вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Не́бытаў[1] (трансліт.: Niebytaŭ, руск.: Небытов) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.
Вёска
Небытаў
|
Найранейшую пакуль пісьмовую згадку пра вёску Небытаў Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага сустракаем у судовым дэкрэце ад 9 мая 1618 года аб выданні збеглых адтуль, а таксама з Юравічаў, Козіх Лозаў (Лужаў) у Хойнікі альбо Новы Харленж да суджэнцаў Мікалая і Гальшкі Харлінскіх падданых маці і сына Гальшкі з Гулевічаў і Міхала Лозкаў[2].
У XVII—XVIII стагоддзях вёска належала да Загальскага староства. Паводле рэвізіі 1716 года wieś Niebytow налічвала пяць дымоў: гаспадары Амяльян Верабей, Назар Скорчанка, Марозенка Прышчэп, Лук’ян Астапенка, Павел Лук’яненка плацілі старосце князю Дамініку Яну Шуйскаму 13 злотых чыншу і даніны мядовай 7 з паловай бельцаў[3].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Небытаў апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[4]. На 1795 год вёска разам з цэлым Загальскім староствам належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[5]. Тады ў ёй налічвалася 24 двары, 72 жыхары мужчынскага і 62 жаночага полу[6]. У 1834 годзе 18 двароў, 90 жыхароў. У 1850 годзе ў Небытаве 21 двор, 124 жыхары, уласнасць казны. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 127 жыхароў абодвух полаў з вёскі Небытаў былі прыхаджанамі хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 9 небытоўцаў-мужчын і 7 жанчын з’яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[7].
У парэформенны перыяд Небытаў належаў да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут 47 мужчынскіх душ былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да Небытаўскага сельскага таварыства, 9 аднадворцаў, прыпісаных да Хойніцкай воласці[8]. З 1871 года ва шрочышчы Супар каля вёскі дзейнічала смалакурная фабрыка, на якой ў 1875 годзе працавала 136 рабочых і было выпрацавана 5,6 тыс. вёдраў смалы, 1,2 тыс. пудоў драўнянага вугалю[9]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Небытаў заставаўся ў прыходзе Хойніцкай царквы[10]. Паводле перапісу 1897 года 57 двароў, 284 жыхары, капліца, хлебазапасны магазін, у Хойніцкай воласці. У 1909 годзе ў вёсцы налічваўся 61 двор, 402 жыхары, побач у аднайменным урочышчы 1 двор з 5 жыхарамі[11], смалакурня.
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Небытаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[12].
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 года ў Небытаве працавала пачатковая школа з 28 вучнямі[13].
З 8 снежня 1926 да 16 ліпеня 1954 года і з 16 красавіка 1959 да 30 чэрвеня 1966 года вёска была цэнтрам Небытаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, З 20 лютага 1938 года Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай вобласці. На 1930 год 102 двары, 661 жыхар. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная змена», працавала кузня. 62 вяскоўцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Паводле перапісу 1959 года ў Небытаве 763 жыхары, у складзе саўгаса «Хойніцкі» з цэнтрам у Казялужжы, працавалі аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт. У 1954/55 навучальным годзе дзейнічала сямігадовая школа[14].
Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавета[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.