Полацк From Wikipedia, the free encyclopedia
По́лацкі Сафі́йскі сабо́р — помнік сакральнага дойлідства XI—XVIII ст. у г. Полацк. Лічыцца, што полацкая Сафія была пабудавана трэцяй, пасля вядомых на Русі сабораў у Кіеве (закладзены ў 1037 годзе) і Ноўгарадзе (каля 1045 года)[1]. Разбураны ў 1710 годзе, у сярэдзіне XVIII стагоддзя адноўлены як базіліка ў стылі віленскага барока і захоўвае такі выгляд дагэтуль[1].
Колішні сабор | |
Сабор Сафіі Прамудрасці Божай | |
---|---|
| |
55°29′09″ пн. ш. 28°45′30″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Полацк |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Полацкая епархія |
Тып будынка | Сабор |
Архітэктурны стыль | віленскае барока |
Архітэктар | Іаган Крыштоф Глаўбіц |
Дата заснавання | 1740 |
Будаўніцтва | 1030—1060 гады |
Асноўныя даты | |
1710 — выбух парахавога склада, |
|
Дата скасавання | 1705 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 210Г000606 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | музей, у адным з прыдзелаў па святах адбываюцца набажэнствы |
Сайт | sophia.polotsk.museum.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны ў XI ст. на тэрыторыі дзяцінца. Узвядзенне манументальнага сабора традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага перыяду княжання Усяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі[1]. Яго ўзводзілі з арыентацыяй на візантыйскія ўзоры і на такія ж храмы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што сабор быў пабудаваны на месце ранейшага капішча, прысвечанага Пяруну або Вялесу[2][3]. Асноўны даследчык храма, ленінградскі археолаг Валянцін Булкін у 1970-х гадах выявіў культурны слой са слядамі пажару, які папярэднічаў часу ўзвядзення храма і мог належаць першапачатковаму драўлянаму сабору[1].
Узвядзенне Полацкай Сафіі трэба тлумачыць, як амбіцыі Усяслава Брачыславіча на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце[4]. Будаўніцтвам сабора падкрэсліваўся не толькі незалежны статус Полацка адносна Кіева. Полацк таксама мог успрымацца як «Новы» Іерусалім, або «Другі Царград». Такім чынам, Полацк разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляванне цэнтра хрысціянскага свету. Размяшчэнне Сафійскага сабора на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзяцінцы было адной з асноўных рыс, акрамя трохвугольнай формы гарадоў у плане і размяшчэння іх на сямі ўзгорках, якая звязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусветным цэнтрам усходнехрысціянскай рэлігіі — горадам Канстанцінопалем, галоўны храм якога быў узведзены на акропалі грэчаскага горада Візантыя[3].
Полацкі Сафі́йскі сабор упершыню згадваецца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV стагоддзя: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ»[1].
Пасля вяртання Полацка пад юрысдыкцыю Вялікага Княства Літоўскага ў 1579 годзе войскамі караля Стэфана Баторыя Сафійскі сабор стаў адзіным храмам у горадзе, якія належаў праваслаўным. Пасля падпісання Берасцейскай уніі ў 1596 годзе сабор перайшоў да ўніятаў. Пасля пажару і частковага разбурэння 1607 года сабор быў у запусценні, у 1618 годзе ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў сабор.
У 1642 годзе сабор ізноў пацярпеў ад пажару, але быў неўзабаве адноўлены. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Полацк быў узяты расійскімі войскамі цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1654 годзе наведаў сабор. Да 1667 года Сафійскі сабор быў праваслаўным, а затым ізноў перайшоў да ўніятаў.
11 ліпеня 1705 года, падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, сабор быў зачынены расійскай арміяй (цар Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі[5]).
Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Францішка Духінскага, п'яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор Св. Сафіі ў Полацку, які належаў уніятам, дзе захоўваліся мошчы Іасафата Кунцэвіча. Цар запатрабаваў ключы ад царскіх варот, а калі базыльяне адмовіліся іх даць, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне[6]. Пра гэту падзею коратка паведамляе Віцебскі летапіс: Eodem anno [1705], mense Iulli 11 die in ecclesia S. Sofiae ipse occidit 4 basilianos in Polocia («У тым жа [1705] годзе месяца ліпеня 11 дня ў храме Св. Сафіі сам [цар Пётр I] забіў 4 базыльян у Полацку»[7]).
Па іншай версіі, канфлікт адбыўся пасля таго, як на пытанне цара пра тое, хто намаляваны на іконе, манахі адказалі, што гэта святы Іасафат, забіты ератыкамі.[8]. Цар загадаў арыштаваць манахаў, але яны аказалі супраціўленне, у выніку чаго адбылося сутыкненне, у якім яны і былі забіты. Дакументы Кабінета Пятра I, якія захоўваюцца ў РДАСА паведамляюць, што «здарэнне ў Полацку было спантанай праявай гневу цара, справакаванай дзёрзкімі паводзінамі ўніяцкіх манахаў»[5].
Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў у прытворы храма размяшчаўся парахавы склад, які 1 мая 1710 года узарваўся[8], пасля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.
Аднаўленне сабора здзейсніў уніяцкі архіепіскап Фларыян Грабніцкі. Да 1750 г. на захаваных падмурках сцен была збудавана двухвежавая базіліка ў стылі віленскага барока, якую асвяцілі ў гонар Сашэсця Святога Духа. Падчас Айчыннай вайны 1812 г. храм выкарыстоўваўся французскімі войскамі як стайня.
Пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 г. храм царквы быў вернуты праваслаўным. У 1911—1914 гадах быў праведзены капітальны рамонт сабора. У 1924 г. ў рамках савецкай атэістычнай палітыкі царкву зачынілі і размясцілі ў ёй краязнаўчы музей. У перыяд нямецкай акупацыі з 1942 г. па ліпень 1944 г. Сафійскі сабор дзейнічаў, а потым быў ізноў зачынены.
Пэўны час сабор служыў як збожжасховішча, а потым як архіў. Адраджэнне Сафіі да новага жыцця адбылося ў 1983 годзе, тады храм стаў канцэртнай залай, аўтарам праекта рэстаўрацыі быў Валерый Слюнчанка[9]. У працах па вяртанню да жыцця Сафійскага сабора прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П. А. Рапапорт, Вал. А. Булкін), чэшскія майстры-арганісты)[10]. З 1983 года ў Сафійскім саборы дзейнічае канцэртная зала. У 1985 года ў саборы чэхаславацкай арганабудаўнічай фірмай «Rieger Kloss» быў збудаваны арган. Першы канцэрт быў дадзены 2 мая 1985 года арганістам Алегам Янчанкам. Штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі»[11].
У храме размяшчаецца Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, які ўваходзіць у склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Побач з саборам усталяваны адзін з Барысавых камянёў.
У адным з прыдзелаў сабора на царкоўныя святы здзяйсняюцца праваслаўныя набажэнствы.[12]
Узвядзенне храма звязана з пераносам цэнтра горада са старога гарадзішча. Архітэктурнае рашэнне полацкага Сафійскага сабора пераклікаецца з аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада. У плане сабор уяўляў сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці і набліжала крыжова-купальны храм да базілікальнага тыпу. Над уваходам размяшчаліся княжацкія хоры, уздоўж сцен цэнтральнай апсіды ішоў сінтрон, галоўны купал меў у дыяметры 5,85 метра. Памеры Полацкай Сафіі з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м. Сцены храма былі выкладзены з цэглы ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам». Аснову яе складала чаргаванне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Ніша, якая ўтваралася, запаўнялася вапняковым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сістэмная кладка «са схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.
Да храма прылягалі прыбудовы: хрысцільня і лесвічная вежа на княжацкія хоры. Па летапісах, можна меркавана сказаць, што храм меў 7 глаў. 4 купалы размяшчаліся сіметрычна ад галоўнага, а хрысцільня і лесвічная вежа мелі свае главы, што стварала своеасаблівы вобраз храма. Галоўныя адрозненні ад Кіева і Ноўгарада — гэта адсутнасць галерэй. Храм меў тры апсіды, а не пяць. Княжацкія хоры адкрываліся ў цэнтральнае памяшканне падвойнымі аркамі, якія абапіраліся на 1 прамежкавы слуп. Ёсць віма (дадатковае дзяленне ў апсіднай частцы падкупальнай прасторы), характэрная для Візантыі.
Храм, як і наўгародскі, быў распісаны толькі фрэскамі, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленне храма. Будаўніцтвам усіх трох храмаў, верагодна, займалася запрошаная з Канстанцінопаля арцель. Галоўная ідэя храма — гэта ўваходжанне жыхароў Полацкай зямлі ў Сусветную царкву, напамінак пра Сафійскі Сабор Канстанцінопаля, сімвал магутнасці княжацкай улады.
Арыгінальны будынак сабора XI ст. не захаваўся, засталіся яго фрагменты: рэшткі ніжніх сцен і слупоў, і апсід вышынёй каля 11 метраў.
У выніку работ, праведзеных у саборы ў сярэдзіне XVIII ст., з паўднёвага боку была прыбудавана новая апсіда, на поўдні размешчаны ўваход і дзве вежы. Гэта прывяло да пераарыентацыі падоўжнай восі храма перпендыкулярна першапачатковаму выгляду. Сабор стаў уяўляць сабой трохнефную аднаапсідную базіліку, арыентаваную на поўнач. З паўднёвага боку знаходзяцца дзве сіметрычныя вежы вышынёй 50 м. Перабудаваны ў стылі віленскага барока сабор атрымаў і новае рашэнне інтэр'ера. Акрамя барочных калон з'явілася шмат ляпных упрыгажэнняў, фігурныя карнізы і некалькі нязвыклая каляровая гама. Алтарная частка храма была аддзелена ад цэнтральнага нефа высокай трох'яруснай перагародкай, да якой на скляпенні прылягала барэльефная выява Троіцы Новазапаветнай. Другі і першы ярусы былі распісаны і ўпрыгожаны драўлянай скульптурай. Ад роспісаў на алтарнай перашкодзе захаваліся: копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» і Спас Нерукатворны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.