Віталь Міхайлавіч Баравы
протапрасвітар Рускай праваслаўнай царквы, доктар багаслоўя, прафесар From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Віталь Міхайлавіч Баравы, часам як калька Баравой (руск.: Виталий Михайлович Боровой; 18 студзеня 1916, Несцераўка, Віленская губерня — 7 красавіка 2008, Масква) — беларускі святар Рускай Праваслаўнай Царквы, протапрэсвітар, прафесар, доктар багаслоўя.
З 22 лютага 1963 да 7 кастрычніка 1995 года — намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскай Патрыярхіі.
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся 18 студзеня 1916 года ў засценку Несцераўка Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) за 1 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янаў, у беднай сялянскай сям’і. Бацька з’ехаў на заробкі ў ЗША, следам адправілася цяжарная маці, але ў порце яе завярнуў санітарны кардон, бо ў яе быў каўтун.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе, засценак аказаўся ў Польшчы. У 1929 годзе пасля заканчэння 7-класнай народнай польскай школы ў Заборцах па благаславенні і хадайніцтву мясцовага святара Яўстафія Нядзельскага, настаяцеля парафіі Вялікія Сітцы, паступіў у 4-ы клас Віленскай духоўнай семінарыі.
У 1936—1939 гадах вучыўся на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, дзе слухаў лекцыі М. С. Арсеньева, М. В. Зызыкіна, свяшчэннамучаніка Рыгора (Грыгорыя) Перадзэ, Юсціна Маісэску, будучага патрыярха Румыніі, і іншых. Быў шанавальнікам царкоўнага гісторыка Васіля Болатава і хацеў стаць яго прадаўжальнікам.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, з восені 1939 года выкладаў рускую і беларускую мовы і літаратуру ў школе ў Заборцах. У 1941 годзе, пасля закрыцця школы ва ўмовах германскай акупацыі, стаў чытальнікам у храме Серафіма Сароўскага ў вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна.
З лістапада 1941 года служыў сакратаром Мінскай духоўнай кансісторыі; з сакавіка 1942 года быў сакратаром Мінскага архіепіскапа Панцеляймона (Ражноўскага) і Магілёўскага архіепіскапа Філафея (Нарко), які знаходзіўся тым часам у Мінску. Пасля адхілення германскімі ўладамі ў чэрвені 1942 года мітрапаліта Панцеляймона ад кіравання епархіяй Баравы з’ехаў у Несцераўку; з вяртаннем Панцеляймона да кіравання епархіяй у красавіку 1943 года, у кастрычніку 1943 года Баравы зноў стаў сакратаром Мінскага епархіяльнага ўпраўлення.
Восенню 1944 года, з прычыны наступлення Чырвонай Арміі, разам з архірэямі падлягаў эвакуацыі ў Германію; але ў Гродне разам з жонкай таемна пакінуў чыгуначны вагон, дабраўся да Мінска, дзе пасяліўся ў родных.
Пасля вызвалення Мінска наведаў новага архіепіскапа Мінскага Васіля (Ратмірава), які прыбыў з Чырвонай Арміяй, для перадачы яму епархіяльных спраў. Пазней арыштаваны СМЕРШам, але вызвалены, дзякуючы заступніцтву архіепіскапа з умовай прызначэння на месца святара ў правінцыі (тады як сам Віталь Баравы хацеў заставацца свецкім навукоўцам падобна В. В. Болатаву)[1]. 29 кастрычніка 1944 года ў Мінску быў рукапаложаны ў дыякана, а 1 лістапада — у прэсвітара; прызначаны настаяцелем Петрапаўлаўскага сабора ў Гомелі. Пра Васіля Ратмірава Д. Паспялоўскі на аснове сваёй гутаркі ў 1979 годзе з Баравым пісаў: «<…> тып да таго маральна апусціўся, што выратаваны ім з турмы Віталь Баравы, пасля прафесар-протапрэсвітар і адзін з архітэктараў знешняй палітыкі Маскоўскага Патрыярхату з канца 40-х гг. да пачатку перабудовы, доўга сумняваўся ў благадатнасці свайго святарства, атрыманага з рук гэтага іерарха»[2]. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць сумневаў Баравога ў сваім рукапалажэнні. Так А. С. Буеўскі паведамляе, што ў Гомелі «раскрыўся пастырскі і прапаведніцкі дар маладога святара»[3].
Прымаў удзел у арганізацыі спачатку багаслоўскіх курсаў, а затым Мінскай семінарыі ў Жыровіцкім манастыры, дзе быў выкладчыкам.
У 1953 годзе экстэрнам скончыў Ленінградскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, там жа выкладаў гісторыю Старажытнай Царквы; у 1962 годзе атрымаў ступень доктара багаслоўя.
З 28 жніўня 1960 года па 15 лютага 1961 года — намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхату.
У верасні 1961 годзе быў уключаны ў дэлегацыю РПЦ МП I-й Усеправаслаўнай нарады на востраве Родас.
10 кастрычніка 1962 года пастановай Свяшчэннага Сінода быў прызначаны членам дэлегацыі назіральнікаў Маскоўскага Патрыярхату на II Ватыканскім Саборы.
З 22 лютага 1963 года па 23 чэрвеня 1966 года — 2-м-намеснік старшыні, з 15 снежня 1972 года — кансультант, з 26 снежня 1984 года па 14 лістапада 1989 года — намеснік старшыні, з 2 кастрычніка 1997 года — пазаштатны кансультант Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхату.
Прымаў удзел у шматлікіх экуменічных сустрэчах, міжправаслаўных нарадах, міжнародных міратворчых канферэнцыях.
Быў актыўным удзельнікам падрыхтоўкі ўступлення Маскоўскага Патрыярхату ў Сусветны Савет Цэркваў (СРЦ). З сакавіка 1962 года на працягу 13 гадоў (з перапынкамі) быў прадстаўніком Маскоўскага Патрыярхату пры СРЦ, настаяцелем храма Нараджэння Багародзіцы ў Жэневе; удзельнічаў у працы Асамблеі СРЦ з III па VII.
З’яўляўся членам Сінадальнай багаслоўскай камісіі з часу яе заснавання ў 1960 годзе.
У 1973—1978 гады быў настаяцелем патрыяршага Богаяўленскага сабора ў Ялохаве. З 1984 года быў ганаровым настаяцелем храма Уваскрэсення Славутага на Успенскім раўку (Брусаў завулак) у Маскве.
Памёр 7 красавіка 2008 года, у дзень святкавання РПЦ Благавешчання, тым часам, паводле СМІ, быў «найстарэйшым па хіратоніі клірыкам Рускай праваслаўнай царквы»[4].
Адпяванне здзейсніў 9 красавіка 2008 года ў Богаяўленскім саборы ў Ялохаве мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл (Гундзяеў)[5]; пахаванне прайшло на Хаванскіх могілках Масквы.
Remove ads
Цікавыя факты
У 1975 годзе айцец Віталь Баравы ў складзе дэлегацыі ад Рускай Праваслаўнай Царквы прыязджаў у ЗША, у школу тэалогіі Гарвардскага ўніверсітэта. Там іх сустрэла група пікетчыкаў, якія лічылі, што прыехаўшыя з Савецкага Саюза святары былі агентамі КДБ, якія прыбылі ў ЗША ствараць бачнасць свабоды рэлігіі ў СССР. Пазней адзін з прафесараў Гарварда ўспамінаў словы айца Віталя з нагоды гэтага пратэсту: «Тут нас называюць агентамі КДБ. У Маскве атэісты завуць нас агентамі буржуазнага імперыялізму. А на самай справе мы — агенты Ісуса Хрыста».[6]
Будучы запрошаным назіральнікам ад Рускай Праваслаўнай Царквы на ІІ Ватыканскім саборы, айцец Віталь быў пастаянна аточаны так званымі «перакладчыкамі», якія адначасова з’яўляліся сапраўднымі агентамі спецслужб СССР. Прадстаўнікам Рускай Царквы было забаронена за мяжой мець зносіны без такіх перакладчыкаў, і аб гэтым добра ведалі іх заходнія калегі. З гэтай нагоды Баравой успамінаў, як на яго першай сустрэчы з Генеральным сакратаром Сусветнага Савета цэркваў ён вырашыў паказаць, што ён не савецкі шпіён і звярнуўся да сакратара на сумесі моў, якія ён ведаў — нямецкай, англійскай і лаціне. Гэтым ён вельмі здзівіў сакратара і раззлаваў афіцыйнага перакладчыка. Праўда, неўзабаве гэтая рызыка айца Віталя акупілася, бо ён атрымаў доступ у колы, раней недаступныя прадстаўнікам з Савецкага Саюза[6].
Remove ads
Узнагароды
Быў адзначаны ўсімі іерархічнымі ўзнагародамі, магчымымі для свяшчэнніка Рускай Праваслаўнай Царквы:[7]
- 1946 — камілаўкай;
- 1948 — залатым наперсным крыжам;
- 1953 — узведзены ў сан протаіерэя;
- 1960 — крыжам з упрыгожаннямі;
- 1962 — правам нашэння мітры;
- 1965 — правам служэння літургіі з адкрытымі царскімі варотамі да «Ойча наш…»;
- 1970 — правам нашэння другога крыжа з упрыгожаннямі;
- 1973 — узведзены ў сан протапрэсвітара;
- 1975 — Патрыяршым наперсным крыжам.
Узнагароджаны ордэнамі Рускай праваслаўнай царквы святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра 1-й (1972) і 2-й ступені (1996), прападобнага Сергія Раданежскага 3-й (1979) і 1-й ступені (1986), святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага 1-й ступені (1991), свяціцеля Інакенція, мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага 2-й ступені (2006); ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы (2006)[8]; ордэнам Пашаны Расійскай Федэрацыі (2000), польскай прэміяй імя святога Альберта «за працу па ўзмацненню міжцаркоўных сувязяў».
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads