасці маюць права карыстацца ўласнымі мовамі[16].
Чэшская мова таксама можа ўжывацца ва ўсіх афіцыйных актах у Славакіі, што абумоўлена Артыкулам 6 Акту пра мовы меншасцяў Славакіі 184/1999 Zb. А з 1 мая 2004 года чэшская мова ўваходзіць у спіс афіцыйных моў Еўрасаюзу.
Remove ads
Зноскі
- Ethnologue report for language code: ces Архівавана 5 мая 2012. (англ.). Lewis, M. Paul (ed.), 2009. Ethnologue: Languages of the World, Sixteenth edition
- Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР. — М., 1941. — С. 22.
- Широкова А. Г. Западнославянские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — С. 164.
- Bauer J., Lamprecht A., Šlosar D. Historická mluvnice češtiny. — Praha: SPN, 1986. — С. 25.
- Селищев А. М. Славянское языкознание. Западнославянские языки. — Государственное учебно-педагогическое издательство Наркомпроса РСФСР. — М., 1941. — С. 36.
- František Kopečný. Základní všeslovanská slovní zásoba. — Praha: Academia, 1981. — citováno dle Karlík, Nekula, Rusínová (1995)
- Karlík, Nekula, Pleskalová. Encyklopedický slovník češtiny. — Praha: Nakladelství Lidové noviny, 2002. — С. 393.
- Breton R. Atlas jazyků světa: Soužití v křehké rovnováze / T. Duběda. — Praha: Albatros, 2007. — С. 19. — ISBN 978-80-00-01883-6.
- Zákon ČNR č. 202/1990 Sb. o loteriích a jiných podobných hrách, § 46a; Zákon ČNR 455/1991 Sb. o živnostenském podnikání, § 71 odst. 3; Zákon ČNR 582/1991 Sb. o organizaci a provádění sociálního zabezpečení, § 123d; Zákon 99/1963 Sb. občanský soudní řád, § 18; Zákon 141/1961 Sb. o trestním řízení soudním (trestní řád), § 2 odst. 14 a §§ 28 – 29
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads