From Wikipedia, the free encyclopedia
Магілёўская школа дойлідства, або Магілёўскае барока[1][2] — самабытная школа стылю барока, якая склалася ў XVII—XVIII стст. у грамадскай і культавай архітэктуры Магілёва.
Фарміраванне самастойнай школы ў Магілёве вызначалася высокім узроўнем эканамічнага развіцця, адноснай палітычнай незалежнасцю горада, наяўнасцю значных калектываў дойлідаў, жывапісцаў, сніцараў і іншых майстроў (акрамя дойлідскай, сфарміраваліся таксама самабытныя жывапісная і гравёрная школы). У культурных адносінах Магілёў сінтэзаваў усходнія і заходнія плыні, якія спалучаліся з мясцовымі традыцыямі і спрыялі стварэнню своеасаблівасці мастацкай культуры. На фарміраванне архітэктурна-мастацкага вобразу збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства моцна ўплывалі ландшафтныя ўмовы забудовы горада, якія дыктавалі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы замка, ратушы і інш.).
На першым этапе (XVII ст.) вялікі ўплыў на творчасць майстроў школы зрабіў стыль рэнесанс, на аснове якога выпрацаваны важнейшыя прыёмы стварэння кампазіцый і ў дэкоры (багаты дэкор мелі не толькі буйныя грамадзянскія і культавыя збудаванні, але і многія жылыя дамы). У XVIII ст. школа развівалася пад уплывам стылю барока, які ўзбагаціў сродкі выразнасці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр'ераў будынкаў. У другой палове XVIII ст. школа заняпала і перастала існаваць.
Найбольш значныя дасягненні школы — у мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Характэрная рыса культавых збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства — сінтэз структур старажытна-рускіх трохапсідных крыжова-купальных храмаў і заходне-еўрапейскіх трохнефных базілік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазіцыя спалучалася з асіметрычнай базілікальнай, а архітэктурная дамінанта — дзвюхвежавы галоўны фасад, аздоблены сістэмай паярусна размешчаных рознай формы нішаў. Асноўную мастацкую ролю ў інтэр'еры адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і іншыя элементы, вырашаныя ў традыцыях так званай беларускай рэзі.
Збярогся помнік Магілёўскай школы дойлідства — Мікалаеўская царква.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.